МІЛАГРА́Д,

комплекс археал. помнікаў мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры каля в. Мілаград Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча 4 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, слупавыя і гасп. ямы, фрагменты посуду, бронзавыя трохвугольныя падвескі, бранзалетападобныя кольцы, фібулы, званочкі, жал. сярпы, каменная зерняцёрка, гліняныя прасліцы, грузілы і інш. Ад гарадзішча атрымала назву мілаградская культура. На селішчы выяўлены рэшткі жытлаў, фрагменты познамілаградскай керамікі і адзінкавыя абломкі зарубінецкага посуду.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІНА (Раўза Хамідаўна) (23.12.1907, в. Мусіна Арэнбургскай вобл., Расія — 15.6.1991),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1950), праф. (1952). Скончыла 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1930). У 1950—72 дырэктар Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па арганізацыі артапеда-траўматалагічнай дапамогі, рэгенерацыі касцявой тканкі, прыроджаных вывіхах бядра.

Тв.:

Организация травматологической и ортопедической помощи в Белорусской ССР // Тр. I Всесоюз. съезда травматологов-ортопедов. М., 1965.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАСЁЎ (Генадзь Іванавіч) (н. 6.6.1957, г. Барань Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механікі дэфармаванага цвёрдага цела. Д-р фізіка-матэм. н. (1998). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў Ленінградскі ун-т (1981). У 1985—94 у Віцебскім пед. ін-це, з 1997 у Віцебскім ун-це (з 1998 праф., заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі тонкіх абалонак: па іх устойлівасці, лакальных ваганнях і нестацыянарных лакалізаваных хвалевых працэсах у гэтых абалонках.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХЕ́ЕВА (Тамара Міхайлаўна) (н. 13.11.1938, в. Гарадзец Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідрабіялогіі і альгалогіі. Д-р біял. н. (1992). Скончыла БДУ (1960), працуе ў ім. Навук. Працы па таксанамічнай разнастайнасці альгафлоры Беларусі, прадукцыйных магчымасцях фітапланктону ў водных экасістэмах, змене структуры і асаблівасцей функцыянавання фітапланктону пры эўтрафаванні вод.

Тв.:

Пико- и нанофитопланктон пресноводных экосистем. Мн., 1998 (у сааўт.);

Альгофлора Беларуси: Таксоном. кат.: Справ. пособие. Мн., 1999.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЧУ́РЫНСК,

горад у Расіі, у Тамбоўскай вобл., на р. Лясны Варонеж (бас. р. Дон). Цэнтр р-на. Засн. ў 1635. Да 1932 — Казлоў, перайменаваны ў гонар І.У.Мічурына. 123,5 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., харчасмакавая, лёгкая, буд. матэрыялаў, мэблевая. Агульнарас. цэнтр садоўніцтва: Цэнтр. генетычная лабараторыя імя Мічурына, НДІ пладаводства імя Мічурына. 2 ВНУ. Краязнаўчы музей, дом-музей Мічурына, музей-сядзіба мастака А.М.Герасімава.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РКАЎКА (Аркадзь Андрэевіч) (26.1. 1900, в. Зазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1957),

бел. паэт. Скончыў БПІ (1934). Працаваў тэлеграфістам на ст. Мінск (1916—26), на з-дзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі, выкладаў у БПІ. У Вял. Айч. вайну партыз. сувязны ў Мінску. Друкаваўся з 1922. Паэзія М. (зб. «Дым жыцця», 1928) вызначаецца філасафічнасцю, лірызмам, паглыбленнем у чалавечую душу.

Тв.:

Гады, як ветразі. Мн., 1959;

Вершы. Мн., 1973.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ТА́ЛЕСНАЯ МАНУФАКТУ́РА Дзейнічала ў 1816—84 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 1816—20 мела 9 станкоў, у 1884—2 станкі. У 1816 працавала 60 вольнанаёмных рабочых, выпушчана 4,7 тыс. аршынаў прадукцыі, у т. л. тонкага сукна 264, байкі 990, фланелі 100, талесаў 2900, арбаканфосаў (шарсцяная тканіна даўж. 2 аршыны з выразам для галавы) 430 і інш. Воўну куплялі ў Магілёўскай і Чарнігаўскай губ., дапаможныя матэрыялы ў Маскве.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НАЯ АШМЯ́НКА,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і 28 км ад чыг. ст. Ашмяны, 231 км ад Гродна. 338 ж., 134 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл Дзевы Марыі са званіцай (канец 18 — пач. 19 ст.), рэшткі друкарні (16 ст.).

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Мікалай Іванавіч) (20.5.1844, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 22.9.1909),

украінскі мастак. У 1863—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. У 1875—1901 кіраваў заснаванай ім Кіеўскай рысавальнай школай. Аўтар лірычных пейзажаў, блізкіх да творчасці перасоўнікаў: «Матыў ваколіц Кіева» (1879), «Восень», «Дняпро», «Над Дняпром» (усе 1880—90-я г.), «Крым» (1892); партрэтаў Т.​Шаўчэнкі (1864—67), М.​Ге (1906). Аўтар кнігі «Успаміны старога настаўніка» (вып. 1—3, 1907—09).

В.​А.​Сімакова.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ДАЎ (Джурабек) (н. 24.12.1942, с. Куруд Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

таджыкскі спявак (тэнар), выканаўца на рубобе, кампазітар. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1962). З 1963 артыст Тадж. філармоніі. У яго рэпертуары тадж. і інш. нар. песні з уласным акампанементам. Выступае і з сімф. аркестрам. Аўтар больш як 150 песень, у т. л. цыклаў на словы М.​Турсун-задэ, С.​Ясеніна і інш. Дзярж. прэмія Таджыкістана 1987.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)