рускі кампазітар і вучоны-хімік. Скончыў Медыка-хірургічную акадэмію ў Пецярбургу (1856). Д-р медыцыны (1858). Праф. (1864), заг. кафедры хіміі (з 1874), акадэмік (1877) Медыка-хірург. акадэміі. Член-заснавальнік Рус.хім.т-ва (1868). Адзін з арганізатараў і педагогаў (1872—87) Жаночых урачэбных курсаў. Музыцы вучыўся самастойна. Уваходзіў у «Магутную кучку». Паслядоўнік М.Глінкі. Найб. значны твор — опера «Князь Ігар» (не завершана, скончана М.Рымскім-Корсакавым і А.Глазуновым, паст. 1890), дзе аб’яднаны рысы эпічнай оперы і гіст.нар.-муз. драмы. Адзін са стваральнікаў рус. класічнай сімфоніі, квартэта, наватар у галіне камерна-вак. лірыкі, майстар раманса. Аўтар оперы-фарсу «Багатыры» (1867); 3 сімфоній (у т. л. 1-я, 1867; 2-я «Багатырская», 1876); муз. карціны «У Сярэдняй Азіі» (1880); камерна-інстр. ансамбляў; «Маленькай сюіты» для фп.; твораў для фп. ў 2 і 4 рукі; рамансаў на сл. А.Пушкіна, М.Някрасава, Г.Гейнэ, уласныя і інш.; вак. ансамбляў і інш. Барадзін — аўтар навук. прац у галіне арган. хіміі. Распрацаваў метад атрымання бромзамяшчальных тлустых кіслот. Першы атрымаў фторысты бензаіл. Даследаваў полімерызацыю і кандэнсацыю альдэгідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.
М.Ф.Раманюк.
Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Валянцін Віктаравіч) (19.4.1881, г. Ялец, Расія — 8.11.1964),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1957). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1907, вучыўся ў К.А.Савіцкага) і Пецярбургскую АМ (1915, вучыўся ў В.Я.Савінскага і П.П.Чысцякова). Выкладаў у Веліжскай маст. школе, Віцебскім маст. тэхнікуме (1919—29), Бел.тэатр.-маст. ін-це (1953—64). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 1920—30-я г. стварыў пано «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» для мытні на ст. Негарэлае, дэкар. фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве. Ілюстраваў і афармляў кнігі (1928—41). Яго карцінам, прысвечаным пераважна падзеям рэвалюцыі, грамадз. і Вял.Айч. войнаў, уласцівы рэалізм вобразаў і складанасць кампазіцыйнай пабудовы, у іх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая колеравая гама, дакладнасць дэталей. Сярод работ: «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Плытагоны» (1927), «Студэнты» (1947), «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1954—55) і інш. У партрэтным жанры прадаўжаў традыцыі псіхал. партрэта рус.рэаліст. мастацтва 2-й пал. 19 ст. Імкнуўся да паглыбленага пранікнення ў характары людзей. Яго пейзажы і нацюрморты прасякнуты лірычным настроем. Як рысавальшчык валодаў тонкім густам у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха. Аўтар малюнка герба БССР (1926 і 1938).
аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.Р.Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр.Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ.«Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня. Мн., 1993;
Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая палітычна-эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 21.10.1919 да 9.7.1920 у Мінску на бел. мове. Пераемніца газеты «Звон» (27 нумароў яе уключаны ў суцэльную нумарацыю «Беларусі»). Развівала традыцыі газеты «Наша ніва», аб’ядноўвала нац.паліт. партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Бел. Рэспублікі ў этнагр. межах бел. народа. Разнастайныя матэрыялы газеты — ад рэдакцыйных артыкулаў і літ. твораў да карэспандэнцый з гарадоў, мястэчак і вёсак — знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, нар. гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гіст. ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў «усходняга» і «заходняга» тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сац.-паліт. тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польск. улад на Беларусі. Разнастайныя матэрыялы былі прысвечаны арганізацыі бел. арміі. Шмат месца газета адводзіла барацьбе за стварэнне бел. школ. У артыкулах на эканам. тэмы шукала шляхі да аднаўлення сельскай гаспадаркі, прам-сці і рамяства ў краіне. Асаблівае значэнне надавалася працоўнай кааперацыі, якая, на думку сацыяліст. крыла аўтарскага калектыву газеты, прывядзе Беларусь да дэмакр. сацыялізму. Газета апублікавала шэраг даследаванняў Я.Карскага па гісторыі бел. л-ры і культуры. Значнае месца ў «Беларусі» займаў літ. аддзел. Друкаваліся творы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа, М.Чарота, У.Галубка і інш. Рэгулярна асвятляла тэатр. жыццё ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАНЖЭ́ ((Béranger) П’ер Жан дэ) (19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),
французскі паэт. Развіваў традыцыі франц.нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.Агняцвет, А.Дудар, А.Зарыцкі, Н.Мацяш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, на аўтадарозе Горкі—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і закрытага акц. прадпрыемства. За 15 км на У ад Горак, 101 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 722 ж., 244 двары (1996).
У пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў сувязі з падзеямі вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1500—01. Да 17 ст. цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У канцы 16 ст. закладзены Горскі замак. Належала Сапегам, А.Д.Меншыкаву, графам Салагубам. З 1772 Горы ў складзе Рас. імперыі, у Чавускім пав. Магілёўскай губ. У 1784 у Горах 930 ж., 146 двароў, панскі дом, кузня, царква. З пач. 1830-х г. пад казённай апекай. У 1811—44 дзейнічала Горы-Горацкая парусінава-палатняная мануфактура. У 1897 у Горах 1665 ж., 273 двары. У 1909 цэнтр. воласці, 1615 ж., 285 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, паштовая станцыя. З 1918 мястэчка ў Горацкім пав., з 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 у Смаленскай губ. З 1924 у БССР. У Вял.Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 180 двароў, загубілі 93 вяскоўцаў. У 1970 у Горах 469 ж., 165 двароў.
Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Горы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗЕЛЯЧЭ́ННЕ, пелоідатэрапія, пелатэрапія,
выкарыстанне гразей лячэбных (пелоідаў) у лек. і прафілакт. мэтах на гразевых і інш.курортах, у водагразелячэбніцах санаторыяў, прафілакторыяў, фізіятэрапеўт. аддзяленнях і кабінетах бальнічных і амбулаторна-паліклінічных устаноў; від фізіятэрапіі. Робяць гразелячэнне агульнае (ванны лячэбныя) і мясцовае (аплікацыі, кампрэсы і інш.). Спалучаецца з бальнеатэрапіяй, медыкаментозным лячэннем, масажам, лячэбнай фізкультурай і інш. відамі тэрапіі. Адна з разнавіднасцей гразелячэння — электрагразелячэнне (гальвана-, дыятэрма-, індуктагразелячэнне).
Гразелячэнне ўзнікла з нар. вопыту лек. выкарыстання прыродных гразей (вулканічных, ліманных, тарфяных). Навук. абгрунтаванне атрымала ў пач. 19 ст. ў працах О.Лібрайха, К.Гродэля, Ш.Дзюран-Фардэля, Ч.Фругоні, Л.Дэвота, М.А.Ажэ. У 20 ст. гразелячэнне — пашыраная форма фізіятэрапіі хвароб органаў апоры і руху, гінекалагічных, некат. сасудзістых і нерв., траўмаў, трафічных язваў, ран і інш. Сапрапелевыя арган. асадкавыя гразі прэсных азёр ёсць на Беларусі (азёры Дрэвіца, Судабле, Сяргееўскае і інш.); шырока выкарыстоўваюцца тарфяныя гразі.
Тэрапеўт. ўздзеянне гразелячэння рэалізуецца гал. чынам праз рэфлекторна-гумаральныя (нерв. і эндакрынную сістэмы) уплывы на розныя органы. Шматразовасць працэдур гразелячэння па пэўнай схеме забяспечвае сумацыю лек. эфекту. Гразелячэнне станоўча ўплывае на абмен рэчываў, кроваўтварэнне, функцыі ўнутр. органаў, мае заспакаяльнае дзеянне, павышае тонус вегетатыўнай нерв. і рэактыўнасць імуналагічнай сістэм, прыгнятае алергічныя рэакцыі, стымулюе працэсы аднаўлення тканак. Асабліва эфектыўнае гразелячэнне пры хранічных запаленчых захворваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,
стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац. груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст.франц. сацыёлагам Г.Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.Хоўэлам, У.Ліпманам і інш. У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.
Літ.:
Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр.М., 1902;
Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ.М., 1985;
Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.