МА́НТЫЯ ў біялогіі,

вонкавая складка скуры ў жывёл або частка конуса нарастання ў раслін. У беспазваночных (малюскаў, плечаногіх і вусаногіх ракападобных) М. поўнасцю або часткова ўкрывае цела. Спец. залозістыя клеткі М. ўтвараюць вонкавы шкілет (ракавіну). У водных форм М. звычайна выслана мігальным эпітэліем; ад руху яго раснічак вада працякае праз мантыйную поласць. У абалоннікаў М. наз. туніка. У пазваночных жывёл М., або плашч, — кара галаўнога мозга. У раслін М. (туніка) — ч. ўтваральнай тканкі (мерыстэмы) у конусе нарастання (апекс) сцябла раслін. З М. дыферэнцыруюцца эпідэрміс і першасная кара.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖРАДКО́ВАЯ АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,

агратэхнічны прыём догляду за раслінамі ў перыяд іх вегетацыі — рыхленне глебы і падразанне пустазелля ў міжрадкоўях прапашных культур, пладова-ягадных і інш. насаджэнняў. Звычайна праводзяць культыватарамі. Колькасць, глыбіня і характар апрацовак залежаць ад біял. асаблівасцей культуры, забруджанасці пасеваў, глебава-кліматычных і метэаралагічных умоў. Можа спалучацца з акучваннем, падкормкай раслін, наразаннем барознаў для паліву, унясеннем пестыцыдаў, пасевам аднагадовых культур, сідэратаў і інш. у міжрадкоўях шматгадовых раслін. Паляпшае паветр. і водны рэжымы глебы, актывізуе карысную мікрафлору глебы і жыўленне раслін, садзейнічае барацьбе з пустазеллем, шкоднікамі, хваробамі.

т. 10, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛЬСАН-Э́ЛЕ ((Nilsson-Ehle) Нільс Герман) (12.2.1873, г. Скаруп, Швецыя — 29.12.1949),

шведскі генетык. Замежны чл.-кар. АН СССР (1932). Скончыў Лундскі ун-т (1894). З 1900 у Шведскай асацыяцыі насенняводства, з 1915 у Ін-це генетыкі і селекцыі ў г. Лунд, у 1925—39 у Ін-це селекцыі раслін у г. Свалёф. Навук. працы па батаніцы, гібрыдызацыі, генетыцы раслін. Вывучаў генетыку колькасных адзнак у с.-г. раслін, правёў фундаментальныя даследаванні па поліплаідыі і эксперым. мутагенезе, трыплаідыі ў яблынь. Устанавіў палімернае (палігеннае) наследаванне ў большасці с.-г. культур.

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ЛАВА (Ганна Мікалаеўна) (н. 26.10.1919, С.-Пецярбург),

бел. вучоны ў галіне генетыкі раслін. Д-р біял. н. (1970), праф. (1979). Скончыла Ленінградскі ун-т (1941). З 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (у 1971—89 заг. лабараторыі). Навук. працы па генет., цыталагічных і біяхім. механізмах цытаплазматычнай стэрыльнасці ў раслін і ролі арганел цытаплазмы ў гетэрозісе, прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін да вірусных і грыбных хвароб.

Тв.:

Нехромосомная наследственность. Мн., 1981;

Генетические системы у растений и их взаимодействие. Мн., 1986;

Генетика и урожай. Мн., 1990.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРАДУКТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,

органы жывёл і раслін, якія выконваюць функцыі размнажэння. У раслін — розныя структуры, якія забяспечваюць вегетатыўны, бясполы і палавы спосабы размнажэння. У пракарыётаў Р.о. — споры, гармагоніі і інш. У многіх грыбоў, водарасцей, моха-, папараце- і дзеразападобных, хвашчоў з выяўленым чаргаваннем пакаленняў прадстаўлены спарангіямі (бясполае) і гаметангіямі (палавое размнажэнне). У вышэйшых насенных раслін (гола- і пакрытанасенных) Р.о. — мікра- і мегаспарацыты, генератыўныя клеткі пылку і яйцаклетка. У шырокім сэнсе Р.о. таксама — кветкі і плады пакрытанасенных, стробілы голанасенных (мужч. і жан. шышкі) і інш. У жывёл Р.о. — палавыя органы.

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСЮ́Р ((Saussure) Нікала Тэадор) (14.10.1767, г. Жэнева, Швейцарыя — 18.4.1845),

швейцарскі аграхімік і фізіёлаг раслін. Чл.-кар. Парыжскай АН (1808), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1820). З 1802 праф. Жэнеўскага ун-та. Навук. працы па фізіцы, хіміі, геалогіі, фізіялогіі раслін. Вывучаў фізіялогію прарастання насення, ператварэнне крухмалу ў цукар, браджэнне. Упершыню выкарыстаў метады колькаснага хім. аналізу пры вывучэнні газаабмену і мінер. жыўлення раслін. Эксперыментальна паказаў засваенне раслінамі на святле вугляроду з вуглякіслага газу з выдзяленнем кіслароду, і што ў працэсе дыхання расліны, як і жывёлы, паглынаюць кісларод і выдзяляюць вуглякіслы газ.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯЗА́ВЯЗЬ, семязачатак,

шматклетачнае ўтварэнне насенных раслін, з якога развіваецца насенне. Мае ў сабе нуцэлус, дзе знаходзіцца мацярынская клетка мегаспор (мегаспарацыт), 1—2 інтэгументы, якія пры змыканні ўтвараюць вузкі канал — мікрапіле (праз яго пылковая трубка пранікае да зародкавага мяшка) і фунікулюс (семяножку), што прымацоўвае С. да плацэнты. У кветкавых раслін С. утвараецца ў завязі, у голанасенных — адкрыта на відазмененым лісці (мегаспарафіле). Пасля апладнення, з пачаткам развіцця зародка С. ператвараецца ў семя, што развіваецца. Колькасць С. у завязі кветкавых раслін ад аднаго (у злакаў) да 1 млн. (у архідных).

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inoculatio прышчэпка),

увядзенне жывых мікраарганізмаў, інфіцыраванага матэрыялу, сывараткі і інш. рэчываў у тканкі раслін, жывёл або чалавека (а таксама ў пажыўнае асяроддзе). У лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць сінонім — пасеў, у сельскай гаспадарцы, біялогіі і медыцыне — заражэнне (напр., клубеньчыкавымі бактэрыямі насення бабовых раслін).

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каробачка (плод у раслін) 8/472—473 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Касцянка (плод у раслін) 8/472—473 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)