КАНТАКАРЭ́НТ (ад італьян. conto рахунак + corrente бягучы),

кантакарэнтны рахунак, адзіны бягучы і пазыковы рахунак, які адкрываецца банкам кліенту для захоўвання сродкаў і ажыццяўлення разлікаў. Па К. праходзяць пазыкі, што банк дае кліенту, і сродкі, якія паступаюць у банк ад кліентаў у выглядзе ўкладаў, вяртання пазык і інш.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),

дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЧАГА́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Ілі, у Алма-Ацінскай і Талды-Курганскай абл. Казахстана. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запаўняецца з 1970. Пл. 1847 км², аб’ём 28,14 км³, даўж. 180 км, найб. шыр. 22 км. Шматгадовае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 4 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыі.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВУ́Л (цюрк. стража),

узброенае падраздзяленне для аховы і абароны баявых сцягоў, ваен. і дзярж. аб’ектаў, аддання вайсковых ушанаванняў і інш. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь К. падзяляюцца на гарнізонныя і ўнутраныя, бываюць пастаянныя або часовыя, правілы арганізацыі нясення каравульнай службы рэгламентуюцца Часовым статутам гарнізоннай і каравульнай службаў.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЭГА́РДЫЯ,

1) у 17 ст. ўсе каравулы, якія выстаўлялі ў крэпасці, ваен. лагеры ці інш. месцы размяшчэння войск, пазней памяшканне для каравула і ўтрымання арыштаваных пад вартай.

2) У канцы 19 ст. пабудова казематнага тыпу каля варот крэпасці або ўваходаў у асобныя часткі ўмацавання, звычайна абсталяваныя байніцамі.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́РЦАВЫ ГАДЗІ́ННІК,

асабліва дакладны гадзіннік, у якім для адліку часу выкарыстоўваюцца ваганні кварцавага рэзанатара. Ваганні рэзанатара ўзбуджаюцца кварцавым генератарам. К. г. мае таксама дзялільнік частаты (дазваляе атрымліваць нізкачастотныя сігналы дакладнага часу) і лічыльнік імпульсаў. З дапамогай К. г. вымяраюць інтэрвалы часу з адноснай хібнасцю да 10​−10.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРЫЯ́,

рака на З Кітая. Даўж. ўчастка з пастаянным цячэннем 530 км, пл. вадазбору 18,3 тыс. км². Вярхоўі ў гарах Куньлунь, у ніжнім цячэнні губляецца ў пясках пустыні Такла-Макан. Летняя паводка. Сярэдні гадавы расход вады пры выхадзе на Тарымскую раўніну 18 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВЕ́Ц,

старажытнаруская ўдарная зброя, разнавіднасць баявой сякеры. Меў вузкае лязо, падобнае да дзюбы (рус. «клюв», адсюль назва) і малаткападобны абух. Выкарыстоўваўся ў 10—17 ст. для паражэння праціўніка, які меў засцерагальнае ўзбраенне. К. і яго разнавіднасць чакан служылі таксама знакамі адрознення военачальнікаў. Іл. гл. да арт. Кісцень.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Віктар Канстанцінавіч) (н. 15.6.1940, в. Рублеўск Круглянскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1993). Брат М.К.Краўцова. Скончыў БДУ (1963). З 1965 у Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па матэм. кібернетыцы і методыцы выкладання вышэйшай матэматыкі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е,

гідралагічны заказнік ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 для аховы Крывога возера і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 1,1 тыс. га.

Размешчаны на Пд У Полацкай нізіны, 17 % вадазборнай пл. ўкрыта лесам, месцамі яна забалочана. Лясы хваёвыя і яловыя, на забалочаных участках бярэзнікі.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)