ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),

род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.

Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.

Вужоўнік звычайны.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫБІВА́ННЕ, дыфоўка,

тэхніка халоднай апрацоўкі ліставога металу, які ад удару малатка паддаецца дэфармацыі, набывае неабходную форму. Бывае ручное, механізаванае і па мадэлі. Вядома са старажытнасці (дэталі скульптур Фідзія і Паліклета), шырока выкарыстоўвалася ў Зах. Еўропе ў часы сярэднявечча і эпоху Адраджэння, стараж. Русі для вытв-сці кубкаў, чашаў, каўшоў, катлоў, рыцарскага ўзбраення; пазней для вырабу барэльефаў і круглай скульптуры. Мела адмысловыя назвы — «бітая медзь», «каваная медзь», «выбіўка» і інш. Найб. вядомыя творы ў тэхніцы выбівання: статуя «Свабоды» (Ф.​А.​Бартальдзі, 1886) у Нью-Йорку, скульпт. група «Рабочы і калгасніца» (В.​Мухіна, 1935—37) у Маскве і інш. Бел. мастакі выкарыстоўваюць выбіванне ў скульптуры (барэльефы мемар. комплексу «Рыленкі») і ў дэкар.-прыкладным мастацтве (І.​Курачыцкі, Ю.​Любімаў і інш.).

І.​М.​Каранеўская.

Да арт. Выбіванне. І.​Курачыцкі. Рэльеф «Цырк». 1975.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЫНАМІ́ЧНЫ ПАЛІГО́Н,

участак зямной паверхні, ахоплены разамкнутай або замкнутай ломанай лініяй, дзе сістэматычна праводзяцца геал., гідрагеал., геахім., геад. і геафіз. даследаванні з мэтай вывучэння сучасных тэктанічных працэсаў Зямлі. Тэрмін уведзены сав. вучонымі Г.​І.​Каратаевым, Э.​Э.​Фатыядзі і А.​Л.​Яншыным (1960-я г.). Звесткі, атрыманыя на геадынамічным палігоне, выкарыстоўваюцца для вывучэння сучасных глыбінных працэсаў, іх ролі ў фарміраванні зямной кары, асабліва для прагнозу землетрасенняў і ацэнкі верт. і гарыз. перамяшчэнняў паверхні зямной кары ў раёнах з асабліва адказнымі аб’ектамі (АЭС, метро, нафта- і газаправоды, хім. з-ды і інш.). На Беларусі створаны рэгіянальны комплексны геадынамічны палігон, які ахоплівае таксама і тэр. Прыбалтыкі; геадэзічны палігон у цэнтр. ч. Беларусі, лакальныя комплексныя палігоны ў Прыпяцкай упадзіне і ў раёне г. Валожын.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТ (Hyacinthus),

манатыпны род кветкавых раслін сям. гіяцынтавых. Вядомы 1 від — гіяцынт усходні (H. orientalis). Пашыраны на ўсх. Міжземнамор’і і ў Сярэдняй Азіі. Культывуецца з пач. 15 ст. На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе АН (1958). Мае шмат садовых формаў і сартоў (больш за 400; на Беларусі выпрабаваны 58). Цвіце ў красавіку — маі каля 20 дзён. Выкарыстоўваецца ў адкрытым грунце для групавых пасадак, на зразанне і для выганкі.

Шматгадовая цыбульная травяністая расліна з прамастойным сцяблом-стрэлкай выш. да 20 см. Лісце доўгае, лінейнае, жалабатае, у разетцы. Кветкі (у дзікарослага 2—6, у культываваных 15 шт. і болей) званочкападобныя, розных колераў, духмяныя, у рыхлых гронкападобных цыліндрычных суквеццях, звычайна яркаафарбаваныя. Плод — мясістая каробачка з чырванавата-бурым насеннем. Размнажаецца вегетатыўна (цыбулінамі-дзеткамі, ліставымі чаранкамі) і насеннем.

Гіяцынт (садовая форма).

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЛО́БУС»

(Globe),

тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.​Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.

Будынак тэатра «Глобус».

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з неаднароднай грубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. Асн. кірункі грубашэрснай авечкагадоўлі: футравы (раманаўская парода), смушкавы (каракульская), мяса-сальны (гісарская і інш. курдзючныя пароды), мяса-воўнавы (кучугураўская, міхноўская), мяса-воўна-малочны (тушынская, карабахская і інш. закаўказскія і паўн.-каўказскія пароды). У некаторых еўрап. краінах (Швецыя, Нарвегія, Данія), а таксама на Беларусі грубашэрсных авечак гадуюць пераважна для атрымання мяса і аўчыны; у краінах з гарачым кліматам (Індыя, Алжыр, Ірак) — курдзючных і тлустахвостых авечак. Смушкавая авечкагадоўля развіта ў Іране, Афганістане, Паўд.-Зах. Афрыцы і інш. Маса грубашэрсных авечак ад 45 кг (раманаўская) да 90—140 кг (гісарская). Характэрны высокі (да 80%) выхад чыстай воўны, якую выкарыстоўваюць для вытв-сці грубага сукна, дываноў, валеных і вязаных вырабаў, лямцу. Гл. таксама Авечкагадоўля.

т. 5, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),

французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.

Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжы (з арх. П.​Леско). 1547—49.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́МБА (галанд. dam),

гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе насыпу, будовай аналагічнае земляной плаціне. Бываюць напорныя і безнапорныя. Выкарыстоўваюцца для аховы ад затаплення і падтаплення с.-г. угоддзяў, населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў (Д. абвалавання), для рэгулявання рэчышчаў, прадухілення іх размываў, адкладання наносаў (рэгулявальныя Д.).

Д. абвалавання будуюць з мясц. грунтоў, яны могуць умацоўвацца каменным накідам, бетоннымі або жалезабетоннымі плітамі, мець проціфільтрацыйныя ядро або экран з гліністых грунтоў ці поліэтыленавай плёнкі, дрэнаж. Рэгулявальныя Д. будуюць з каменнага накіду, каркасна-каменных канструкцый, фашын і інш. (гл. Рэгуляцыйныя збудаванні). На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Д. робяцца пры буд-ве вадасховішчаў і водных сістэм (напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме).

Г.​Г.​Круглоў.

Папярочныя профілі дамбаў абвалавання з экранам з грунтавога матэрыялу (1), з ядром (2) і з экранам з поліэтыленавай плёнкі (3).

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎЭСА ПЛАН,

план забеспячэння выплаты рэпарацый Германіяй, устаноўлены для яе дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя пасля 1-й сусв. вайны). Распрацаваны ў 1923—24 міжнар. к-там экспертаў на чале з Ч.Даўэсам (адсюль назва). Зацверджаны 16.8.1924 на спец. канферэнцыі ў Лондане. Прадугледжваў выдаткаванне Германіі пазыкі ў памеры 200 млн. дол. (у т. л. 110 млн. банкамі ЗША) для стабілізацыі яе валюты (маркі), устанаўленне кантролю саюзных дзяржаў над герм. дзярж. бюджэтам, грашовым абарачэннем, крэдытам і чыгункамі, вызначыў памеры плацяжоў Германіяй у першыя 5 гадоў па 1—1,75 млрд. марак у год, потым па 2,5 млрд. марак у год. Прыняцце Д.п. садзейнічала паскарэнню вываду франц. і бельг. войск з Рура пасля рурскага канфлікту 1922—23, павелічэнню замежных інвестыцый у эканоміку Германіі і, як вынік, аднаўленню герм. эканам. патэнцыялу. У 1930 заменены Юнга планам.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЕ́ННЕ,

арыфметычнае дзеянне, адваротнае множанню. Падзяліць лік a (дзеліва) на b (дзельнік адрозны ад нуля) — значыць знайсці такі лік x (дзель), што здабытак bx = a (або xb = a). Для абазначэння Дз. выкарыстоўваюць знакі двукроп’я (a:b), гарыз. (ab) або нахільнай (a/b) рысы.

Для рацыянальных лікаў (цэлых, дробных і нуля) Дз. адназначнае і заўсёды магчымае (акрамя Дз. на нуль, што немагчыма). У межах цэлых лікаў — адназначнае, але не заўсёды магчымае, напр., 6 дзеліцца на 2 і 3, але не дзеліцца на 5. Абагульненнем звычайнага Дз. з’яўляецца Дз. з астачай. Падзяліць цэлыя неадмоўныя лікі a на b — знайсці такія цэлыя неадмоўныя лікі x і y, якія задавальнялі б патрабаванні a = bx + y, y < b, дзе x — няпоўная дзель (пры y ≠ 0) ці дзель (пры y = 0); y — астача. Гл. таксама Падзельнасць.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)