вуглевадародныя газы (этан, прапан, бутан і інш.), якія спадарожнічаюць нафце і вылучаюцца з яе пры сепарацыі. Гэтыя газы раствораны ў нафце ці знаходзяцца ў газавай шапцы. Іх вылучэнне адбываецца ў выніку зніжэння ціску пры пад’ёме нафты на паверхню зямлі.
Колькасць газу (м³), прыведзенага да атм. ціску і т-ры 20 °C, якая прыпадае на 1 т здабытай нафты пры тым жа ціску і т-ры, наз. газавым фактарам (мяняецца ад 5 да 500 для розных радовішчаў). Па саставе газы нафтавыя спадарожныя адрозніваюцца ад прыроднага газу (гл.Газы прыродныя гаручыя) меншай колькасцю метану (да 45% па аб’ёме), але маюць больш прапану (5—22), бутану (3—19), бензінавых фракцый (пентан і вышэйшыя вуглевадароды да 20%). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў нафтахім. і хім. прам-сці, для атрымання звадкаванага газу, газавага бензіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎК (Аляксандр Васілевіч) (15.8.1893, г. Адэса, Украіна — 30.3.1963),
расійскі дырыжор, педагог, кампазітар. Нар.арт. Расіі (1954). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917). З 1917 дырыжор, у т. л. ў 1920—31 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. З 1933 дырыжор, у 1953—61 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Вял.сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Заснавальнік, гал. дырыжор і маст. кіраўнік (1936—41) Дзярж.сімф. аркестра СССР. Выкладаў у Ленінградскай (1927—48, з перапынкам) і Маскоўскай (1939—63, з 1948 праф.) кансерваторыях. Сярод яго вучняў Я.Мравінскі, А.Мелік-Пашаеў, К.Сімяонаў, Я.Святланаў. Аўтар сімфоніі, сімфаньеты длястр. аркестра, уверцюры, канцэртаў для арфы, фп. з аркестрам, рамансаў і інш. Інструментаваў оперу «Жаніцьба» М.Мусаргскага (1917), «Поры года» і 2 цыклы рамансаў Чайкоўскага (1942) і інш. Аднавіў 1-ю сімфонію С.Рахманінава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА ЧАЛАВЕ́КА,
раздзел генетыкі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных і анамальных прыкмет чалавека. Да яго адносяцца: дэтэрмінацыя фізіял., біяхім. і марфалагічных уласцівасцей асобных тканак і органаў чалавека, роля спадчыннасці і асяроддзя ў фарміраванні асобы, мутацыі чалавека і метады аховы яго генатыпу ад пашкоджанняў рознымі фактарамі асяроддзя, роля спадчыннасці пры ўзнікненні і развіцці паталагічных змен у чалавека і інш. Генетыку чалавека падзяляюць на антрапагенетыку, дэмаграфічную генетыку (генетыка народанасельніцтва), экалагічную генетыку (вучэнне пра генет. аспекты ўзаемаадносін чалавека з навакольным асяроддзем), імунагенетыку, генетыку медыцынскую (найб. важную галіну генетыку чалавека для практычных задач аховы здароўя) і інш.Асн. метады даследавання генетыкі чалавека: блізнятны (гл.Блізняты), генеалогіі, папуляцыйна-статыстычны (вывучэнне пашырэння асобных генаў або храмасомных анамалій у папуляцыях чалавека), цытагенетычны (аналіз карыятыпу чалавека) і інш. Даследаванні па генетыцы чалавека маюць вял. значэнне для развіцця медыцыны (паляпшэнне дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі спадчынных захворванняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГІ́МНІЯ (Hypogimnia),
род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх. Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (H. physodes), радзей мучністая (H. farinacea), стужачная (H. vittata) і трубчастая (H. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).
Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,
1) універсальная (кавендышава, ньютанава) гравітацыйная пастаянная — каэфіцыент прапарцыянальнасці ў законе прыцягнення Ньютана (гл.Сусветнага прыцягнення закон); адна з фундаментальных фіз. пастаянных. Абазначаецца G. Вызначана эксперыментальна Г.Кавендышам (1798) пры дапамозе круцільных вагаў. Характарызуе гравітацыйнае ўзаемадзеянне ўсіх матэрыяльных аб’ектаў (часціц і палёў) і разглядаецца як універсальная канстанта, нязменная ў часе і прасторы, незалежная ад фіз. і хім. уласцівасцей асяроддзя і гравітуючых мас. G = (6,67259 ±0,00085)∙10−11Н∙м²/кг².
2) Гаўсава гравітацыйная пастаянная — велічыня k, звязаная з універсальнай гравітацыйнай пастаяннай суадносінамі G = k2. Служыць для вызначэння астранамічнай адзінкі, у сістэме фундаментальных астранамічных пастаянных прынятая ў якасці адзінай асн. (умоўна нязменнай) пастаяннай (1976). Лікавае значэнне k = 0,01720209895 вызначана К.Гаўсам (1809) на аснове 3-га закона Кеплера (гл.Кеплера законы) для сістэмы Сонца—Зямля і зацверджана Міжнар. астранамічным саюзам у якасці абсалютна дакладнай канстанты (1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЗІ́РНЯ (ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),
збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.
Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ДАС, Гранадас-і-Кампінья (Granados y Campiña) Энрыке (27.7.1867, г. Лерыда, Іспанія — 24.3.1916), іспанскі кампазітар, піяніст, педагог. Вучыўся ў Ш.Берыо, Ф.Педрэля і Ж.Маснэ. Шмат канцэртаваў, вядомы як выканаўца твораў Ф.Шапэна і Э.Грыга. Выступаў з І.Альбенісам, Э.Ізаі, К.Сен-Сансам, Ж.Цібо і інш. У 1900 заснаваў у Барселоне Т-ва класічных канцэртаў (выступаў як дырыжор), у 1901 — Акадэмію музыкі (кіраўнік да 1916; пазней яго імя). Кампазітарская творчасць Гранадаса звязана з адраджэннем ісп.нар. музыкі, т.зв. Рэнасім’ента; асн. рыса яго твораў — спалучэнне нац. элемента з сучаснай тэхнікай пісьма. Сярод твораў: 7 опер, у т. л. «Марыя дэль Кармэн» (1898), «Гаескі» (1916); сімф. паэма «Боская камедыя» паводле Дантэ (1908) і інш.арк. творы; камерна-інстр. ансамблі; дляфп. — 10 ісп. танцаў, «Арагонская рапсодыя», «Іспанскае капрычыо»; для голасу з фп. — танадыллі, песні, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЦЫЯ (ад лац. gratia вытанчанасць, краса),
1) разнавіднасць прыгожага, эстэт. характарыстыка руху, дзеянняў. У эстэтыцы Адраджэння грацыя — тое, што натхняе фармальны пачатак прыгожага, робячы яго прывабным, мілым. Англ. філосафы і эстэтыкі 18 ст. падкрэслівалі ў грацыі натуральнасць, вольнасць рухаў і ўчынкаў чалавека; А.Шэфтсберы і Ф.Хатчэсана адрознівалі знешнюю грацыю і духоўную («маральную»). У ням.асв. эстэтыцы грацыя проціпастаўлялася ўзвышанаму, праяўлялася ў дзеяннях і рухах, засяроджаных у позах (І.Вінкельман). Паводле Ф.Шылера, грацыя ёсць «заўсёды толькі хараство апанаванага свабодай аблічча». Яна — выяўленне ў з’яве прыгожай душы, у якой гарманічна спалучаюцца пачуццёвасць і розум, доўг і схільнасць. У пазітывісцкай эстэтыцы грацыя руху тлумачыцца эканомнасцю затрат мышачнай энергіі (Г.Спенсер). У мастацтве паняцце «грацыя» можа ўжывацца для характарыстыкі руху гукаў у музыцы, думак і вобразаў у паэзіі, ліній у графіцы, чалавечага цела ў харэаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫДЗЮ́ШКА (Яўген Міхайлавіч) (н. 6.8.1958, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.),
бел. гітарыст, педагог, адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984), з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1989—91 саліст Бел. філармоніі. У 1984—88 выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы. У рэпертуары арыгінальныя творы для гітары бел. кампазітараў (Г.Гарэлавай, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, Я.Паплаўскага, Дз.Яўтуховіча), класічнай і сучаснай замежнай музыкі (І.Альбеніс, Л.Браўэр, Х.Радрыга, Ф.Тарэга), пералажэнні муз. класікі (у т. л. твораў І.С.Баха). Аўтар шматлікіх апрацовак і пералажэнняў для гітары, у т. л.бел. старадаўняй музыкі 16—17 ст. (п’есы «Полацкага сшытка», «Віленскай табулатуры» і інш.). Лаўрэат 1-га Рэсп. конкурсу імя І.Жыновіча (1987). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. конкурсаў У.Захараў, Дз.Асімовіч, Э.Чэкан. Зрабіў шмат запісаў на радыё.
Гутаперча мае гуту (50—90%), прыродныя смолы, бялкі, вільгаць. Гута — транс-поліізапрэн (геам. ізамер макрамалекулы каўчуку натуральнага), малекулярная маса 35 000—50 000, шчыльн. 940—960 кг/м³. Гутаперча раствараецца ў араматычных вуглевадародах, серавугляродзе. Пры т-ры 50—70 °C размякчаецца і становіцца пластычнай. Вулканізуецца серай. Вулканізаты — добрыя дыэлектрыкі, устойлівыя да ўздзеяння вады (вільгацепаглынанне на працягу 2 гадоў не перавышае 0,2%), канцэнтраваных кіслот, у т. л. салянай і плавікавай. Выкарыстоўваюць для электраізаляцыі падводных і падземных кабеляў, у электра- і радыёпрамысловасці, вытв-сці кляёў і інш. Атрымліваюць сінт. гутаперчу — транс-поліхларапрэн, які па будове і тэхн. уласцівасцях аналагічны гутаперчы натуральнай. На Беларусі для атрымання гутаперчы доўгі час выкарыстоўвалі брызгліну.