КРЭМАЗІ́ ((Crémazie) Актаў Жазеф) (16.4.1827, г. Квебек, Канада — 16.1.1879),

канадскі паэт; заснавальнік кан. паэзіі на франц. мове. Скончыў Квебекскую семінарыю. Друкаваўся з 1854. З 1861 выдаваў літ. час. «Les Soirées Canadiennes» («Канадскія вечары»). З 1863 у Францыі, дзе напісаў «Дзённік аблогі Парыжа» (выд. 1882) пра падзеі франка-прускай вайны 1870—71 і Парыжскай камуны 1871, лісты пра л-ру — «Лісты і ўрыўкі з лістоў» (выд. 1886). Аўтар патрыят. і філас. вершаў, у якіх адчувальны ўплыў паэтыкі П.​Беранжэ і В.​Гюго, няскончанай паэмы «Прагулка трох мерцвякоў».

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ЎСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (20.6.1834, с. Гірэўка, цяпер Шаўчэнкава Канатопскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 13.4.1902),

украінскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). Служыў у суд. установах на Украіне. Аўтар даследаванняў па гісторыі сялянства і агр. адносін на Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. [«Маларасійскія паспалітыя сяляне (1648—1783)», 1866; «Людзі старой Маларосіі», 1882—88; «Апісанне старой Маларосіі», 1888—1902, і інш.], пра ўкр. гетманаў («Павел Палуботак», 1880; «Нататкі пра Мазепу», 1898) і інш. Увёў у навук. ўжытак шэраг каштоўных гіст. крыніц, у т. л. «Генеральнае апісанне Маларосіі» 1765—69.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕСАВІ́К»,

ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. мове 1 раз у 2 месяцы (да 1998 выходзіў як экалагічны часопіс-плакат). Асвятляе разнастайныя аспекты жыцця звяроў і птушак Беларусі і інш. рэгіёнаў. Друкуе фотарэпартажы, маст. творы (апавяданні, вершы, казкі), прысвечаныя прыродзе, якія выхоўваюць любоў да прыроды, Бацькаўшчыны. Мае рубрыкі «Рэха турынага рога» (пра звяроў і птушак, што зніклі з абшараў бел. зямлі), «Год-карагод» (апавяданні пра месяцы года), чытацкія рубрыкі «Мы дружбакі», «Зялёная галерэя», «Фотазагадка» і інш. Праводзіць конкурсы чытачоў.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЖМІ́ (сапр. Нежметдзінаў) Каві Гібятавіч

(15.12.1901, в. Красны Востраў Сечанаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 24.3.1957),

татарскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу ў Маскве (1922). Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Татарыі (1934—37). Друкаваўся з 1919. У ранніх апавяданнях, вершах і аповесці «Прыбярэжныя вогнішчы» (1929) адлюстраваны падзеі грамадз. вайны. Аповесці «Светлая сцежка» і «Першая вясна» (абедзве 1930) пра калектывізацыю, паэмы «Хаят апа» (1941) і «Фарыда» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар гіст.-рэв. рамана «Вясновыя вятры» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951).

Тв.:

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1957.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ПРА́ЎДА»,

легальная газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 30.3 да 24.9.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала пра эканам. і паліт. становішча ў Польшчы, пра стан бел. школ, заняпад нац. культуры, вяла палеміку з выданнямі, якія зневажалі бел. народ, яго культуру і творцаў. Выкрывала каланізатарскую палітыку ўрада Ю.​Пілсудскага ў адносінах да народаў нац. меншасцей. У газеце супрацоўнічалі А.​Салагуб, М.​Васілёк, Я.​Маланка, Улад-Ініцкі і інш. Выйшла 50 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЛЬЕ́ (Карл Францавіч) (20.4.1814, Ніжні Ноўгарад, Расія — 22.4.1858),

расійскі прыродазнавец, біёлаг-эвалюцыяніст. Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1833). З 1840 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, палеанталогіі, тэарэт. біялогіі. Адхіляў вучэнне пра нязменнасць відаў, сцвярджаў, што вопыт вывядзення новых парод і акліматызацыя жывёл — ключ для разумення рухальных сіл эвалюцыі. Развіваў ідэі пра адзінства арганізма і ўмоў існавання, даказаў прычынную залежнасць эвалюцыі жывых форм ад змены навакольнага асяроддзя, развіваў дадарвінаўскую матэрыяліст. тэорыю арган. свету. Засн. навук. школу заолагаў-эвалюцыяністаў, распрацаваў праграму даследаванняў па экалогіі жывёл і зоапсіхалогіі.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНІ́ЦЫН (Канстанцін Васілевіч) (13.6.1834, в. Астраўляны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1904),

адзін з удзельнікаў літ. жыцця на Беларусі ў сярэдзіне 19 ст.; магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паходзіў з прыгонных. У 1845 атрымаў вольную. У 1851 узяў прозвішча Вераніцын (першапачатковае — Васільеў). Вучыўся ў Віцебскай губ. гімназіі (1845—52), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—54). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1859). У 1863—74 і з 1880 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874—79 працаваў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У рукапісных сшытках фалькл. і літ. твораў А.Рыпінскага Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яблы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства належыць адной і той жа асобе. Іншых матэрыялаў пра літ. дзейнасць Вераніцына не выяўлена.

Літ.:

Кісялёў Г. На арбіце пошуку // Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРБЕ́РАВА (Ніна Мікалаеўна) (8.8.1901, С.-Пецярбург — 1993),

руская пісьменніца. У 1922 разам з мужам У.Хадасевічам эмігрыравала. Жыла ў Парыжы, літ. супрацоўнік газ. «Последние новости», дзе апублікавала цыкл апавяданняў «Біянкурскія святы» (1928—40). У 1950 пераехала ў ЗША, выкладала рус. мову ў Іельскім і інш. ун-тах; праф. л-ры. Раманы «Апошнія і першыя: раман з эмігранцкага жыцця» (1930), «Валадарка» (1932), «Без канца» (1938) пра лёс салдат і афіцэраў белай гвардыі. Аўтар кніг «Чайкоўскі, гісторыя адзінокага жыцця» (1936, СПб., 1993), «Барадзін» (1938), аўтабіягр. кнігі «Курсіў мой» (на англ. мове, 1969, на рус. мове 1972; 2 выд., т. 1—2, 1988), рамана «Жалезная жанчына» (1981, М., 1991) пра неардынарнае жыццё рус. эмігранткі, даследавання «Людзі і ложы: Рускія масоны XX ст.» (1986). Пісала вершы, крытычныя артыкулы пра творчасць Хадасевіча, У.​Набокава, рус. сав. літаратуру.

Тв.:

Стихи, 1921—1983. Нью-Йорк, 1984;

Повести. М., 1992;

Рассказы в изгнании. М., 1994.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕШ (Каспар) (1520, Трансільванія — 7.11.1579),

палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».

Тв.:

У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАГО́Й (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (9.2.1893, Масква — 14.2.1984),

рускі літ.-знавец. Чл.-кар. АН СССР (1953), правадзейны чл. АПН Расіі (1947), АПН СССР (1967). Праф. Маскоўскага ун-та (з 1943). Аўтар манаграфій пра жыццё і творчасць А.​С.​Пушкіна [»Творчы шлях Пушкіна (1813—1826)», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Творчы шлях Пушкіна (1826—1830)», 1967], прац па гісторыі рус. л-ры 18—20 ст.кн. «Тры стагоддзі. З гісторыі рускай паэзіі XVIII, XIX, і XX ст.», 1933; «Літаратура і рэчаіснасць. Пытанні тэорыі і гісторыі літаратуры», 1959, і інш.), артыкулаў па агульных праблемах літ.-знаўства, пра заканамернасці гіст.-літ. працэсу («Пра нацыянальную спецыфіку літаратуры», 1951; «Асаблівасці рускага рэалізму 19 ст.», 1957, і інш.).

Тв.:

История русской литературы XVIII в. 4 изд. М., 1960;

От Кантемира до наших дней. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979.

Літ.:

Искусство слова: Сб. ст. к 80-летию чл.-кор. АН СССР Д.​Д.​Благого. М., 1973.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)