КУ́ЖАЛЬ,

ільняное валакно вышэйшай якасці, атрыманае пасля часання кудзелі на грэбені. К., што прызначаўся для вырабу тонкіх наміткавых тканін, дадаткова часалі шчоткай са свіной шчаціны. Гатовы К. скручвалі ў трубку і захоўвалі да прадзіва. К. называлі таксама ніткі з такога валакна і палатно з такіх нітак.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́БЗА Іван, майстар разьбярнай і сталярнай справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля, дзе разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў ківоты, крэслы і інш. рэчы для царскага дома. У 1683 прымаў удзел ва ўстаноўцы іканастаса ў царкве Данскога манастыра ў Маскве.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАША́НСКІ ТОРФАМАСІ́Ў,

балота ў Капыльскім, Слуцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., у вадазборы р. Лоша. Нізіннага тыпу. Пл. 11 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,8 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 2,1 м. Здабыча торфу для вытв-сці брыкетаў і на ўгнаенне. Большая ч. балота асушана.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГАЛІЗА́ЦЫЯ,

1) дазвол дзейнасці якой-н. арг-цыі, яе ўзаконенне, наданне юрыд. сілы якому-н. акту, дзеянню.

2) Пацвярджэнне сапраўднасці подпісаў на дакументах. Л., як правіла, належаць дакументы, складзеныя за мяжой або прызначаныя для дзеяння ў замежнай дзяржаве. Выконваецца ў форме засведчанага надпісу консула («консульская Л»).

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКВІ́ДНАСЦЬ БА́НКАЎСКАЯ,

здольнасць банка задаволіць патрэбнасць у наяўных сродках для своечасовага і поўнага выканання сваіх абавязацельстваў. Забяспечвае лёгкасць рэалізацыі, продаж, ператварэнне матэрыяльных каштоўнасцей у грашовыя сродкі. Дае магчымасць банку ператварыць свае актывы, захоўваючы нязменнай іх намінальную вартасць, у сродкі аплаты і (або) набыць сродкі на біржавых таргах.

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСКО́П (ад мана... + грэч. skopeō гляджу),

перадавальная электронна-прамянёвая прылада з нанесеным на паверхню мішэні нерухомым відарысам тэлевізійнай выпрабавальнай табліцы. Выкарыстоўваўся як крыніца стандартных сігналаў для праверкі і настройкі рознай тэлевізійнай апаратуры. Заменены на больш дасканалыя электронныя генератары выпрабавальных сігналаў, у т. л. на аснове мікра-ЭВМ.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЦІ́КС,

смала масцікавага дрэва роду фісташка. Атрымліваецца падсочкай ствалоў. Мае смаляныя к-ты (каля 42%), інертныя вуглевадароды (каля 50%), эфірныя алеі (2—3%) і інш. Антысептык, аснова, што звязвае лекі ў пілюлях і пластырах. Раствор М. ў шкіпінары выкарыстоўваецца для аховы твораў жывапісу, развядзення маст. алейных фарбаў.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ГА... (ад грэч. megas вялікі), 1) першая састаўная частка складаных слоў, што паказвае на вял. памер чаго-небудзь (напр., мегаспора, мегаліты).

2) Дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​6 зыходным адзінкам. Пазначаецца М. Напр., 1 МВт = 10​6 Вт, 1 МэВ = 10​6 эВ.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АЦЯПЛЯ́ЛЬНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Засн. ў 1953 у Мінску, прадукцыю выпускае з 1954. Асн. прадукцыя (1999): катлы чыгунныя, ацяпляльныя радыятары з літога чыгуну, злучэнні і фітынгі з чыгуну, мацаванні для радыятарных полак, дэкаратыўна-мастацкае (рашоткі, лаўкі, кветачніцы) і пячное ліццё. Праводзіць устаноўку, абслугоўванне і рамонт катлоў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЦАР, ζ Вялікай Мядзведзіцы; падвойная зорка. Кампаненты з зорнымі велічынямі 2,4 (Міцар) і 4,0 (Алькор) утвараюць фіз. пару з вуглавой адлегласцю 11,8. М. і Алькор (араб. конь і коннік) — самая вядомая і найб. даступная для назірання падвойная зорка. Абодва кампаненты, у сваю чаргу, — спектральна-падвойныя зоркі.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)