ЛАТО́ (франц. loto ад італьян. lotto),

гульня на асобых картках з радамі лічбаў на іх, якія закрываюць гульцы па меры таго, як адзін з удзельнікаў гульні выцягвае спец. драўляныя фішкі і называе нумары, пазначаныя на іх. Выйграе той, хто раней закрые рады лічбаў на сваёй картцы. Л. з’явілася ў г. Генуя (Італія) у 16 ст. Існуюць розныя віды Л., у т. л. для дзяцей, калі на картках замест лічбаў паказаны розныя жывёлы, расліны ці інш.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКУ́ХА,

пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які застаецца пасля выціскання алею з насення алейных культур. Мае ў сабе да 40% бялкоў, 8—10% тлушчу, 6—8% мінер. рэчываў, шмат вітамінаў комплексу B. Канцэнтраваны корм для с.-г. жывёлы, таксама выкарыстоўваецца (як і шрот) у вытв-сці камбікармоў. Паводле амінакіслотнага складу і біяхім. каштоўнасці бялкоў, колькасці кальцыю і фосфару пераўзыходзіць злакавыя кармы. Найб. кармавая каштоўнасць у сланечнікавай, ільняной, соевай М. Некаторыя віды М. маюць таксічныя рэчывы.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ХІН Мікалай Андрыянавіч (16.7.1872, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 21.11.1946),

расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р вет. н. (1936), праф. (1919). Скончыў вет. ін-т у г. Юр’еў (1896, цяпер Тарту, Эстонія). З 1919 першы рэктар Маскоўскага вет. ін-та, потым заг. кафедры. Навук. працы па бактэрыялогіі і імуналогіі. Адкрыў узбуджальніка лептаспірозу буйн. раг. жывёлы, распрацаваў методыкі прыгатавання шэрагу вакцын і сываратак.

Тв.:

Курс частной микробиологии для ветеринарных врачей и студентов. М.; Л., 1926.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЕХІЯ́ЛЬНАЯ ЛІХАМА́НКА.

крываплямістая хвароба, неінфекцыйная хвароба коней, буйн. раг. жывёлы, свіней, коз і маладых сабак. Узнікае як алергічная рэакцыя на бактэрыяльную інтаксікацыю ў жывёл, якія перахварэлі кантагіёзнай плеўрапнеўманіяй, фарынгітам, гаймарытам, мытам, мастытам і інш. Развіваецца паступова. Узнікаюць кропкавыя кровазліцці на слізістай абалонцы рота, похвы, носа і на скуры, якія ператвараюцца ў вял. кровападцёкі. Павялічваецца т-ра, зніжаецца апетыт. Пры цяжкім цячэнні хваробы разам з ацёкамі ўзнікаюць язвы і ачагі некрозу. Смяротнасць да 70%.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РЖАНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да кастр. 1942 у в. Свержань Журавіцкага (цяпер Рагачоўскага) р-на Гомельскай вобл. (кіраўнік Т.​Ф.​Карніенка). Падпольшчыкі збіралі зброю, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, зрывалі ням. фашыстам вываз насельніцтва, хлеба, жывёлы ў Германію, праводзілі дыверсіі, дапамагалі стварэнню падп. груп у суседніх вёсках. Падполле падрыхтавала базу для разгортвання партыз. руху ў раёне і ў кастр. 1942 улілося ў 10-ю Журавіцкую партыз. брыгаду.

т. 14, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫПАНАСАМО́ЗЫ,

інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюць трыпанасомы. Адрозніваюць амер. і афр. (гл. Сонная хвароба). Амер. Т. (хвароба Шагаса) перадаецца ад хворага чалавека (або жывёлы) пры ўкусах насякомых-крывасмокаў (напр., клапоў), таксама пры злучцы жывёл (гл. Злучная хвароба). У чалавека на месцы ўкусу ўтвараецца цёмна-чырв. ўшчыльненне з рэгіянарным лімфадэнітам, потым развіваецца генералізаваная інфекцыя з т-рай, дробнаплямістай высыпкай, павелічэннем печані, селязёнкі, пашкоджаннем сэрца, нерв. сістэмы і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 16, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫХАЦЭФАЛЁЗ [ад грэч. thrix (trichos) волас + kefalē галава],

глісная хвароба свойскіх і дзікіх жывёл, чалавека, што выклікаецца нематодамі роду трыхацэфалюс. Пашыраны ўсюды, асабліва сярод свіней і жвачных. Узбуджальнікі — воласагаловы. З экскрэментамі іх яйцы трапляюць у глебу. Жывёлы заражаюцца праз корм і ваду; чалавек — пры спажыванні ягад, садавіны, агародніны, забруджаных яйцамі ўзбуджальніка. У жывёл адзначаюць залежванне, уздыбленасць шчаціння, паносы, кроў у фекаліях. Прыкметы Т. ў чалавека: галаўны боль, запоры або паносы, нерв. расстройствы. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 16, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НСКАЯ СТЭ́ПАВАЯ БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней,

універсальнага кірунку. Выведзена ў племянной гаспадарцы запаведніка «Асканія-Нова» на Украіне М.​Ф.​Івановым у 1930-я г. скрыжаваннем мясц. познаспелых свіней з кнырамі буйной белай пароды. Разводзяць у стэпавых зонах Украіны і Расіі.

Паводле знешняга выгляду падобныя на буйных белых свіней, маюць больш грубы целасклад, моцны касцяк, густую шчаціну. Маса кныроў 300—350, матак 230—250 кг. Плоднасць 11—12 парасят. Маладняк хуткаплодны. Жывёлы непатрабавальныя да ўмоў утрымання.

т. 16, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́БАР,

у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобны да ражкі, але большых памераў (ёмістасць 25—30 л, дно крыху вузейшае; былі і прамыя Ц.). У іх замешвалі сечку, рабілі «паранку» (сечка, залітая кіпнем) карове, каню. Ц. меншых памераў выкарыстоўвалі для прыгатавання пойла цялятам, ягнятам. Пусты Ц. пераносіў за «вушкі» (процілеглыя клёпкі з адтулінай) адзін чалавек, а напоўнены неслі ўдваіх, узяўшыся за канцы прасунутай палкі. У наш час амаль выйшаў з ужытку.

т. 17, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭСТАДО́ЗЫ,

глісныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца стужачнымі чарвямі (цэстодамі). Віды Ц. на Беларусі: дыфілабатрыёзы, тэніідозы, цэнурозы, цыстыцэркозы, эхінакакоз і інш. У палаваспелай стадыі ўзбуджальнікі паразітуюць у кішэчніку сабачых, кашэчых, купіцавых (канчатковыя гаспадары), у лічынкавай — у розных органах і тканках авечак, буйн. раг. жывёлы, свіней, ласёў і чалавека (прамежкавыя гаспадары). Пры Ц. пашкоджваюцца кішэчнік, печань, лёгкія, галаўны і спінны мозг, інш. органы. Прафілактыка: дэгелімінтызацыя, ветэрынарна-сан. кантроль мясных прадуктаў і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)