СВЕТЛАГО́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» Буд-ва пачата ў 1960 у пас. Шацілкі Гомельскай вобл. як Шацілкаўскага з-да штучнага валакна. У 1961 са зменай назвы пасёлка на г. Светлагорск адпаведна змянілася назва з-да. У 1965 уведзена ў дзеянне 1-я, у 1967—2-я чарга кордавай вытв-сці, у 1969 — вытв-сць серавугляроду, у 1971 — доследна-прамысловая ўстаноўка па вытв-сці корду з розных тыпаў цэлюлозы, на якой у 1976 пасля рэканструкцыі атрымана нітка «Аксалон» для цеплаізаляцыйных вырабаў, у 1980 — участак па вытв-сці вугляродных матэрыялаў. З 1983 — сучасная назва. У 1992 рэканструявана 2-я кордавая вытв-сць, устаноўлены агрэгаты для фармавання віскознай тэкстыльнай ніткі. У 1994 арганізаваны вытв-сці нятканага матэрыялу «Спанбонд», мяшкоў з плёначных поліпрапіленавых нітак, у 1996 — вытв-сць карбаксіметылцэлюлозы. У складзе прадпрыемства з-ды: поліэфірнай тэкстыльнай ніткі, штучнага валакна; вытв-сці: палімерных і вугляродных матэрыялаў, тавараў нар. ўжытку. Асн. прадукцыя (2001): віскозная кордавая тканіна, віскозная і поліэфірная тэкстыльныя ніткі, нятканыя матэрыялы, поліпрапіленавыя мяшкі, тканіна, шпагат; тавары нар. ўжытку (спарт. касцюмы, камплекты для спальні і інш.), вугляродныя матэрыялы, аксалон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю,
святкаванне заканчэння ўборкі ўраджаю. Першыя С.ў. прымяркоўвалі да Пакроваў — стараж. земляробчага свята заканчэння палявых работ. У ім прымалі ўдзел калектыўныя і аднаасобныя гаспадаркі; праводзілі яго ў школах, хатах-чытальнях, нар. дамах, на плошчах. У падрыхтоўцы свята ўдзельнічалі выканкомы мясц. Саветаў, парт., камсамольскія, прафс. арг-цыі. Асн. мэта першых С.у. — прапаганда с.-г. вопыту. Суправаджалася выстаўкай узораў с.-г. прадукцыі, прылад працы, паказам прыёмаў апрацоўкі і ўгнаення глебы і інш. У час свята дэманстравалі апрацоўку глебы трактарам, арганізоўвалі выстаўку калгаснай прадукцыі, кірмашы. Састаўнымі элементамі С.ў. былі маст. інсцэніроўкі, канцэрты, танцы, гульні, спаборніцтвы (у прыватнасці, конныя), часам карнавальныя шэсці. Высокі эмац. настрой святу надавалі духавыя аркестры. Мастацкія рысы С.ў. ўзмацніліся ў 1960—90-я г. Яно ўзбагацілася традыц. сімваламі дажыначных абрадаў (апошні сноп жыта, ячменю, лёну, дажынкавы вянок, каравай з зерня новага ўраджаю; гл.Дажынкі). Своеасаблівасць свята выражаюць святочныя персанажы «Ураджай», «Колас», «Каласкі» і інш. Праводзяцца парады тэхнікі, выступленні ўдзельнікаў маст. самадзейнасці, спарт. выступленні, конкурсы, латарэі. Змяніліся сутнасць і значэнне свята. Яно стала святкаваннем заканчэння ўборкі ўраджаю, днём падвядзення вынікаў працы, ушанавання пераможцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́ЕВА (Sarajevo),
горад, сталіца Босніі і Герцагавіны. Каля 600 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Паліт., гандл. і прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтабуд., эл.-тэхн., радыёэлектронная; хім., тэкст., гарбарна-абутковая, дрэваапр., харчасмакавая. Саматужны выраб дываноў і рамёствы. Акадэмія навук і мастацтваў Босніі і Герцагавіны. Ун-т. Музей Босніі і Герцагавіны. Маст. галерэя. Паблізу — курорт Іліджа. С. — цэнтр зімовых відаў спорту.
Упершыню згадваецца ў 1244 пад назвай Врхбосна. У 1435 заваяваны туркамі-асманамі. З 1507 наз. С. На гэты час прыпадае росквіт горада як гандл. і рамеснага цэнтра. У 17—19 ст. неаднаразова зруйнаваны пажарамі. З сярэдзіны 19 ст.адм. і паліт. ц. баснійскага намесніцтва Асманскай імперыі. У 1878—1908 гал. горад Босніі, акупіраванай Аўстра-Венгрыяй. У 1908—18 адм. ц. правінцый Боснія і Герцагавіна. 28.6.1914 у С. забіты аўстр. наследнік прастола Франц Фердынанд (гл. Сараеўскае забойства). Са снеж. 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фашыстамі (1941—45). Адзін з цэнтраў Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45. З 1946 сталіца Босніі і Герцагавіны. У 1984 у С. адбыліся XIV зімовыя Алімпійскія гульні.
Каларыт старога горада ствараюць пабудаваныя паводле ўсх. традыцыі кварталы са шчыльнай планіроўкай. Захавалася сярэдневяковая Старая царква з абразамі 15—17 ст. Узоры рэгіянальнага варыянта класічнага стылю тур. архітэктуры: мячэці Хусрэў-бега (1531) з мінарэтам выш. 45 м (арх. Сінан), Алі-Пашы (1561), Царова (1566) і інш., медрэсэ Хусрэў-бега (1537) і інш. Адметныя крытыя базары 16 ст. — паўпадземны безістэні Хусрэў-бега (1557, даўж. 109 м), купальны Бруса-безістэні (1557), каменныя масты — Козі (да 1550), Лацінскі (да 1565), Шэхерчэхайін (1620). З 2-й пал. 19 ст. ўзводзіліся жылая забудова і грамадскія будынкі ў аўстр.арх. стылях (гістарызм, сецэсіён) з выкарыстаннем усх. (ратуша, кафедральны каталіцкі сабор) і класічных матываў (Прэзідыум урада, чыг. ўпраўленне, Мін-ва фінансаў, т-р, музей). Пабудовы 1918—45 і 2-й пал. 20 ст. ў духу функцыяналізму: банкі, Вышэйшая пед. школа, чыг. вакзал, новыя карпусы ун-та, аэрапорт, кансерваторыя, турыстычныя атэлі. Паводле генплана 1963 створаны новыя раёны (Габрычава), культ.-спарт. цэнтр «Скендэрыя», Музей нар. рэвалюцыі; спарт. збудаванні XIV зімовых Алімп. гульняў 1984. У выніку ваен. дзеянняў пач. 1990-х г. архітэктура С. перажыла цяжкія разбурэнні і пашкоджанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕРАСТАВІ́ЦА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Бераставічанка. За 63 км ад Гродна, за 10 км ад чыг. ст. Бераставіца на лініі Масты—Бераставіца, на аўтадарозе Гродна—Бераставіца—Ваўкавыск. 5,8 тыс.ж. (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як уладанне навагрудскага ваяводы А.І.Хадкевіча. Належала Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка (афіцыйна гэты статус зацверджаны ў 1725). З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1900 — 1786 ж., дробныя прадпрыемствы. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, вёска ў Крынкаўскім р-не Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Вялікай Бераставіцы і раёне 634 чал. З 1944 цэнтр раёна, з 1947 гар. пасёлак. У 1962—66 у Свіслацкім р-не. У 1969 — 2,9 тыс. жыхароў.
Сярэдняя, муз. і спарт. школы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі, касцёл (пач. 20 ст.), заезны двор (2-я пал. 19 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ (Columbiformes),
атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; C. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.
Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.
Да арт.Голубападобныя. Галубы: 1 — каменны; 2 — белагруды; 3 — буры. Рабкі: 4 — саджа звычайная (а — самка; б — самец); 5 — белабрухі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ПА́ЎЛУ (São Paulo),
горад на ПдУ Бразіліі, у даліне р. Цьетэ, за 70 км ад узбярэжжа Атлантычнага ак.Адм. ц.аднайм. штата. Каля 10 млн.ж., разам з 37 гарадамі-спадарожнікамі ўтварае агламерацыю з нас. 17 755 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Найб. гандлёва-размеркавальны цэнтр краіны. Рынак кавы (вывозіцца праз порт Сантус). Важнейшы прамысл. цэнтр краіны (каля 40% прамысл. вытв-сці і занятых у прам-сці) і найб. эканамічна развітога раёна. Прам-сць: цяжкая (чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, аўтамабіле- і самалётабудаванне, чыг. машынабудаванне, электронная, эл.-тэхн., хім., гумава-тэхнічная; пераважна ў гарадах-спадарожніках), мясная (бойні), мясакансервавая, малочная, маслаперапрацоўчая, мукамольная, кандытарская, тытунёвая, тэкст. (больш за 50% вытв-сці тканін у краіне), швейная, гарбарна-абутковая, парфумерная, фармацэўтычная. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: мастацкі, сучаснага мастацтва, археалогіі і этнаграфіі і інш. Тэатры. Палац урада (16 ст.), небаскробы (20 ст.). Спарт. збудаванні.
Засн. езуітамі 25.1.1554 у дзень св. Паўла (адсюль назва). У 16—18 ст. цэнтр кававых плантацый. У 1822 у С.-П. абвешчана незалежнасць Бразіліі ад Партугаліі. У пач. 19 ст. тут з’явіліся першыя ў краіне мануфактуры, у пач. 20 ст. ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт.Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтры Мінскай вобл. Утвораны 29.6.1934 (у сучасных межах з 1959). Пл. 2 тыс.км-. Нас. 127,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 6,5% (без Мінска). Сярэдняя шчыльн. 64 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мінск; г.Заслаўе, г.п.Мачулішчы, 368 сельскіх населеных пунктаў, Мачулішчанскі пасялковы Савет і 19 сельсаветаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Бараўлянскі, Гаранскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, Крупіцкі, Лашанскі, Лугаваслабодскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Папярнянскі, Пятрышкаўскі, Рагаўскі, Самахвалавіцкі, Сеніцкі, Хацежынскі, Цнянскі, Шчомысліцкі, Юзуфоўскі.
Большая ч.тэр. раёна на Мінскім узвышшы, паўд.-ўсх. ўскраіна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пераважна ўзвышаная, 92% яе на выш. 180—250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф, Ждановіцкая мінер. крыніца. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма), Пціч, Усяжа. Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Воўчкавіцкае, Астрашыцкі Гарадок, ч.Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (69,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,3%). Пад лесам 31,2% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, трапляюцца асінавыя, альховыя, дубовыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 20% пл. лесу) пераважна хваёвыя і яловыя. Пад балотамі 2,4% тэр. раёна, 7,7 тыс.га асушана. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны — Прылуцкі, біял. — Лебядзіны і Кайкаўскі; мясц. значэння: ахоўваемыя тарфянікі — Гайдукоўскае, Янапольскае, Гарадоцкае; біял. — Крыніца, Маяк. Помнікі прыроды рэсп. значэння: геал. агаленне Заслаўе, валун «Камень кахання» паміж в. Чаромуха і в. Гуры, дуброва каля в. Шчомысліца, парк камянёў (музей валуноў) на паўн.-ўсх. ускраіне Мінска, дуб і хвоя каля в. Ждановічы і парк Ігнацічы каля в. Кацягі. Зоны адпачынку: Мінскае мора, Пціч, Зялёны Гай, Вяча, Чараўніца, Раўбічы, Стайкі, часткова Вязынка, Вясёлка. Агульная пл.с.-г. угоддзяў 102,2 тыс.га (51,7%), з іх асушаных 10,9 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 12 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка; аграфірма «Рассвет», аграгандл. фірма «Ждановічы», Бел. занальная доследная станцыя па птушкагадоўлі, племптушкарэпрадуктар «Праўда», птушкафабрыкі імя Н.К.Крупскай, «1-я Мінская», «Дубаўляны», рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі ў пас. Ратамка, эксперым. базы «Курасоўшчына», «Анопаль», «Русінавічы», вучэбная гаспадарка імя М.В.Фрунзе, с.-г. прадпрыемства «Усход», доследная гаспадарка Бел. машынна-доследнай станцыі. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, вырошчванне бульбы і агародніны. Прадпрыемствы гарбарнай (Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне), металаапр. (перапрацоўка металалому), хіміка-фармацэўтычнай (ветпрэпараты), лясной (вырабы з драўніны), харч. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), буд. матэрыялаў, мэблевай, паліграф. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Гомель; аўтадарогі Брэст—Масква, Вільнюс—Мінск. Мінск—Бабруйск—Гомель, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Гродна. У раёне 34 сярэднія, 6 базавых, 11 пач. школ, раённая шматпрофільная школа для дзяцей з павышаным узроўнем інтэлекту і разумовага развіцця, гімназія, 8 муз., спарт. школы, 3 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом, Навапольскі с.-г. тэхнікум, Сеніцкі с.-г. каледж, 54 дашкольныя ўстановы, 6 цэнтраў культуры, 34 дамы культуры і клубы, 38 б-к, 8 бальніц, 22 урачэбныя амбулаторыі, 3 паліклінікі, 10 фельч.-ак. пунктаў. На тэр. раёна размешчаны: абл. клінічная бальніца (пас. Лясны), абл. тубдыспансер (в. Лескаўка), шпіталь інвалідаў вайны і працы (пас. Лясны), рэсп. псіхіятрычная клінічная бальніца «Навінкі» (в. Навінкі) і інш.; НДІ: бульбаводства, агародніцтва, пладаводства (в. Самахвалавічы), аховы раслін (в. Прылукі), эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (в. Кунцаўшчына), анкалогіі і мед. радыялогіі (пас. Лясны); курорт «Ждановічы» (санаторыі «Беларусь», «Крыніца»), дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок», 9 санаторыяў-прафілакторыяў, спарткомплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы». Музеі: Бел. дзярж музей нар. архітэктуры і побыту ў в. Строчыца, Музей бел.нар. мастацтва (філіял Нац.маст. музея) у в. Раўбічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 18 ст. — 1-я пал. 19 ст.) у в. Анопаль, царква і капліца (19 ст.) у в. Астрашыцкі Гарадок, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Прылукі, касцёл (1858—62) і спарт. комплекс «Раўбічы» (1973) у в. Раўбічы, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Сеніда, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Сёмкава, Троіцкі касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Сёмкаў Гарадок. Помнік ахвярам фашызму (1963) каля в. Вялікі Трасцянец на месцы Трасцянецкага лагера смерці, на тэр. Бараўлянскага с/с урочышча Курапаты. Выдаецца газ. «Наша жыццё».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБА́,
від спорту, адзінаборства 2 спартсменаў паводле пэўных правілаў. Вядомая са старажытнасці ў многіх народаў. Існуюць шматлікія віды нац. барацьбы — азерб. гулеш, груз. гідаабан, тадж. гаўштан, узб. кураш, яп.джыу-джыцу, сумо і інш. На Беларусі былі пашыраны барацьба «да крыжа» і барацьба «на крыжы». Элементы некаторых відаў нац. барацьбы выкарыстаны ў сучаснай спарт. барацьбе. Найб. пашыраныя і прынятыя ў міжнар. спорце віды барацьбы: грэка-рымская (былая класічная), вольная, дзюдо, самба (гл. пра кожную асобны арт.). Яны з’яўляюцца алімпійскімі відамі спорту (акрамя самба), па іх праводзяцца сусв., еўрап. і рэгіянальныя першынствы. Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны. Спаборніцтвы адбываюцца на спец. дыване (у дзюдо — татамі) пэўных памераў. Час паядынку абмежаваны, можа падзяляцца на некалькі перыядаў. Сутычкі праходзяць у «стойцы» або «партэры» (адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях ці на баку, на «мосце»). Спартсмены падзяляюцца паводле ўзроставых груп і вагавых катэгорый. У 1921 створана Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА). На Беларусі першыя спаборніцтвы па барацьбе праведзены ў 1914 у Мінску т-вам «Санітас». У Мінску праходзілі чэмпіянаты свету і Еўропы па розных відах барацьбы, з 1970 праводзіцца буйны Міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.В.Мядзведзя. У 1993 у Мінску створана добраахвотнае т-ва барцоў імя А.Караваева. Гл. таксама Адзінаборствы ўсходнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН (франц. bassin),
1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.
2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб.спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.
Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 × 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у ваду даўж. 18—20 і шыр. 14 × 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.
Да арт.Басейн. Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат у Мінску.