ДЫЯДО́Р СІЦЫЛІ́ЙСКІ (грэч. Diodōros Sikeliōtēs; каля 90, Агірыён, в-аў Сіцылія — 21 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Аўтар працы «Гістарычная бібліятэка» (40 кн.; захаваліся 1—5 і 11—20, астатнія — у фрагментах), дзе сінхронна выкладаюцца падзеі з гісторыі стараж. Грэцыі, эліністычных дзяржаў, Рыма і Усходу з легендарных часоў да сярэдзіны 1 ст. да н.э.
Літ.:
Строгецкий В.М. Возникновение и развитие исторической мысли в Древней Греции: (На материале изучения «Исторической библиотеки» Диодора Сицилийского). Горький, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́БРЫ (лац. Cantabri),
старажытнае племя, якое жыло ў Паўн. Іспаніі на ўзбярэжжы Біскайскага заліва і ў бліжэйшых гарах (цяпер прав.Кантабрыя). Утварылася ў выніку зліцця кельтаў і ібераў з мясц. насельніцтвам. Захоўвалі родавы лад з перажыткамі матрыярхату. У 2—1 ст. да н.э. супраціўляліся рым. заваяванню. Канчаткова падпарадкаваны і часткова знішчаны ў Кантабрыйскую вайну ў час паходаў Аўгуста і Агрыпы (29—12 да н.э.); іх тэр. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Іспанія Блізкая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТХАЛ,
рэшткі стараж. горада на Пн ад г. Бамбей, на беразе Камбейскага заліва ў Індыі. Належыць да помнікаў Інда даліны цывілізацыі, датуецца першымі стагоддзямі 2-га тыс. да н.э. Раскопкамі вывучаны цытадэль з мураванымі сценамі, сховішча, каналізацыя. Важнае значэнне для развіцця Л. меў гандаль. Выяўлены сведчанні кантактаў жыхароў горада з насельніцтвам узбярэжжа Персідскага заліва і Дэкана. У Л. атрыманы найб. раннія (18 ст. да н.э.) звесткі пра вырошчванне рысу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАІ́Н,
старажытнае племя і дзяржава на тэр. сучаснай Йеменскай Рэспублікі. Раннія помнікі дзяржавы М. адносяцца да 6—5 ст. да н.э. Яе сталіцай быў напачатку г. Іясіль, потым — Карнаву. Вял. ўплыў у кіраванні М. адыгрывалі жрацы і родаплемянная арыстакратыя. Асновай росквіту краіны быў транзітны гандаль пахучымі рэчывамі, яна кантралявала гандл. шляхі праз Аравію. З 1 ст. да н.э. М. у залежнасці ад цароў Катабана, потым у складзе дзяржаў Саба і «Саба і зу-Райдан».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РДУК,
у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г. Вавілон, пасля 18 ст. да н.э. — вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТРА,
у рэлігіях і міфалогіі Стараж. Ірана, Індыі і Мітані (сучасная паўн. Сірыя) бог святла, сонца, праўды, справядлівасці і дагавору, гарант устаноўленых або абумоўленых адносін у свеце і грамадстве. Увасабляе добразычлівы ў адносінах да чалавека бок боскай існасці. З 1 ст. да н.э. культ М. быў пашыраны на тэр.Рым. дзяржавы, у 5 ст.н.э. выцеснены хрысціянствам; паўплываў на фарміраванне хрысц. догматаў, абрадаў і свят.
Мітра забівае быка. Скульптурная група з Пантыкапея (цяпер Керч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПІ́Д (Pelopidas; каля 410 да н.э., г. Фівы, Грэцыя — 364 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 379 адзін з арганізатараў антыспартанскага дэмакр. перавароту ў Фівах. З 378 шмат разоў выбіраўся ў калегію гал.дзярж. чыноўнікаў (беатархаў) Беатыйскага саюза. Пад яго кіраўніцтвам фіванцы перамаглі спартанцаў каля Танагры (377), Тэгіры (375), Леўктраў (371). З 369 кіраваў ваен. дзеяннямі фіванцаў супраць Македоніі і тырана г. Фер Аляксандра; загінуў у бітве з ім каля Кінаскефалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
агульнагрэчаскія святы і спаборніцтвы пры храме Апалона Піфійскага ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя); другія па значэнні пасля Алімпійскіх гульняў. Паводле падання, засн. Апалонам пасля перамогі над змеем Піфонам. Першапачаткова адбываліся 1 раз у 8 гадоў і складаліся з муз. спаборніцтваў. Каля 582 да н.э. ў П.г. былі ўключаны спаборніцтвы атлетаў і спаборніцтвы на калясніцах; прамежак паміж гульнямі скарочаны да 4 гадоў. Пераможцаў узнагароджвалі лаўровым вянком. П.г. спыніліся, верагодна, у канцы 4 ст.н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДО́К,
вёска ў Казлоўскім с/с Светлагорскага р-на Гомельскай вобл., каля р. Бярэзіна, на аўтадарозе Рэчыца—Бабруйск. Цэнтр калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 137 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 308 ж., 146 двароў (2000). Міжгасп. прадпрыемства «Прудок». Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі селішча (2-я пал. 1-га тыс. да н.э. — пач. 2-га тыс.н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),
лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст.н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.