назва школ і кірункаў, якія выкарыстоўваюць вучэнне З.Фрэйда для тлумачэння псіхалогіі чалавека, з’яў культуры і грамадскага жыцця ўвогуле. Засяроджвае ўвагу на тэорыі псіхааналізу, а не на яго метадах. Агульная рыса разнастайных школ Ф. — уяўленне пра ўнутр. бессвядомыя памкненні як рухальную сілу паводзін людзей, асн. механізм іх псіхікі. Адрозненні ў поглядах фрэйдыстаў звязаны з розным разуменнем таго, якое з бессвядомых памкненняў з’яўляецца вызначальным для свядомасці і паводзін людзей, трактоўкай фрэйдаўскай тэорыі асобы (суадносін кампанентаў псіхікі «Яно», «Я» і «Звыш-Я»), Многія з паслядоўнікаў Фрэйда імкнуліся тлумачыць з’явы маралі і права, навукі і мастацтва, рэлігіі, прычыны войнаў і інш.гіст. падзей канфліктамі ў глыбінях чалавечай псіхікі. Сярод плыней Ф. вылучаюць класічны і псіхакульт. Ф., неафрэйдызм, фрэйдамарксізм і інш., прадстаўнікі якіх адны палажэнні вучэння Фрэйда крытыкуюць, другія развіваюць, распрацоўваюць новыя фрэйдысцкія тэорыі.
Сярод школ Ф. вылучаюць вучэнні, распрацаваныя А.Адлерам і К.Г.Юнгам — вучнямі Фрэйда, якія пазней адышлі ад яго тэорыі, стварылі ўласныя і далі пачатак неафрэйдызму. Прадстаўнік класічнага Ф. — лідэр псіхааналізу ў Вялікабрытаніі Г.Фрэйд (дачка З.Фрэйда) пашырыла разуменне ролі «Я», дапусціла магчымасць яго незалежнага функцыянавання ад «Яно», развіла базавае палажэнне псіхааналізу пра «ахоўныя механізмы» псіхікі ад станаў непакою, удакладніла фрэйдаўскія паняцці і наблізіла іх да паняццяў акад.эксперым. псіхалогіі. Сярод амер. прыхільнікаў Ф. вылучаюцца Г.У.Олпарт, Г.Мюрэй, Э.Эрыксан, Э.Бёрн. Олпарт прызнаваў значэнне бессвядомых памкненняў, але выступаў супраць іх абсалютызацыі; на яго думку, у паводзінах здаровага чалавека гал. ролю адыгрывае рацыянальнае, і толькі неўротыкі кіруюцца імпульсамі бессвядомага. Мюрэй гал. задачу «Я» бачыў у падаўленні непажаданых імпульсаў «Яно». Эрыксан развіваў фрэйдаўскае вучэнне пра стадыяльнае развіццё асобы і падкрэсліваў значэнне сац. фактараў у пераходзе ад адной стадыі да іншай. Бёрн прызнаваў незалежнасць ад свядомасці многіх псіхічных працэсаў і засяроджваў увагу на станах «Я», звязаных са зносінамі зінш. людзьмі («аналіз узаемадзеянняў»). У сав. псіхалогіі праблемы бессвядомага даследавалі Дз.М.Узнадзе, В.М.Лейбін і інш. Узнікненне псіхакультурнага Ф. звязана з даследаваннямі К.Хорні і Э.Фрома, якія трактавалі культуру як усё грамадскае асяроддзе чалавека, што істотна ўплывае на яго, але вызначальнымі для псіхічнай дзейнасці прызнавалі «ўнутр. жыццёвыя сілы». Прадстаўнікі фрэйдамарксізму (Т.Маркузе, В.Райх і інш.) імкнуліся да сінтэзу псіхааналізу Фрэйда і марксізму, абгрунтоўвалі агульнасць шэрагу палажэнняў гэтых вучэнняў. У 1990-я г. тэорыю бессвядомага і псіхааналізу развівалі амер. псіхолагі І.Вайнер і Дж.Р.Сёрл, рас. вучоныя Лейбін, А.М.Руткевіч і інш.
Літ.:
Руткевич А.М. От Фрейда к Хайдеггеру. М., 1985;
Психоанализ и культура: Избр. труды Карен Хорни и Эриха Фромма: Пер. с англ.М., 1997;
Олпорт Г. Личность в психологии: Пер. с англ.М., 1998;
Берн Э. Групповая психотерапия: Пер. с англ.М., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНЫ,
расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял.кн. Паўла Пятровіча (гл.Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл.Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.А.Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. Зліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял.кн. Аляксандру Паўлавічу (гл.Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 зпрычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).
Літ.:
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),
навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.
У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.П.Пратасаў), будовы нырак (А.М.Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.І.Пірагоў), рус.анат. тэрміналогіі (М.І.Шэін). У 19 ст.засн. першая рус.анат. школа (П.А.Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.М.Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.С.Лесгафта, Дз.М.Зёрнава, У.А.Беца, В.П.Вараб’ёва, У.М.Танкова, Дз.А.Жданава, Б.М.Долга-Сабурава і інш.
На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.І.Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.М.Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.С.Леанцюк, А.П.Амвросьеў, П.І.Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.І.Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.І.Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.М.Габузаў). Існуе навук.т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.
Літ.:
Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;
Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРАЦЫЯ НАСЕЛЬНІЦТВА.
Да 1960-х г. галоўная роля ў перамяшчэннях насельніцтва Беларусі належала знешняй міграцыі. Беларусь інтэнсіўна страчвала частку свайго насельніцтва ў выніку абмену з РСФСР, Украінай, Казахстанам, рэспублікамі Прыбалтыкі. Па меры развіцця вытворчых сіл і павелічэння колькасці працоўных месц на працягу 1960—80-х г. знешняя міграцыя стала памяншацца і вядучае месца занялі перамяшчэнні ўнутры краіны — з вёсак у гарады і з дробных гарадоў у буйныя. Кардынальныя змены ў аб’ёмах, інтэнсіўнасці і накіраванасці міграцыйных патокаў адбыліся ў 1980-я — пач. 1990-х г., што звязана з пачаткам перабудовы ў эканам. і паліт. жыцці краіны, а таксама з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) і яе наступствамі. У першыя дні пасля катастрофы знайб. небяспечнай 30-кіламетровай зоны эвакуіравана 24,7 тыс.чал. У 1990—96 у чыстыя раёны краіны пераселена амаль 61 тыс.чал., самі выехалі 45,6 тыс.чал. (разам 40 тыс. сем’яў); з забруджаных радыенуклідамі раёнаў усяго выехала больш за 130 тыс.чал.З сярэдзіны 1990-х г. некаторыя сем’і пачалі вяртацца ў забруджаныя раёны. У 1999 на забруджаных тэрыторыях жыло каля 16% усяго насельніцтва краіны.
На змену тэндэнцыі міграцыйных працэсаў істотна паўплываў распад СССР, у выніку чаго міжрэспубліканская міграцыя насельніцтва ператварылася ў міжнародную. Рэзка паменшыліся аб’ёмы эканам., сваяцкіх, навучальных міграцый, затое выраслі аб’ёмы рэпатрыяцыйных патокаў, бежанцаў і перасяленцаў, выкліканых стрэсавымі сітуацыямі (эканам. і паліт. крызіс, ваен. канфлікты). У абмене насельніцтвам з іншымі дзяржавамі па гадах адзначаюцца істотныя адхіленні сальда міграцыі ў той ці іншы бок. Напр., сальда знешняй міграцыі на Беларусі ў 1985 было +0,2 тыс.чал., у 1986 -15,8, у 1989 +10,3, у 1990 -32, у 1992 +53,6, у 1993 +32,4, у 1994 -3,3, у 1998 +19,9, у 2002 +6,6 тыс.чал. Па ўсіх унутрыдзяржаўных патоках сальда міграцыі было дадатным для гарадоў і адмоўным для сельскай мясцовасці. Сальда міграцыі паміж Беларуссю і краінамі СНД і Балтыі было дадатным для гарадоў і для сельскай мясцовасці; сальда міграцыі з краінамі далёкага замежжа было адмоўным і для гарадоў, і для сельскай мясцовасці Беларусі.
Знешнюю міграцыю насельніцтва ўмоўна падзяляюць на міграцыю з краінамі СНД і Балтыі і міграцыю з іншымі дзяржавамі свету. Гэтыя патокі маюць розныя аб’ёмы і накіраванасць (гл.табл. 25, рыс. 4).
У 1990-я г. Беларусь мела дадатнае сальда міграцыі практычна з усімі былымі рэспублікамі СССР. З часам гэты міграцыйны абарот пастаянна зніжаецца (гл.табл. 26).
Асноўны міграцыйны абмен Беларусі адбываецца з Расіяй, Украінай і Казахстанам (91,5% ад усіх, хто прыбыў на Беларусь). Дынаміка міграцыйных патокаў з блізкім замежжам абумоўлена шэрагам фактараў. Стрымліваюць насельніцтва на месцах эканам. фактары (раз’яднанне валютных сістэм, недахоп сродкаў для пераезду, адсутнасць перспектыў набыцця жылля, занепакоенасць зпрычыны магчымых цяжкасцей з працаўладкаваннем) і адміністрацыйныя (праблемы з грамадзянствам, з вылічэннем працоўнага стажу для атрымання пенсіі і інш.). Уплываюць таксама раздзяленне ўзбр. сіл і перавод ваеннаслужачых на службу па месцы прызыву і інш.прычыны.
У 1990 сальда міграцыі з краінамі Балтыі склала +4,6 тыс.чал. Сярод асоб, што прыбылі на Беларусь, пераважалі вяртанцы, якія выехалі з рэспублікі ў папярэднія гады (94,9% з іх — беларусы, рускія, украінцы, палякі, яўрэі). Сярод зарэгістраваных імігрантаў 40—50% склалі асобы тытульнай нацыянальнасці (з краін Балтыі больш за 50%). Рээміграцыя беларусаў пачалася ў канцы 1980-х г., у 1990-я г. яна стала асабліва інтэнсіўнай. За апошнія 12 гадоў з краін былога СССР на Беларусь вярнулася больш за 10% беларусаў, якія жылі за яе межамі. Максімальны прыток насельніцтва на Беларусь прыпадае на 1992. За перыяд 1989—99 з краін Закаўказзя выехаў кожны трэці беларус (з Арменіі амаль усе беларусы); з краін Балтыі — 14% беларусаў; з краін Сярэдняй Азіі — 11%; з Расіі — каля 12%; з Казахстана, Украіны, Малдовы адток беларусаў быў менш інтэнсіўны. Вяртанне на Беларусь беларусаў і іншых «рускамоўных» народаў з краін былога СССР пераважна звязана з невалоданнем імі тытульнай мовы гэтых дзяржаў, якая пры абвяшчэнні іх незалежнасці стала ў многіх з іх адзінай дзярж. мовай, а таксама з боязі страціць права на грамадзянства Рэспублікі Беларусь, на кватэру і пенсію.
Значная частка беларусаў пры выбыцці з неславянскіх дзяржаў асела ў Расіі і на Украіне, таксама як і многія рускія і ўкраінцы ў гэтыя гады пераехалі з іншых дзяржаў на Беларусь. Паток імігрантаў з Расіі пераважаў з рэгіёнаў Поўначы і Сібіры.
Асобы іншых нацыянальнасцей у агульным патоку зарэгістраванай іміграцыі складалі 5—6%. Працэнт імігрантаў з краін Закаўказзя, асабліва з Арменіі і з т.зв. гарачых кропак былога СССР у 1991 даходзіў да 70%.
Эміграцыя за межы былога СССР у 1986—90-я г. актывізавалася з-за пагаршэння сац.-эканам. і экалагічнай сітуацыі на Беларусі, а таксама зпрычыны дазволу свабоднай этнічнай эміграцыі і спрашчэннем парадку выезду і ўезду. Паводле звестак МУС Рэспублікі Беларусь у 1989 з Беларусі ў краіны далёкага замежжа выехала 14,7 тыс.чал., у 1990—34,1, 1991—22, 1992—9,7, 1993—6,9, 1994—7, 1995—8,8, 1996—8,9, 2002—8 тыс.чал. У абмене з дзяржавамі далёкага замежжа Беларусь страчвала сваё насельніцтва. У час, калі выезд суайчыннікаў за мяжу быў выбарачным і абмежаваным, назіралася дадатнае сальда міграцыі. У патоку эмігрантаў з Беларусі ў 1989—95 пераважалі асобы яўрэйскай нацыянальнасці. Найб. долю ў аб’ёме эміграцыі займаюць Ізраіль, ЗША, Германія. Міграцыйны абарот (у 1991—2003) зменшыўся з 46,5 тыс.чал. у 1990 да 6,2 тыс.чал. у 2002. Гэта абумоўлена нармалізацыяй эміграцыйнага працэсу — свабодныя паездкі да сваякоў, аблегчаны выезд за мяжу ў асабістых мэтах на кароткі час і інш.
Найбольш актыўна эмігрыруюць у замежныя краіны людзі ў маладым працаздольным узросце (20—24 гады) і ўзросце найб.прафес. актыўнасці (30—49 гадоў). Больш за 90% асоб, якія ад’язджаюць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Адбываюцца змены ў матывацыях выезду; калі раней пераважаў этналагічны характар, то цяпер — эканам.-сацыяльны. Ад’езд за мяжу ў краіны з больш высокім узроўнем жыцця разглядаецца як пошук нашымі суайчыннікамі лепшага матэрыяльнага становішча для сябе і сваёй сям’і.
Працоўная міграцыя (рэгіструемая) для Беларусі пакуль мае невялікія аб’ёмы. Рэформы ў паліт. і эканам. сферы стварылі ўмовы ўваходжання краіны ў міжнар. рынак працы. У наш час пераважае экспарт рабочай сілы над імпартам. Таму дзярж. інтарэсы патрабуюць узмацнення ўплыву на структуру эміграцыйна-іміграцыйных патокаў, удасканалення сістэмы органаў дзярж. кіравання, адказных за каардынацыю гэтай дзейнасці. Адсутнасць рэгулявання прытоку і адтоку рабочай сілы абумовіла стыхійны характар яе руху на міжнар. рынку працы, што прывяло да негатыўных наступстваў. Асноўныя дзяржавы для працаўладкавання працоўных-мігрантаў з Беларусі — Расія, Малдова, Чэхія, Украіна, Венгрыя. Пераважныя сферы дзейнасці для нашых грамадзян за мяжой — с.-г. вытворчасць (34,4%) і будаўніцтва (30,1%). Працоўная эміграцыя ахоплівае пераважна актыўныя групы насельніцтва з высокай кваліфікацыяй. З асоб, што выехалі на працу ў іншыя краіны на падставе афіцыйна падпісаных дагавораў і кантрактаў, пераважае моладзь ва ўзросце да 24 гадоў, большасць з якіх студэнты. Мае месца і нелегальная працоўная міграцыя, калі людзі ад’язджаюць у краіну па турыстычных або гасцявых візах, а потым уладкоўваюцца там на часовую або пастаянную працу.
У рэгуляванні міжнар. працоўнай міграцыі важнае месца належыць міжурадавым пагадненням па стварэнні дагаворна-прававых умоў па абмене рабочай сілы і іх сацыяльна-прававой абароне. Такія пагадненні Рэспубліка Беларусь падпісала з Расіяй, Малдовай, Украінай, Польшчай, Літвой і Казахстанам. Рост працоўнай эміграцыі з Беларусі стрымліваецца недастатковым валоданнем замежнымі мовамі, адсутнасцю вопыту ўзаемаадносін ва ўмовах рыначнага гаспадарання, нізкай канкурэнтаздольнасцю на сусветным рынку працы і абмежавальнай палітыкай шэрагу краін у адносінах да іміграцыі, а таксама эканам. санкцыямі нашай дзяржавы (рост цэн на транспарт, на візы, пашпарты і інш.).
Вымушаная міграцыя (бежанцы) — новая для Беларусі праблема, якая ў 1990-я г. набыла масавы характар. Вымушаныя перасяленцы мігрыруюць пад уплывам пагражальных або дыскрымінацыйных абставін на радзіме. За 1996—99 бел.дзярж. міграцыйная служба зарэгістравала каля 32 тыс. асоб з краін блізкага замежжа, якія прэтэндавалі на статус бежанца. Акрамя вымушаных мігрантаў з блізкага замежжа, на Беларусі павялічваецца колькасць бежанцаў — выхадцаў з краін далёкага замежжа: Афганістана (пераважная большасць), Эфіопіі, Ірана, Ірака, Пакістана, Шры-Ланкі, Самалі і інш. дзяржаў, якія вучацца ў бел. навучальных установах і не жадаюць вяртацца на радзіму па паліт. матывах.
Нелегальная міграцыя на тэр. Беларусі адбываецца з краін СНД, Азіі, Афрыкі, Блізкага і Сярэдняга Усходу. Паводле ацэнак розных спецыялістаў на нелегальным становішчы ў краіне знаходзіцца ад 100 да 300 тыс. асоб. Такія мігранты выкарыстоўваюць каналы турызму, транзітнага праезду, бязвізавага ўезду па службовых і асабістых справах, пераважна з парушэннямі правіл уезду. Часта нелегальныя мігранты прыбываюць на Беларусь пад выглядам бежанцаў; большасць з іх выкарыстоўваюць краіну, як транзітную тэрыторыю для наступнай нелегальнай эміграцыі ў краіны Зах. Еўропы. Жорсткае міграцыйнае заканадаўства заходнееўрапейскіх дзяржаў, ажыццяўленне імі мер па пераходзе да палітыкі нулявой міграцыі ствараюць перашкоды для эміграцыі на захад. У выніку на Беларусі асядаюць іншаземцы, якія не змаглі эмігрыраваць у дзяржавы Зах. Еўропы, і іх колькасць хутка расце. Павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў і асоб з нявызначаным статусам на тэр. Беларусі абвастрае крымінальнае становішча, бо яны не рэгіструюцца, вядуць антысацыяльны лад жыцця і ствараюць сур’ёзную пагрозу дзярж. бяспецы краіны.
Табліца 25 Дынаміка знешняй міграцыі насельніцтва, тыс.чал.
Год
Прыбыло
Выбыла
Міграцыйны прырост
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
1994
53,1
50,0
3,1
56,5
47,7
8,7
-3,3
2,3
-5,6
1995
34,9
33,3
1,6
35,1
26,1
9,0
-0,2
7,2
-7,4
1996
31,9
30,1
1,8
22,6
14,1
8,5
9,4
16,0
-6,7
1997
31,4
29,9
1,5
16,7
9,7
7,0
14,7
20,2
-5,5
1998
33,2
31,6
1,6
13,3
7,5
5,8
19,9
24,1
-4,2
1999
30,8
29,1
1,7
13,3
7,0
6,2
17,5
22,1
-4,5
2000
25,9
24,8
1,7
13,8
7,4
6,4
12,1
16,8
-4,7
2001
23,4
21,8
1,5
14,3
8,3
6,0
9,1
13,5
-4,4
2002
18,9
17,5
1,4
13,4
8,6
4,8
5,6
8,9
-3,4
Табліца 26 Дынаміка міждзяржаўнай міграцыі насельніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і былымі рэспублікамі СССР, тыс.чал.
Год
Іміграцыя з краін СНД і Балтыі
Эміграцыя ў краіны СНД і Балтыі
Сальда міграцыі
Міграцыйны абарот
1990
99,3
105,9
-6,6
205,2
1991
95,8
61,5
34,3
157,3
1992
117,7
50,8
66,9
168,5
1993
86,0
46,9
39,1
132,9
1994
50,0
47,7
2,3
97,7
1995
33,3
26,1
7,2
59,4
1996
30,1
14,1
16,0
44,2
1997
29,9
9,7
20,2
39,6
1998
31,6
7,5
24,1
39,1
1999
29,1
7
22,1
36,1
1990—1999
602,8
377,2
225,6
980
2000
24,8
7,4
17,4
32,2
2001
21,8
8,3
13,5
30,1
2002
17,5
8,6
8,9
26,1
2000—2002
64,1
24,3
39,8
88,4
Дынаміка паказчыкаў чыстай знешняй міграцыі насельніцтва па асноўных яе патоках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся зфранц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак зпрычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад зсак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана зграмадз. вайной 1833—40 (гл.Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш.Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш.сац. праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.
Літ.:
Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.
Да арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙРАН (Byron) Джордж Ноэл Гордан (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),
англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц.бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, Г.Дубянецкая, Е.Лось, М.Лужанін, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1963;
Лірыка. Мн., 1989;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1987;
На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.
Літ.:
Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;
Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;
Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;
Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РСІЯ (ад лац. conversio змяненне, ператварэнне),
1) у эканоміцы — істотнае пераўтварэнне, змена ўмоў, замена адных аб’ектаў вытв-сці іншымі ці адных каштоўных папер на інш. Адрозніваюць К. пазыкі — змену першапач. умоў пазыкі, замену раней выпушчаных аблігацый дзярж. пазыкі новымі зпрычыны змянення ўмоў, пераважна для паніжэння ўзроўню пазыковага працэнта ці падаўжэння тэрміну дзеяння пазыкі; К. валют і каштоўных папер — абмен адной валюты на інш. ці адных відаў акцый на інш. і зваротны абмен абавязацельстваў на каштоўныя паперы, якія выкарыстоўваюцца брокерамі для атрымання даходу (К. зваротная); К. знешняга доўгу — скарачэнне агульнай велічыні знешняй запазычанасці дзяржавы праз змену ўмоў прадастаўлення крэдыту, форм і тэрмінаў яго вяртання, працэнтных ставак. Выкарыстоўваецца ў міждзярж. адносінах, у м. ў Саюзе Беларусі і Расіі з мэтай паглыблення эканам. і паліт. інтэграцыі.
2) У ваеннай справе і ваеннай вытворчасці — палітыка прынцыповай змены ваенізаванай структуры грамадства, правядзенне яго глыбокай дэмілітарызацыі; комплекс сац.-эканам. адносін і мерапрыемстваў, звязаных з выкарыстаннем матэрыяльных, фінансавых і чалавечых рэсурсаў ваен.-эканам. сферы грамадства для цывільных патрэб. Адрозніваюць тыпы ваен.-эканам. К. (ВЭК): К. пасляваенная (рэканверсія), звязаная з пераводам эканомікі краіны пасля заканчэння вайны на вытв-сць цывільнай прадукцыі; К. «мірная» — дэмілітарызацыя эканомікі, якая не звязана непасрэдна са спыненнем вайны або ваен. дзеянняў. Асн. кірункі ВЭК: у ваен. вытв-сці — перавод прадпрыемстваў на выпуск цывільнай прадукцыі, выкарыстанне ваен. і навук.-тэхн. патэнцыялу ў мірных мэтах, дэмілітарызацыя знешнеэканам. дзейнасці і працаўладкаванне работнікаў прадпрыемстваў, якія канверсуюцца; ва ўзбр. сілах — выкарыстанне ўзбраенняў, ваен. тэхнікі і маёмасці, аб’ектаў ваен. інфраструктуры і інш. сродкаў для цывільных патрэб, сац.-эканам. адаптацыя звольненых ваеннаслужачых. Ваен.-прамысл. комплексу б.СССР на тэр. Беларусі належала больш за 100 прадпрыемстваў, навук. арг-цый і ўстаноў (у т. л.навук.-вытв. аб’яднанне «Інтэграл», Мінскі з-д колавых цягачоў, Гомельскі радыёзавод, шэраг авіярамонтных і танкарамонтных з-даў), якія разам з дзесяткамі ваен. гарнізонаў і ваен. гарадкоў, ваен. тэхнікай, узбраеннем, асабовым складам вайск. часцей падлягаюць К. Рэалізацыю канверсійных працэсаў на Беларусі ўскладняюць: змяншэнне агульнага прыбытку і рэнтабельнасці прадпрыемстваў за кошт скарачэння ваен. заказаў, высокі сабекошт цывільнай прадукцыі, якая замяняе ваенную; недахоп фін. сродкаў на К. ваен. вытв-сці, а таксама дэмантаж і утылізацыю сродкаў ваен. тэхнікі і ўзбраенняў; адмоўныя наступствы працэсу знішчэння ўзбраенняў для экалогіі; сац.-эканам. і псіхал. цяжкасці, якія адчуваюць ваеннаслужачыя пры перавучванні і засваенні мірных прафесій, і інш. У перападрыхтоўцы ваеннаслужачых на мірныя прафесіі і спецыяльнасці актыўны ўдзел прымае Бел. цэнтр перападрыхтоўкі ваеннаслужачых (пас. Калодзішчы), Міжнар.ін-т менеджменту і інш.навуч. ўстановы.
3) У мовазнаўстве, у сінтаксісе — прадстаўленне суб’ектна-аб’ектыўных адносін у сказе, адваротнае зыходнаму; выражаецца з дапамогай станавых форм (напр., «рабочыя будуюць дом — дом будуецца рабочымі»); у лексіцы — адносіны паміж дзвюма лексемамі (канверсівамі), якія называюць адно і тое ж дзеянне з розных бакоў ці абазначаюць процілегла накіраваныя дзеянні, прыкметы («сястра старэйшая за брата — брат маладзейшы за сястру»); у словаўтварэнні — марфолага-сінтакс. спосаб словаўтварэння, пераход слоў адной часціны мовы ў другую («кавалі́» — «кава́лі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛІЦА,
адна з дзвюх (разам зглаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт.Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара зцітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус.літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапіс (у быт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст.зпрычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.
Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДРУ́ЖНАСЦЬ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ ДЗЯРЖА́Ў (СНД),
аб’яднанне суверэнных дзяржаў, утворанае на большай частцы тэрыторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 паміж Рэспублікай Беларусь, Рас. Федэрацыяй і Украінай. Кіраўнікі 11 суверэнных дзяржаў (б. рэспублік СССР, акрамя прыбалтыйскіх і Грузіі) падпісалі 21.12.1991 у г. Алматы (да 1995 сталіца Казахстана) Пратакол да Пагаднення аб стварэнні Садружнасці, у якім падкрэслівалася, што Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць СНД, і Дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць гэтых дзяржаў да супрацоўніцтва ў розных сферах знешняй і ўнутр. палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў б.СССР. Парламенты краін — членаў СНД ратыфікавалі Белавежскія пагадненні. У снеж. 1993 да Садружнасці далучылася Грузія. СНД дзейнічае на аснове Статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22.1.1993. Садружнасць засн. на пачатках суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў. Дзяржавы — члены СНД з’яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб’ектамі міжнар. права. СНД не з’яўляецца дзяржавай і не валодае наднац. паўнамоцтвамі. У вер. 1993 кіраўнікі дзяржаў СНД падпісалі Дагавор аб стварэнні Эканам. саюза, у якім закладзена канцэпцыя трансфармацыі гасп. ўзаемадзеянняў у рамках Садружнасці. Узаемадзеянне краін у рамках СНД ажыццяўляецца праз яго каардынуючыя ін-ты: Савет кіраўнікоў дзяржаў (чарговае пасяджэнне адбылося ў Мінску 1.6.2001), Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую Асамблею СНД, Выканаўчы камітэт (дзейнічае з 2.4.1999 як пераемнік Выканаўчага сакратарыята і Міждзярж. эканам.к-та, размешчаных у Расіі і Беларусі) і інш. Статус назіральніка прадастаўлены Садружнасці Ген. Асамблеяй ААН (сак. 1994) і Саветам па гандлі і развіцці (ЮНКТАД; 19.4.1994). Паміж сакратарыятам ЮНКТАД і Выканаўчым к-там СНД падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве (5.5.1994). У 1995 наладжаны дзелавыя кантакты зМіжнар. арг-цыяй працы, Сусв. арг-цыяй аховы здароўя, Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў. Прадстаўнікі Выканаўчага к-та ўдзельнічаюць у буйнейшых нарадах і форумах, якія праводзяцца па лініі ААН, Еўрапейскага саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, інш.міжнар. арг-цый. Некат. краіны Садружнасці стварылі асобныя аб’яднанні: Саюз Беларусі і Расіі, Мытны саюз (Рэспубліка Беларусь, Рас. Федэрацыя, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан) і інш.
Узаконена канцэпцыя рознахуткаснай інтэграцыі ўнутры Садружнасці. З сярэдзіны 1990-х г. у СНД выявіліся і цэнтрабежныя тэндэнцыі, надзеі на хуткую і цесную інтэграцыю яе краін-членаў не апраўдаліся. Асн.прычыны такога працэсу: розныя падыходы дзяржаў СНД да праблем рэфармавання органаў Садружнасці, вызначэння іх структуры і функцый, рознагалоссі ў выпрацоўцы агульнай эканам. канцэпцыі на макра- і мікраўзроўні і агульнай палітыкі ў забеспячэнні калект. бяспекі; боязь страціць значную частку суверэнітэту і магчымасці прысваення гэтых функцый Расіяй; неэфектыўнасць дагавораў і пагадненняў у рамках СНД; розніца сфер інтарэсаў і мэт знешняй палітыкі краін — удзельніц СНД. Не выконваюцца многія палажэнні Дагавора аб калект. бяспецы (1992), з якога выйшлі Азербайджан, Грузія і Узбекістан (1999) Рэспубліка Беларусь выступае за захаванне СНД, больш цесныя эканам., паліт. і ваен. супрацоўніцтва і інтэграцыю; была адным з ініцыятараў падпісання дагавораў і пагадненняў аб Мытным саюзе, адзінай эканам. прасторы, калект. бяспецы, фарміраванні зоны свабоднага гандлю.
Літ.:
Содружество независимых государств: Портрет на фоне перемен. Мн., 1996;
Гордейчик А., Снапковский В. О нынешнем состоянии СНГ и перспективах его развития // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАБЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова бел. народнасці ў 14—18 ст. Існавала ў вуснай нар.-дыялектнай і кніжнай літ.-пісьмовай формах.
Нар.-дыялектная С.м. ўзнікла на базе тэр. дыялектаў усх.-слав. зямель, якія ў 13—14 ст. увайшлі ў ВКЛ. Яна вызначаецца фанетычнымі рысамі: зацвярдзеннем «ч» і «р» («прычыны»), дзеканнем і цеканнем, зацвярдзеннем губных зычных на канцы слова («семъ», «голубъ»), фрыкатыўным «г», пераходам «в» і «л» у «ў» (у пэўных пазіцыях), падоўжаннем зычных у інтэрвакальным становішчы (вынік асіміляцыі «j»), супадзеннем у вымаўленні гукаў «e» і «ё», развіццём спалучэння «ры», «лы» на месцы спалучэнняў плаўных з рэдукаванымі («крываво», «блышчачися»), развіццём напружаных рэдукаваных y «і» і «ы» («злыи», «биитеся»), развіццём акання і якання. Граматыцы С.м. ўласціва захаванне ў словазмяняльнай парадыгме чаргаванняў заднеязычных і свісцячых, ужыванне форм старога вінавальнага склону мн.л. ў назвах жывёл, захаванне клічнай формы назоўнікаў мужчынскага і жан. роду, выцясненне кароткіх форм вышэйшай ступені прыметнікаў поўнымі, утварэнне складанай формы будучага часу з дзеясловамі-звязкамі «буду» і «маю», захаванне формы плюсквамперфекта, замацаванне дзеепрыслоўяў на «-учы(-ючы)» і «-ачы(-ячы)», пашырэнне безасабова-пасіўнай канструкцыі з дзеепрыметнікам залежнага стану прошлага часу («мужа забіто»), У слоўнікавым складзе С.м. захаваліся некат. словы, якія выйшлі з ужытку на б.ч.ўсх.-слав. моўнай тэр. («багна», «вежа», «збожжа», «лазня» і інш.). Уласнабел. словы ўтвараліся пры дапамозе афіксаў ад агульнаслав. каранёў («пачатак», «слухач»). Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з польскай, ням. і літ. моў («дах», «дойлід», «моц», «праца», «скарб», «фарба», «свіран» і інш.).
Нар.-дыялектная С.м. служыла сродкам штодзённых зносін бел. насельніцтва. На ёй ствараліся фалькл. творы — песні, казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі. Літ.-пісьмовая С.м. развівалася ў 14—15 ст. са старажытнарускай мовы праз насычэнне яе бел. рысамі. Яна з’яўлялася афіц. мовай ВКЛ. На працягу 15—17 ст. на С.м. створаны шматлікія і разнастайныя ў жанравых адносінах помнікі л-ры На ёй пісаліся дакументы велікакняжацкіх канцылярый 15—16 ст.: Метрыка ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, судзебнікі, дагаворы, граматы, прывілеі, інвентарныя вопісы (іх мова ў найб. ступені адпавядала тыпу жывой нар. мовы), актавыя матэрыялы судоў, гар. упраў і магістратаў, дыпламат. і прыватная перапіска. На С.м. ствараліся творы свецкай л-ры: летапісы (Віленскі, Нікіфараўскі, Акадэмічны), хронікі і хранографы (Хроніка літоўская і жамойцкая, Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, пераклады хронік М.Бельскага і М.Стрыйкоўскага), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Троя», «Александрыя»). Літ. С.м. шырока ўжывалася для стварэння рэліг.-палемічнай л-ры: «Катэхізіс» С.Буднага, «Апісанне і абарона сабора рускага берасцейскага», «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, агіяграфічныя зборнікі 17 ст., на яе перакладзена «Евангелле» В.Цяпінскага. На аснове С.м. ўзнікла бел. кнігадрукаванне, у т. л. выданні Ф.Скарыны. Кнігі (пераважна павучальнай і прапаведніцкай л-ры) выдаваліся ў друкарнях Вільні, Еўя, Куцейна, Нясвіжа ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст.З узмацненнем сувязей ВКЛз Польшчай (асабліва з сярэдзіны 17 ст.) С.м. як афіц. мова пачала выцясняцца з ужытку польскай мовай. У 18 ст. С.м. існавала толькі ў дыялектна-нар. разнавіднасці. На яе аснове ў 19 ст. адбылося станаўленне нац.беларускай мовы.
Літ.:
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972.