ПРА́ВЫЯ МАСТЫ́,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Шчучын, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр Мастоўскага с/с і саўгаса. За 6 км на У ад горада і чыг. ст. Масты, 66 км ад г. Гродна. 1195 ж., 414 двароў (2000). Мастоўскае райсельэнерга, пчалярскае прадпрыемства. Сярэдняя школа, спецшкола-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэчны пункт, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл св. Іаана Хрысціцеля. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКСІ́ЦЕ́ЛЬ (Praxitelēs; каля 390 да н.э., Афіны — каля 330 да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар. Выступіў наватарам кампазіцыйнай пабудовы скульптуры — перанёс цэнтр цяжару цела на вонкавую апору. Працаваў пераважна ў мармуры. Зберагліся ў арыгінале група «Гермес з дзіцем Дыянісам» (каля 340 да н.э.), ант. копіі «Афрадыта Кнідская» (каля 350 да н.э.), «Сатыр адпачывае». Ў творах адлюстроўваў геданічны ідэал Грэцыі перыяду крызісу поліснай сістэмы. Творчасць П. паўплывала на майстроў элінізму, асабліва на александрыйскую школу.

Праксіцель Фрагмент статуі Афрадыты Кнідскай. Каля 350 г. да н.э.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],

старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІЧ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Пціч; чыг. ст. на лініі Лунінец—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на У ад г. Петрыкаў, 161 км ад Гомеля. 1057 ж., 379 двароў (2001). Камбікормавы з-д, лясніцтва, база раённай нарыхтоўчай канторы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну партызаны правялі Пціцкую аперацыю 1942.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШО́НІК (Сусанна Самуйлаўна) (н. 16.11.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі і рэўматалогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1977). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1953), у 1963—90 працавала ў ім жа. Навук. працы па зменах функцыян. стану печані і падстраўнікавай залозы пры лячэнні хранічнага танзіліту, рэгіянарнай і цэнтр. гемадынаміцы пры рэўматызме, лячэнні захворванняў суставаў і дыфузійных хвароб злучальнай тканкі.

Тв.:

Клиническая реография. Мн., 1976 (разам з Р.​П.​Мацвяйковым);

Ревматизм. Мн., 1979 (разам з Р.​П.​Мацвяйковым, У.​К.​Мількамановічам).

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́УКА (Tricholoma),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.

Радоўка мыльная.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЧЭСТЭР (Rochester),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. Засн. ў 1854. 216,9 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 1 млн. ж. (1998). Трансп. вузел, порт на воз. Антарыо і канале Эры. Вядучы цэнтр краіны па вытв-сці фота- і кінатэхнікі. Прам-сць оптыка-мех., радыёэлектронная і прыладабуд., у т. л. вытв-сць капіравальнага і паліграф. абсталявання, мед. інструменту, ЭВМ, электронна-аптычных і аптычных прылад, кантрольна-вымяральнай апаратуры; паліграф., харч., швейная. Развіты таксама станкабудаванне, вытв-сць прамысл. абсталявання, аўтамаб. дэталяў і вузлоў.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛІ́ШЧА,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Нішча, на аўтадарозе Полацк—Клясціцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на ПдЗ ад г.п. Расоны, 133 км ад Віцебска, 23 км ад чыг. ст. Боркавічы. 324 ж., 132 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры. б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік Я.​П.​Кульневу. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну дзейнічала адна з груп Сакалішчанскага патрыятычнага падполля.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МАР (Samar),

гарысты востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага. Пл. 13,4 тыс. км² (з прылеглымі дробнымі астравамі). Горы, выш. да 896 м, складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і вапнякоў. Уздоўж узбярэжжаў — алювіяльныя нізіны, у прыбярэжнай зоне — каралавыя рыфы. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў 2500—3500 мм за год, у кастр.—снеж. частыя тайфуны. Вільготныя трапічныя лясы. Радовішчы медных руд. Вырошчванне какосавай пальмы, абакі, рысу, кукурузы. Асн. гарады — Кальбаёг, Катбалоган, Катарман. Злучаны паромам з в-вам Лусон, мостам з в-вам Лейтэ.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)