мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн.Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,
змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд.Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).
Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ФАЛА (Grifola),
род губавых базідыяльных грыбоў сям. албатрэлавых. Вядомы 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 2 рэдкія віды: грыфала парасонавая, або губа разгалінаваная (G. umbellata), і грыфала кучаравая, або грыб-баран, занесеныя ў Чырв. кнігу. Паразіты. Растуць каля ствалоў дрэў, пнёў пераважна лісцевых парод, зрэдку на драўніне. Выклікаюць стрыжнёвую гніль асновы ствала і каранёвай часткі. Пладаносяць у канцы лета і восенню. Ядомыя, з добрымі смакавымі ўласцівасцямі.
У грыфале парасонавай пладовае цела дыям. да 50 см і масай да 4 кг. Складаецца са шматлікіх пянькоў з агульнай асновай. Шапкі суцэльнакрайнія, іншы раз хвалістыя, з невял. паглыбленнямі ў цэнтры, палевыя, светла-вохрыстыя, шэра-карычневыя, гладкія, зрэдку дробналускаватыя. Тканка белая, мясістая, з узростам валакністая, з характэрным кропавым пахам і прыемным смакам. Гіменафор трубчасты. Споры амаль цыліндрычныя ці верацёнападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн.Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРНАП’Я́Н (Datura),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр.Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРНІ́ЧНІК (Xanthium),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. і Цэнтр.Амерыцы. На Беларусі трапляюцца 4 віды: Д. валлякападобны, або звычайны (X. strumarium), каліфарнійскі (X. californicum), ігольчасты (X. spinosum) і эльбскі (X. albinum). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, каля дарог, жылля і інш.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным разгалінаваным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, простае, зубчастае або лопасцевае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя. трубчастыя, аднаполыя, сабраны ў кошыкі: тычынкавыя шматкветныя, шарападобныя, размешчаны ў верхняй ч. агульнага суквецця, песцікавыя 1—2-кветныя, адзіночныя ці ў клубочках, з двухрадковай абгорткай, якая каля пладоў укрыта калючкамі або шыпамі. Плод — учэпістая авальная сямянка. Лек. (у лісці і сцёблах шмат ёду), алейныя, меданосныя і фарбавальныя расліны. Некат. віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІК, вепр,
вяпрук (Sus scrofa),
млекакормячае сям. свіных атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы; акліматызаваны ў Амерыцы. Жыве ў разнастайных мясцінах, на Беларусі — па ўсёй тэрыторыі (26—36 тыс. у 1990—95). Трымаецца невял. статкамі, старыя самцы (секачы) і самкі з парасятамі — паасобку. Адзін з родапачынальнікаў свойскіх свіней.
Даўж. да 2 м, маса да 300 кг. Афарбоўка ад светла-бурай або шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела ўкрыта пругкім, доўгім шчаціннем з падшэрсткам. Галава вялікая. клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія, вочы маленькія, рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вял., у самцоў (6—10 см) загнутыя ўверх і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім 4—6 парасят, зрэдку да 12. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЯ́ЎНІК (Sisymbrium),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, а таксама ў Паўд.Амерыцы (Анды) і Паўд. Афрыцы. На Беларусі ў якасці занесеных і пустазелля трапляюцца 7 відаў: гуляўнік амаль кап’ялісты (S. subhastatum), волжскі (S. wolgense), высокі (S. altissimum), зменлівы (S. polymorphum), Лёзеля (S. loeselii), лекавы (S. officinale) і ўсходні (S. orientale). Растуць на сметніках, каля дарог, на палях і агародах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м, з галінастым сцяблом, голыя або апушаныя. Лісце простае, надрэзанае або перыстараздзельнае, зрэдку цэласнае. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), рэдка — белыя, сабраныя ў вузкія коласападобныя суквецці. Плод — стручок. Пустазелле; некат. віды — кармавыя, лек., харч. (салатныя), меданосныя, тэхн. (фарбавальныя, алейныя) і ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЕГАЛО́ЎНІК (Dracocephalum),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Еўропе, нетрапічнай Азіі і Паўн.Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды — З. Руйша (D. ruyschiana; занесены ў Чырв. кнігу) і З. чабаракветны (D. thymiflorum). Трапляюцца ў лясах і хмызняках, на насыпах. 7 відаў — З. аўстрыйскі (D. austriacum), малдаўскі (D. moldavica), безбароды (D. imberbe), шматколерны (D. multicolor), вузлаваты (D. nodulosum), паніклы (D. nutans) і іншаземны (D. peregrinum), — інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі. Лісце ланцэтна-лінейнае або сэрцападобнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, з двухгубым вяночкам, у несапраўдных кальчаках, збліжаных у агульныя суквецці ў пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек., тэхн., меданосныя і дэкар. расліны, выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БНІК (Crepis),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн.Амерыцы. На Беларусі 9 відаў. Найб. распаўсюджаны З. балотны (C. paludosa), дахавы (C. tectorum), двухгадовы (C. biennis); зрэдку трапляюцца З. альпійскі (C. alpina), воласападобны (C. capillaris), макалісты (C. rhoeadifolia), мяккі (C. mollis), сібірскі (C. sibirica), тупакарэнішчавы, або абгрызены (C. praemorsa). Растуць у лясах, на лугах, балотах, на палях і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя апушаныя або голыя травяністыя расліны з кароткім, тонкім, тупым карэнішчам і прамым, рабрыстым, пустым у сярэдзіне сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, надрэзанае або перыста-раздзельнае; іншы раз ёсць прыкаранёвая разетка. Кветкі жоўтыя, двухполыя, язычковыя, у шматкветкавых кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Лек. і кармавыя расліны; некат. віды — пустазелле.