СІСЛЕ́Й ((Sisley) Альфрэд) (30.10.1839, Парыж —29.1.1899),

французскі жывапісец, адзін з вядучых майстроў імпрэсіянізму. Па паходжанні англічанін. Вучыўся ў майстэрні Ш.​Глейра ў Парыжы (1860—63). Зазнаў уплыў К.​Каро, К.​Манэ. Адлюстроўваў пераважна ваколіцы Парыжа, прыроду Іль-дэ-Франса. Адметныя рысы яго жывапісу — работа на пленэры, сціпласць матываў, вытанчаная гама светлых тонаў, кампазіцыйная завершанасць і манументальная раўнавага. Раннім пейзажам уласціва некаторая змрочнасць: «Вясковая вуліца ў Марлоце» (1866), «Від на Манмартр» (1869). Каля 1870 ён асвятляе палітру, пачынае супрацьпастаўляць мазкі, ва ўраўнаважаных і лёгкіх па фактуры творах значнае месца займае неба і выяўленне неабсяжнай прасторы: «Баржы на канале Сен-Мартэн» (1870), «Лувесьен.

Сеўрская дарога» (1873), «Кузня ў Марлі» (1875), «Паводка ў Пор-Марлі» (1876), «Снег у Лувесьене» (1878). Пасля 1880 фактура яго твораў стала больш пастознай: «Белы крыж у Сен-Маме» (1884), «Сен-Маме» (1885), «Мост у Марэ, эфект навальніцы» (1887), «Стагі сена ў Марэ, эфект раніцы» (1891), «Канал у Луэне» (1892), «Царква ў Марэ пасля дажджу» (1894).

Літ.:

Бродская Н. Картины Сислея в Эрмитаже. Л., 1963.

С.​У.​Пешын.

А.Сіслей. Паводка ў Пор-Марлі. 1876.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РАПІС,

тып пісьма, які развіўся ва ўсх. славян з паўустава ў выніку паскарэння працэсу пісання. Характарызаваўся звязаным напісаннем літар у слове, свабодным узмахам і націскам пяра. У старабел. дзелавой пісьменнасці пачаў ужывацца з канца 14 ст. 1м напісаны актавыя кнігі гарадскіх, земскіх і замкавых судоў, большая ч. дакументаў Метрыкі ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529 і 1566. Асаблівага росквіту дасягнуў у 16—17 ст., калі шырока выкарыстоўваўся ў свецкіх («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», 2-я пал. 16 ст.; бел. пераклады «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага, «Александрыі», «Троі», «Рымскага летапісца» пач. 17 ст.) і рэліг. творах. С. напісана Баркулабаўская хроніка.

На аснове С. ў канцы 16 ст. створаны спец. шрыфт, якім у друкарні Мамонічаў выдадзены «Трыбунал...» (1586), Статут ВКЛ 1588, «Унія» І.​Пацея (1595) і інш. Бел. С. быў больш каліграфічны і зручны для чытання, чым рускі, і ў 17 ст. прыкметна на яго ўплываў.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Щепкин В.Н. Русская палеография. М., 1967.

А.​М.​Булыка.

Да арт. Скорапіс. Рукапіс «Троі». 17 ст.

т. 14, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ЛАМ (ад нарв. slalåm літ. след, які спускаецца) гарналыжны, спуск на лыжах з гары па звілістай трасе з варотамі. Даўж. трасы для мужчын 500—700 м з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 180—220 м, для жанчын — адпаведна да 550 м і 130—180 м. На трасе парамі расстаўляюцца сцяжкі (вароты), праз якія трэба праехаць і не збіць.

Зарадзіўся ў 1920-я г.; спаборніцтвы праходзілі ў Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі Чэмпіянаты свету з 1930. У праграме Алімп. гульняў з 1936. Адрозніваюць таксама С. гіганцкі (даўж. трасы больш за 2000 м, перапад вышынь 250—400 м у мужчын і 250—350 м у жанчын) і С. супергіганцкі (розніца вышынь 500—600 м у мужчын і 350—500 м у жанчын). Найб. пашыраны ў Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі.

С. на водных лыжах (адной або двух) — спаборніцтва водных лыжнікаў на буксіровачным тросе за катэрам па абходзе буёў, размешчаных на вызначанай трасе. С. вяслярны, на байдарках і каноэ — спаборніцтвы ў спуску па рацэ або спец. канале з хуткай плынню і натуральнымі або штучнымі перашкодамі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН (London),

горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс. км². 7,6 млн. ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн. ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін. цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).

Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г. н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст. н. э.). У 1 ст. рым. ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст. гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст. афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл. Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар. сацыяліст. руху, у т. л. паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл. Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.

Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.​Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.​Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.​Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.​Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш. арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.​Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.​Джонс, Рэн, Дж.​Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.

Дж.​Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.​Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.​Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.​Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.​Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.​Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.​Бэры, Х.​Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.​Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.​Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.​О.​Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.​Мэцью, Л.​Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.​Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер. арх. Э.​Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.​Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.​Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.​Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л. Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л. «Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.

Літ.:

Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;

Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.

Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.
Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.​Чэймберс.
Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКА-МАГІЛЁЎСКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі. Займае тэрыторыю на ПнЗ Магілёўскай і невял. ч. на Пд Віцебскай абл. Мяжуе з Цэнтральна-бярэзінскай раўнінай на З, Аршанскім узв. на Пн, Горацка-Мсціслаўскай раўнінай на ПнУ і Чачэрскай раўнінай на Пд. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ больш як на 200 км, з З на У ад 50 да 120 км. Вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 224 м над узр. м. каля в. Палыкавічы Шклоўскага р-на, найніжэйшы — 131 м у даліне р. Сож у Чэрыкаўскім р-не (абодва ў Магілёўскай вобл.). Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі на З і Пд 40—50 м. Пл. каля 11,5 тыс. км².

У тэктанічных адносінах раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, сілікатныя буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, цэментныя мел і мергель, фасфарыты, торф, падземныя воды.

Асн. рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўж. 2—3 км, глыб. 20—30 м. Рачная сетка належыць да бас. Дняпра. Найб. рэкі Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растой, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сянной. На Пд цякуць правыя прытокі Беседзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня. Т-ры студз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя (найб. урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя супынкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі. Пад лесам 20—30% тэр., пераважаюць хвоя і бяроза, значная доля елкі і дуба (раўніна ў падзоне дубова-цемнахвойных лясоў). Пад с.-г. ўгоддзямі 50—70% тэр. (пад ворнымі землямі 35—45%). У межах Аршанска-Магілёўскай раўніны Чэрыкаўскі паляўнічы заказнік.

Н.​К.​Кліцунова, І.​Э.​Паўлоўская.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ТНІЦКАЯ ГРАМАДА́ (БСРГ),

масавая легальная рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.​Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн. дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел. зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк. зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш. Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл. Незалежная сялянская партыя), укр. рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел. нац. фракцыі сейма (гл. Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦК БСРГ выдаваў газ. «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр. час. «Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.

Літ.:

Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;

Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.

У.​А.​Палуян.

Паштоўка з партрэтамі арыштаваных у студзені 1927 уладамі Польшчы лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады П.​Мятлы, П.​Валошына, Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага і дзеяча Незалежнай сялянскай партыі Ф.​Галавача. 1927.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),

іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).

Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.​Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.​Майкелсан, Ф.​Селзнік, Т.​Парсанс, Р.​Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.​Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.

Літ.:

Weber M. The theory of social and economic organization. London;

New York, 1947;

Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983;

Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЫ́Я ЎБО́РЫ,

састаўная частка адзення. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напачатку мелі пераважна практычнае значэнне. Паступова набывалі разнастайныя формы і аздабленне; станавіліся ўпрыгажэннямі і нават прадметамі раскошы. Часам выконвалі сімвалічную функцыю. На Беларусі адметныя галаўныя ўборы вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Асн. формамі былі: у мужчын шапка, у дзяўчат вянок, у жанчын чапец, паверх убрус. Адлюстроўвалі маёмасную няроўнасць і сац. становішча чалавека (жаночыя — і сямейнае), паступова замацоўваліся і этнічныя асаблівасці адзення.

Галаўныя ўборы пануючых класаў выраблялі з дарагіх мануфактурных тканін і футра, багата аздаблялі каштоўнымі камянямі, жэмчугам, вышыўкай і інш. Мужчынскімі галаўным ўборам магнатаў і гар. знаці ў 16—19 ст. былі кучма, ялмонка, канфедэратка, брыль, магерка з якасных матэрыялаў, у шляхты — шапкі-каўпакі, у духавенства — найперш скуф’я. Жаночыя галаўныя ўборы вызначаліся разнастайнасцю тыпаў і залежнасцю формаў ад змены стыляў у зах.-еўрап. касцюме. Былі пашыраны намітка (убрус, хустка), хустка (рабак, шырынка), рантух, каптуровыя ўборы, а таксама вянок, чылка і інш. Бел. нар. галаўныя ўборы выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шапавалы. Мужчыны насілі розныя віды шапак: суконную або лямцавую белую ці шэрую магерку, аўчынную або футравую цыліндрычную ці конусападобную кучомку, зімой — аўчынную ці футравую аблавуху. Летам найчасцей насілі валеныя ці плеценыя брылі. З канца 10 ст. набыў пашырэнне картуз, заменены ў 20 ст. кепкай. Жаночыя галаўныя ўборы 19 — пач. 20 ст. вылучаліся багаццем формаў, спосабам нашэння, вытанчанасцю мастацкага выканання. Дзявочыя ўборы ахоплівалі галаву ў выглядзе абручыка ці перавязкі-ручніка, падзяляліся на віды: вянок, скіндачка, чылка, кубак, хустка; часам яны ўваходзілі ва ўбор замужніх жанчын, якім не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы былі больш складаныя паводле будовы, больш сціплыя па дэкоры. Галаўныя ўборы жанчын падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка, рожкі), каптуровыя (каптур, чапец, наколка), падвічкавыя (падвічка). На белае поле палатна наносіўся чырвоны ці чырвона-чорны арнамент. З прыёмаў маст. афармлення пераважалі вышыўка, узорыстае ткацтва, аплікацыя парчовай тасьмой і інш. Жаночыя галаўныя ўборы не мелі рэзкага падзелу на летнія і зімовыя, у холад на іх дадаткова накідвалі хустку.

З канца 19 ст. ў вёску ўсё шырэй пранікаюць фабрычныя вырабы. Яны паступова выцеснілі традыц. нар. галаўны ўбор.

Літ.:

Гл. пры арт. Адзенне.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Галаўныя ўборы: 1 — маладуха ў каптуры. Маладзечанскі раён; 2 — жанчына-мяшчанка ў галовачцы. Давыд-Гарадок Столінскага раёна; 3 — жанчына ў намітцы. Маларыцкі раён; 4 — хлопец у саламяным брылі. Лепельскі раён.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЗІМІ́Н, Гедымін (каля 1275—1341),

вялікі князь ВКЛ [1316—41]. Паводле некат. крыніц, брат вял. князя Віценя, аднак больш верагодна, што Гедзімін быў яго сынам (Іпацьеўскі летапіс называе Гедзіміна Вітуневічам). У час княжання Гедзіміна фактычна завяршыўся працэс аб’яднання асн. масіву бел. зямель ад Зах. Буга да Дняпра і Зах. Дзвіны, што вызначала іх дамінуючую ролю ў ВКЛ. Асабліва важнае значэнне ў дзяржаве набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню, якая была, паводле археал. і пісьмовых крыніц, заснавана крывічамі. У пач. 1320-х г. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандл. сувязі Полацк. Гедзімін вёў барацьбу з сепаратысцкімі дзеяннямі ў балцка-літоўскіх землях ВКЛ, у 1315, калі яшчэ не быў вял. князем, знішчыў кн. Пялюзу, які на працягу многіх гадоў, абапіраючыся на падтрымку жамойцкіх старшын, змагаўся супраць велікакняжацкай улады. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супраць ВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323—24 рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў Гедзімін у 1325 заключыў дагавор з польск. каралём Уладзіславам I Лакеткам, за яго сына Казіміра аддаў замуж сваю дачку Альдону. У 1322 падобнае ж пагадненне было заключана з мазавецкім князем. У 1326 ВКЛ заключыла мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі і разам з Польшчай перайшло да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. Войскі княства ў 1326 на чале з Давыдам Гарадзенскім і ў 1327 на чале з сынам Г.Альгердам нанеслі сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які быў саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваен. ўмацаванне сваёй дзяржавы, яго ініцыятыве прыпісваюць буд-ва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і інш., ён запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрап. краін на сталае жыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала культ. росту дзяржавы. Гедзімін загінуў у баі з крыжакамі пры аблозе ням. крэпасці Баербург (паводле інш. звестак, атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць у каталіцтва язычнікаў).

М.​І.​Ермаловіч.

Гедзімін. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)