ДЗЯСНІ́ЦКІ Сямён Яфімавіч (каля 1740, г. Нежын, Украіна — 26.6.1789),
расійскі асветнік, юрыст. Чл. Расійскай акадэміі (з 1783). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1759—60), ва ун-це ў Глазга (Вялікабрытанія). Д-р цывільнага і царк. права (1767). У 1767—87 праф. Маскоўскага ун-та, дзе першы пачаў распрацоўку рус. права і выкладанне на рус. мове. Паклаў пачатак гіст. школе права ў Расіі. Выкладанню права надаў практычны кірунак з прыцягненнем рус. заканадаўства і юрыд. практыкі («Слова аб прамым і найбліжэйшым спосабе да навучання юрыспрудэнцыі», 1768). Найважнейшым звяном у развіцці грамадства лічыў устанаўленне прыватнай уласнасці і найперш зямельнай уласнасці. Адсюль вынікае антыфеад. характар яго пазіцыі, крытыка прыгоннага права, спачуванне бурж. развіццю, хоць і непаслядоўныя.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙК (Drake) Фрэнсіс (каля 1540, Кроўндэйл, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),
англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступ Паўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп.«Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),
«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НІН (Cronin) Арчыбалд Джозеф (19.7.1896, Кардрас, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 6.1.1981),
англійскі пісьменнік. Д-рмед.н. (1925). Вучыўся ва ун-це ў Глазга. З 1939 жыў у ЗША, Швейцарыі. Дэбютаваў раманам «Замак Броўдзі» (1931), які лічыцца яго лепшым творам. У раманах «Тры каханні» (1932), «Канарскія астравы» (1933), «Зоркі глядзяць долу» (1935), «Цытадэль» (1937), «Іспанскі садоўнік» (1950), «Выкраслены з жыцця» (1953), «Помнік крыжаку» (1956), «Паўночны свет» (1958), дылогіі «Маладыя гады» (1944) і «Шлях Шэнана» (1948) адлюстраваў жыццё сучаснай яму Англіі, гал. ўвагу надаваў маральна-этычнай праблематыцы. Аўтар аўтабіягр.кн. «Прыгоды ў двух светах» (1952), п’есы «Юпітэр смяецца» (1940), літ.-крытычных артыкулаў. Творам К. ўласцівы лірызм, аўтабіяграфічнасць, трагізм сітуацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЦІН, Осцен (Austen) Джэйн (16.12.1775, Стывентан, Вялікабрытанія — 18.7.1817), англійская пісьменніца. У рэаліст.сац.-быт. раманах «Пачуццё і пачуццёвасць» (т. 1—3, 1811), «Гордасць і забабоны» (т. 1—3, 1813), «Мэнсфілд-парк» (1814), «Эма» (т. 1—3, 1816), «Перакананне» і «Абацтва Нортэнгер» (абодва выд. 1818), «Лэдзі Сьюзен» (выд. 1871), «Каханне і сяброўства» (выд. 1922), «Уотсаны» (выд. 1958) і інш. у іранічнай манеры адлюстравала жыццё, норавы і псіхалогію англ. правінцыяльнага грамадства, са спачуваннем — становішча небагатай жанчыны; з пункту погляду ідэалаў Асветніцтва розум лічыць адзіным арыенцірам у рэальным жыцці.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. М., 1988.
Літ.:
Моэм У.С. Джейн Остен и «Гордость и предубеждение» // Моэм У.С. Искусство слова: Пер. с англ.М., 1989;
Вулф В. Джейн Остен // Вулф В. Избранное: Пер. с англ.М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЎЦІ (Southey) Роберт (12.8.1774, г. Брысталь, Вялікабрытанія —21.3.1843),
англійскі паэт-рамантык; прадстаўнік «азёрнай школы». Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1792—94), дзе зблізіўся з С.Т.Колрыджам. Паэт. творчасць пачаў з жанру нар. балады. Аўтар вершаванай драмы «Уот Тайлер» (1794, апубл. 1817) і паэмы «Жанна д’Арк» (1796), напісаных пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—93. Вядомасць прынеслі рамант. балады «Бленгеймскі бой» (1798) і «Суд божы над епіскапам» (1799). У паэмах на фантаст. сюжэты «Талаба-разбуральнік» (1801), «Мэдак» (1805), «Родэрык, апошні з готаў» (1814) выявілася эвалюцыя С. ад бунтарскіх настрояў да захаплення фальклорам і містыкай, да рэліг. пакорлівасці. Аўтар наратыўнай паэмы «Пракляцце Кехамы» (1810), біягр. працы «Жыццё Нельсана» (1813), кніг па гісторыі, эсэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́ФІЛД (Scofield) Пол (н. 21.1.1922, г. Херстпірпойнт, Вялікабрытанія),
англійскі акцёр. Вучыўся ў школах пры Рэпертуарным т-ры (1939, г. Кройдан) і пры т-ры «Маск» (1940—41, Лондан). З 1942 выступаў у Вандроўны.м, з 1944 у Бірмінгемскім, з 1946 у Шэкспіраўскім мемарыяльным (г. Стратфард-он-Эйван), з 1949 у інш. т-рах. Лепшая яго роля — Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Лір, Макбет (аднайм. трагедыі Шэкспіра), Томас Мор («Чалавек на ўсе часы» Р.Болта; прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў Маскве за лепшую мужчынскую ролю ў аднайм. фільме, 1966), Траплёў, Вайніцкі («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля). З 1954 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Скарпіён», «Ганна Карэніна», «Гамлет» і інш. Гастраліраваў у СССР у 1955, 1964, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ДЗІ (Soddy) Фрэдэрык (2.9.1877, г. Істбарн, Вялікабрытанія — 22.9.1956),
англійскі радыяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1910). Замежны чл.-кар.АНСССР (1924). Скончыў Оксфардскі ун-т (1896). У 1900—02 ва ун-це Мак-Гіла (г. Манрэаль). З 1904 ва ун-це г. Глазга, з 1914 праф. Абердзінскага, у 1919—36 Оксфардскага ун-таў. Навук. працы па даследаванні радыеактыўнасці. Распрацаваў разам з Э.Рэзерфардам асновы тэорыі радыеактыўнага распаду (1903). Даказаў утварэнне гелію пры радыеактыўным распадзе радыю і радону (разам з У.Рамзаем, 1903). Увёў паняцце аб ізатопах, сфармуляваў правіла зрушэння, якое дазваляе прадказаць месца ў перыяд. сістэме элемента — прадукту радыеактыўнага распаду (1913; адначасова з К.Фаянсам). Адкрыў пратактыній (1917; разам з Дж.Кранстанам, незалежна ад О.Гана і Л.Майтнер). Нобелеўская прэмія 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІТА́РНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
форма тэрытарыяльнай будовы дзяржавы, пры якой яе тэрыторыя падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі — вобласці, раёны, акругі. Ад федэрацыі адрозніваецца адсутнасцю федэратыўных адзінак — штатаў, зямель. У складзе У.дз. могуць быць асобныя аўт. нац.-дзярж. ўтварэнні, якія маюць атрыбуты ўласнай дзяржаўнасці (напр., у складзе унітарнай Украіны знаходзіцца Рэспубліка Крым). Ва У.дз. адна канстытуцыя, адно грамадзянства, адна сістэма органаў дзярж. улады. Адм.-тэр. адзінкі кіруюцца законамі, што прымаюцца цэнтр. органамі; іх тэрыторыя можа быць зменена агульнадзярж. законам без згоды мясц. органаў і мясц. насельніцтва. Існуюць У.дз. дэцэнтралізаваныя (рэгіянальныя органы фарміруюцца незалежна ад цэнтр. органаў, узаемаадносіны паміж імі будуюцца на пачатках дэцэнтралізацыі; Вялікабрытанія, Новая Зеландыя, Іспанія, Італія, Японія) і цэнтралізаваныя (падначаленне рэгіянальных органаў цэнтру ажыццяўляецца праз службовых асоб, якія назначаюцца цэнтр. уладай; Беларусь, Казахстан, Узбекістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ЛЕР (Fuller) Джон Фрэдэрык Чарлз (1.9.1878, г. Чычэстэр, Вялікабрытанія — 10.2.1966),
брытанскі ваенны дзеяч, гісторык і тэарэтык. Ген.-маёр (1930). Скончыў Акадэмію Генштаба, служыў у арміі на штабных пасадах. Удзельнік англа-бурскай вайны 1899—1902 і 1-й сусв. вайны. Спланаваў 1-ю ў гісторыі войнаў масіраваную танкавую атаку каля франц.г. Камбрэ (20.11.1917). З 1926 пам.нач. Генштаба. З 1933 у адстаўцы. Аўтар ваен.-гіст. і ваен.-тэарэт. прац, у якіх у 1920—30-я г. абагульняў вопыт 1-й сусв. вайны і распрацоўваў тэорыю стварэння невял. высокамеханізаванай арміі, здольнай масіраванымі ўдарамі танкаў і авіяцыі вырашыць зыход вайны. У 1940—50-я г. выдаў шэраг прац па гісторыі 2-й сусв. вайны і інш.ваен.-гіст. праблемах.
Тв.:
Рус.пер. — Вторая мировая война 1939—1945 гг.М., 1956.