ІНВАЗІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ, паразітарныя хваробы,

хваробы жывёл і чалавека, абумоўленыя паразітаваннем у іх арганізме асобных відаў прасцейшых, чарвей, кляшчоў і насякомых. Паводле лакалізацыі ўзбуджальнікаў падзяляюцца на эндагенныя (узбуджальнікі паразітуюць у крыві, лімфе, унутр. органах) і экзагенныя (на скуры, слізістых абалонках); паводле віду ўзбуджальнікаў — на протазаозы (узбуджальнікі прасцейшыя), гельмінтозы (чэрві), акарозы (кляшчы), энтамозы (насякомыя). Крыніца заражэння — хворыя арганізмы або пасіўныя паразітаносьбіты. Заражэнне (перадача ўзбуджальніка І.х., або інвазія) адбываецца праз ежу, ваду і аб’екты знешняга асяроддзя, пры пранікненні ўзбуджальнікаў у арганізм праз вонкавыя абалонкі (скуру, слізістыя), кантакце з хворым (большасць І.х. належаць да прыродна-ачаговых і развіццё іх узбуджальнікаў адбываецца з удзелам прамежкавых гаспадароў ці пры пэўных умовах знешняга асяроддзя). Да І.х. іншы раз адносяць хваробы раслін, выкліканыя паразітаваннем тых жа арганізмаў. І.х. жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЫ́ШНІКАЎ Уладзімір Сямёнавіч (н. 1.8.1943, г. Аляксандраўск-Сахалінскі, Расія),

бел. вучоны ў галіне клінічнай біяхіміі і клінічна-лабараторнай дыягностыкі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1967). З 1981 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1997 прарэктар. Навук. працы па вывучэнні механізмаў нейрагумаральнай рэгуляцыі метабалічных працэсаў, стану ліпіднага абмену ў хворых з пашкоджаннем бронхапульманальнай сістэмы; па даследаванні патабіяхім. асаблівасцей атэрасклерозу пры лёгачнай паталогіі; распрацоўцы мед. тэхналогій дыягностыкі для стварэння айч. тэст-сістэм. Адзін з аўтараў «Даведніка па клінічнай хіміі» (2-е выд. 1982), «Даведніка ўчастковага тэрапеўта» (1986).

Тв.:

Клиническая биохимия. Мн., 1976 (разам з У.​Г.​Колбам);

Лабораторная диагностика хирургических заболеваний. Мн., 1993 (з ім жа);

О чем говорят медицинские анализы: Справ. пособие. Мн., 1997;

Жизнь, здоровье, долголетие: Советы профессоров. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЦЦЯ́,

1) у беларусаў і інш. слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.

2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ САБО́РНАЯ ПЛО́ШЧА,

горадабудаўнічы ансамбль канца 18—1-й пал. 19 ст. ў Магілёве (цяпер плошча перад гасцініцай «Дняпро» па вул. Першамайскай). Створана паводле праекта арх. М.​Львова і В.​Стасава. Плошча ў плане мела форму эліпса. Кампазіцыйным цэнтрам яе быў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, па баках яго знаходзіліся 1-павярховыя флігелі з вежамі-ратондамі, злучаныя з саборам мураванай сцяной з металічнымі ажурнымі кратамі. Насупраць сабора ў 1780 пабудавана манум. брама з 2 невял. флігелямі па баках (звязаны з брамай такой жа агароджай). У 1820—30-я г. ансамбль плошчы завершаны будынкам манежа, за ім разбіты гар. сквер (паводле праекта Стасава). Плошча атрымала замкнёную кампазіцыю і стала гал. кампазіцыйным цэнтрам горада. Ансамбль плошчы не захаваўся.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўская Саборная плошча. З акварэлі 18 ст.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІ МЯСНЫ́Я, мухі падлавыя,

агульная назва 2 сям. двухкрылых насякомых: М.м. (Calliphoridae) і М.м. (Sarcophagidae). Больш за 2,9 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і ва ўмераных шыротах. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі родаў: акрафага (Acrophaga), каліфара (Calliphora), М.м. зялёныя (Lucilia), М.м. сінія (Cynomyia), паленія (Pollenia), пратаформія (Protophormia) і інш. Найб. трапляюцца М.м.: звычайная (Lucilia caesar), зялёная (L. sericata), шэрая (Sarcophaga carnaria) і інш.

Даўж. да 20 мм. Афарбоўка зялёная, сіняя, цёмна-шэрая, чорная з метал. бляскам. Лічынкі жывуць і кормяцца на трупах жывёл, мясных і рыбных прадуктах, у памыйных ямах; многія — паразіты млекакормячых, птушак, амфібій, малюскаў, насякомых, чарвей. Дарослыя трапляюцца на тых жа субстратах, акрамя таго — на кветках, спелай і пашкоджанай садавіне, выдзяленнях тлей.

А.​В.​Дзерункоў.

Мухі мясныя: 1 — шэрая; 2 — зялёная.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВЕ́РАЎ Аляксандр Сяргеевіч (н. 21.3.1945, г.п. Болшава Мыцішчанскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікі і хіміі палімераў. Д-р тэхн. н. (1944), праф. (1997). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1968). З 1971 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (г. Гомель), з 1982 у Гомельскім політэхн. ін-це. З 1988 у Гомельскім кааператыўным ін-це (заг. кафедры), з 1993 у Бел. ун-це транспарту. Навук. працы па матэрыялазнаўстве герметызавальных і антыкаразійных матэрыялаў, фізіцы і хіміі палімераў, сумяшчальнасці кампанентаў кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове.

Тв.:

Низкомодульные композиционные материалы на основе термопластов. Мн., 1984 (разам з В.​А.​Гальдадзе, Л.​С.​Пінчуком);

Полимерные пленки, содержащие ингибиторы коррозии. М., 1993 (разам з Л.​С.​Пінчуком);

Герметизирующие полимерные материалы. М., 1995 (з ім жа).

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГВАЛО́Д УСЯСЛА́ВІЧ,

(у хрышчэнні Барыс; ?—1128), князь полацкі, сын Усяслава Брачыславіча (Чарадзея). Свой пасад заняў пасля смерці бацькі як старэйшы сын (1101). У 1102 хадзіў на ятвягаў, разбіў іх і ўзяў вял. палон, які пасяліў у г. Барысаў, заснаваным ім у тым жа годзе. Верагодна, у 1106 узначальваў аб’яднанае войска полацкіх князёў, якое выступіла супраць земгалаў. У выніку няўдачы гэтага паходу, як можна меркаваць, быў пазбаўлены полацкага пасада. У 1127 па патрабаванні кіеўскага князя Мсціслава, які з многімі князямі прыйшоў на Полацкую зямлю Р.У. быў пастаўлены полацкім князем замест Давыда, свайго брата. З імем Р.У. звязваюць надпісы на Барысавых камянях.

Літ.:

Татищев В.Н. История Российская. М.; Л., 1963. Т. 2. С. 123;

Повесть временных лет. М.; Л., 1950. Ч. 1. С. 183.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 13, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ХТЭР (Richter) Бартан (н. 22.3.1931, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1977), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1989). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1952). З 1956 у Стэнфардскім ун-це (з 1967 праф.), з 1963 у Стэнфардскім лінейным паскаральнікавым цэнтры (у 1984—99 дырэктар). Навук. працы па квантавай электрадынаміцы, фізіцы высокіх энергій, паскаральнай тэхніцы. Пад яго кіраўніцтвам пабудавана накапляльнае Стэнфардскае пазітрон-электроннае паскаральнае кальцо (SPEAR; 1973). Адкрыў першую «зачараваную» часціцу — J/ψ-мезон, (1974, незалежна ад С.Тынга) і пацвердзіў гіпотэзу аб існаванні c-кварка. Нобелеўская прэмія 1976.

Тв.:

Рус. пер. — От ψ к очарованию. (Эксперименты 1975—1976 гг.) // Успехи физ. наук. 1978. Т. 125, вып. 2;

Следующее поколение ускорителей с электрон-позитронными встречными пучками. // Там жа. 1980. Т. 130, вып. 4.

М.​М.​Касцюковіч.

Б.Рыхтэр.

т. 13, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗКО́ Вера Аляксандраўна (2.3.1916, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 25.3.1999),

бел. музыказнавец, педагог. Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1948). У 1948—74 выкладчык Мінскага муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (з перапынкам), адначасова ў 1948—68 — Бел. кансерваторыі (з перапынкам), у 1959—64 на Рэсп. радыё (маст. кіраўнік, гал. рэдактар муз. вяшчання, старшыня муз.-рэпертуарнай камісіі). У 1974—89 выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та. Даследавала бел. опернае мастацтва, творчасць бел. кампазітараў. Складальнік зб-каў арт. пра Р.​Шырму «Песня на ўсё жыццё», песень «Спадчына» на вершы Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва 1983), аўтар муз. радыё- і тэлеперадач.

Тв.:

Белорусская советская опера. Мн., 1959;

И.​М.​Лученок // Они пишут для детей. М., 1980. Вып. 3;

Творчае гарэнне // Мастацтва Беларусі. 1989. №11;

Све. духоўнай музыкі // Там жа. 1999. №10.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ХАВА Людміла Іосіфаўна (н. 4.6.1925, станіца Ольгінская Прыморска-Ахтарскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1978), праф. (1991). Скончыла Ленінградскі ун-т (1948). З 1952 у Ін-це хіміі, з 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі (заг. лабараторыі), у 1974—96 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі (у 1974—91 заг. лабараторыі, адначасова ў 1974—81 нам. дырэктара). Навук. працы па хіміі гетэрацыклічных злучэнняў. Сінтэзавала шэраг вытворных дэкагідрахіналінаў з выбіральнай н-халінаблакіруючай і проціарытмічнай актыўнасцю, прапанавала прэпарат для лячэння піраміднай спастычнасці.

Тв.:

Стереохимия синтеза 2,9-диметил- и 1. 2, 9-триметиддекагидрохинолонов-4 и некоторых их оксипроизводных (у сааўт.) // Химия гетероциклич. соединений. 1977. № 6;

Необычная гидратация стереоизомерных транс-1,2-диметил-4-винилэтинилдекагидрохинолонов-4 (у сааўт.) // Там жа. 1980. № 8.

т. 16, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)