зорная сістэма з 2 зорак, звязаных фізічна (фізічныя П.з.) ці размешчаных амаль на адным прамені назірання (аптычныя П.з.). Фіз. П.з. з прычыны ўзаемнага прыцяжэння рухаюцца па эліптычных арбітах вакол агульнага цэнтра мас.
Паводле ўмоў назірання фіз. П.з. падзяляюць на 4 групы. Візуальна-П.з. можна бачыць паасобна простым вокам ці ў тэлескоп, напр. зоркі Міцар і Алькор. Адлегласць паміж кампанентамі можа быць настолькі вялікая, што прыцяжэнне інш. зорак разбурае падвойную сістэму. Спектральна-П.з. выяўляюцца па зменах спектральных ліній (зрушэнне ці раздваенне) у іх спектрах. Зацьменна-П.з. (разнавіднасць спектральна-падвойных) бачныя як пераменныя: перыядычна трапляючы на адну лінію з праменем назірання, яны зацямняюць адна адну. Астраметрычныя П.з. — адна з кампанент вельмі малая і нябачная ў тэлескоп; выяўляецца па анамаліях у руху гал. кампаненты. Існуюць кратныя зорныя сістэмы (складаюцца з некалькіх зорак), напр.Кастар. Прыблізна 70% усіх зорак уваходзяць у склад падвойных ці кратных сістэм. Іх даследаванне мае важнае значэнне для высвятлення прыроды і эвалюцыі зорак.
Літ.:
Бэттен А. Двойные и кратные звезды: Пер. с англ.М., 1976;
Тесные двойные звездные системы и их эволюция. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́Р, папарнае поле,
поле севазвароту, якое ўвесь вегетацыйны перыяд або частку яго застаецца незасеяным і неаднаразова апрацоўваецца для ачысткі глебы ад пустазелля і ўтрымання вільгаці. Папарная сістэма земляробства склалася ў эпоху феадалізму, замяніўшы лядную і лесапольную сістэмы трохпольнай (П., азімыя, яравыя). П. выкарыстоўваецца пераважна пад азімыя жыта і пшаніцу. Бывае чысты і заняты. Чысты П. — чорны (зяблевая апрацоўка ўгноенай глебы вядзецца ўвосень) і ранні (асн. апрацоўка вясною) — найчасцей выкарыстоўваюць у засушлівых раёнах. У нечарназёмнай зоне чысты П. пакідаюць на ўчастках з вял. колькасцю шматгадовага пустазелля. У інтэнсіўным земляробстве найб. эфектыўны заняты П., калі першую палавіну лета вырошчваюць культуры з кароткім вегет. перыядам (прапашныя, віка-аўсяная сумесь, кукуруза на сілас, кармавы лубін, канюшына і інш.), якія ўбіраюць за 3—4 тыдні да сяўбы азімых раслін. Сідэральны П. (разнавіднасць занятага П.) паляпшае якасць бедных, пераважна пясчаных і супясчаных глеб. Ён менш эфектыўны, чым П., заняты культурамі на кармы. На папарным полі вырошчваюць культуры (лубін і інш.), якія заворваюць на зялёнае ўгнаенне. Гл. таксама Сістэма земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДАВА́ЛЬНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,
разнавіднасцьэлектронна-прамянёвых трубак, якая пераўтварае аптычны відарыс на святлоадчувальнай паверхні (мішэнь, фотакатод ці інш.) у электронны (рэльеф эл. зарадаў, фотаправоднасць) і пасля ў відэасігнал; асн. частка тэлевізійных перадавальных камер.
Бывае з назапашваннем і без назапашвання эл. зараду. П.т.т. з назапашваннем зараду выкарыстоўваюцца ў вяшчальным тэлебачанні, маюць святлоадчувальную мішэнь, электронны пражэктар, факусавальную і адхіляльную сістэмы і інш. элементы (у залежнасці ад тыпу П.т.т.), якія кіруюць электронным праменем. У адных П.т.т. (напр., у іканаскопе, суперартыконе, суперіканаскопе) светлавыя сігналы выбіваюць электроны за кошт знешняга фотаэфекту, у другіх (напр., у відыконе) — змяняецца папярочная праводнасць фотакатода, у выніку чаго ўзнікаюць эл. зарады, якія назапашваюцца на мішэні. Электронны прамень пры абяганні (сканіраванні) мішэні разраджае яе, у выніку атрымліваецца відэасігнал. У тэлевізійных камерах выкарыстоўваюцца пераважна відыконы і іх разнавіднасці (плюмбіконы, сатыконы); у малагабарытных камерах — цвердацельныя фотапераўтваральнікі, напр., ПЗС-матрыцы. П.т.т. без назапашвання зараду (напр., дысектар) не маюць электроннага пражэктара, а відэасігнал фарміруецца электронамі, выпрамененымі з фотакатода пад уздзеяннем святла, і выкарыстоўваюцца для навук. і інш. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЙМА́ННЕў псіхалогіі,
узнаўленне індывідамі і сац. групамі паводзін інш. індывідаў і груп. Арыстоцель прыпісваў П. важную ролю ў фарміраванні чалавека. У біялагізатарска-інстынктывісцкіх канцэпцыях (У.Мак-Дугал і інш.) падкрэсліваецца прыроджаны характар П. У рамках асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм) П. разглядаецца як асаблівы від уздзеяння, пры якім рэакцыя аб’екта П. становіцца ўмоўным стымулам для ўласнай рэакцыі суб’екта П. на стымул. У біхевіярызме П. тлумачыцца з пазіцый тэорыі навучання і разглядаецца як вынік падмацавання адпаведных паводзін з дапамогай прамых і ўскосных відаў заахвочвання і пакарання. Спалучэнне асацыянісцкіх і біхевіярысцкіх уплываў у даследаваннях П., заснаваных на канцэпцыях «замяшчальнага навучання» (А.Бандура і інш.). Пры сац.-псіхал. вывучэнні П. даследуецца гал. чынам узаемадзеянне сац.-тыповых суб’ектаў і аб’ектаў П.; яно разглядаецца, з аднаго боку, як вынік сац. ўздзеяння (напр., уплыў рэферэнтных груп, канфармізм), з другога — як разнавіднасць і сродак сац. ўздзеяння, як адзін са шляхоў далучэння індывіда да сац. і культурнага вопыту. Узор, годны П., з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў выхавання. П. сустракаецца на розных узроставых этапах індывід. развіцця чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТАМО́ЎЕ,
1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасцьнацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.
Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),
від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.Купала. «Роднае слова»)
Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:
Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.Панчанка. «Слова пра Палессе»)
Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.
Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)
Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:
Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.Панчанка. «У космас»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАНАБО́РНАЯ МАШЫ́НА,
разнавіднасцьнаборнай машыны, у якой набор ажыццяўляецца з рэгістрацыяй шрыфтавых знакаў (літар, лічбаў і інш.) фатагр. спосабам на святлоадчувальным матэрыяле (фотаплёнцы. фотапаперы). Найб. пашыраны электронныя фотанаборныя аўтаматы, у якіх асн. аперацыі фотанабору выконваюцца на наборна-праграмавальным апараце, а таксама ў сістэмах аўтаматызаванага набору тэксту і аўтаматызаванай перапрацоўкі тэксту і ілюстрацый. Аўтаматы з дапамогай кіроўнага і фатагр. прыстасаванняў ажыццяўляюць фатаграфаванне тэксту на рулонны фотаматэрыял.
Першая Ф.м. запатэнтавана ў 1894 Е.Порцэльтам (Венгрыя). У 1952 Дж.Макнейні (ЗША) створана Ф.м. з электронна-прамянёвай трубкай. заснаваная на ўзнаўленні знакаў, радкоў і старонак на экране трубкі і праецыравання іх на фотаматэрыял (працуе з лічбавымі шрыфтаносьбітамі, у якіх відарысы знакаў і рысункаў закадзіраваны ў лічбавай форме). Найноўшыя Ф.м. — лазерныя, якія ажыццяўляюць лазерны запіс інфармацыі на фотаматэрыял, забяспечваюць высокую якасць тэксту і відарысаў пры вял. хуткасці работы.
Літ.:
Ремизов Ю.Б. Процессы и оборудование фотонабора. М., 1990.
У.М.Сацута.
Аптычная схема фотанаборнай машыны «Фатон» (Вялікабрытанія); 1 — фотаматэрыял; 2 — люстэрка; 3 — дыск з аб’ектывамі; 4 — імпульсная лямпа; 5 — шрыфтаносьбіт; 6 — знак шрыфтаносьбіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРА́КТАРНЫ ТА́НЕЦ,
разнавіднасць сцэнічнага танца; адзін з выразных сродкаў балетнага спектакля.
У пач. 19 ст. ўвасабляў танец з характэрнымі нац. рысамі, адметнымі асаблівасцямі вобраза пэўнага персанажа; пазней — нар. танец, пабудаваны на аснове школы класічнага танца, і выконваўся ў балетных спектаклях. Узоры Х.т. стварылі рас. балетмайстры А.Горскі, Л.Іваноў, М.Петыпа, М.Фокін, сав. балетмайстры В.Вайнонен. К.Галяйзоўскі, Р.Захараў, Ф.Лапухоў. В.Чабукіяні і інш. Для сучасных балетаў характэрны сінтэз з класічным танцам і інш. формамі пластыкі. што ўзбагачаюць лексіку балета.
На бел. сцэне Х.т. як важны сродак выразнасці з вызначэннем нац. своеасаблівасці харэаграфічнай мовы спектакляў і састаўная частка ў іх драматургіі прадстаўлены ў нац. балетах «Салавей» М.Крошнера (балетмайстры А.Ермалаеў, Лапухоў), «Князь-возера» В.Залатарова і «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера (балетмайстар К.Мулер), «Мара» Я.Глебава і «Святло і цені» Вагнера (балетмайстар А.Андрэеў) і інш.
Літ.:
Лопухов А.В., Ширяев А.В., Бочаров А.И. Основы характерного танца. Л.;
М., 1939;
Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫ МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЯМР),
выбіральнае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення магн. ядрамі атамаў у знешнім магн. полі; разнавіднасцьмагнітнага рэзанансу. ЯМР у атамных пучках адкрыў у 1938 І.А.Рабі. у кандэнсаваных сістэмах — у 1946 Э.М.Пёрсел і Ф.Блох.
ЯМР абумоўлены зменай арыентацыі магн. момантаў ядраў адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля пад дзеяннем эл.-магн. выпрамянення. Звычайна на рэчыва адначасова дзейнічаюць 2 магн. палі з узаемна перпендыкулярнымі індукцыямі: моцнае пастаяннае і слабае пераменнае (радыёчастотнага дыяпазону). Адны і тыя ж ядры ў розным хім. акружэнні паглынаюць эл.-магн. выпрамяненне пры розных значэннях індукцыі знешняга магн. поля (хім. зрух рэзанансу), што дае магчымасць выкарыстоўваць ЯМР для даследавання структуры малекул і крышталёў. Найб. велічыню магн. моманту ў параўнанні з інш.магн. ядрамі мае ядро атама вадароду, таму на аснове пратоннага ЯМР распрацаваны спосабы вымярэння індукцыі і аднароднасці магн. поля, метады даследавання хім. рэакцый; ЯМР — фіз. аснова магнітарэзананснай тамаграфіі.
Літ.:
Дероум Э. Современные методы ЯМР для химических исследований: Пер. с англ.М., 1992;
Физические основы квантовой радиофизики. Л., 1985;
Абрагам А. Ядерный магнетизм: Пер. с англ.М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ДАЎКІ,
дабраякасныя пухлінападобныя невял. нарасты на скуры, якія ўзнікаюць ад разрастання сасочкавага і рагавога яе слоя. Выклікаюцца вірусам папіломы чалавека, што перадаецца пры кантакце і праз рэчы. Скрыты перыяд 2—5 месяцаў. Бываюць звычайныя, плоскія (юнацкія), востраканцовыя, старэчыя і інш.
Звычайныя (простыя) бародаўкі — бязбольныя вузельчыкі памерам ад шпілечнай галоўкі да гарошыны, з дробнымі сасочкамі або варсінкамі. Пры зліцці ўтвараюць гузаватыя бляшкі. Найб. часта бываюць на кісцях і пальцах рук. Разнавіднасць іх — падэшвенныя бародаўкі на падэшвах ступні. Шчыльныя, арагавелыя, жоўтага колеру, дыяметрам 10—20 мм, вельмі балючыя пры націсканні і хадзе. Плоскія бародаўкі — дробныя вузельчыкі дыяметрам 0,5—3 мм, бледна-ружовага або жаўтавата-карычневага колеру, з плоскай гладкай паверхняй або з дробнымі лускавінкамі. Узнікаюць у дзіцячым і юнацкім узросце на твары, шыі, тыльнай паверхні кісці. Востраканцовыя бародаўкі — сасочкападобныя вузельчыкі ружовага колеру, якія развіваюцца на палавых органах, у пахвінных і між’ягадзічных складках. Старэчыя бародаўкі — шаравата-жоўтыя нарасты на скуры жывата, спіны, грудзей. Развіваюцца ў пажылых людзей. Лячэнне: пры звычайных і юнацкіх выкарыстоўваюць псіхатэрапію, пры звычайных, старэчых і плоскіх — прыпальванне, дыятэрмакаагуляцыю, аўтагематэрапію, крыятэрапію; падэшвенныя бародаўкі ліквідуюць увядзеннем пад аснову раствору навакаіну, востраканцовыя — хірургічна.