БА́РДАХ ((Bardach) Юльюш) (н. 3.11.1914, г. Адэса),

польскі гісторык права. Чл. Польскай АН (1989). Скончыў Віленскі ун-т (1939). У 1950—85 ў Варшаўскім ун-це (з 1960 праф.), адначасова ў 1961—69 дырэктар Ін-та гісторыі права пры гэтым ун-це. Даследуе грамадска-паліт. лад і права Польшчы і ВКЛ 14—18 ст., звычаёвае права Беларусі і Літвы, Статуты ВКЛ, праблемы гістарыяграфіі, метадалогіі гісторыі і інш.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЮ́ (Аўгуст) (3.5.1771, г. Гродна — 26.7.1824),

бел. ўрач. Д-р філасофіі і медыцыны (1793), праф. (1806). Вучыўся ў Гродне і Кёнігсбергу. З 1797 у Вышэйшай школе Літвы (з 1803 Віленскі ун-т). Адзін з першых у Беларусі і Літве пачаў вакцынацыю супраць воспы. Навук. працы па шпітальнай справе і гігіене дзіцячага ўзросту.

Літ.:

Bieliński J. Uniwersytet Wileński, 1579—1831. T. l—2. Kraków, 1899—1900.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЗЕ, Бос (Bose) Шацьендранат (1.1.1894, г. Калькута, Індыя — 4.2.1974), індыйскі фізік, адзін са стваральнікаў квантавай статыстыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва з 1958. Скончыў Калькуцкі ун-т (1915). Працаваў у Парыжы ў М.​Складоўскай-Кюры (1924—25), праф. Дакскага (1926—56), Калькуцкага (1945—56) ун-таў. Разам з А.​Эйнштэйнам стварыў Бозе — Эйнштэйна статыстыку (1924), вывеў Планка закон для цеплавога выпрамянення абсалютна чорнага цела.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙКА (Юрый Рыгоравіч) (н. 6.3.1925, г. Саратаў, Расія),

бел. патолагаанатам. Д-р мед. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Тбіліскі мед. ін-т (1948). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па паталаг. анатоміі падстраўнікавай залозы і аб ролі сасудзістых расстройстваў пры ўзнікненні вострага запалення гэтай залозы.

Тв.:

Патологическая анатомия и патогенез острого панкреатита. Мн., 1970;

Клинико-анатомический анализ врачебных ошибок Мн., 1994.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЬЯ́Р ((Brongniart) Адольф Тэадор) (14.1.1801, Парыж — 18.2.1876),

французскі батанік. Чл. Парыжскай АН (1834). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1829). Скончыў Парыжскі ун-т (1826). У 1828—30 працаваў у ім, з 1833 праф. Музея натуральнай гісторыі ў Парыжы. Навук. працы па эмбрыялогіі, фізіялогіі і сістэматыцы раслін. Адзін з заснавальнікаў палеабатанікі. Канстатаваў стварэнне пылковых трубак у шэрагу раслін (1827). Пабудаваў адзіную сістэму расліннага свету, якая ўключала і выкапнёвыя формы.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́ГМАН ((Brugmann) Карл Фрыдрых Крысціян) (16.3.1849, г. Вісбадэн, Германія — 29.6.1919),

нямецкі мовазнавец. Праф. Лейпцыгскага ун-та (з 1882). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі індаеўрап. моў. Адзін з заснавальнікаў младаграматызму ў мовазнаўстве. Прадмова да працы «Марфалагічныя даследаванні ў галіне індаеўрапейскіх моў» (разам з Г.​Остгафам; т. 1—6, 1878—1910) адыграла ролю маніфеста младаграматыкаў. З 1891 разам з В.​Штрэйтбергам выдаваў час. «Indogermanische Forschungen» («Індагерманскія даследаванні»).

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДКЕ́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 13.3.1947, Магілёў),

бел. фагатыст. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 артыст, у 1971—81 саліст аркестра і канцэртмайстар групы фаготаў Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1972 педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1992). Выступае ў канцэртах, у т. л. з Дзярж. камерным аркестрам, ансамблем салістаў Дзярж. аркестра сімф. і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь і інш.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СМАНТ (Францішак Іванавіч) (н. 12.6.1950, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны-фізіёлаг. Д-р мед. н. (1990), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1973). З 1976 працуе ў ім. Навук. працы па фізіялогіі і патафізіялогіі тэрмарэгуляцыі; пра ролю ферментаў і фармакалагічных рэчываў у цэнтр. механізмах гіпертэрмічных эфектаў.

Тв.:

Об участии пептигидролаз мозга в центральных механизмах терморегуляции при перегревании и пирогеналовой лихорадке // Нейропептиды и терморегуляция. Мн., 1990.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ (Хасень Мустафавіч) (н. 20.4.1924, г. Клецк),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1970), праф. (1972). З 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН Беларусі. Навук. даследаванні па фіз.-хім. асновах селектыўнай флатацыі сільвініту паверхнева-актыўнымі рэчывамі, тэхналогіі вытв-сці мінер. угнаенняў з калійных рудаў Старобінскага радовішча.

Тв.:

Основы применения реагентов при флотации калийных руд. Мн., 1973;

Физикохимия селективной флотации калийных солей. Мн., 1983.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДЭ́Р ((Alexander) Дэнтан Юджын) (н. 18.12.1917, Патомак, штат Ілінойс, ЗША),

амерыканскі генетык і селекцыянер раслін. Праф. (1963). Замежны чл. УАСГНІЛ (1970). Скончыў Ілінойскі ун-т (1941). З 1951 на агранам. ф-це гэтага ун-та. Навук. працы па тэарэт. і метадычных пытаннях генетыкі і селекцыі раслін. Распрацаваў генет. асновы селекцыі кукурузы. Стварыў некалькі дзесяткаў ліній і гібрыдаў высокаўраджайнай кукурузы з павышанай колькасцю незаменных амінакіслот і бялкоў.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)