КАНАПЛЯ́ Яўген Фёдаравіч (н. 1.3.1939, в. Межная Слабада Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыебіялогіі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. 1989), д-р мед. н. (1976). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1965 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1981 заг. сектара геранталогіі АН Беларусі, з 1987 дырэктар Ін-та радыебіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па мед. біяхіміі і пытаннях механізма дзеяння гармонаў, нейрагарманальнай рэгуляцыі, уплыву радыяцыі на жыццяздольнасць арганізма, па метадах карэкцыі аддаленых і бліжэйшых вынікаў пры апрамяненні.

Тв.:

Гормоны и старение: Мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991 (разам з А.​А.​Мілюціным, Г.​Р.​Гацко).

Я.Ф.Канапля.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАРСЭ́ (Condorcet) Мары Жан Антуан Нікала (17.9.1743, г. Рыбмон, Францыя — 29.3.1794),

французскі філосаф-асветнік, матэматык, сацыёлаг, паліт. дзеяч. Маркіз. Член Франц. АН (1769). З 1785 сакратар Франц. акадэміі; супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. Удзельнік франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Дэп. Заканадаўчага сходу і Канвента. У філасофіі — прыхільнік дэізму і сенсуалізму. Чалавечы розум, паводле К., складае асн. сілу гісторыі, а яго неабмежаваныя магчымасці абумоўліваюць паступальны рух гіст. працэсу. Прыхільнік тэорыі натуральнага права. Прызнаваў актыўную ролю ў грамадскім развіцці разнастайных фактараў, асабліва эканомікі і палітыкі. Адмаўляў прынцып падзелу людзей на саслоўі і абгрунтоўваў ідэю паліт. раўнапраўя грамадзян. У эканам. пытаннях падзяляў погляды фізіякратаў. У матэматыцы даследаваў пераважна дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, тэорыю верагоднасці.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў Аляксандр Міхайлавіч (6.6.1857, г. Яраслаўль, Расія — 3.11.1918),

расійскі матэматык і механік. Акад. Пецярбургскай АН (1901, чл.-кар. 1900). Брат Б.М.Ляпунова і С.М.Ляпунова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1880). У 1885—1902 у Харкаўскім ун-це, з 1902 у Пецярбургу. Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, метадах якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі імавернасцей, тэорыі формы планет і інш. пытаннях тэарэт. механікі, матэматыкі і астраноміі. Стварыў строгую тэорыю ўстойлівасці раўнавагі і руху мех. сістэм, якія вызначаюцца канечным лікам параметраў, распрацаваў тэорыю фігур раўнавагі вадкасці, якая верціцца, і ўстойлівасці гэтых фігур. Даказаў цэнтр. лімітную тэарэму тэорыі імавернасцей (Ляпунова тэарэма).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1954—65.

Літ.:

Шибанов А.С. А.​М.​Ляпунов. М., 1985.

А.М.Ляпуноў.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГУ́НСКІ Сцяпан Парфёнавіч (6.1. 1912, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 26.12.1978),

бел. правазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1953). Д-р юрыд. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1946), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1951). З 1945 у ЦК КПБ. З 1951 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі, з 1956 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Асн. навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі станаўлення і развіцця бел. сав. дзяржаўнасці. Пад яго кіраўніцтвам выдадзена «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76).

Тв.:

Создание и упрочение белорусской государственности 1917—1922. Мн., 1958;

Государственное строительство БССР в годы восстановления народного хозяйства (1921—1925). Мн., 1966.

С.П.Маргунскі.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ МАРСКА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ (International Maritime Organization; IMO),

спецыялізаваная ўстанова AAH, міжнар. міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1959 як Міжурадавая марская кансультатыўная арг-цыя (да 1982) у мэтах садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву ў галіне марскіх перавозак і марскому гандлю. Мэты ІМО: служыць апаратам для супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй паміж урадамі па тэхн. пытаннях, якія адносяцца да міжнар. гандл. суднаходства; садзейнічаць адмене дыскрымінацыйных дзеянняў і залішніх абмежаванняў урадаў, закранаючых міжнар. гандл. суднаходства, а таксама прыняцце норм па забеспячэнні бяспекі на моры і папярэджанні забруджвання мора з суднаў. Вышэйшы орган ІМО — Асамблея, якая склікаецца раз у 2 гады. Паміж сесіямі Асамблеі работай ІМО кіруе Савет. Штаб-кватэра ІМО размешчана ў Лондане (Вялікабрытанія).

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1797—1917 у Мінску. Друкавала афіц. матэрыялы, газ. «Минские губернские ведомости», «Памятную кніжку Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па пытаннях гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, асветы, маст. л-ры на рус. мове. Сярод выданняў «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні» (1848), «Паўночна-Заходні каляндар» на 1892—93 пад рэд. А.​Слупскага, «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» Г.​Х.​Татура (1892), «Працы Таварыства мінскіх урачоў» (1895—1901), «Працы Мінскай раённай доследнай балотнай станцыі» (1914—15), аповесць у вершах «Пан Дольскі, ці Спатканне з дачкой» Дз.​Сергіеўскага (1845) і інш. Надрукавала больш за 170 выданняў.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНКЕ́ВІЧ Павел Якаўлевіч (16.2.1895, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 28.6.1938),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Акад. АН Беларусі (1931), д-р пед. н., праф. (1929). Скончыў Віцебскі ін-т нар. адукацыі (1922), Маскоўскія вышэйшыя пед. курсы (1924). З 1924 у Акадэміі камуніст. выхавання ў Маскве. З 1925 у Камуністычным ун-це Беларусі, БДУ, дырэктар НДІ педагогікі, неадменны сакратар, заг. пед. кабінета АН Беларусі. Чл. ЦВК БССР у 1931—35. Навук. працы па праблемах політэхн. адукацыі, пытаннях гісторыі педагогікі і псіхалогіі. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да выключнай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Основные вопросы фабзавуча. М., 1926;

Политехническая школа в связи с развитием современной крупной индустрии. Мн., 1928.

П.Я.Панкевіч.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ТАЎ Аляксандр Васілевіч (24.11.1826, с. Гульнева Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. —7.12.1901),

бел. і расійскі аграном, першы ў Расіі і Беларусі д-р сельскай гаспадаркі (1867). Праф. (1855). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1850). З 1853 вывучаў сельскую гаспадарку ў Расіі, Германіі, Бельгіі і інш. З 1855 заг. кафедры ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. У 1859—1900 у Пецярбургскім ун-це (заг. кафедры, з 1888 дэкан). Навук. працы па пытаннях земляробства, глебазнаўства, жывёлагадоўлі, перапрацоўкі с.-г. прадукцыі. Распрацоўваў рацыянальныя спосабы вядзення сельскай гаспадаркі, упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі. У 1885—91 разам з В.​В.​Дакучаевым выдаваў «Матэрыялы па вывучэнні рускіх глеб».

т. 14, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НСКІ Леанід Васілевіч (н. 2.12.1937, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1965). З 1971 у Бел. НДІ аховы раслін (з 1976 заг. лабараторыі, з 1980 нам. дырэктара), з 1999 гал. рэдактар час. «Ахова раслін». Навук. працы па пытаннях аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля пры інтэнсіўным земляробстве, а таксама на прысядзібных участках, калект. садах і агародах.

Тв.:

Защита растений и урожай. Мн., 1988;

Вредители и болезни сада и огорода и меры борьбы с ними на дачных и приусадебных участках. Мн., 1998 (разам з М.​І.​Пратасавым, В.​В.​Балотнікавай).

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛІГМЕН (Seligman) Бен Барух (20.11.1912, г. Ньюарк, ЗША — 1970),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Скончыў Бруклінскі каледж (1934), ступень магістра атрымаў у Калумбійскім ун-це (1936). У 1941—45 працаваў ва ўрадавых установах ЗША, выкладаў у Бруклінскім каледжы (1947—49). У 1950—60-я г. эканам. эксперт шэрагу прафс. арг-цый ЗША. З 1965 праф. эканомікі і дырэктар даследчага цэнтра па праблемах прац. адносін Масачусецкага ун-та. Аўтар манаграфій па пытаннях працы, цэн, гісторыі эканам. вучэнняў, навук. працы па розных аспектах сац. адносін у сучасным грамадстве — праблемах беднасці, уплывах аўтаматызацыі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Основные течения современной экономической мысли. М., 1968;

Сильные мира сего: бизнес и бизнесмены в американской истории. М., 1976.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)