ПРАМЯРЗА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

працэс ахаладжэння глебы да тэмпературы ніжэй 0 °C, які суправаджаецца пераходам ч. глебавай вільгаці ў лёд і выклікае зацвярдзенне глебы. Залежыць ад т-ры паветра, часу ўстанаўлення і магутнасці снегавога покрыва, характару рэльефу, тыпу глеб і іх вільготнасці, наяўнасці або адсутнасці расліннага покрыва і інш. прыродных (часам — антрапагенных) фактараў. Глыб. П.г. ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў і ўзрастае да канца зімы. П.г. пашырана ў арктычным, антарктычным, субарктычным і значнай ч. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я, а таксама ў многіх горных краінах. Працягласць П.г. ўзрастае ад 2—3 месяцаў у паўд. ч. ўмеранага пояса да 9—10 месяцаў і больш у арктычным і антарктычным поясе. На Беларусі ўстойлівае П.г. на ПнУ пачынаецца ў канцы ліст., на Пд і ПдЗ у 1-й пал. снежня. Самая вял, глыб. прамярзання на ПнУ і У (50—80 см), найменшая на ПдЗ (каля 40 см), дзе амаль пал. зімы глеба ўстойліва не замярзае.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТУБЕРА́НЦЫ (ад лац. protubero узнімаюся),

плазменныя ўтварэнні ў кароне Сонца; больш шчыльныя і халодныя за плазму кароны. Узнікаюць у месцах павышанай актыўнасці Сонца і выцягнуты ўздоўж сілавых ліній магн. поля. На краі Сонца назіраюцца ў выглядзе святлівых воблакаў, арак, струменяў, у праекцыі на сонечны дыск — у выглядзе цёмных валокнаў.

Паводле знешняга выгляду і характару рухаў адрозніваюць: спакойныя П (даўж. каля 200 тыс. км, таўшчыня ~ 6 тыс. км, выш. над паверхняй Сонца ~ 40 тыс. км, т-ра (6—15) тыс. К. працягласць існавання ад 1—2 сут да некалькіх месяцаў); П. сонечных плям (назіраецца рух іх асобных частак, час жыцця ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін); эруптыўныя П. (узнікаюць са спакойных. больш яркія. узмацняюцца ўнутр. рухі, т-ра (15—25) тыс. К, час жыцця ад некалькіх мінут да паўгадзіны). Колькасць П. на Сонцы і іх размеркаванне па шыротах адпавядаюць 11-гадоваму цыклу сонечнай актыўнасці. Існуе цесная сувязь паміж П. і формай сонечнай кароны.

А.​А.​Шымбалёў.

Пратуберанцы на Сонцы.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НСКІ КАРО́ТКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл. Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.​М.​Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́ННІ,

рух (працэс), які мае пэўную ступень паўтаральнасці ў часе. Незалежна ад іх прыроды матэматычна апісваюцца аднолькавымі ўраўненнямі і вызначаюцца аднымі і тымі ж заканамернасцямі. Асн. характарыстыкі: перыяд ваганняў, амплітуда, скорасць нарастання або спадання амплітуды, спектр частот і форма ўласных ваганняў складаных сістэм. Могуць распаўсюджвацца ў асяроддзі, дзе знаходзіцца іх крыніца. Працэс распаўсюджвання ваганняў (а таксама інш. узбурэнняў) наз. хвалямі.

Паводле фіз. прыроды ваганні бываюць механічныя (напр., ваганні маятніка), электрамагнітныя (ваганні току і напружання ў вагальным контуры), электрамеханічныя (ваганні п’езаэл. датчыкаў), тэмпературныя (ваганні т-ры на Зямлі) і інш., паводле спосабу ўзбуджэння — уласныя ваганні, вымушаныя ваганні, параметрычныя ваганні і аўтаваганні. Кінематычна ваганні любой фіз. прыроды падзяляюць на перыядычныя (напр., гарманічныя ваганні, прамавугольныя, пілападобныя), амаль перыядычныя (гл. Затуханне ваганняў) і выпадковыя (белы шум). Кожны складаны вагальны працэс можна выявіць як суму гарманічных ваганняў (гл. Гарманічны аналіз). Спецыфічныя ваганні ўласцівы таксама некаторым біял. працэсам (гл., напр., Біялагічныя рытмы), гэты тэрмін у геаграфіі ўжываецца пры характарыстыцы многіх прыродных з’яў (напр., шматгадовых змяненняў клімату перыяд. характару).

П.​С.​Габец.

Віды ваганняў: а — прамавугольныя; б — пілападобныя; в — гарманічныя; г — затухальныя; д — нарастальныя.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДАКТЫ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

літаратурныя творы розных жанраў павучальнага характару. Выкарыстоўвае мастацкую (пераважна вершаваную) форму для выкладу навук., філас., маральных, рэліг. ведаў і ідэй. Уключае жанры: дыдактычны эпас (вершаваныя навук. паэмы), апавяд. жанры (павучальныя аповесці, байка, прытча, апалог, афарызм), дыдакт. лірыку (вершаваныя выслоўі, павучальныя пасланні) і драму (маралітэ, міракль, школьная драма) і інш.

Вытокі Д.л. ў фальклоры, рэліг. пропаведзях, павучаннях, аратарскай прозе. Вядома ў л-рах Стараж. Індыі («Панчатантра»), Кітая (трактаты Канфуцыя), Ірана (трактаты Заратуштры), стараж.-яўрэйскай (прытчы Саламона) і антычнай («Турботы і дні» Гесіёда, «Пра сутнасць рэчаў» Лукрэцыя).

У л-ру Кіеўскай Русі прыйшла з прыняццем хрысціянства. Элементы дыдактыкі ўласцівы стараж.-рус. («Павучанне Уладзіміра Манамаха») і бел. перакладной («Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Вялікае зярцала»), арыгінальнай (творы Кірылы Тураўскага, Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага), некат. творам агіяграфічнай л-ры (гл. Жыціе). Моцны дыдактычны пачатак у палемічнай л-ры («Апакрысіс» Х.​Філалета, «Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), творчасці Сімяона Полацкага. У 19 ст. аддзяляецца ад маст. л-ры. У наш час паняцце Д.л. набывае адмоўны эстэт. сэнс.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),

сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт. Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.

Літ.:

Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,

гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;

Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак кіравання гасп. дзейнасцю, рэгулююць гасп. адносіны, што складваюцца паміж рознымі арг-цыямі і іх падраздзяленнямі, і накіраваны на забеспячэнне рацыянальнага і эфектыўнага гаспадарання. Нормы гаспадарчага права змешчаны ў актах гасп. заканадаўства, якое вызначае прынцыпы, формы і метады гаспадарання, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання і органаў гасп. кіравання, сістэму гаспадарчых дагавораў і інш. абавязацельстваў, адказнасць у гасп. адносінах і інш. Асн. крыніцамі гаспадарчага права Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца яе Канстытуцыя, законы аб прадпрыемствах, кааперацыі, маёмасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, банкаўскай справе, аб эканам. неплацежаздольнасці і банкруцтве, аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзярж. уласнасці, аб абароне правоў спажыўцоў і інш. У гаспадарчае права сумесна з агульнымі нормамі і правіламі выкарыстоўваюцца і нормы канкрэтнага характару (нормы-заданні, рэкамендацыі, ведамасныя інструкцыі і інш.), якія выдаюцца ўрадам і органамі гасп. кіравання, рашэнні гасп. судоў па канкрэтных спрэчках суб’ектаў гаспадарання і інш. Забеспячэнне іх выканання дасягаецца пэўнымі санкцыямі, якія прымяняюць у выпадках парушэння нормаў, а таксама мерамі матэрыяльнага заахвочвання і ў арганізац. парадку.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТЭНБЕРГ ((Gutenberg) Іаган [1397) (1400?),

г. Майнц, Германія — 3.2.1468), нямецкі друкар, пачынальнік кнігадрукавання ў Еўропе. Вынаходнік друку з наборнай формы, прыстасавання для стандартнай адліўкі літар, а таксама сплаву, фарбаў і прэса для друкавання. Быў «залатых спраў» майстрам. У 1418—20 вучыўся ў Эрдгірцкім ун-це. Жыў у Страсбуры (Францыя, 1434 і 1436—44) і Майнцы (з 1448). У 1438 заснаваў прыватную друкарню. Выданні, надрукаваныя яго шрыфтам, пачалі з’яўляцца з 1448. Сярод іх т.зв. Майнцкі псалтыр, навукова-папулярныя кнігі павучальнага характару, календары, падручнікі і інш. У 1452—55 выдаў першае поўнааб’ёмнае выданне, шэдэўр ранняга друку — 42-радковую Біблію ў 2 т. (на лац. мове); з 180 экз. Бібліі вядома 48. У 1459—61 выдаў, відаць, у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) на сродкі мясц. епіскапа 36-радковую Біблію. У 1901 у Майнцы засн. музей Гутэнберга.

Літ.:

Варбанец Н.В. Йоханн Гугенберг и начало книгопечатания в Европе: Опыт нового прочтения материала. М., 1980;

500 лет после Гутенберга. М., 1968.

І.Гутэнберг.
Да арт. І.Гутэнберг. Старонка 42-радковай Бібліі. 1452—55.

т. 5, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,

разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.

Публ.:

Жартоўныя песні. Мн., 1974.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;

Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;

Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.

І.​К.​Цішчанка.

т. 6, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)