ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),
мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.Тцара, Г.Баля, Р.Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.Брэтона і Ф.Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.Элюара, «Феерверк» Л.Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.Дзюшан, М.Эрнст, Ф.Пікабія, швейцарац Г.Арп, немец К.Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.
Літ.:
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
К.М.Міхееў (дадаізм у літаратуры).
Да арт.Дадаізм. Г.Арп. Дошка з яйкамі 1922.Да арт.Дадаізм. М.Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛО́НКАклеткі, клетачная сценка,
структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.
Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ЦЭН,
абагульняльны паказчык дынамікі і суадносін узроўню цэн, які характарызуе адносныя змены цэн за пэўны перыяд. Вызначаецца адносінамі сярэднеўзважаных цэн на асобныя віды тавараў (паслуг) або іх сукупнасці да сярэднеўзважаных цэн у базісным перыядзе. І.ц. можа быць індывідуальны — разлічваецца для пэўных відаў тавараў (паслуг), і зводны — характарызуецца суадносінамі ўзроўню цэн (тавараў, паслуг) па іх сукупнасці. У сваю чаргу зводныя І.ц. падзяляюцца на агульныя, якія ахопліваюць усю вывучаемую сукупнасць тавараў і паслуг, і групавыя — вызначаюцца для пэўных груп тавараў (паслуг).
Адрозніваюць індэкс рознічных і спажывецкіх цэн на тавары і паслугі. Індэксы рознічных цэн разлічваюцца для вызначэння іх сярэдняга змянення на тыя тавары і паслугі, якія набываюцца пэўнымі групамі насельніцтва. Падлічваюцца на падставе рэгістрацыі рознічных цэн для стандартнага набору тавараў і паслуг, а вагі вызначаюцца па структуры спажывецкіх расходаў сем’яў рабочых і служачых (устанаўліваюцца папярэднімі абследаваннямі іх бюджэтаў). Індэксы гэтага віду адносяцца да індэксаў кошту жыцця. Пры налічэнні ўласна індэксаў рознічных цэн не ўлічваюцца паслугі, якія рэалізуюцца па-за рознічным гандлем, а вагі разлічваюцца па частцы тавараў у агульным абароце рознічнага гандлю. Індэкс спажывецкіх цэн характарызуе змяненне агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі, якія набываюцца насельніцтвам для невытворчага спажывання. Ён паказвае дынаміку змены цаны рыначнага набору спажывецкіх тавараў («рыначны кошык») і выкарыстоўваецца для пераразліку намінальнага аб’ёму прадукцыі (даходу) у рэальны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БІЯХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1985 у Гродне на базе Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі (з 1970). Лабараторыі (1998): біяхіміі каферментаў, біяхіміі эндакрынных залоз, біяфізікі, эксперым. гепаталогіі, аналіт. біяхіміі, экалагічнай біяхіміі, энзімалогіі і біятэхналогіі, марфалогіі і нейрахіміі, біяхім. фармакалогіі, біяхіміі спіртоў і альдэгідаў. Аспірантура (з 1970).
Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў абмену рэчываў на ўзроўні цэлага арганізма, асобных органаў, тканак, клеткі і ферментатыўных рэакцый; карэкцыя парушэнняў абмену рэчываў з дапамогай прыродных біялагічна актыўных злучэнняў і іх вытворных. Вынікі даследаванняў: на арганізмавым, клетачным і малекулярным узроўнях вывучаны метабалізм вітаміну B, ва ўмовах гіпер- і гіпавітамінозу; даследаваны фіз.-хім. ўласцівасці і структура ізаляваных вітаміназалежных ферментаў; вывучана морфабіялогія кары наднырачнікаў жывёл пры стрэсе, расшыфраваны малекулярныя механізмы функцыян. цыкла картыкацытаў; вызначаны метабалічныя перадумовы і наступствы ўжывання алкаголю, расшыраны ўяўленні пра біяхім. механізмы патагенезу алкагалізму і прапанаваны новыя падыходы ў прафілактыцы і лячэнні захворвання; атрыманы даныя аб біяхім. механізмах рэалізацыі біял. актыўнасці і накіраванай рэгуляцыі метабалічнага балансу ў ц. н. с., печані і злаякасных новаўтварэннях амінакіслотамі і іх вытворнымі; на іх аснове створаны новыя эфектыўныя лек. прэпараты; высветлена роля біясінтэзу каферменту A у фарміраванні ўнутрыклетачнага фонду каферменту і яго ацыліраваных форм; даследаваны біятрансфармацыя і фармакалагічная актыўнасць вытворных пантатэнавай к-ты, распрацаваны на іх аснове сродкі метабалічнай тэрапіі. У Ін-це працаваў акад.АН Беларусі Ю.М.Астроўскі, працуюць 12 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,
рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр.Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогу сац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іхрэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш.нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.
Літ.:
Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ГКАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, у якім вывучаюцца перамяшчэнні, дэфармацыі і напружанні, што ўзнікаюць у пругкіх целах пад уздзеяннем нагрузкі. З’яўляецца навук. асновай разлікаў на трываласць, дэфармавальнасць і ўстойлівасць машын, канструкцый, збудаванняў, іх элементаў, геал. структур, частак жывых арганізмаў і інш., што знаходзяцца пад уздзеяннем сіл, т-р, радыеактыўных апрамяненняў і г.д.
Метадамі П.т. вызначаюць: дапушчальныя нагрузкі, пры якіх у аб’екце не ўзнікаюць небяспечныя напружанні ці перамяшчэнні; найб. мэтазгодныя канфігурацыі і памеры збудаванняў і іх дэталей; перагрузкі, што ўзнікаюць пры дынамічных уздзеяннях; амплітуды і частоты ваганняў канструкцый і іх частак, а таксама дынамічныя напружанні, якія ўзнікаюць у іх; сілавыя нагрузкі, пры якіх аб’ект траціць устойлівасць. Гэтыя разлікі выкарыстоўваюцца таксама для вызначэння матэрыялаў, найб. прыдатных для вырабу запраектаванага аб’екта, або матэрыялаў, якімі можна замяніць пэўныя часткі арганізма (касцявыя тканкі, крывяносныя сасуды і інш.). Асн. закон П.т. — абагульнены Гука закон, паводле якога напружанні механічныя лінейна залежаць ад дэфармацый. Пругкія ўласцівасці (пругкасць) цел характарызуюцца модулямі пругкасці. Эксперым. метады П.т. (палярызацыйна-аптычны метад даследавання, метады шматпунктавага тэнзаметрыравання, муараў і інш.) дазваляюць у некаторых выпадках непасрэдна вызначаць размеркаванне напружанняў і дэфармацый у доследным аб’екце.
Літ.:
Тимошенко С.П., Гудьер Дж. Теория упругости: Пер. с англ. 2 изд. М., 1979;
Хан Х. Теория упругости: Основы линейной теории и ее применения: Пер. с нем. М., 1988;
Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЭ́ННЕ ПАЛІМЕ́РАЎ,
неабарачальная змена (пагаршэнне) уласцівасцей палімераў і палімерных матэрыялаў пад уздзеяннем знешніх фактараў (цяпла, святла, вільгаці, іанізавальных выпрамяненняў і інш.). Адбываецца пры перапрацоўцы і захоўванні палімераў, а таксама эксплуатацыі вырабаў з іх.
Абумоўлена хім. ператварэннямі макрамалекул, якія прыводзяць да іх дэструкцыі (гл.Дэструкцыя палімераў) і да ўтварэння разгалінаваных ці трохвымерных структур («сшывання»). Паводле фактару, што ініцыіруе хім. працэсы, адрозніваюць С.п. пад уздзеяннем цяпла (тэрмічнае), святла (светлавое, ці фотастарэнне), кіслароду (акісляльнае), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйнае), С.п. у агрэсіўным хім. асяроддзі (хемадэструкцыя) і інш. Звычайна С.п. адбываецца пад уздзеяннем комплексу знешніх фактараў (напр., атм. старэнне), а таксама пры спалучэнні любых відаў С.п. з акісленнем кіслародам паветра. Найб. пашырана тэрмаакісляльнае С.п., якое звязана з ланцуговай хімічнай рэакцыяй акіслення палімера пры награванні ў паветры. Важны фактар, які паскарае старэнне, — мех. напружанні, што ўзнікаюць у палімерах пры іхмех. перапрацоўцы і пры пэўных умовах эксплуатацыі вырабаў (гл. Механахімія палімераў). Фіз. працэсы (напр., крышталізацыя палімера, дэсорбцыя з матэрыялу фарбавальніка, пластыфікатару і інш. дабавак) таксама прыводзяць да змены ўласцівасцей палімераў і ўзнікнення мех. напружанняў. Скорасць С.п. залежыць не толькі ад знешніх фактараў і інтэнсіўнасці іх уздзеяння, але і ад хім. будовы, структуры і тэхналогіі атрымання палімераў і матэрыялаў. С.п. прыводзіць да страты комплексу карысных уласцівасцей, растрэсквання, часам да поўнага разбурэння вырабаў. Для памяншэння ці ліквідацыі шкоднага ўплыву старэння выкарыстоўваюць розныя спосабы стабілізацыі палімераў і палімерных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЙ БУДО́ВЫ ТЭО́РЫЯ,
класічная структурная тэорыя аб залежнасці ўласцівасцей рэчываў (пераважна арган.) ад будовы іх малекул. Асн. прынцыпы Х.б.т. прапанаваны А.М.Бутлеравым (1861), які ўпершыню ўвёў паняцце аб хім. будове (або структуры) рэчыва як вызначанай паслядоўнасці, паводле якой атамы злучаюцца ў адпаведнасці з іхвалентнасцю і ўтвараюць малекулы рэчыва.
Асн. палажэнне Х.б.т. — хім. і фіз. ўласцівасці злучэнняў залежаць не толькі ад тыпу і колькасці атамаў, якія ўваходзяць у іх састаў, але і ад хім. будовы малекул. Кожнаму рэчыву адпавядае пэўная формула хім. будовы, якую можна паказаць графічна. Такая структурная формула дае ўяўленне аб магчымых хім. ператварэннях рэчыва. Бутлераў растлумачыў адрозненні ўласцівасцей ізамерных злучэнняў (гл.Ізамерыя) як рэчываў аднолькавага якаснага і колькаснага саставу, але розных па хім. будове, а таксама адкрыў з’яву таўтамерыі. Х.б.т. дала магчымасць прадказання, сінтэзу і доказу будовы разнастайных ізамерных злучэнняў рада вуглевадародаў, спіртоў, карбонавых кіслот. Яна садзейнічала развіццю арган. сінтэзу, дазволіла сістэматызаваць шматлікія эксперым. даныя, стала фундаментам для класіфікацыі арган. злучэнняў і іх наменклатуры. Х.б.т. далей развіта ў працах У.В.Маркоўнікава, А.М.Зайцава і інш.Асн. палажэнні Х.б.т. на сучасным этапе хім. навукі паглыблены электроннымі ўяўленнямі аб хім. сувязі, яе квантава-хім. апісаннем, пацверджаны данымі фізіка-хім. метадаў даследавання структуры рэчываў. Гл. таксама Арганічная хімія, Стэрэахімія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНАТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў стварэння і выкарыстання матэрыялаў, устройстваў і сістэм, памеры якіх у адным, двух ці трох вымярэннях знаходзяцца ў межах ад 0,1 нм да 100 нм.
Да аб’ектаў Н. належаць атамныя кластэры, плёнкі, трубкі, ніці і іх асацыяты, а таксама сітаватыя матэрыялы. Дае магчымасць «праграміраваць» уласцівасці аб’ектаў, пры гэтым спалучаць як іх дэзінтэграцыю, так і зборку з адзінкавых атамаў (малекулярнае дойлідства). Напр., у сканіруючым тунэльным мікраскопе пад уздзеяннем эл. поля атамы (іоны) з метал. іголкі пераносяцца на паверхню правадніка, аддзеленага ад іголкі вакуумным прамежкам; перамяшчэннем іголкі ўздоўж паверхні паўправадніка можна ствараць на ім «атамныя ўзоры» і выкарыстоўваць іх для запісу інфармацыі. Аб’екты Н. ствараюць таксама імплантацыяй (укараненнем) паскораных іонаў унутр. крышталя, малекулярна-прамянёвай эпітаксіяй, хім. сінтэзам і інш. метадамі. Зменай памераў і формы аб’ектаў можна мяняць іх уласцівасці (напр., удзельную электраправоднасць) пры захаванні хім. саставу. Н. выкарыстоўваецца пры стварэнні новых матэрыялаў (напр., фулерэнаў, вугляродных нанатрубак), вырабе прыборных паўправадніковых гэтэраструктур з квантавымі ямамі і звышрашоткамі, кіраванні хім. рэакцыямі (напр., каталіз) і інш. Даследуюцца магчымасці стварэння нанаробатаў.
На Беларусі даследаванні па Н. вядуцца ў Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах.
Літ.:
Нанотехнология в ближайшем десятилетии. Прогноз направления исследований: Пер. с англ.М., 2002;
Nanotechnology. New York, 2003;
Гапоненко Н.В. Пленки, сформированные золь-гель методом на полупроводниках и в мезопористых матрицах. Мн., 2003.