БРА́ЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Расійскай Федэрацыі, на р. Ангара. Утворана плацінай Брацкай ГЭС. Запоўнена ў 1961—67. Пл. 5470 км², аб’ём вады 169,3 км². 2 асн. плёсы: па р. Ангара (даўж. больш за 500 км, найб. шыр. 33 км) і па р. Ака (даўж. 370 км). Ваганні ўзроўню да 10 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства, лесасплаву, водазабеспячэння і рыбнай гаспадаркі. Порт г. Брацк.

т. 3, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦЯ́НКА,

курганны могільнік 10—11 ст. дрыгавічоў каля в. Брацянка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальныя абрады: трупаспаленне на месцы пахавання і па-за межамі могільніка; трупапалажэнне на гарызонце. У некаторых насыпах побач з пахаваннямі трапляліся камяні (звязана, відаць, з перажыткамі пахавальнага абраду каменных курганоў). Сярод знаходак жал. нажы, крэсівы, трохпацеркавыя скроневыя кольцы, жаночыя ўпрыгожанні, ганчарныя гаршкі. Могільнік, магчыма, быў некропалем стараж. Навагрудка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НКЕЛЬРЫД ((Winkelried) Арнольд) (? — 9.6.1386),

швейцарскі нар. герой. Жыў у кантоне Унтэрвальдэн. Вызначыўся ў бітве з аўстр. войскам каля г. Земпах 9.6.1386: учапіўся за дзіды варожых рыцараў і, прыціснуўшы іх падзеннем свайго цела, зрабіў брэш, праз якую праніклі швейц. воіны-сяляне. Цаной свайго жыцця садзейнічаў перамозе швейцарцаў. Гэты подзвіг услаўлены ў «Земпахскай песні» (складзена каля 1476), што зрабіла Вінкельрыда легендарнай асобай.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1878 у Віцебску. Быў адным з найб. піваварных прадпрыемстваў Расійскай імперыі. Меў паравыя рухавікі (з 1908). Вырабляў піва баварскае, чорнае і інш., да 330 тыс. вёдраў за год, працавала 50 рабочых (1913). У сав. час рэканструяваны і расшыраны. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Пензенскую вобл. Расіі. Адноўлены ў Віцебску ў 1947. Выпускае піва і безалкагольныя напіткі.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ШАНЬКА»,

бел. нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКА,

рака ў Мінскай і Гродзенскай абласцях, левы прыток Бярэзіны (бас. Нёмана). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 391 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнЗ ад хутара Рудня Валожынскага р-на. Цячэ праз Налібоцкую пушчу. Даліна невыразная. Пойма вузкая, забалочаная, пад лесам і хмызняком. Рэчышча звілістае, разгалінаванае ў сярэднім цячэнні, на працягу 5 км ад вытоку каналізаванае. Берагі абрывістыя, невысокія.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РНАЎКА,

вёска ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на Пд ад г.п. Карма, 80 км ад Гомеля, 73 км ад чыг. ст. Рагачоў, на аўтадарозе Карма — Чачэрск. 485 ж., 196 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі ва ўрочышчы Грэнск гарадзішча ранняга жал. веку.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ,

рабочы пасёлак у Беларусі, у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр пасялковага Савета і торфапрадпрыемства «1 Мая». За 12 км на У ад г. Чашнікі, 80 км ад Віцебска, 15 км ад чыг. ст. Чашнікі. Утвораны ў 1967 з пасёлка торфапрадпрыемства «1 Мая» (існаваў з 1949). 310 ж., 141 двор (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ІД,

дзеючы вулкан на в-ве Атласава, у Ахоцкім м., найвыш. ў В. Курыльскай градзе. Выш. да 2339 м. Падводная ч. ўтворана асновай уласна Алаіда, размешчанай на больш стараж. вулканічным конусе. Складзены з андэзітабазальтавых лаваў. Каля асновы амаль 30 пабочных конусаў. Схілы ўкрыты альхова-рабінавымі зараснікамі, высакатраўем. З выш. 700—800 м — палосы лёду і снегу. За 200 апошніх гадоў каля 6 вывяржэнняў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАМЕТРЫ́Я (ад ала... + ...метрыя),

гетэрагонія, нераўнамерны рост асобных частак цела ў працэсе развіцця жывёльнага арганізма. Бывае адмоўнай (напр., запаволены рост галавы ў адносінах да ўсяго цела ў дзіцяці) і станоўчай (напр., паскораны рост рагоў у жвачных жывёл). Парушэнне ўзаемадзеяння паміж развіццём асобных частак арганізма жывёлы адбываецца пры хуткім павелічэнні агульных памераў цела за кошт простага прадаўжэння перыяду росту, без адначасовай перабудовы карэляцый.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)