ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,

паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІКА ДАБРАБЫ́ТУ,

галіна эканам. тэорыі, што вывучае метады такой арганізацыі дзейнасці, якая забяспечвае максімізацыю эканам. дабрабыту. У ёй найчасцей выкарыстоўваюцца ацэначныя меркаванні: пра тое, што неабходна вырабляць; якая вытв-сць павінна быць арганізавана найперш; якім чынам павінны быць размеркаваны даходы і маёмасць на гэты час і ў будучым і інш. Эканамісты-класікі (гл. Класічная школа палітэканоміі) трактавалі карыснасць як вымераны ўзровень задавальнення спажыўцоў. Найб. просты яе крытэрый распрацаваў В.Парэта, які сцвярджаў, што любое перамяшчэнне рэсурсаў, якія выклікаюць змену структуры выпушчаных тавараў або іх размеркавання сярод спажыўцоў, можа разглядацца як «паляпшэнне», калі яно прыносіць людзям нейкую выгаду (па іх уласнай ацэнцы), не прычыняючы нікому страты. Н.​Кэлдар і Дж.​Хікс прапанавалі альтэрнатыўны крытэрый (прынцып кампенсацыі): любыя эканам. змены павінны разглядацца як выгадныя тады, калі ў выніку іх тыя, хто атрымлівае выгаду, гіпатэтычна маглі б кампенсаваць страты тых, каму яны прычынены. Апрача распрацоўкі крытэрыяў дабрабыту некаторыя эканамісты (напр., П.​Самуэльсан) імкнуліся пабудаваць функцыю грамадскага дабрабыту, якая б магла стаць інструкцыяй па ацэнцы таго, ці будзе адна эканам. сітуацыя лепшая або горшая за другую. Функцыя грамадскага дабрабыту можа разглядацца як функцыя дабрабыту кожнага спажыўца. Гл. таксама Неакласічная эканамічная тэорыя.

т. 18, кн. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НКАВАЕ, асобнае, індывідуальнае,

філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага праз асаблівае да агульнага, заканамернага.

А.​А.​Лазарэвіч.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел. літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б,

другая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Б («букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары Β. Рознае напісанне лац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),

распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДКУП,

перадача дзяржавай прыватным асобам (адкупшчыкам) правоў на збор дзярж. прыбыткаў.

Існаваў пераважна ў дакапіталіст. фармацыях, калі не было развітога дзярж.-фін. апарату. Дзяржава, напр., аддавала на водкуп вытворчасць і рэалізацыю солі, алкагольных напіткаў, тытуню, збор мытнай пошліны, падаткаў з насельніцтва і інш. Быў пашыраны ў Францыі, Італіі, Іспаніі. У Расіі існаваў вінны водкуп і мытны водкуп. Адкупшчыкамі былі купцы, пасадскія людзі, іншаземцы. На Беларусі быў пашыраны вінны водкуп у гарадах. Парадак водкупу вызначала гарадское кіраўніцтва. З умацаваннем і цэнтралізацыяй дзярж. улады (18 ст.) водкуп змяніўся сістэмай акцызу (у Расіі з 1863), а ў асобных краінах (ЗША, Турцыя, Італія) захаваўся да пач. 20 ст.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1386 Адбылася паміж войскам ВКЛ на чале з князямі Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам, Вітаўтам і Канстанцінам Альгердавічам і войскам вял. кн. смаленскага Святаслава Іванавіча 29 крас. Падтрымліваючы выступленне кн. Андрэя Альгердавіча ва ўнутрыпаліт. барацьбе ў ВКЛ, Святаслаў Іванавіч вырашыў вярнуць сабе страчаную раней Мсціслаўшчыну. 18 крас. ён аблажыў Мсціслаў, але аблога не мела поспеху. 29 крас. да горада падышлі войскі ВКЛ. Святаслаў заўважыў іх і першы пайшоў у атаку. На берагах р. Віхра пачалася бітва. Калі загінуў прабіты кап’ём Святаслаў, яго ратнікі кінуліся ўцякаць. Пераможцы патрабавалі ад смалян выкупу і пасадзілі на смаленскі пасад сына Святаслава Юрыя як данніка ВКЛ.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБЛІ́ЖАНАЕ ДЫФЕРЭНЦАВА́ННЕ,

знаходжанне вытворнай (або дыферэнцыяла) функцыі набліжанымі або лікавымі метадамі. Выкарыстоўваецца, калі метады дыферэнцыяльнага злічэння не прыдатныя (напр., функцыя зададзена таблічна) або выклікаюць значныя цяжкасці (напр., функцыя мае складаны аналітычны выраз).

Алгарытмы Н.д. часта выкарыстоўваюцца для апрацоўкі вынікаў эксперыментаў, якія маюць абмежаваную дакладнасць. У такіх выпадках патрабуецца іх папярэдняе згладжванне. Дакладнасць алгарытмаў, заснаваных на інтэрпаляцыйных формулах істотна залежыць ад спосабу інтэрпаляцыі і часам бывае вельмі нізкай нават для дастаткова гладкіх функцый і вял. ліку вузлавых пунктаў. Большую дакладнасць маюць алгарытмы, заснаваныя на сплайн-інтэрпаляцыі, дзе будуецца інтэрпаляцыйная формула (сплайн), якая мае неперарыўныя вытворныя зададзеных парадкаў на зададзеным адрэзку інтэрпаляцыі.

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ ЖЫЛЛЯ́,

адно з асноўных канстытуцыйных асабістых правоў чалавека. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 29) ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Гал. гарантыя Н.ж. заключаецца ў тым, што вобыскі праводзяцца толькі на падставе матываванай пастановы следчага, якая санкцыянавана пракурорам або яго намеснікам (за выключэннем выпадкаў, калі адкладваць нельга — з захаваннем усіх прадпісанняў законаў). У інш. выпадках самавольнае ўварванне ў жыллё дапускаецца толькі для прадухілення сур’ёзнай і сапраўднай пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама жыццю і здароўю людзей. Гарантыі Н.ж. могуць быць абмежаваны ў перыяд дзеяння надзвычайнага і ваен. становішча.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)