ІБА́РУ́РЫ ГО́МЕС ((Ibárruri Gómez) Далорэс) (9.12.1895, Гальярта, прав. Біская, Іспанія — 12.11.1989),

дзяячка ісп. і міжнар. рабочага руху. З 1917 у сацыяліст. руху. Адна з арганізатараў Камуніст. партыі Іспаніі (КПІ, 1920), з 1932 у яе кіраўніцтве. У 1931—33 рэдактар цэнтр. органа КПІ газ. «Mundo Obrero» («Рабочы свет»). З 1936 чл. картэсаў. За рэв. дзейнасць не раз была арыштавана і зняволена ў турмах. У час іспанскай рэвалюцыі 1931—39 адна з арганізатараў Нар. фронту, барацьбы супраць фашызму і італа-герм. інтэрвенцыі. У 1939—77 у эміграцыі ў СССР. У 1942—60 ген. сакратар, потым старшыня КПІ. Выступала супраць еўракамунізму. Адна з заснавальніц Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын (1945). У 1977—79 зноў у картэсах.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГУ́МЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1795—1923 у Мінскай губ. Цэнтрг. Ігумен (сучасны Чэрвень). Пл. 9,4 тыс. км², нас. 234 792 чал. (1897). Падзелены на 22 воласці (1912); Амяльнянскую (з 13.12.1922 Кнорынская), Белічанскую, Брадзецкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Верхменскую, Грабёнскую, Даўжанскую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Быхаўскім пав.), Дудзіцкую, Дукорскую, Кліноцкую, Магільнянскую (з 29.7.1920 у Нясвіжскім пав.), Навасёлкаўскую, Пагарэльскую, Пагосцкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Пярэжырскую, Пухавіцкую, Слабада-Пырашаўскую, Смілавіцкую, Уздзенскую (з 1.8.1923 у Мінскім пав.), Хутарскую (б. Юравіцкая), Цітвянскую, Шацкую, Якшыцкую. З 18.9.1923 у сувязі з перайменаваннем г. Ігумен у Чэрвень наз. Чэрвеньскі павет.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Полацкай зямлі. Цэнтрг. Ізяслаў (цяпер г. Заслаўе). У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як княства пад 1127 у час княжання Брачыслава. У канцы 1150-х г. княства — аб’ект барацьбы за валоданне ім мінскіх князёў і нашчадкаў Брачыслава, якіх падтрымліваў полацкі кн. Рагвалод Барысавіч. З 1160 у складзе Мінскай зямлі, з канца 13 ст. ў складзе ВКЛ: з 1345 належала Яўнуту, потым яго нашчадкам — князям Заслаўскім. У выніку падзелу паміж нашчадкамі і продажу часткі яго тэрыторыі княства значна паменшала. У гіст. л-ры ёсць меркаванне пра існаванне ў 12 ст. Ізяслаўска-Лагожскага княства.

Літ.:

Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.​А.​Заяц.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПО́Л (англ. International Criminal Police Organization),

скарочаная назва Міжнар. арг-цыі крымін. паліцыі. Рашэнне пра стварэнне І. прынята на кангрэсе ў Манака ў 1914. Першапачаткова створана ў 1923 як Міжнар. камісія крымін. паліцый (МККП) з цэнтрам у Вене, з 1938 у Берліне. Аднавіла дзейнасць у 1946 з цэнтрам у Сен-Клу каля Парыжа, з 1956 сучасная назва. І. выступае ў якасці міжнар. цэнтра рэгістрацыі злачынцаў, ажыццяўляе таксама каардынацыю пошукаў злачынцаў (падазроных; асоб, якія прапалі без вестак; выкрадзеных каштоўнасцей). Вышэйшы орган І. — Генеральная Асамблея, у якасці пастаянных спец. органаў дзейнічаюць Ген. сакратарыят і нац. цэнтральныя бюро. Членамі І. з’яўляюцца больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь; у кожнай дзяржаве створана цэнтр. нац. бюро І.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРГА́ (Amelanchier),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: І. каласістая (A. spicata), І. канадская (A. canadensis), І. альховалістая (A. alnifolia). У дэндрарыях і парках Беларусі трапляюцца яшчэ 5 відаў І. (круглалістая, пышнаквітучая, гладкая, малаплодная, крывава-чырвоная).

Аднадомныя, лістападныя дрэвы і кусты выш. да 8 м. Лісце простае, суцэльнае, цёмна-зялёнае, восенню аранжава-чырвонае. Кветкі белыя або крэмавыя ў шчыткападобных гронках. Цвітуць у маі, пладаносяць у ліп. — жніўні. Плод — сакавіты, ягадападобны, сінявата-чорны яблык дыяметрам да 1 см, ядомы. мае цукар, вітамін С, карацін і інш Пладовыя, меданосныя, лек. (плады, кара, лісце), дэкар. расліны.

Ірга круглалістая.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ДХ’Я-ПРА́ДЭШ,

штат у цэнтр. ч. Індыі. Пл. 444 тыс. км². Нас. каля 70 млн. чал. (1997), гарадскога каля 20%. Адм. ц.г. Бхопал. Найбольшыя гарады Джабалпур, Дург-Бхілаінагар, Індаур, Уджайн. Займае паўн. ч. Дэканскага пласкагор’я, на Пн заходзіць у межы Інда-Гангскай раўніны. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў ад 700 мм (на ПнЗ) да 1600 мм (на Пд і ПдУ); дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. У натуральнай расліннасці пераважаюць лістападныя лясы. Сельскай гаспадаркай занята 75% насельніцтва. Вырошчваюць рыс, проса, пшаніцу, бавоўнік, алейныя культуры. Шаўкаводства. Здабыча марганцавай і жал. руд, баксітаў, каменнага вугалю, алмазаў. Прам-сць: баваўняная, металургічная, металаапр. і маш.-буд., буд. матэрыялаў, харч., джутавая, папяровая, хімічная.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́РА,

у беларусаў грузавая 4-колавая павозка з бартавымі драбінамі (дошкамі або рашоткамі) для коннай ці валовай запрэжкі. Паводле пісьмовых крыніц, вядома з 16 ст. У сял гаспадарках бытавала дыяхронна і не ўсюды, у некат. раёнах Падняпроўя і Цэнтр. Беларусі з пач. 20 ст. Паводле спосабу злучэння пярэдняй і задняй частак (ходаў) М. падзяляліся на развадныя (пярэдні і задні хады маглі разводзіцца на больш шырокую, неабходную адлегласць для транспарціроўкі лесу) і неразвадныя, якія мелі своеасаблівы кузаў, часта з высокімі бартамі (драбінамі; да 1 м і болей) і служылі для перавозкі снапоў, саломы, сена. На Палессі бытавалі вузкія М. (каля 0,8 м), зручныя пры яздзе па лясных дарогах.

В.​С.​Цітоў.

Мажара.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1948, адкрыты ў 1949 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 273,2 м², каля 23 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў жаночыя ўпрыгожанні бронзавага веку, амфара 12 ст., кафля і посуд 16—18 ст. з археал. помнікаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, пра дзейнасць падполля і партыз. руху на Мазыршчыне ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза М.У.Барысава, М.П.Катлаўца, М.В.Мураўёва, пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, гасп. і культ. жыццё ў пасляваен. час. Аб’ядноўвае музеі дэкар.-прыкладнога мастацтва кераміста М.М.Пушкара, прыроды і археалогіі і «Палеская веда», цэнтр рамёстваў.

І.​І.​Васількова.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ГУА (Managua),

горад, сталіца Нікарагуа, на паўд. беразе воз. Манагуа, за 45 км ад Ціхага ак. Утварае самастойную адм. адзінку — нац. акругу Манагуа. 682 тыс. ж. (1997). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Гандл. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. Чыг. станцыя. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая; вытв-сць тавараў шырокага ўжытку; цэментны і нафтаперапр. з-ды. Ун-т, мед. акадэмія, акадэмія геаграфіі і гісторыі Нікарагуа. Нац. музей Нікарагуа. Нац. тэатр.

Засн. іспанцамі ў 16 ст. на месцы індзейскага паселішча. У 1846 атрымала гар. правы. З 1858 сталіца рэспублікі Нікарагуа. У 1912—25 і 1926—33 акупіравана войскамі ЗША Неаднаразова разбуралася, у т. л. ў выніку паводкі (1876), пажараў (1885), землетрасенняў (у 1972 амаль цалкам).

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ «ДОМ НА РЫ́НКУ»,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчыт гал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Нясвіжскі «Дом на рынку».

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)