НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.
т. 11, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.
Засн. ў 1901 за 4 км ад Нясвіжа ва ўрочышчы Альба (цяпер у г. Нясвіж Мінскай вобл.) як спіртзавод. У 1961 на базе Альбінскага спіртзавода створаны з-д кармавога біяміцыну (выпускаў біяміцын і рызатарфін). У 1983 пабудаваны цэх па выпуску рызатарфіну. У 1985 уведзена лінія па вытв-сці лекавага прэпарата баліз-2, з-д перайменаваны на біяхімічны. З 1991 асвоены выпуск салявых раствораў для ін’екцый, з-д атрымаў сучасную назву. Асн. прадукцыя (2000) — растворы: натрыю хларыд ізатанічны, глюкоза, дысоль, трысоль, хласоль, гемадэз, глюгіцыр, навакаін і інш.
т. 11, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫЯ СТА́НЦЫІ,
навукова-назіральныя пункты, створаныя на ўзбярэжжы кантынентаў і астравоў Паўн. Ледавітага ак. і ў Антарктыцы. Вядуць сістэматычныя аэраметэаралагічныя, актынаметрычныя, геамагнітныя, гідралагічныя, гляцыялагічныя і ў асобных выпадках біял. і мед. назіранні. Створаны ў перыяд 1-га Міжнар. палярнага года (1882—83). У 1990-я г. ў Арктыцы працавала каля 200 П.с., якія маюць важнае значэнне ў абслугоўванні навігацыі Паўн. марскога шляху. У Антарктыцы асн. сетка П.с. створана ў перыяд Міжнар. геафіз. года (1957—58) і пазней; у 1990-я г. — 48 пастаянных (зімовачных) станцый.
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ імя Ф.Скарыны.
Засн. ў 1872 у г. Полацк Віцебскай губ. як Полацкая настаўніцкая семінарыя. У 1918 на базе семінарыі адкрыты пед. курсы, а ў 1924 створаны пед. тэхнікум. З 1936 пед. вучылішча (з 1964 імя Ф.Скарыны). З 1994 пед. каледж. Рыхтуе настаўнікаў пач. класаў, выхавальнікаў дзіцячых дашкольных устаноў, выкладчыкаў замежнай мовы базавай школы, выкладчыкаў музыкі. Спецыяльнасць (2000/01 навуч. г.): педагогіка і методыка пач. навучання; педагогіка і псіхалогія дашкольная; замежная мова; выкладанне музыкі і музычнае выхаванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 12, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (ПНК),
польскі ўрад у эміграцыі ў час 1-й сусв. вайны. Створаны 15.8.1917 у г. Лазана (Швейцарыя) групай польскіх эмігрантаў. Складаўся пераважна з чл. Нац.-дэмакр. партыі і некат. інш. партый. Старшыня — Р.С.Дмоўскі. Імкнуўся стварыць з дапамогай дзяржаў Антанты незалежную польскую дзяржаву. У вер.—ліст. 1917 прызнаны Францыяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй і ЗША. Пачаў стварэнне польскага войска ў Зах. Еўропе. У пач. 1919 дамовіўся з прыхільнікамі Ю.К.Пілсудскага пра стварэнне кааліцыйнага ўрада Польшчы на чале з чл. ПНК І.Падарэўскім. Распушчаны ў жн. 1919.
т. 12, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТА́ЛОГІЯ (ад грэч. prōctos задні праход + ...логія),
раздзел гастраэнтэралогіі і абдамінальнай хірургіі, які вывучае хваробы прамой кішкі (гемарой, практыт і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; больш шырока — хваробы тоўстага кішэчніка (колапракталогія). Многія захворванні прамой кішкі з’яўляюцца лакалізацыяй працэсаў у папярэдніх аддзелах (паліпоз, хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт), асабліва пры злаякасных захворваннях. На Беларусі ў 1971 адкрыта аддзяленне П. на базе Мінскай абл. клінічнай бальніцы (Бараўляны); з 1978 — Рэсп. цэнтр. Створаны аддзяленні П. ў абл. цэнтрах, рэабілітацыйная служба для хворых на рак прамой кішкі.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́ЦКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1977 з мэтай захавання унікальных насаджэнняў інтрадукаваных лясных культур і паляпшэння ўмоў іх росту. Пл. 508 га. Лесапасадкі з пач. 20 ст. Узрост лясных культур 30—100 гадоў. З мясц. парод пераважаюць чыстыя і мяшаныя насаджэнні хвоі і елкі звычайнай, дубу летняга, ясеню звычайнага. З інтрадукаваных відаў растуць лістоўніцы еўрапейская і сібірская, хвоі Мурэя і веймутава, дугласія, елка канадская, дуб чырвоны, ясень пенсільванскі, арэх маньчжурскі, аксаміт амурскі, таполі канадская, валасістаплодная і інш.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
галіна прыкладной псіхалогіі, якая вывучае псіхалагічныя аспекты і заканамернасці працоўнай дзейнасці. Гал. яе задачы звязаны з праблемамі ўдасканальвання вытв. адносін, павышэння якасці працы, паляпшэння ўмоў працы, ліквідавання аварыйных сітуацый і г.д. Пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. ў сувязі з навуковай арганізацыяй працы і вырашэннем пытанняў прафес. адбору, прафесійнай арыентацыі. Цесна звязана з медыцынай, фізіялогіяй, тэхнікай, сацыялогіяй і г.д. Створаны спец. метады — тэсты, з дапамогай якіх праводзіцца прафес. адбор. Вылучыліся кірункі: інжынерная псіхалогія, авіяц. і касм. псіхалогіі, эрганоміка, псіхалогія кіравання і інш.
т. 13, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ, Дзяржынскі антыфашысцкі камітэт «Смерць фашызму». Дзейнічаў са жн. 1941 да ліп. 1944 у г. Дзяржынск і Дзяржынскім р-не ў Вял. Айч. вайну пад кіраўніцтвам Мінскага падп. абкома КП(б)Б і Дзяржынскага падп. райкома КП(б)Б у кантакце з Мінскім патрыятычным падполлем. Яднала 120 чал. Першая падп. група створана па ініцыятыве І.А.Жукаўца, Г.В.Будая і П.М.Хмялеўскага. Існавалі групы ў вёсках Вял. Навасёлкі, Кукшавічы, Станькава, Баравое, Касілавічы, Нявелічы, Шацілы і інш. У канцы жн. 1941 створаны Дзяржынскі антыфаш. к-т «Смерць фашызму» ў складзе Будая (кіраўнік), Жукаўца, Хмялеўскага, С.Ф.Юховіча (з вясны 1942). Падпольшчыкі збіралі звесткі аб варожым гарнізоне, карных аперацыях супраць насельніцтва і партызан, забяспечвалі падпольшчыкаў, партыз. сувязных, былых ваеннаслужачых пашпартамі, пропускамі (аўсвайсамі), вялі антыфаш. прапаганду сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, газ. «Звязда», збіралі разведданыя для партызан, накіроўвалі да іх людзей, перадавалі зброю, медыкаменты, адзенне, прадукты, сарвалі намер акупантаў стварыць атрады «самааховы», выратавалі больш за 400 чал. ад вывазу ў Германію, палілі і ўзрывалі масты і эшалоны, знішчалі жывую сілу і баявую тэхніку ворага, парушалі тэлеграфна-тэлефонную сувязь і інш. У крас. 1942 на базе некалькіх падп. груп створаны партыз. атрад. Пасля арыштаў у кастр. 1942 к-т перастаў дзейнічаць, большасць падпольшчыкаў перайшла да партызан.
Л.В.Аржаева, А.І.Валахановіч.
т. 6, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі навуч. працэсу для асоб, якія спалучаюць атрыманне адукацыі з прац. дзейнасцю; частка сістэмы бесперапыннай адукацыі. Прадугледжвае самаст. праходжанне навучэнцамі асобных раздзелаў навуч. курсаў у адпаведнасці з праграмамі і планамі, выкананне кантрольных заданняў і здачу экзаменаў у навуч. установе. Сістэма З.н. сфарміравалася і развілася на аснове завочных школ (груп), курсаў, завочных аддзяленняў вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў. Выпускнікі завочных навуч. устаноў маюць тыя ж правы, што і выпускнікі дзённых і вячэрніх. З.н. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША, калі былі створаны першыя прыватныя школы для З.н. замежным мовам. У канцы 1960-х г. з’явіліся дзярж. і прыватныя вышэйшыя і сярэднія спец. навуч. ўстановы, спецыялізаваныя на завочнай форме навучання. Ствараюцца міжнар. аб’яднанні (кансорцыумы) завочных навуч. устаноў. Запісы лекцый і інш. заняткаў трансліруюцца па навуч. сетках і з дапамогай спадарожнікавай сувязі камплектуюцца ў відэабібліятэкі. Пры ЮНЕСКА дзейнічае Міжнар. савет па З.н.
У Беларусі першыя завочныя аддзяленні створаны ў 1931 пры Віцебскім, Магілёўскім, Мінскім пед. ін-тах, у 1933 — пры Бел. політэхн. ін-це. У 1997/98 навуч. г. ў Беларусі пры агульнаадук. школах і вячэрніх (зменных) агульнаадукацыйных школах 168 груп завочнага навучання (больш за 3 тыс. навучэнцаў), у сярэдніх спец. навуч. установах 23,8 тыс. навучэнцаў-завочнікаў, у дзярж. ВНУ — 62,6 тыс., недзярж. — 17,5 тыс. студэнтаў-завочнікаў.
В.С.Болбас.
т. 6, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)