МІНЕРАЛІЗА́ТАРЫ,
1) жывыя арганізмы (пераважна гетэратрофныя бактэрыі), якія раскладаюць мёртвыя арган. злучэнні да асобных хім. рэчываў і элементаў (азот, калій, кальцый, фосфар, вуглякіслы газ і інш.). Адыгрываюць важную ролю (разам з прадуцэнтамі і кансументамі) у біяцэнозе.
2) Газа- і парападобныя рэчывы — вадарод, бор, фтор, вуглярод, фосфар, сера, хлор, вада і інш., раствораныя ў магме. М. зніжаюць вязкасць магмы і т-ру яе крышталізацыі, змяняюць парадак вылучэння мінералаў, уплываюць на дыферэнцыяцыю магмы. Зрэдку дзейнічаюць як каталізатары, могуць уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў або заставацца ў іх як газападобныя ці вадкія ўключэнні. Асабліва багатыя М. пнеўматалітавыя (лятучыя) вылучэнні і гідратэрмальныя растворы, якія ўзнікаюць пры метамарфізме горных парод. Пры ўзгонцы М. нясуць многія металы і ўтвараюць з імі лятучыя злучэнні, якія ўдзельнічаюць у крышталізацыі астаткавага расплаву магмы (гл. Пегматыт) ці пранікаюць у шчыліны ўмяшчальных парод і садзейнічаюць утварэнню новых мінералаў з карыснымі кампанентамі.
т. 10, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУЛА́Т (ад лац. postulatum патрабаванне),
палажэнне, якое пры пабудаванні навук. тэорыі прымаецца без доказаў як зыходнае. У логіцы і метадалогіі навукі атаясамліваецца з аксіёмай.
Паміж П. і аксіёмай часам захоўваюцца адрозненні: аксіёма — зыходны лагічны прынцып; П. — зыходны прынцып навук. тэорыі, напр., Н.Бора (гл. Бора тэорыя), П. аб паралельных прамых у Эўклідавай геаметрыі і неэўклідавых геаметрыях. Эўклід адрозніваў П., што сцвярджаюць выканальнасць некаторых геам. пабудаванняў, ад аксіём, якія сцвярджаюць наяўнасць пэўных уласцівасцей такіх пабудаванняў, а таксама сцвярджэнні лагічнага (не геам.) характару, якія ён прымаў без доказаў, напр., «частка меншая за цэлае». У дэдуктыўных і паўдэдуктыўных тэорыях (гл. Аксіяматычны метад) П. наз. сцвярджэнні, якія нельга даказаць з-за таго, што яны грунтуюцца на выніках і фактах доследнага ці індуктыўнага характару (гл. Індукцыя ў логіцы, Матэматычная індукцыя), напр., асн. прынцыпы тэрмадынамікі, прынцып пастаянства скорасці святла і яе лімітавага характару.
П.С.Габец.
т. 12, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСАРДЖЫМЕ́НТА (італьян. Risorgimento літар. адраджэнне),
нацыянальна-вызваленчы рух італьянскага народа за ліквідацыю аўстр. прыгнёту і аб’яднанне краіны; перыяд, калі гэты рух адбываўся: канец 18 ст. — 1861, канчаткова завяршыўся ў 1870 далучэннем да італьян. каралеўства Рыма. Найважнейшыя падзеі Р. — Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі і Рэвалюцыя 1859—60 у Італіі. За кіраўніцтва Р. змагаліся 2 плыні: рэсп.-дэмакр. (лідэры Дж. Гарыбальдзі, Дж.Мадзіні і інш., якія імкнуліся аб’яднаць краіну ў форме дэмакр. рэспублікі) і ліберальная (лідэры К.Б.Кавур і інш., якія патрабавалі аб’яднання краіны пад уладай Савойскай дынастыі або папы рымскага). Пасля перамогі ліберальнай плыні ў 1861 створана Італьян. дзяржава ў форме канстытуцыйнай манархіі. Другім Р. наз. вызв. барацьбу італьян. народа ў 1943—45 супраць ням.-фаш. акупантаў і італьян. фашыстаў у час 2-й сусв. вайны. У антыфаш, фронце аб’ядналіся розныя сац. і паліт, сілы, якія змагаліся за нац. вызваленне і дэмакр. пераўтварэнні ў краіне.
т. 13, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕ́РВЫ (франц. réserve ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) запасы, рэсурсы, грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на захоўванні і ў выпадку патрэбнасці могуць быць выкарыстаны з пэўнымі мэтамі.
2) Крыніца, адкуль чэрпаюцца неабходныя дадатковыя матэрыялы і сілы, напр., рэзервы вытворчыя, працоўныя Р. і інш. 3) Фарміраванні ўзбр. сіл, а таксама людскія рэсурсы і запасы матэрыяльных сродкаў, прызначаныя для папаўнення і забеспячэння дзеючых арміі і флоту. Р. як элемент аператыўнага пастраення (баявога парадку) прызначаны для рашэння нечаканых задач, што ўзнікаюць у ходзе аперацыі (бою). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць Р.: стратэг., аператыўныя, тактычныя; агульнавайск., процітанк., процідэсантныя, спец. войск (інж., хім., сувязі) і інш. У Рэспубліцы Беларусь стратэг. Р. — асобныя злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі, а таксама запасы матэрыяльных сродкаў, тэхнікі, узбраення, што захоўваюцца на цэнтр. складах (базах); аператыўны Р. — злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні камандзіраў армейскіх карпусоў.
М.М.Субоцін.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
сукупнасць геам. палажэнняў, якія не залежаць ад пастулата аб паралельных прамых. Агульная частка для эуклідавай геаметрыі і Лабачэўскага геаметрыі.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАПЛАНКТО́Н (ад зоа... + планктон),
сукупнасць жывёл, якія жывуць у тоўшчы вады марскіх і прэсных вадаёмаў і пераносяцца цячэннямі; састаўная ч. планктону.
т. 7, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВЫЯ МЕТА́ЛЫ,
прамысловая назва ўсіх металаў і іх сплаваў, акрамя жалеза і яго сплаваў, якія называюць чорнымі металамі; гл. таксама Металы.
т. 7, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́УТ (англ. rout зброд),
урачысты званы вечар, прыём у свецкіх колах (устарэлае); таксама незаконнае зборышча, якое ўчыняе якія-н. дзеянні (юрыдычнае).
т. 13, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́НІМЫ (ад грэч. synonymos аднайменны),
блізказначныя словы адной часціны мовы і выразы, якія адрозніваюцца адценнямі значэння або стылістычнай афарбоўкай. Гл. Сінанімія.
т. 14, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́ЦЫЯ (ад лац. ovatio радасць, весялосць),
бурныя, працяглыя апладысменты, якія суправаджаюцца радаснымі воклічамі з выпадку адабрэння чаго-н. або прывітання каго-н.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)