статыстычная ці імавернасная залежнасць паміж велічынямі, з’явамі, падзеямі, якая не мае строга функцыянальнага характару. Выкарыстоўваецца ў імавернасцей тэорыі, кібернетыцы і інш., а таксама для выяўлення стат. і імавернасных заканамернасцей у фізіцы, хіміі, тэхніцы.
Узнікае, калі залежнасць адной прыкметы ад другой ускладняецца наяўнасцю звычайна невядомых выпадковых фактараў, напр., пры стат. апісанні дынамічнай сістэмы. У тэорыі імавернасці К. паміж 2 выпадковымі падзеямі выяўляецца ў тым, што імавернасць адной з іх пры наяўнасці другой адрозніваецца ад безумоўнай імавернасці. Колькаснай мерай К. з’яўляецца каэфіцыент карэляцыі (для выпадковых велічынь) ці карэляцыйная функцыя (для выпадковых працэсаў). Гл. таксама Матэматычная статыстыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
перадача інфармацыі паміж наземнымі пунктамі і касм. лятальнымі апаратамі (КЛА), паміж наземнымі пунктамі праз КЛА, а таксама паміж КЛА. Важнейшыя віды К.с.: радыёсувязь, радыёвяшчанне, сістэмы выратавання тых, што церпяць бедства, і вызначэнне месцазнаходжання аб’ектаў.
Асн. асаблівасці сістэм К.с. — высокая якасць перадачы і вял. прапускная здольнасць каналаў сувязі ў спалучэнні з вял. зонай абслугоўвання; дыяпазон частот ад соцень мегагерц да соцень гігагерц, а таксама аптычныя частоты (лазерная сувязь). Для К.с. паміж наземнымі пунктамі выкарыстоўваюцца ШСЗ, якія рухаюцца па эліптычных ці кругавых стацыянарных арбітах на малых, сярэдніх і вял. вышынях (гл.«Інтэлсат», Спадарожнікавая сувязь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́САРАВА СЯЧЭ́ННЕ, кесарскае сячэнне
[ад lex Caesarea — у Стараж. Рыме царскі (кесараў) закон, што дазваляў рабіць такую аперацыю],
хірургічная аперацыя з мэтай дастаць плод і паслед з поласці маткі праз разрэз яе сценкі Адрозніваюць К.с. абдамінальнае (брушна-сценачнае) і похвеннае. Робяць К.с. пры жывым плодзе, калі ёсць пагроза для жыцця маці і плода, калі нармальныя роды немагчымы (вузкі ці дэфармаваны таз, рэзкія рубцовыя змены похвы, узрост жанчыны — 30 і больш гадоў, вял. плод і інш.). Пры вострых і моцных крывацёках, некаторых хваробах К.с. робяць нават пры мёртвым ці нежыццяздольным плодзе для выратавання маці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́Й, ШЧЭК, ХАРЫ́Ў,
князі палян, браты, якія паводле «Аповесці мінулых гадоў» заснавалі 3 паселішчы, што пазней склалі аснову г.Кіеў. Існаванне на тэр. Кіева некалькіх паселішчаў, якія ў 9—10 ст. зліліся ў адзін горад, пацверджаны данымі археал. раскопак. Паданне аб заснаванні Кіева ўзнікла ў 7—8 ст., яно запісана ў 8 ст. ў Арменіі. Захавалася таксама паданне аб палянскім князю Кію, які быў прыняты ў Канстанцінопалі імператарам і заснаваў горад на Дунаі. Б.А.Рыбакоў лічыў Кія рэальнай асобай, якая жыла ў 6 ст.
Літ.:
Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́РЫНГ (англ. clearing),
сістэма безнаяўных разлікаў за тавары, паслугі, каштоўныя паперы, заснаваная на заліку ўзаемных патрабаванняў і абавязацельстваў. Адрозніваюць К. банкаўскі і валютны. Банкаўскі К. — сістэма міжбанкаўскіх безнаяўных разлікаў, заснаваных на ўзаемным заліку роўных плацяжоў; ажыццяўляецца праз спец. разліковыя палаты (клірынгавыя дамы). Валютны К. заснаваны на міжурадавым пагадненні і прадугледжвае цэнтралізаваны залік узаемных патрабаванняў і абавязацельстваў па экспарце і імпарце тавараў, аперацыях негандлёвага характару і інш. плацяжах, што ўзнікаюць у выніку развіцця эканам. сувязей паміж асобнымі краінамі. Можа быць аднабаковым і шматбаковым. Выкарыстоўваецца звычайна краінамі, якія не маюць свабоднай абарачальнасці нац. валюты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ТЦЫНГ ((Klitzing) Клаўс Олаф фон) (н. 28.6.1943, г. Сьрода, Польшча),
нямецкі фізік. Чл. Еўрапейскай Акадэміі (1989). Замежны чл.Рас.АН (1994), Нац.АН ЗША (1990). Скончыў тэхн.ун-т у г. Браўншвейг (1969). З 1969 ва ун-тах Вюрцбурга і Мюнхена, з 1985 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела імя М.Планка (г. Штутгарт). Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў і нізкапамерных электронных сістэм. Адкрыў квантавы Хола эфект (1980), што зрабіла магчымым стварэнне новага эталона адзінкі эл. супраціўлення — ома. Нобелеўская прэмія 1985.
Тв.:
Рус.пер. — Квантованный эффект Холла // Успехи физ. наук. 1986. Т. 150, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ ПІСЬМО́,
літарнае пісьмо, створанае ў 2 ст. егіпцянамі—перакладчыкамі Бібліі на стараж.-егіп. мову для прапаганды хрысціянства сярод егіпецкага насельніцтва. Складанае і спецыфічнае егіпецкае пісьмо, якім да таго часу карысталіся егіпцяне, было непрыдатным для перакладу іншамоўнага тэксту. У аснову К.п. быў пакладзены грэч. алфавіт: 24 крыху відазмененыя грэч. літары і дададзены 8 знакаў дэматычнага пісьма (спрошчанага егіп.), што перадавалі гукі, для пазначэння якіх не было грэч.літар. З выцясненнем копцкай мовы К.п. выйшла з ужытку і захавалася толькі ў рэліг. тэкстах коптаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЦІ́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,
механічныя ваганні, пры якіх пругкія элементы канструкцый зведваюць дэфармацыю кручэння. Напр., гарманічны рух круцільнага маятніка. Выяўляюцца таксама ў машынах з пераменнай нагрузкай на вярчальны вал, напр., поршневых рухавіках, турбінах, генератарах, сілавых перадачах трансп. машын.
К. в. круцільнага маятніка выкарыстоўваюцца ў розных фіз. прыладах, напр., для вызначэння модуля пругкасці пры зруху, каэфіцыентаў унутр. трэння. У канструкцыях механізмаў і машын К. в. звычайна адмоўная з’ява — пры супадзенні частаты ваганняў, што ўзнікаюць, з адной з частот, напр., сілавой перадачы, выяўляюцца рэзанансныя К. в. (гл.Рэзананс), якія вядуць да разбурэння машыны. Гл. таксама Флатэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́Т ВЭ́КСАЛЬНЫ,
крэдытная аперацыя, якая ўяўляе сабой куплю вэксаля да надыходу тэрміну плацяжу па ім (улік вэксаля). Пры К.в. пакупнік вэксаля (звычайна камерцыйны банк або банкаўская кантора) датэрмінова выплачвае (крэдытуе) яго трымальніку суму, на якую выпісаны вэксаль, за вылікам працэнтаў, памер якіх вызначаецца пагадненнем бакоў на базе існуючага працэнта за крэдытны капітал у залежнасці ад якасці і тэрміну вэксаля. Пры гэтым пакупнік вэксаля атрымлівае прыбытак за кошт розніцы паміж сумай, якую ён атрымае ў выпадку аплаты вэксаля абавязанай асобай, і сумай, выплачанай пры К.в. Звычайна да ўліку прымаюцца вэксалі, што ўтрымліваюць абавязацельствы фірм, плацежаздольнасць якіх гарантавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛ,
у беларусаў бандарны выраб для захоўвання адзення, даматканага палатна, каштоўных рэчаў. К. рабілі з доўгіх (да 120—140 см) асінавых ці хваёвых клёпак, якія расстаўлялі вакол круглага, радзей эліпсоіднага днішча і сцягвалі 4—7 абручамі. Дзве больш доўгія процілеглыя клёпкі, што выступалі зверху, утваралі вушкі (былі К. і без іх). Неабходны элемент К. — накрыўка (простая ці з векам), якая заціскалася зверху засаўкай, прасунутай праз вушкі; на адным канцы цуркі часам была проразь для замка. К. быў неабходным атрыбутам вясельнай абраднасці і шырока ўжываўся да пач. 20 ст. У наш час трапляецца эпізадычна.