КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),

старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс. н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс. н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.

Да арт. Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ВЫ (грэч. Thēbai, стараж.-егіп. Уасет),

адзін з найбуйнейшых гарадоў, паліт., рэліг. і культ. цэнтр Стараж. Егіпта. Вядомы з 3-га тыс. да н.э. У 22—20—10—8 ст. да н.э. сталіца Егіпта, потым рэліг. цэнтр. Каля 730 да н.э. захоплены царствам Куш, у 663 да н.э. разбураны царом Асірыі Ашурбаніпалам, у 88 да н.э. — Пталамеем IX Сатэрам.

Паступова ператварыліся ў правінцыяльны горад. З пач. 19 ст. н.э. вядуцца археал. раскопкі, у т. л. рэстаўрацыйныя работы ў храмах. На тэр. Ф. знаходзяцца грандыёзныя храмавыя ансамблі (на ўсх. беразе Ніла ў Карнаку, Луксоры). На зах. беразе захаваліся некропалі і руіны памінальных храмаў фараонаў. Каля Ф. знаходзіцца стараж.-егіпецкі комплекс Дэйр-эль-Бахры.

Літ.:

Ливрага Х.А. Фивы: Пер. с исп. 3 изд. М., 2002.

Да арт. Фівы. Паляванне фараона. Фрагмент размалёўкі з грабніцы ў Фівах. XVIII дынастыя. Канец 15 ст. да н.э.

т. 16, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКАНЕ́ЛЬ,

сплаў нікелю (аснова), хрому (да 15%) і жалеза (да 9%) з дабаўкамі алюмінію, тытану, малібдэну. Гарачаўстойлівы і гарачатрывалы матэрыял (т-ра эксплуатацыі да 900 °C). Выкарыстоўваюць у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛХА́Ш,

бяссцёкавае возера на ПдУ Казахстана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне, на выш. 342 м над узр. м. Пл. зменьваецца ад 17 да 22 тыс. км². Даўж. 605 км, найб. шыр. 74 км, найб. глыб. да 26 м, сярэдняя каля 6 м. Пл. вадазбору каля 501 тыс. км². Зах. і паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. ўзбярэжжа — плоская раўніна з зараснікамі трыснягу. П-аў Сарыесік падзяляе Балхаш на 2 часткі, злучаныя прал. Узун-Арал (шыр. 4 км): зах. — шырокую, з моцна парэзанай берагавой лініяй і ўсх. — вузкую, берагавая лінія менш звілістая. У зах. частку ўпадае р. Ілі, ва ўсх. — р. Каратал, Аксу, Лепсы і інш. Самыя вял. а-вы Басарал і Тасарал. Клімат у раёне возера пустынны. Высокая летняя т-ра паветра (каля 24 °C), нізкая адносная вільготнасць (55—60%), моцныя вятры спрыяюць выпарэнню (ад 950 да 1200 мм за год). Т-ра вады на паверхні ад 0 °C у снеж. да 28 °C у ліп. Ледастаў з ліст. да красавіка. Вада ў зах. частцы амаль прэсная (да 1‰), празрыстасць да 1 м, жоўта-шэрага колеру, ва ўсх. частцы — саленаватая (5‰), празрыстая да 5,5 м, колер ад блакітнаватага да ізумрудна-зялёнага. Прамысл. рыбы: сазан, судак, марынка, акунь. Шмат вадаплаўных птушак. Суднаходства. На паўн. беразе г. Балхаш.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЖАВЫ КРАН,

кран з высокай вежай, паваротнай стралой і пад’ёмнай лябёдкай. Выкарыстоўваецца пераважна ў буд-ве. Бываюць перасоўныя (апіраюцца на хадавыя колавыя або гусенічныя цялежкі, якія перамяшчаюцца па рэйках ці зямлі) і стацыянарныя. Грузападымальнасць перасоўных вежавых кранаў да 100 т, стацыянарных да 400 т, выш. пад’ёму да 150 м, вылет стралы да 50 м.

Вежавыя краны: а — перасоўны; б — стацыянарны.

т. 4, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́УС (ад лац. aureus залаты),

залатая старажытнарымская манета, якую пачаў выпускаць Юлій Цэзар пасля Гальскіх паходаў (58—51 да нашай эры). Сістэматычна чаканілася з часу праўлення Аўгуста (30 да нашай эры — 14 нашай эры) да праўлення Канстанціна I (306—337), які замяніў аўрэус солідам. За гэты час маса манеты зменшылася з 8,18—8,19 да 5,45—5,46 г.

Аўрэус імператара Адрыяна [117—138].

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЛІЯ́ЦЫЯ (ад англ. affiliate далучаць, звязваць),

1) імкненне чалавека да аб’яднання, знаходжання ў супольнасці з інш. людзьмі. Тэндэнцыя да афіліяцыі ўзрастае ў выпадку ўцягнення суб’екта ў патэнцыяльна небяспечную, стрэсавую (гл. Стрэс) сітуацыю. Блізкасць да інш. людзей зніжае трывогу, змякчае фізіял. і псіхал. стрэсы. Блакіраванне афіліяцыі выклікае пачуццё адзіноты, адчужанасці, параджае фрустрацыю.

2) Прыём у члены; далучэнне ў якасці аддзялення, філіяла і да т.п.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАВА́ЗД II (? — 31 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРСТА́,

старажытная мера (адзінка) даўжыні ў Расіі, на Беларусі, Украіне і ў Польшчы. Вядомая з 11 ст. Лікавае значэнне вярсты мянялася ад 500 да 1000 сажняў. З канца 18 ст. і да ўвядзення метрычнай сістэмы мер вярста прымалася роўнай 1066,781 м. На Беларусі да канца 18 ст. карысталіся вярстой памерам да 789 сажняў (1559,7 м) і вялікай вярстой на 1000 сажняў (1948,2 м).

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТАРСКАЯ ШКО́ЛА,

навучальная ўстанова ў Стараж. Грэцыі (з 3 ст. да н.э.) і Рыме (з 1 ст. да н.э.) для падрыхтоўкі моладзі з арыстакратычнага асяроддзя да дзярж.-паліт. дзейнасці. Пасля элементарнай (трывіяльнай) і граматычнай школ Р.ш. была вышэйшым звяном трохступеннай сістэмы адукацыі, якая існавала да канца антычнасці. Акрамя навучання аратарскаму майстэрству Р.ш. давала веды па філасофіі, гісторыі, л-ры, правазнаўстве і інш. дысцыплінах.

т. 13, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)