сукупнасць відаў крывасосных двухкрылых насякомых з розных сямействаў. Каля 900 відаў. Трапляецца ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыды, звычайныя ў тундры і лясах.
Да гнюсу адносяцца камары, мошкі, макрацы, маскіты, сляпні, крывасосныя мухі. Відавы склад і колькасць гнюсу залежаць ад ландшафтна-геагр. і кліматычных умоў, сезона, часу сутак. Раі гнюсу ўтвараюць толькі самкі. Развіццё і масавае размнажэнне гнюсу звязана з забалочанымі, слаба асвоенымі чалавекам тэрыторыямі, найчасцей у поймах буйных рэк. Насякомыя праколваюць хабатком скуру і крывяносны сасуд жывёл або чалавека, уводзяць рэчывы, якія выклікаюць сверб, пякоту, запаленчыя працэсы, павышэнне т-ры. Многія віды гнюсу — пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (сібірскай язвы, сапу, малярыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН (Hofman, Hofmann) Іосіф (Юзаф; 20.1.1876, г. Кракаў, Польшча — 16.2.1957), польскі піяніст, педагог, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу. Вучыўся ў Берліне ў М.Машкоўскага і А.Рубінштэйна. У 1886—1946 канцэртаваў у краінах Еўропы і ЗША. З 1898 у ЗША. Заснавальнік (1924), праф. (з 1924), дырэктар (1926—38) Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Вядомы найперш як выканаўца твораў Ф.Шапэна, а таксама Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Шуберта, Ф.Ліста, Машкоўскага. Аўтар арк. і фартэпіянных твораў, кніг па тэхніцы фартэпіяннай ігры, якія маюць значную практычную каштоўнасць.
Тв.:
Рус.пер. — Фортепианная игра: Ответы на вопр. о фортепианной игре. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ВАЙНА́,
узброеная барацьба, у якой перавага аддаецца працяглай абароне на суцэльных стабільных франтах з мэтай утрымліваць занятыя пазіцыі, назапасіць сілы і сродкі для вырашальных баявых дзеянняў. Пазіцыйная барацьба вядома з даўніх часоў, калі крэпасці (замкі) і ўмацаваныя гарады вытрымлівалі працяглыя (да некалькіх месяцаў і нават гадоў) аблогі. Прыкладам П.в. больш позняга часу з’яўляецца 1-я сусв. вайна: у канцы 1914 на зах. (франц.) і ў канцы 1915 на ўсх. (рас.) франтах. У 2-ю сусв. вайну перавага аддавалася манеўранай вайне. У сучасных умовах, калі развіццё ўсіх сродкаў узбр. барацьбы павысіла магчымасці войск для манеўра, пазіцыйныя формы абароны выкарыстоўваюцца як выключэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».
Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнік прамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял.Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц.т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».
грузінскі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя В.Брусава.(1923—27), Камуніст. ін-це журналістыкі. Друкаваўся з 1921. Пісаў пад псеўданімам А.Машашвілі. У творах тэмы патрыятызму, адказнасці паэта перад сучаснікамі, філас.-паэт. асэнсаванне часу: паэт.зб-кі «Высокая мара» (1950), «Гімн Радзіме» (1951), «Маладому пакаленню» (1956), «Маладосць кліча» (1966), «Руставі» (1970), паэмы «Інгуры» (1937), «Рустаўская сімфонія» (1959). Аўтар балад, п’есы «Трывога» (паст. 1931). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Х.Жычка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРУ́К (Уладзімір Антонавіч) (н. 6.1. 1954, в. Гута Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт, публіцыст. Скончыў БДУ (1980). Працаваў у бібліятэках Ганцавіцкага р-на, з 1982 у газ. «Звязда», з 1986 у выд-ве «Юнацтва», з 1998 у выд-ве «Белфакс». Друкуецца з 1972. Яго паэзія засяроджана на мінулым і сучасным Бацькаўшчыны, складаных праблемах часу, веры ў чалавека, узаемасувязях яго з прыродаю: зб-кі «Зоркі ў кронах» (1982), «Ліст рабіне» (1987), «Інкрустацыя голасам» (1991). Піша для дзяцей (зб. «Ехаў Чыж у Парыж», 1994). Выступае з артыкуламі па маральна-этычных праблемах, пра культуру на вёсцы, нар. традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦЫЯ́Л (Марк Валерый) (Marcus Valerius Martialis; каля 40, г. Більбао, Іспанія — каля 104),
рымскі паэт. У 64—98 жыў у Рыме. Напісаў 15 кніг эпіграм, у т. л. 3 тэматычныя: «Кніга відовішчаў» (пра адкрыццё Калізея ў 80), «Гасцінцы» і «Падарункі». Вядомасць прынеслі 12 кніг змешанага зместу. Амаль палова вершаў — сатыр. эпіграмы, астатнія — традыцыйныя: прысвячальныя, хвалебныя, застольныя, надмагільныя, медытатыўныя. Высмейваў чалавечыя заганы, выкрываў прадстаўнікоў розных сац. груп і прафесій, паказваў маральнае падзенне знаці ў Рымскай імперыі. Яго эпіграмы адметныя жыццёвай дакладнасцю, сцісласцю і яскравасцю апісанняў, дасціпнасцю і тонкім гумарам. Паўплывалі на паэтаў Новага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Я,
ва ўсходнеславянскай міфалогіі багіня вясны і маладосці. Лічылася жонкай Дажбога. Паводле паданняў, створана з бярозы. Аднойчы юны Дажбог заглядзеўся з неба на бярозы і пажадаў, каб яго будучая жонка была такой жа прыгожай і пяшчотнай. І раптам сярод бяроз з’явілася прыгажуня-багіня. Дажбог адразу закахаўся, працягнуў да яе свае рукі-промні і сказаў: «Мая́». Так М. атрымала сваё імя. У паданнях на Гродзеншчыне сцвярджаюць, што перад надыходам зімы М. вяртаецца да сваіх сябровак-бяроз, сама зноў ператвараецца ў бярозу і спіць да таго часу, пакуль вясной яе не паклічуць людзі. Гэтай падзеі прысвечана свята Гуканне вясны, якое праводзіцца ў красавіку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія ўзнікаюць пры ўздзеянні на арганізм прафесійных шкоднасцей. Адрозніваюць 5 асн. груп П.х.: ад уздзеяння хім.прамысл. фактараў (бензол, ртуць, свінец і інш.; гл.Атручэнне), пылу (гл.Пнеўмаканіёз, Сілікоз), статычнага перанапружання мышцаў і апорна-рухальнага апарату, фіз. фактараў (гл.Вібрацыйная хвароба, Прамянёвая хвароба), біял. фактараў. Дадаткова вылучаюць алергічныя захворванні і новаўтварэнні прафес. паходжання.
Бываюць вострыя, падвострыя і хранічныя. Прыкметы залежаць ад часу і інтэнсіўнасці ўплыву прафес. шкоднасцей, рэзістэнтнасці і рэактыўнасці арганізма. Расследаванне выпадкаў П.х. праводзіць спец. камісія. Хворых на П.х. пераводзяць на інш. працу або накіроўваюць на Мед.-рэабілітацыйную экспертную камісію для вызначэння ступені страты прафес. працаздольнасці або групы інваліднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж.часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.
Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.