РОЛ (ням. Rolle ролік, каток),

апарат перыядычнага дзеяння для размолу валакністых матэрыялаў у вытв-сці паперы і кардону. Рабочае прыстасаванне — 2 камплекты нажоў: нерухомы на планцы і вярчальны на барабане. Устанаўліваецца ў спец. ванне, куды загружаюць валакністыя матэрыялы, змяшаныя з вадой. З’явіліся ў канцы 17 ст. Замяняюцца канічнымі млынамі (складаюцца з канічнага ротара з замацаванымі на ім нажамі і кажуха з такімі ж зубамі) і дыскавымі рафінёрамі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬДЖУ́КІ,

галіна плямён цюркаў-агузаў (туркменаў; першапачаткова жылі на Сырдар’і), названая так ад імя іх правадыра Сельджука (10 — пач. 11 ст.), а таксама адна з назваў створанай ім мусульманскай дынастыі Сельджукідаў. У 1030-я г. атрымалі на васальных умовах ад дзяржавы Газневідаў землі ў Харасане, а потым паўсталі супраць Газневідаў і перамаглі іх пры Дандэнакане (1040). У выніку далейшых заваёў у 11 ст. створана Сельджукская дзяржава.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛА́НЦЬЕЎ Юрый Васілевіч (10.4.1919, г. Краснадар, Расія — 20.12.1983),

расійскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1940). З 1948 скрыпач-канцэртмайстар і асістэнт дырыжора Маскоўскага сімф. аркестра. З 1958 маст. кіраўнік і гал. дырыжор створанага ім эстрадна-сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыёвяшчання. Аўтар муз. твораў розных жанраў: рапсодыя «Адыгейскі зафак» (1973), «Камсамольская сімфонія» (1976), балет «Юнацтва» (1976—77) і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛЬПАВА́ННЕ (ад лац. scalpere скабліць),

ваенны звычай некат. народаў, паводле якога ў якасці трафея здымалі скальп. Было вядома ў стараж. народаў (галаў, скіфаў). У 17—19 ст. звычай С., які раней існаваў ва ўсх. і паўд.-ўсх. частцы Паўн. Амерыкі (іракезы і інш.), распаўсюдзіўся і ў інш. індзейскіх плямён пад уплывам англ. і франц. каланізатараў, якія плацілі індзейскім «саюзнікам» за скальпы воінаў варожых ім плямён.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕ́ЧАНАЯ РЫ́ФМА,

від нескладанай рыфмы, пры якой у канцы аднаго з рыфмаваных слоў ёсць 1—2 гукі, не сугучныя другому слову. Часцей за ўсё гэта нескладовыя ётаваныя галосныя «й», «ў»:

Падхвальваючы мой няхітры спеў,
сябры гавораць — сто разоў ім дзяку! —
што быццам я сабаку ў рыфме з’еў,
а я ж дасюль жую таго сабаку.
(М.​Лужанін)

Часам усечанай называюць рознанаціскную рыфму.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРДЫ́ЗМ,

сістэма арганізацыі паточнай вытв-сці, якая заключаецца ў яе масавай уніфікацыі і канвеерызацыі. Узнікла ў ЗША у 1-й чвэрці 20 ст. Назва ад прозвішча амер. інжынера і прамыслоўца Г.Форда. Асновай Ф. і абумоўленых ім новых метадаў арганізацыі вытв-сці і працы стаў зборачны канвеер. Канвеерная зборка побач з інш. тэхн. навінамі спрыяла рэзкаму росту вытв-сці працы і зніжэнню сабекошту прадукцыі, стала пачаткам масавай вытворчасці.

т. 16, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАДЭЛЬФІ́ЙСКІ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,

адзін з вядучых аркестраў ЗША. Засн. ў 1900 дырыжорам Ф.​Шэлем. З 1912 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.​Стакоўскі, з 1938 — Ю.​Ормандзі, з 1980 — Р.​Муці, з 1993 — В.​Заваліш. Аркестрам дырыжыравалі Ф.​Вейнгартнер, С.​Рахманінаў (і як піяніст), Р.​Штраус, з ім выступалі найбуйн. дырыжоры і інструменталісты свету, у т. л. Э.​Гілельс, Д.​Ойстрах, Л.​Коган, Ю.​Цемірканаў і інш.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРУ́Н АР-РАШЫ́Д, Гарун ар-Рашыд (766, г. Рэй, Іран — 24.3.809),

арабскі халіф [786—809] з дынастыі Абасідаў. Прыйшоў да ўлады з дапамогай сям’і іранскай знаці Бармакідаў, што павялічыла ролю іранцаў у дзярж. справах. Пры ім араб. Халіфат ’дасягнуў найб. магутнасці. Дзякуючы яго асабістаму апякунству, Багдад ператварыўся ў найважн. цэнтр навукі, л-ры і мастацтва мусульм. свету. Памёр у час паходу супраць паўстаўшых жыхароў Маверанахра. Папулярны герой араб. фальклору.

т. 16, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАГАМЕ́Р,

1) прылада для вымярэння шагу разьбы (адлегласці паміж суседнімі аднайм. бакавымі старанамі яе профілю) або шагу цыліндрычных зубчастых колаў (адлегласці паміж аднайм. профілямі іх суседніх зубцоў).

2) Прылада ў выглядзе кішэннага гадзінніка, якая аўтаматычна адлічвае колькасць крокаў чалавека для прыблізнай ацэнкі пройдзенай ім адлегласці.

Накладны шагамер для кантролю шагу зубчастых колаў: 1 — кола, шаг якога вымяраецца; 2—4 — вымяральныя наканечнікі; 5 — двухбаковае вымяральнае прыстасаванне.

т. 17, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЖЫНАВА Ала Андрэеўна (н. 17.12.1963, Мінск),

бел. філолаг. Д-р філал. н. (1999). Скончыла БДУ (1985), з 1988 выкладае ў ім (з 2002 праф.). Навук. працы па семантыцы стараж. слав. тэкстаў, этналінгвістьщы, аксіялогіі, пытаннях выкладання польскай мовы як замежнай. Сааўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ «Польская мова» (2000), «Польская мова: Практычны курс» (2001).

Тв.:

Интровертированный образ мира в творениях Кирилла Туровского. Мн., 1999.

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)