КАРДО́НСКІ (Уільям Ільіч) (н. 14.3.1938, г.п. Тамашпаль Вінніцкай вобл., Украіна),
бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1985). Скончыў Адэскі ін-т інжынераў марскога флоту (1961). З 1968 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па сінтэзе і фіз. уласцівасцях магнітарэалагічных вадкасцей (МРВ). Распрацаваў тэорыю МРВ і канцэпцыю пабудовы адаптыўных структур на іх аснове (вібраахоўныя, электраакустычныя і робататэхн. прыстасаванні).
Тв.:
Магнитореологический эффект и управление процессами переноса (разам з С.А.Дзямчук) // Успехи механики. 1989. Т. 12, № 4.
т. 8, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАЛЮ́К (Павел Пятровіч) (6.1.1908, с. Асаўцы Карастышаўскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 8.5.1986),
украінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1941). З 1944 саліст Львоўскага т-ра оперы і балета. З 1950 выкладаў у Львоўскай кансерваторыі (праф. з 1970). Валодаў прыгожым голасам аксамітавага тэмбру. Асн. партыі: Астап («Тарас Бульба» М.Лысенкі), Багдан («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Гурман («Украдзенае шчасце» Ю.Мейтуса), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
т. 8, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Закарпацкай вобл., Украіна. Засн. ў 1968 для аховы прыродных комплексаў высакагор’я Усх. Карпат. Пл. 19,9 тыс. га. Вылучаюць 3 участкі: Чарнагорскі, Вугальска-Шырокалужанскі, Даліну нарцысаў. На тэр. К.з. г. Гаверла (2061 м). Характэрны яловыя і мяшаныя букава-піхтава-яловыя лясы, карэнныя букавыя (найбуйнейшыя па плошчы лясы ў Цэнтр. Еўропе). На вяршынях лугі — паланіны. Шматлікія віды жывёл утвараюць мясц. формы: карпацкія высакародны алень, казуля, вавёрка; з птушак — глушэц, даўгахвостая няясыць, цецярук, рабчык і інш. Частка К.з. ўваходзіць у склад Карпацкага прыроднага парку.
т. 8, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЧЭ́ЎСКІ (Фёдар Рыгоравіч) (22.5.1879, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна — 30.7.1947),
украінскі жывапісец. Засл. дз. маст. Украіны (1940). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), Пецярбургскую АМ (1910). З 1913 выкладаў у Кіеве ў маст. вучылішчы, з 1917 праф. Украінскай АМ, у 1922—41 — маст. ін-та. Яго творам уласцівы эпічнасць у раскрыцці нар. характару, шырокая жывапісная манера пісьма, манументалізацыя формы, эмацыянальная напружанасць колеру: «Нявеста» (1910), «Тры ўзросты» (1913), трыпціх «Жыццё» (1925—27), «Сваты» (1928), «Маці» (1929), «Пераможцы Урангеля» (1934), цыкл карцін «Кацярына» (1937—40) і інш.
т. 8, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 14.1.1940, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Мінскае муз. вучылішча (1969). З 1962 саліст Дзярж. нар. хору БССР, з 1964 артыст хору Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 саліст хору ансамбля песні і танца Цэнтр групы войск, з 1973 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь. Выступае сола і ў дуэце. Валодае тонкай музыкальнасцю, пачуццём ансамбля. У рэпертуары творы ваен.-патрыят. тэматыкі, бел., рус. і ўкр. нар. песні, творы бел. кампазітараў.
т. 8, с. 561
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫЛО́ВІЧ ((Kuryłowicz) Ежы) (26.8.1895, г. Івана-Франкоўск, Украіна — 28.1.1978),
польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1931), Польскай АН (1952), чл. шматлікіх замежных акадэмій. Вучыўся ў Львове, Вене, Парыжы. З 1929 праф. Львоўскага, Вроцлаўскага, у 1948—65 — Ягелонскага (Кракаў) ун-таў. Навук. працы ў галіне індаеўрапеістыкі, семіцкага і агульнага мовазнаўства: «Індаеўрапейскія даследаванні» (1952), «Лінгвістычныя эскізы» (1960), «Аб метадах унутранай рэканструкцыі» (1965), «Праблемы індаеўрапейскай лінгвістыкі» (1977) і інш. Зрабіў вял. ўплыў на развіццё структурнай лінгвістыкі. Распрацаваў паняцці іерархіі функцый моўных элементаў, ізамарфізму.
А.А.Кожынава.
т. 9, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСЕ́НКА (Вольга Якаўлеўна) (н. 11.11.1919, г. Канеў Чаркаскай вобл., Украіна),
украінская актрыса. Нар. арт. СССР (1967). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. мастацтва (1941). Працавала ва Укр. драм. т-ры імя І.Франко ў Кіевс. Сярод роляў: Катра («Не суджана» М.Старыцкага), Алёна («Міраед, ці Павук» М.Крапіўніцкага), Ганна («Украдзенае шчасце» І.Франко), Андрамаха («Касандра»Лесі Украінкі), Вольга, Васіліна («Макар Дубрава», «Калінавы гай» А.Карнейчука), Меланка («Вяселле Свічкі» І.Качаргі), Вара («Вішнёвы сад» А.П.Чэхава), Эўрыдыка («Антыгона» Сафокла), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 9, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРЭ́ЎСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (20.6.1834, с. Гірэўка, цяпер Шаўчэнкава Канатопскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 13.4.1902),
украінскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). Служыў у суд. установах на Украіне. Аўтар даследаванняў па гісторыі сялянства і агр. адносін на Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. [«Маларасійскія паспалітыя сяляне (1648—1783)», 1866; «Людзі старой Маларосіі», 1882—88; «Апісанне старой Маларосіі», 1888—1902, і інш.], пра ўкр. гетманаў («Павел Палуботак», 1880; «Нататкі пра Мазепу», 1898) і інш. Увёў у навук. ўжытак шэраг каштоўных гіст. крыніц, у т. л. «Генеральнае апісанне Маларосіі» 1765—69.
т. 9, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ШКІН (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1903, в. Аляксандраўка Харкаўскай вобл., Украіна — 1.10.1977),
расійскі архітэктар. Скончыў Харкаўскі буд. ін-т (1930). Выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це (1947—77; праф. 1966). З 1934 удзельнічаў у праектаванні станцый метрапалітэна ў Маскве («Крапоткінская», 1935, з арх. Я.Ліхтэнбергам; Дзярж. прэмія СССР 1941; «Аўтазаводская», 1940—43; Дзярж. прэмія СССР 1946, і інш.). Аўтар праектаў чыг. вакзалаў у Сімферопалі (1951), Сочы (1952) і інш., вышыннага будынка на Лермантаўскай пл. (1947—53, з Б.Мезенцавым; Дзярж. прэмія СССР 1949) і універмага «Дзіцячы свет» (1953—57) у Маскве.
т. 6, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫДЫ́РКА (Уладзімір Кандратавіч) (22.9.1877, с. Дахноўка Чаркаскай вобл., Украіна — 15.3.1938),
бел. матэматык. Праф. (1931). Скончыў Кіеўскі (1900) і Маскоўскі (1902) ун-ты. З 1902 у Мінскай мужчынскай гімназіі, з 1918 у Мінскім ін-це нар. адукацыі, з 1920 у БПІ, з 1922 у БДУ. Удзельнік навук. семінараў пад кіраўніцтвам Д.Гільберта (1928, Гётынген, Германія). Навук. працы па аналітычнай геаметрыі. Аўтар манаграфіі «Цыркулярныя крывыя трэцяга парадку» (1928—32). Неабгрунтавана рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны.
Літ.:
В.К.Дыдырко // Вест. БГУ. Сер. 1. 1978. № 3.
А.А.Гусак.
т. 6, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)