«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,

часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.​Ярош, Т.​Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.​Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСЕЙ, Хорсі (Horsey) Джэрам (? — пасля 1626), англійскі падарожнік. З 1573 агент англ. гандлёвай Маскоўскай кампаніі. У 1581—91 выконваў важныя дыпламат. даручэнні англ. і рас. ўрадаў. Пасля вяртання на радзіму ў 1622 арыштаваны за апазіцыйныя выступленні супраць урада караля Якава I. Аўтар некалькіх прац пра Расію часоў Івана IV Грознага і Фёдара Іванавіча. Пры апісанні сваіх падарожжаў праз Літву і Беларусь змясціў звесткі пра сустрэчу з кн. Радзівіламі, заняцце Іванам IV Полацка ў 1563 і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Записки о России, XVI — начало XVII в. М., 1990.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЗА ((Groza) Аляксандр Караль) (30.6.1807, в. Закрынічча Вінніцкай вобл., Украіна — 3.11.1875),

польскі паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Віленскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1838—42 рэдагаваў і выдаваў у Вільні альманах «Rusałka» («Русалка»). Прадстаўнік т.зв. «украінскай школы» ў польскай л-ры. Збіраў і апрацоўваў укр. і бел. фальклор. Выкарыстоўваючы сюжэты нар. паданняў, напісаў паэмы «Канеўскі стараста» (1836), «Сарока» (1838), «Пра памерлыя душы» (1848), «Марцін» (1849), «Смяцінскі» (1860), драму «Грыць» (1858). У альманаху «Rubon» («Рубон») апублікаваў тэксты бел. нар. песень, матэрыялы пра бел. вяселле, святкаванне Сёмухі і інш.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДЗІ́НЦАЎ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (н. 29.7.1918, г. Купянск, Украіна),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т (1940). Друкуецца з 1933. Аўтар зб-каў апавяданняў «У сям’і асілкаў» (1952), аповесцей «На сваім месцы» (1953), «Навагодняя казка» (1960). Раман «Не хлебам адзіным» (1956) пра вынаходніка ў сутыкненні з бюракратамі і прыстасаванцамі незаслужана крытыкаваўся за т. зв. ачарненне рэчаіснасці. Вострасюжэтны раман «Белае адзенне» (1987) пра самаадданую барацьбу вучоных за выратаванне генетыкі як навукі ў канцы 1940-х г.

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1959;

Не хлебом единым. М., 1990.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНЕ́Ц (Хацкель Майсеевіч) (студз. 1897, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 29.10.1937),

яўрэйскі крытык і публіцыст. Працаваў у Віцебску на парт. рабоце. З 1926 у Мінску: нам. рэдактара газ. «Акцябэр» («Кастрычнік»), адказны рэд. газ. «Літаратура і мастацтва». У 1930—34 нам. наркома асветы БССР. У 1936 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на ухтпячорскіх лагерах. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1967. Даследаваў яўр. л-ру, пісаў пра бел. пісьменнікаў («Аб масавай рабоце на яўрэйскай мове», 1929, «У змаганнях», 1931, «За Магнітабуд літаратуры», 1932, «Пра пісьменнікаў і творы», 1933, «На літаратурныя тэмы», 1934, і інш.).

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ (ад лац. declaratio абвяшчэнне),

1) заява аднаго або некалькіх урадаў, паліт. партый, міжнар. або грамадскіх арг-цый, якія даводзяць да ўсеагульнага ведама праграмны акт, важную міжнар. падзею, закон і да т.п.; урачыстае абвяшчэнне агульнапаліт. прынцыпаў.

2) Заява падаткаплацельшчыка і некат. катэгорый дзярж. служачых пра характар і памер даходаў, маёмаснае становішча.

3) Дакумент, які прыкладаецца да грашовых і каштоўных пакетаў, што пасылаюцца поштай за межы краіны.

4) Заява мытні ад асобы, якая перасякае граніцу, пра наяўнасць і колькасць у яе рэчаў, каштоўнасцей, валюты і інш.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЛІЯ (Георгій Дзмітрыевіч) (н. 14.3.1913, г. Сухумі, Абхазія),

рускі пісьменнік. Засл. дз. маст. Грузіі (1943) і Абхазіі (1971). Сын Дз.І.Гулія. Друкуецца з 1930. Трылогія «Сябры з Сакена» («Вясна ў Сакене», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Добры горад», 1949; «Кама», 1951) пра побыт і працу людзей Абхазіі. Гіст. мінуламу абх. народа прысвечаны «Апавяданні каля кастра» (1937), аповесць «Чорныя госці» (1950), раман «Водаварот» (1959). Аўтар гіст. рамана «Цар Эхнатон» (1968), «Чалавек з Афінаў» (1969), «Сула» (1971), «Сказанне пра Умара Хаяма» (1975).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1974.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА ПРА́ЎДУ»,

газета. Выдавалася 24.2—29.6.1944 у Навагрудку на бел. мове пры падтрымцы і пад кантролем герм. улад у перыяд акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах 2-й сусв. вайны, распараджэнні акупац. улад, пастановы Бел. цэнтр. рады, прамовы лідэраў бел. арг-цый, пісала пра дзейнасць Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі, барацьбу супраць партызан. Сярод публікацый — нарысы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, паэт. і празаічныя творы А.​Каханоўскай, Т.​Лебяды, А.​Чэмера, Я.​Шыпшыны і інш. Выйшла 37 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬКЕ́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 1.8.1958, в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайск. вучылішча (1979), Акадэмію Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) Рас. Федэрацыі (1993). Служыў ва Узбекістане, Афганістане, Азербайджане. З 1992 нач. Цэнтра грамадскіх сувязей Упраўлення ФСБ Рас. Федэрацыі па Смаленскай вобл. Аўтар дакумент. твораў пра паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. на Смаленшчыне, пра лёсы дзеячаў бел. культуры — М.​І.​Гарэцкага (кн. «Душа дваілася...», 1997), Г.​І.​Гарэцкага («Акадэмік Гаўрыіл Гарэцкі», 1998), В.​Ластоўскага, Я.​Лёсіка, А.​Ляўданскага і інш.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЧ, Кашчэй Бессмяротны,

вобраз чарадзейных усх.-слав. казак; злы і хітры чараўнік, які выкрадае нявесту героя. Здабыўшы яйцо, у якім схавана смерць К., герой перамагае яго і вяртаецца дамоў са сваёй нарачонай (надрукавана 15 бел. варыянтаў). Вядомы таксама казкі пра смерць К. ад чароўнага каня. Абедзве версіі кантамінуюцца з сюжэтамі пра ўдзячных жывёл, пошукі зніклай ці ўкрадзенай жонкі і інш. Вобраз К. трапляецца таксама ў замовах і былінах. Паводле меркаванняў акад. Б.​А.​Рыбакова, К. у стараж.-ўсх. славян увасабляў качэўнікаў, якія рабілі набегі на іх землі.

Л.​Р.​Бараг.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)