ІБН ХАРДА́ДБЕХ, Ібн Хурдазбіх Абу-ль-Касім Убайдалах ібн Абдалах

[каля 820 (па інш. звестках, 826) — каля 912/913 (па інш. звестках, 885)],

арабскі географ. Паводле паходжання перс. Яго «Кніга шляхоў і дзяржаў» — важная крыніца па гісторыі Халіфата і сумежных краін, мае ўпамінанні славян і русаў; першы твор апісальнага характару на араб. мове, які дайшоў да нашых дзён.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ ПЕРАМЕ́НЫ ДА́ТЫ,

умоўная лінія на паверхні зямнога шара для размежавання месцаў, дзе ў адзін і той жа момант часу каляндарныя даты розняцца на адны суткі. Праведзена па Ціхім ак., прыблізна па 180° даўгаты так, што яна не праходзіць па сушы, за выключэннем Антарктыды. На захад ад Л.п.д. каляндарная дата на 1 суткі большая, чым на ўсход.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫ АТЭСТАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, ВАК Беларусі,

цэнтральны орган кіравання, які забяспечвае функцыянаванне нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў у галіне прысуджэння ім вучоных ступеней і прысваення вучоных званняў. Створаны паводле Пастановы Савета Міністраў ад 18.9.1922 18.9.1992 як Вышэйшая атэстацыйная камісія, з ліст. 1995 — камітэт. Прысуджае на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый вучоную ступень доктара навук; зацвярджае рашэнні саветаў па абароне дысертацый аб прысуджэнні вучонай ступені кандыдата навук; прысвойвае вучоныя званні прафесара і дацэнта; стварае сістэму органаў па атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў і каардынуе іх дзейнасць; прымае ўдзел у распрацоўцы парадку падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру, дактарантуру і суіскальніцтва; распрацоўвае і зацвярджае пералік спецыяльнасцей, па якіх прысуджаюцца вучоныя ступені, і пералік спецыяльнасцей, па якіх прысвойваюцца вучоныя званні; стварае нац. банк даных навук. і навукова-пед. работнікаў рэспублікі з вучонымі ступенямі, званнямі і інш. У 1996 на Беларусі працавала 136 саветаў па абароне дысертацый, 25 экспертных саветаў.

т. 4, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ПРАГРА́МА ААН ПА НАВАКО́ЛЬНЫМ АСЯРО́ДДЗІ (United Nations Environment Program; ЮНЕП),

міжурадавая праграма, створаная па ініцыятыве Стакгольмскай канферэнцыі ААН па праблемах навакольнага асяроддзя і рашэнні Ген. асамблеі ААН (1972). У праграме ўдзельнічаюць прадстаўнікі 113 краін і 40 міжнар. арг-цый. Забяспечвае і каардынуе ў міжнар. маштабе мерапрыемствы па ахове і паляпшэнні навакольнага асяроддзя. Асн. кірункі дзейнасці: ахова сусв. акіяна і паветра ад забруджвання, ахова і рацыянальнае выкарыстанне глеб і павышэнне іх урадлівасці, перапрацоўка і утылізацыя прамысл. адходаў, распрацоўка метадаў назірання за біясферай па ўплыве на яе гасп. дзейнасці (маніторынг) і інш. Супрацоўнічае з Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, Навуковым камітэтам па праблемах навакольнага асяроддзя, ЮНЕСКА і інш. ЮНЕП каардынуецца адм. саветам, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі больш як 60 краін. Штаб-кватэра ў г. Найробі (Кенія). У 1984 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі ўзнагароджана сярэбраным медалём ЮНЕП за прапаганду прыродаахоўнай дзейнасці і актыўнае пашырэнне прыродазнаўчых ведаў.

М.​М.​Пікулік.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫНЕ́ЛЯ МЕ́ТАД,

спосаб вызначэння цвёрдасці матэрыялаў па ўцісканні сталёвага загартаванага шарыка вызначаных памераў пры зададзенай нагрузцы. Лік цвёрдасці па Брынелю (НВ) — адносіны нагрузкі да плошчы паверхні адбітка. Выпрабаванні па Брынеля метаду праводзяць на стацыянарных цвердамерах (прэсах Брынеля), якія забяспечваюць павольнае прыкладанне зададзенай нагрузкі да шарыка і яе пастаянства на працягу зададзенага часу. Названы ў гонар швед. інж. Ю.​А.​Брынеля.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГОМСЕЛЬМА́Ш»,

вытворчае аб’яднанне па выпуску машын с.-г. прызначэння. Створана ў 1977. Уключае Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання (галаўное прадпрыемства), з-ды ліцця і нармалей, самаходных камбайнаў, спецінструментаў і тэхнал. аснасткі, рамонтна-буд. і мантажнае ўпраўленне, гал. СКБ па комплексе кормаўборачных машын, канструктарска-тэхнал. і эксперым. ін-т па тэхн. пераўзбраенні і падрыхтоўцы вытв-сці (у Гомелі), Светлагорскі з-д машынабудавання для кормапрыгатавання.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. variatio змяненне),

1) у агульных выпадках — відазмяненне, разнавіднасць чаго-небудзь.

2) У музыцы — складаная частка варыяцыйнай формы, якая ўяўляе сабой відазмяненне тэмы.

3) У балеце — невял., але тэхнічна складаны і кампазіцыйна развіты класічны танец. Звычайна частка па-дэ-дэ, па-дэ-труа, гран-па і інш.; могуць мець і самаст. значэнне. Служаць элементамі характарыстыкі дзейнай асобы, выяўляюць эмац. стан героя, маюць значэнне прамога выказвання.

4) У матэматыцы — малое змяненне аргумента (незалежнай пераменнай) або функцыянала; асн. паняцце варыяцыйнага злічэння.

5) У астраноміі — перыядычная змена скорасці руху Месяца па арбіце, абумоўленая гравітацыйным дзеяннем Сонца.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭ́НКА ЗЯМЕ́ЛЬ,

устанаўленне параўнальнай вытворчай здольнасці зямель па асн. прыродных фактарах іх урадлівасці (гл. Баніціроўка), а таксама па паказчыках эканам. эфектыўнасці іх выкарыстання, адноснай прыбытковасці; адзін з этапаў зямельна-кадастравых работ. Ацэнцы падлягаюць ворная зямля, шматгадовыя насаджэнні, сенажаці і пашы. У працэсе ацэнкі зямель распрацоўваюцца ацэначныя шкалы па групах глебаў з блізкімі вытв. ўласцівасцямі. На іх аснове разлічваюцца паказчыкі ацэнкі па гаспадарках і адм. адзінках. Ва ўмовах рыначнай эканомікі ацэнка зямель праводзіцца пераважна з мэтай дыферэнцыяцыі зямельных падаткаў; мае вырашальны ўплыў на цану зямлі і арэндную плату. Падлягае перыядычнаму ўдакладненню і абнаўленню.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАСА́НІ,

самаходныя сані, што рухаюцца па снезе, лёдзе і вадзе з дапамогай сілы цягі паветранага вінта. Бываюць суцэльнаметалічныя і аэрасані-«амфібіі».

Суцэльнаметалічныя аэрасані маюць 3 або 4 лыжы і кіруюцца пярэднімі паваротнымі лыжамі; рухавік з паветр. вінтом размешчаны на карме. Аэрасані«амфібія» маюць 1 лодку-лыжу, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе, вадзе, забалочанай мясцовасці і інш. Грузападымальнасць аэрасаней да 600 кг, далёкасць ходу да 500 км, скорасць да 100 км/гадз па снезе, да 80 км/гадз па вадзе. Выкарыстоўваюцца ва ўмовах бездарожжа Крайняй Поўначы для перавозкі грузаў, пошты, людзей.

Аэрасані: а — «амфібія»; б — КА-30.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОСМА́ЙСТАР (ням. Großmeister літар. вял. майстар),

вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.​Гельфанд, В.​Дыдышка, А.​Заяц, К.​Зварыкіна, А.​Кавалёў, В.​Купрэйчык, Ю.​Шульман, Р.​Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.​Альтшуль, А.​Балякін, Я.​Ватуцін, А.​Гантварг, В.​Камышлеева, М.​Кац, І.​Пашкевіч, А.​Плакхін, А.​Прэсман, З.​Садоўская, Л.​Сахненка.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)