БАРУ́ЗДЗІН Сяргей Аляксеевіч (22.7.1926, Масква — 4.3.1991),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; пра партыз. рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, І.​Мележа, М.​Танка, А.​Адамовіча, В.​Быкава, І.​Шамякіна, І.​Чыгрынава, В.​Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.​Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.​Лось).

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ Яўген Іванавіч (17.12.1883, Мінск — 12.9.1934),

бел. літ.-знавец. Праф. (1928). Вучыўся ў Берлінскім (1903—04) і Маскоўскім (скончыў у 1910) ун-тах. Выкладаў рус. л-ру ў Маскве (1910—18), працаваў вучоным сакратаром Галоўмузея РСФСР (1918—22). З 1922 выкладчык БДУ, з 1927 навук. супрацоўнік Інбелкульта, пасля — Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі. Даследаваў пытанні эстэтыкі, паэтыку літ. жанраў (манаграфіі «Тэорыя санету»; «Паэтыка літаратурных жанраў»; абедзве 1927). Вывучаў творчасць А.​Пушкіна, Я.​Купалы, М.​Багдановіча, зах.-еўрап. л-ру, літ. плыні ў Германіі 1920-х г. і інш. Браў удзел у падрыхтоўцы збору твораў М.​Багдановіча (т. 1—2, 1927—28).

Тв.:

Мир искусств в образах поэзии. М., 1922;

«Матчын дар» А.​Гаруна. Мн., 1928;

Паэтыка: Курс для завочнага педфаку. Мн., 1929—30.

І.​У.​Саламевіч.

Я.І.Барычэўскі.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ДЗЕНЬ»,

штотыднёвая грамадска-паліт., сельскагаспадарчая і літ. газета. Выдавалася з 7.3.1927 да 1928 у Вільні на бел. мове т-вам «Пагонь». Яе кірунак вызначаны ў дэкларацыі «Да беларускага сялянства» (1927, № 1), дзе абвяшчалася, што газета будзе абараняць паліт. правы бел. селяніна, нар. культуру і школу, усебакова асвятляць жыццё селяніна-беларуса і ў Польшчы і ў Сав. Беларусі. Фактычна ж пераважала паланафільская арыентацыя, падтрымлівала паліт. платформу Ю.​Пілсудскага. Узнімала пытанні паляпшэння польска-бел. адносін, патрабавала для беларусаў роўных з усімі грамадзянамі правоў, гарантаваных канстытуцыяй. Шмат увагі аддавала праблемам бел. школы. Змяшчала матэрыялы з гісторыі БНР, газеты «Наша доля», пра бел. нар. творчасць; рабіла агляды бел. культ. жыцця, перыёдыкі, кніжных навін; змяшчала творы М.​Багдановіча, А.​Бартуля, М.​Васілька, М.​Краўцова, Ф.​Умястоўскага і інш.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЯ́ Анатоль Дзмітрыевіч (2.2.1900, г. Сімферопаль, Украіна — 25.6.1982),

рускі кінааператар, тэарэтык кіно. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Праф. (1939). Д-р мастацтвазнаўства (1966). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі (1926). Адзін з заснавальнікаў сав. аператарскай школы. У творчай садружнасці з рэжысёрам У.Пудоўкіным зняў фільмы: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1929), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947), «Жукоўскі» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; апошнія 3 фільмы разам з аператарам Т.​Лобавай). Творчасць Галаўні блізкая да традыцый рус. рэаліст. жывапісу з улікам спецыфікі кіно. Смела выкарыстоўваў дынамічныя магчымасці камеры і асвятлення.

Тв.:

Съёмка цветного кинофильма. М., 1952;

Мастерство кинооператора. М., 1965;

Творчество оператора фильма. М., 1978.

Літ.:

Громов Е.С. Кинооператор Анатолий Головня. М., 1980.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́ВІ Іегуда, Іехуда ха-Леві (каля 1075, г. Тудэла, Іспанія — 1141), яўрэйскі паэт і філосаф; быў вядомы і як урач. З 1109 жыў у Кардове, памёр на шляху ў Палесціну. Пісаў на іўрыце і араб. мове. Творчасці гранадскага перыяду (да 1090) уласціва аптымістычнае гучанне (пераважаюць застольныя песні, любоўная лірыка і інш.), але паступова стала дамінаваць тэма трагічнага лёсу яўр. народа (літургічныя гімны «Песні выгнання», «Песні Сіёна» і інш.). У рэліг.-філас. трактаце «Кніга доказаў і довад у абарону зняважанай веры» («Кніга Хазара») даў апалогію іудаізму і паказаў перавагу непасрэднага рэліг. вопыту, заснаванага на інтуіцыі, над разумовымі ведамі, не адмаўляючы, аднак, рацыянальнага пазнання. Творчасць Галеві зрабіла ўплыў на яўр. паэзію і філасофію.

Тв.:

Рус. пер. — Сердце мое на Востоке. Тель-Авив, 1976;

Репр. Б.м., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОН (Donne) Джон (22.1 або 12.2.1572, Лондан — 31.3.1631),

англійскі паэт, заснавальнік т.зв. метафізічнай школы англ. барока. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1615 прыняў духоўны сан, з 1621 настаяцель сабора св. Паўла ў Лондане. Вершы Д. разыходзіліся ў рукапісах (свядома не друкаваў іх, выпадкова былі апублікаваны пахавальныя элегіі «Шлях душы» і «Анатомія свету», 1611—12). Першы зборнік паэзіі выйшаў пасля смерці Д. ў 1633. Пісаў у жанры сатыры, эпісталы, любоўнай элегіі, санета (найб. вядомы цыкл «Песні і санеты»), духоўнай лірыкі. У позні перыяд пераважалі рэліг. матывы з разважаннямі аб прыродзе чалавечай душы, яе макракосмасе («Святыя санеты»). Адкрытая нанова ў 20 ст. творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. паэзію.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Л., 1973;

У кн.: Английская лирика первой половины XVII в. М. 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЬКАВЕ́ЦКАЯ (сапр. Адасоўская) Марыя Канстанцінаўна

(4.8.1854, в. Занькі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 4.10.1934),

украінская актрыса і тэатр. дзеяч. Нар. артыстка Украіны (1923). З 1882 вядучая актрыса ўкр. труп М.​Крапіўніцкага, М.​Старыцкага, М.​Садоўскага, П.​Саксаганскага, І.​Карпенкі-Карага і інш. У 1907 разам з Садоўскім арганізавала першы ўкр. т-р у Кіеве. Узначальвала Нар. т-р у Нежыне (1918), удзельнічала (разам з Саксаганскім) у стварэнні Нар. т-ра ў Кіеве (1918, цяпер Львоўскі ўкр. драм. т-р імя М.​Занькавецкай). Сцэнічная творчасць адметная шчырасцю перажыванняў, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Наталка, Цярпіліха («Наталка-Палтаўка» І.​Катлярэўскага), Галя («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Харыціна, Сафія («Наймічка», «Бесталанная» Карпенкі-Карага), Аза («Цыганка Аза» Старыцкага), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага) і інш.

Літ.:

Дурилін С.М. Марія Заньковецька. Київ, 1955.

М.К.Занькавецкая.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЙЧЫК Павел Гіляравіч (15.6.1896, г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.11.1937),

бел. крытык і літ.-знавец, публіцыст. Чл.-кар. Інбелкульта (1926). Скончыў мед. ф-т БДУ (1925). З 1918 у Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР, Белнацкоме. З 1921 у Наркамаце асветы РСФСР, з 1922 у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». З 1926 працаваў у клініцы нерв. хвароб медфака БДУ. У 1930 рэпрэсіраваны, высланы ў Чувашскую АССР. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 і 1959. Друкаваўся з 1917. Рэцэнзаваў творы А.​Гаруна, Я.​Купалы, М.​Багдановіча і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. тэатр, вершаў, даследавання «Беларуская народная вусная творчасць» (1922). Адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Выпісы з беларускай літаратуры» (1925).

Літ.:

Скалабан В. Будынак новы мы будуем...: (Вершы Паўла Каравайчыка) // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.

В.​У.​Скалабан.

П.Г.Каравайчык.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМУ́НІН Павел Васілевіч (н. 28.1.1919, в. Вял. Ключы Зеленадольскага р-на, Татарстан),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1980). Працаваў у Т-ры Сав. ваен. адміністрацыі ў Берліне (1946—50), Казанскім драм. т-ры (1960—63). У 1964—93 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных і камед. роляў. Творчасць вызначаецца самабытнасцю, праўдзівасцю сцэн. паводзін, тонкім адчуваннем стылю твора і прыроды камічнага. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Лявон Зяблік, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.​Купалы), Торгала («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Кічкайла («Амністыя» М.​Матукоўскага), Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Бацька («Парог» А.​Дударава); у класічным рэпертуары: Лука («На дне» М.​Горкага), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш. Здымаецца ў кіно.

А.​Ц.​Чарноцкі.

П.В.Кармунін.
П.Кармунін у ролі Крыніцкага.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ (Corot) Каміль (16.7.1796, Парыж — 22.2.1875),

французскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў рэаліст. школы ў франц. пейзажным жывапісе. Вучыўся ў А.​Мішалона і В.​Бертэна (1822—24). Працаваў з натуры. У творах 1820—40-х г. па-майстэрску паказаў прыгажосць франц. і італьян. прыроды і арх. помнікаў («Шартрскі сабор», 1830). Класіцыстычная тэндэнцыя адчуваецца ў гіст. пейзажах («Гамер і пастухі», 1845, і інш.). З 1850-х г. творчасць К. набыла паэтычны характар; жывапісная манера стала больш лёгкай і трапяткой, каларыт узбагаціўся тонкімі валёрнымі гармоніямі ў серабрыстых тонах, што набліжае К. да імпрэсіяністаў («Вечар», канец 1850-х г.; «Сажалка ў гушчары», «Званіца ў Аржантэйлі», «Парыў ветру», 1860-я г.; «Краявід з возерам», паміж 1860—73; і інш.). Пісаў партрэты, працаваў у графіцы.

В.​Я.​Буйвал.

К.Каро. Шартрскі сабор. 1830.

т. 8, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)