ЦІТО́ВІЧ Ігар Сяргеевіч (30.6.1917, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 12.6.1985),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання.

Чл.-кар. АН Беларусі (1974), д-р тэхн. н., праф. (1970). Засл. дз. нав. і тэхн. (1972). Скончыў БПІ (1940), дзе выкладаў з 1945 (з 1951 заг. кафедры). З 1973 дырэктар, з 1978 нам. дырэктара Ін-та праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын АН Беларусі. Навук. працы па праектаванні надзейных асн. агрэгатаў аўтамабіляў, трактароў і лакаматываў. Стварыў методыкі разліку валоў шасцерняў, падшыпнікаў. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана тэорыя пабудовы электронных мадэлей трансп. і цягавых машын на ЭВМ.

Тв.:

Кинематика и долговечность подшипников качения машин и приборов. Мн., 1977 (у сааўт.);

Трансмиссии автомобилей. Мн., 1979 (разам з І.​У.​Канонікам, В.​А.​Вавулам).

І.С.Цітовіч.

т. 17, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮРЭ́Н (Turenne) Анры дэ Ла Тур д’Авернь (La Tour d’Auvergne) віконт дэ (11.9.1611, г. Седан, Францыя — 27.7.1675),

французскі палкаводзец, маршал (1643), гал. маршал Францыі (1660). Сын герцага Буйёнскага (аднаго з правадыроў гугенотаў), унук Вільгельма Аранскага. З 1620 у галандскай арміі, вывучаў ваен. справу пад кіраўніцтвам свайго дзядзькі прынца Морыца Аранскага. З 1630 на франц. ваен. службе. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 камандаваў франц. арміяй у Германіі, дзе атрымаў шэраг перамог. У 1648—51 удзельнічаў у Фрондзе, але ў маі 1651 перайшоў на бок караля і ўзначаліў армію, накіраваную супраць франдзёраў. Узначальваў франц. армію ў войнах з Іспаніяй (1667—68) і Нідэрландамі (1672—78). Забіты ў баі. Аўтар твораў па ваен. тактыцы і мемуараў.

т. 17, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАДРЫ́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАМАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — кастр. 1943 на тэр. Жлобінскага р-на з цэнтрам падполля ў в. Шчадрын. Налічвала 15 чал. (кіраўнікі Л.​М.​Жураўлёва, С.​Дз.​Трызна). У вер. 1942 падпольшчыкі наладзілі сувязь з групай І.​А.​Крышнёва, што прыбыла з-за лініі фронту і дзейнічала пад кіраўніцтвам Жлобінскага падп. райкома КП(б)Б і камандавання партыз. атрада «Смерць фашызму» брыгады імя П.​К.​Панамарэнкі. Падпольшчыкі здабывалі партызанам звесткі разведкі, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, учынялі дыверсіі (падарвалі будынак ням. камендатуры, рэгулярна мініравалі прасёлачныя дарогі і інш.). У ліку членаў падполля быў Герой Сав. Саюза С.П.Анішчанка.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 17, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛА́ХІЯ (Valahia),

гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст. — слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст. самаст. феад. дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат. адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,

паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-й пал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.​Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІВА́ЙКІ ПАЎСТА́ННЕ 1594—96,

антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.​Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г. Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст. каля г. Капыль войскамі К.​Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.​Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.​Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.​Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.

Літ.:

Голобуцкий В.А. Запорожское казачество. Киев, 1957.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРАЗНАЎСТВА

Першыя гідралагічныя даследаванні азёр Беларусі правёў А.​М.​Семянтоўскі (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.). Экспедыцыя па даследаванні вытокаў галоўных рэк Еўрап. Расіі пад кіраўніцтвам Дз.​М.​Анучына (1894—95) упершыню зрабіла батыметрычную здымку некаторых бел. азёр і выявіла іх сувязь з кампанентамі ландшафтаў. У 1909 М.​А.​Паўлоўскі даследаваў воз. Дрысвяты. У 1914—16 біялогію і гідрабіялогію азёр вывучала Віцебская рыбагаспадарчая экспедыцыя. Пасля 1917 даследаванні азёр мелі эпізадычны характар. У 1930-я г. азёры Зах. Беларусі вывучаліся пад кіраўніцтвам С.​Лянцэвіча (Палессе) і Е.​Кандрацкага (Паазер’е). Сістэматычнае іх вывучэнне пачалося з арганізацыяй н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928), на базе якой у 1958 створаны БелНДІ рыбнай гаспадаркі. У пасляваенныя гады комплексныя даследаванні азёр вяліся на біял. і геагр. ф-тах БДУ, з 1948 праводзяцца даследаванні на воз. Нарач (гідрабіялагічная станцыя БДУ; Р.​Р.​Вінберг, А.​П.​Астапеня). Пытаннямі азёрнага седаментагенезу займаліся К.​І.​Лукашоў і А.​П.​Підоплічка. Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш за 500 азёр і 20 вадасховішчаў. Вывучаны гісторыя іх развіцця ў галацэне, вызначана генет. прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі (В.​П.​Янушка), заканамернасці развіцця вадаёмаў запаволенага водаабмену, іх выкарыстанне і ахова (П.​С.​Лопух), зроблены прыроднагаспадарчыя класіфікацыі азёр (Б.​П.​Уласаў). Вядуцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Пытаннямі гідралогіі азёр займаецца Гідраметслужба, па яе матэрыялах у 1971 выдадзены даведнік па рэсурсах паверхневых вод СССР (т. 5 — па БССР). Сістэматычныя гідралагічныя назіранні на азёрах і вадасховішчах ажыццяўляюцца 14 гідралагічнымі пастамі (2004). У ін-тах геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі азёры вывучаюцца як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытворчых мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца і выкарыстоўваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.

В.​П.​Якушка.

т. 18, кн. 2, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНЕ́САЎ Рубен Іванавіч (14.2.1902, г. Шуша, Нагорны Карабах — 1.5.1982),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1958). Д-р філал. н. (1948), праф. (1937). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). Працы па фанетыцы і фаналогіі (адзін з заснавальнікаў Маскоўскай фаналагічнай школы), арфаэпіі і арфаграфіі, гісторыі і дыялекталогіі рус. мовы. Кіраўнік і гал. рэдактар «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (1958—82). Адзін з аўтараў і рэдактараў «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971). Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана першае пасляваен. пакаленне бел. лінгвістаў.

Літ.:

Библиография трудов Р.​И.​Аванесова // Русское и славянское языкознание: К 70-летию Р.​И.​Аванесова. М., 1972;

Бірыла М.В. Р.​І.​Аванесаў // Бел. лінгвістыка. Мн., 1983. Вып. 22.

Р.І.Аванесаў.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАРДО́НІ (Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г. Кома, Італія — 1605), італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.​Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.​Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ва Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш. грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл. «Бернардоні альбом»).

Т.​В.​Габрусь.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч (21.2.1888, г. Арол, Расія — 7.3.1940),

рускі вучоны, адзін з заснавальнікаў радыётэхнікі ў СССР. Чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў Інж. вучылішча (1909) і Афіцэрскую эл.-тэхн. школу (1914) у Пецярбургу. З 1922 праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча, з 1932 — Ленінградскага ін-та інжынераў сувязі (з 1940 яго імя). Навук. працы па радыётэхніцы, радыёвяшчанні, радыёлакацыі, фізіцы верхніх слаёў атмасферы. Арганізаваў вытв-сць электронных лямпаў у Расіі (1916—19). У 1918—28 узначальваў радыёлабараторыю ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пад яго кіраўніцтвам створана першая ў свеце магутная радыёвяшчальная станцыя ў Маскве (1922), першыя ў свеце караткахвалевыя накіраваныя антэны і караткахвалевыя лініі далёкай радыёсувязі (1924—30).

Тв.:

Собр. трудов. М.; Л., 1956.

Літ.:

Остряков П.А. М.​А.​Бонч-Бруевич. М., 1953.

М.А.Бонч-Бруевіч.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)