АКРА... (ад грэч. akros крайні, самы аддалены, высокі),

састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) «які адносіцца да канечнасцяў, органаў, частак цела»; 2) «які адносіцца да вяршыні», «верхні», напр., акраверш, акрасома.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАБАЛІ́СТЫ (ад грэч. akrobolistēs стралкі),

воіны лёгкай конніцы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э., узброеныя дроцікамі і лукамі. Звычайна вялі разведку, пачыналі бітву, гналіся за праціўнікам, які адступаў.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНАВІ́ЛАНА,

у міфалогіі індзейцаў Паўн. Амерыкі бог — стваральнік і першапрычына ўсяго існага. З часцінкі свайго цела ён стварыў светы-блізняты: маці-зямлю і бацьку-неба, ад якіх узнікла ўсё наступнае жыццё.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАДО́КСІЯ (ад грэч. orthodoxia правільная думка),

цвёрдая паслядоўнасць, прыхільнасць да традыцый, асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, якая цалкам выключае нават нязначныя адхіленні. Артадоксія ў рэлігіі — прававер’е, няўхільнае прытрымліванне традыцыйнага вучэння царквы.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАЦЫ́ТЫ [ад астэа... + ...цыт(ы)],

спелыя клеткі глыбінных слаёў касцявой тканкі, якія знаходзяцца ў поласцях яе асн. рэчыва (адросткі — у канальцах, што адыходзяць ад такіх поласцяў) паблізу крывяносных сасудаў. Удзельнічаюць у фарміраванні гідроксіапатыту і астэону.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЬ,

малая планета № 2170. Сярэдні дыяметр 6 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца прыблізна 2,4 а.а., перыяд абарачэння 3,7 г. Адкрыта ў 1971 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГШТРЫХІ́ (ням. Bergstriche ад Berg гара + Strich рыса),

кароткія рыскі на тапаграфічнай карце, якія праводзяцца перпендыкулярна да гарызанталяў і паказваюць напрамак уніз на схіле.

Да арт. Бергштрыхі: а — узвышша, б — упадзіна.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНО́Д [ад грэч. dyn (amis) сіла + (электр)од],

электрод у фотаэлектронных памнажальніках, некат. электронных лямпах і інш. прыладах, які выпрамяняе больш электронаў, чым трапляе на яго. Гл. таксама Другасная электронная эмісія.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭІАНІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + іанізацыя),

знікненне іонаў у газе пасля спынення знешняга ўздзеяння, якое прыводзіць да іанізацыі. Выклікаецца працэсамі дыфузіі на сценкі, што абмяжоўваюць аб’ём з газам, і рэкамбінацыяй іонаў і электронаў.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙМАС,

спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 23,46 тыс. км. Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 16 км. Перыяд абарачэння вакол Марса 30 гадз 18 мін. Адкрыты А.​Холам (1877, ЗША).

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)