ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.
В.М.Ляўко.
т. 6, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІЧО́Ў Анатоль Пятровіч (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен. перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.
Тв.:
Одиннадцатый класс. М., 1967;
Тревога. Мн., 1984;
Южный бастион. Кн. 1—3. Мн., 1991—95.
т. 8, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЯПЦО́Ў Васіль Аляксеевіч (31.7.1836, г. Варонеж, Расія — 4.4.1878),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1854—55). Ў 1857—62 быў чыноўнікам. Супрацоўнічаў у час. «Современник». Заснавальнік час. «Женский вестник» (1866—68). Стваральнік першай камуны (1863—64), дзе спрабаваў на практыцы ажыццявіць сац. ідэі (усеагульная праца, раўнапраўе жанчын). У 1866 прыцягваўся па справе Дз.Каракозава; да канца жыцця знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Друкаваўся з 1861 (цыкл нарысаў «Уладзімірка і Клязьма»). «Лісты пра Асташкава» (1862—63) — падарожныя нататкі, якія паказвалі неадпаведнасць паміж абліччам і рэальным становішчам павятовага горада. Аповесць «Цяжкі час» (1865) пра лёс разначынца. Аўтар рамана «Добры чалавек» (1871, не завершаны), апавяданняў, фельетонаў, літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1957;
Неизвестные страницы // Литературное наследство. М., 1963. Т. 71;
Избр. произв. Л., 1970;
Проза. М., 1986;
Трудное время: Рассказы и очерки, повесть. М., 1988.
т. 15, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПРУНЧУ́К Віктар Пятровіч (н. 7.12.1949, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). З 1977 працаваў у «Сельской газете», з 1981 на Бел. тэлебачанні, з 1983 у час. «Полымя». У 1990—98 нам. старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1998 нам. гал. рэдактара час. «Всемирная литература», з 1999 гал. рэдактар час. «Корвет». З 2001 нач. упраўлення інфармацыі Беларусбанка. Друкуецца з 1977. Аўтар апавяданняў, аповесцей «Трэці сын» (1983), «Сяргей Сяргеевіч» (1985) на тэмы сучаснага жыцця. Раман «Жывеш толькі раз» (1988) пра вясковыя праблемы. Аповесць «Банальны дэтэктыў» (1989), раман «З крыві і плоці» (1990) пра няпростую працу міліцыі. Распрацоўвае маральна-этычныя і сац. праблемы.
Тв.:
Страсці. Мн., 1983;
Недзе баліць ля сэрца. Мн., 1986;
З плоці і крыві: Аповесць, раман, апавяданні. Мн., 1991;
Баю-бай, мой генерал. Мн., 1997.
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НУС,
у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі бог уваходу, выхаду, кожнага пачатку (першага месяца года, першага дня кожнага месяца, пачатку жыцця чалавека і інш.), дагавораў і саюзаў. У яго гонар 1-ы месяц года атрымаў назву Januarius (январ, бел. студзень). Магчыма, у найстараж. часы Я. лічыўся богам-светастваральнікам. Паводле міфаў, ён быў 1-м царом вобл. Лацый, дзе навучыў людзей будаваць караблі, апрацоўваць зямлю і вырошчваць гародніну. Звычай паказваць Я. з двума тварамі, што глядзяць у розныя бакі, тлумачыўся тым, што ён ведае мінулае і будучыню, а дзверы вядуць і ў дом, і з дому. З часоў цара Нумы Пампілія [715—672 да н.э.] на рым. форуме стаяла двайная арка, прысвечаная Я. Яе вароты адчыняліся ў час вайны і зачыняліся ў час міру. Выраз «двухаблічны Я.» у наш час ужываецца ў пераносным сэнсе: хітры, двудушны чалавек, двурушнік.
т. 18, кн. 1, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́МНІКІ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,
назва час. «Спадчына» ў 1970—89.
т. 12, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМ Блум
(Blum) Роберт (10.11.1807, г. Кёльн, Германія — 9.11.1848),
нямецкі паліт. дзеяч, публіцыст. З 1831 займаўся літ. дзейнасцю. Выдаваў у Саксоніі паліт. зборнікі, брашуры, да 1847 працаваў у паліт. час. «Sáchsische Vaterlandsblätter» («Саксонскія айчынныя лісткі»). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі заснаваў у Лейпцыгу дэмакр. Айч. асацыяцыю (больш за 40 тыс. чл.), быў кіраўніком левых дэмакратаў у Франкфурцкім нац. сходзе і інш. Расстраляны па прыгаворы ваен. суда за ўдзел ва ўзбр. паўстанні ў Вене.
т. 3, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л,
міжстадыял, час невял. пацяплення клімату і значнага скарачэння плошчы ледавікоў паміж дзвюма стадыямі на працягу сожскага зледзянення ў антрапагенным перыядзе. Падзяляе максімальную (слаўгарадскую) і постмаксімальную (магілёўскую) стадыі. Адбыўся 120—110 тыс. г. назад. Магутнасць адкладаў Горацкага інтэрстадыяла 5 м (у некат. месцах 20—25 м). Найчасцей трапляюцца азёрна-алювіяльныя ўтварэнні, складзеныя з супескаў і суглінкаў, радзей балотныя адклады (торф, гіціі). У час Горацкага інтэрстадыяла на тэр. Беларусі аднавілася лясная расліннасць.
т. 5, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШКО́ Тамара Кірылаўна (11.12.1918, в. Любашава Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.3.1981),
бел. тэатральны крытык. Скончыла БДУ (1946). Працавала ў газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Работніца і сялянка». Аўтар рэцэнзій на спектаклі, артыкулаў пра Бел. т-р імя Я.Купалы («Першы тэатр», «Час і вобразы», «Жамчужына беларускага мастацтва»), праблемных артыкулаў па пытаннях драматургіі і т-ра, творчых партрэтаў і нарысаў пра майстроў бел. сцэны. Лепшыя тэатразнаўчыя работы сабраны ў кн. «Святло незабыўных імгненняў» (1985).
т. 3, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БКА, бабка-павітуха,
у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.
Т.І.Кухаронак.
т. 2, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)