ПЕРАВА́Л,

найбольш нізкае і даступнае месца ў грэбені горнага хрыбта або масіву, якое служыць звычайна для зносін паміж суседнімі рачнымі далінамі. Шырокія пласкадонныя і глыбока апушчаныя П., якія маюць важнае трансп. значэнне, наз. горнымі праходамі; праз іх звычайна пракладзены ўючныя сцежкі, часам аўтадарогі ці чыгункі.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСЫХА́ННЕ РЭК,

спыненне сцёку ў рэчышчы ракі ў перыяды працяглай засухі ў выніку інтэнсіўнага расходавання вады на інфільтрацыю і выпарэнне. Можа наступаць таксама пры празмерным заборы вады на арашэнне. Больш буйныя рэкі ў перыяд перасыхання нярэдка разбіваюцца на адасобленыя плёсы. П.р. уласціва для арыдных абласцей.

т. 12, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫ́ТНАЯ ПЛА́ЎКА,

перапрацоўка сумесі пірытных медных руд з кварцам і вапняком пры нязначным расходзе коксу (2—4%). Цеплата, неабходная для плаўлення, вылучаецца пераважна ў выніку акіслення сульфіду жалеза. Ажыццяўляюць у шахтавых печах у моцна акісляльнай атмасферы. Прадукты П.п. — медны штэйн, сярністы газ і шлак.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ САЮ́З УСКРА́ІН (напачатку Саюз былых абаронцаў усходніх ускраін),

арганізацыя польскіх ваен. і цывільных асаднікаў у 1920-я г. ва ўсх. ваяводствах Польшчы. Створаны як апора акупац. рэжыму, а таксама для барацьбы супраць рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі і Зах. Украіне.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́НЬ,

паняцце геаметрычнай оптыкі (светлавы) і геаметрычнай акустыкі (гукавы), што абазначае лінію, уздоўж якой распаўсюджваецца энергія выпрамянення, вылучаная ў пэўным напрамку кропкавай крыніцай святла ці гуку. Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння вузкага пучка часціц (напр., электронны П.). П. у матэматыцы — тое, што замкнутая паўпрамая.

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́НТЭР (ад англ. printer друкар),

прылада для аўтам. друку вынікаў апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ. Адносіцца да знакасінтэзавальных друкавальных прылад. Адрозніваюць П. кантактавага друку (маюць друкавальную, як і ў пішучых машынках, ці ігольчастую галоўку) і бескантактавага друку (струменныя і лазерныя), якія дазваляюць атрымліваць якасныя каляровыя відарысы.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́НЯ,

гаспадарчая пабудова для захоўвання сена, саломы; пабудова, аналагічная адрыне. На Падняпроўі выкарыстоўвалася і як хлеў. Шырока бытуе на Беларусі, а таксама ў Смаленскай, Наўгародскай і інш. абласцях Расіі. Назва запазычана з літ. мовы — «пуне». У стараж.-бел. мове зафіксавана ў пач. 16 ст.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШКА-ГА́ЎБІЦА,

артылерыйская гармата, якая спалучае ўласцівасці гаўбіцы і пушкі. Прызначана для вядзення насцільнай і навясной стральбы. Мае большую, чым у гаўбіцы, далёкасць стральбы і меншую, чым у пушкі, даўжыню ствала, большыя вуглы ўзвышэння ствала і падзення снарадаў. Уваходзіць у склад вайсковай (палявой) артылерыі.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСО́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

найпрасцейшая прылада для вымярэння часу. 2 лейкападобныя пасудзіны (ці цэлая сістэма) злучаны вузкай гарлавінай; адна часткова запоўнена пяском. Прамежак часу, за які пясок праз гарлавіну перасыпаецца з адной пасудзіны ў другую, можа складаць ад некалькіх гадзін да некалькіх секунд. Гл. таксама Гадзіннік.

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ГЕЛЬ (ням. Riegel папярочка, засаўка),

1) у будаўніцтве — гарызантальная ці нахільная бэлька, што звязвае паміж сабой калоны будынкаў, стойкі рам і інш. Служыць апорай для кладзей, пліт перакрыццяў і пакрыццяў. Бывае метал., жалезабетонны, драўляны; паводле канструкцыі — суцэльны ці рашэцісты.

2) Засаўка ў дзвярных замках.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)