АКТЫ́ЎНАСЦЬ,

1) у хіміі, актыўнасць каталізатара — здольнасць паскараць хім. рэакцыю. Вызначаецца як скорасць рэакцыі ў дадзеных умовах без уліку скорасці той жа рэакцыі пры адсутнасці каталізатара. Паверхневая актыўнасць — здольнасць рэчыва пры адсорбцыі зніжаць паверхневае нацяжэнне на мяжы падзелу дзвюх фазаў. Вызначаецца велічынёй — ∂σ ∂c , дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння, c — аб’ёмная канцэнтрацыя рэчыва. Уласцівая паверхнева-актыўным рэчывам.

2) У хімічнай тэрмадынаміцы — велічыня, якая адпавядае тэрмадынамічным уласцівасцям рэчыва ў рэальным растворы. Вызначаецца праз змену пэўных фіз. велічыняў (пругкасці пары, т-ры замярзання, кіпення і інш.) пры змене канцэнтрацыі рэчываў у растворах. Адхіленне ўласцівасцяў рэальнага раствору ад уласцівасцяў ідэальнага характарызуецца каэфіцыентам актыўнасці (адносінай актыўнасці да канцэнтрацыі).

3) У ядзернай фізіцы — велічыня, роўная колькасці радыеактыўных распадаў за адзінку часу; адна з асн. характарыстык радыеактыўнасці. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль, пазасістэмная адзінка — кюры.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КА,

асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў ВКЛ у 16—18 ст. На Беларусі ўведзена ў час валочнай памеры. Як адзінка плошчы падзялялася на 30 маргоў, або 9000 прутоў (21,36 га). Павінна была складацца з 3 роўных палёў, што адпавядала трохпольнай сістэме земляробства. Часта да палявога надзелу дадавалі 3 маргі на сядзібу і агарод. «Устава на валокі» 1557 прадугледжвала валоку ў 33 маргі, па 11 маргоў у кожным полі. Пры кепскай зямлі практыкаваліся т.зв. «наддаўкі», таму памер валокі вагаўся ад 30 да 46 маргоў, але ўсе валокі абкладаліся аднолькавымі павіннасцямі. Паводле ўмоў плацяжу адрознівалі валокі цяглыя (паншчына), асадныя (грашовы чынш), вольныя ад павіннасці. Былі валокі аселыя (знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян), прыёмныя, або бакавыя (у часовым карыстанні), пустыя (не ўзятыя ў карыстанне).

В.​Ф.​Голубеў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛАР (англ. dollar ад ням. Taler талер),

1) грашовая адзінка ЗША, роўная 100 цэнтам. Уведзены з 1786 паводле рашэння кангрэса ЗША (спачатку сярэбраны, з 1792 і залаты). З 1873 пасля адмены свабоднай чаканкі серабра грашовай адзінкай стаў Д. залаты. З 1928 эмісія Д. ў банкнотах, з 1965 — медна-нікелевага Д. У сучаснай валютнай сістэме Д. фактычна прызнаны асновай валютных парытэтаў і курсаў. Д. ЗША з’яўляецца таксама грашовай адзінкай Віргінскіх Астравоў, Гуама, Ліберыі, Мікранезіі, Панамы, Пуэрта-Рыкі, Тайваня, Усх. Самоа, Церкса і Кайкаса.

2) Грашовая адзінка Аўстраліі, Багамскіх Астравоў, Барбадаса, Беліза, Бермудскіх Астравоў, Брунея, Гаяны, Зімбабве. Кайман Астравоў, Канады, Ліберыі, Лівіі, Новай Зеландыі, Саламонавых Астравоў, Сінгапура, Сянгана (Ганконга), Трынідада і Табага, Фіджы, Ямайкі, групы краін Карыбскага басейна (усходнекарыбскі Д.).

3) Сярэбраная манета ў Кітаі (1907—49).

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАСІСТЭ́МНЫЯ АДЗІ́НКІ,

адзінкі фізічных велічынь, што не ўваходзяць ні ў адну з сістэм адзінак. Уводзіліся для асобных галін вымярэнняў, выбіраліся незалежна (без сувязі з інш. адзінкамі) або адвольна вызначаліся праз інш. адзінкі адпаведных велічынь. П.а. зручныя ў практычным выкарыстанні, гарманічна дапаўняюць Міжнародную сістэму адзінак (СІ).

Да П.а. належаць адносныя і лагарыфмічныя адзінкі (напр., бел, непер), дольныя адзінкі, кратныя адзінкі, спец. адзінкі (напр., біт, бэр, электронвольт). Некаторыя П.а. дапускаюцца да практычнага выкарыстання нараўне з адзінкамі СІ. Напр., адзінкі даўжыні: астранамічная адзінка, марская міля, парсек, светлавы год; масы: атамная адзінка масы, карат, тона; часу: гадзіна, мінута, суткі; плоскага вугла градус, град (гон), мінута, секунда.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЕРЭ́ЛЬ,

адзінка актыўнасці нукліда ў радыеактыўнай крыніцы (актыўнасці ізатопа) у СІ. Абазначаецца Бк. 1 Бк роўны актыўнасці нукліда, пры якой за 1 с адбываецца 1 акт распаду. Названа ў гонар франц. фізіка А.​А.​Бекерэля (гл. ў арт. Бекерэль). 1 Бк=2,703∙10​−11 кюры.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬТ,

адзінка электрычнага напружання, эл. патэнцыялу, рознасці эл. патэнцыялаў і электрарухальнай сілы (эрс) у СІ. Абазначаецца В. 1 В роўны эл. напружанню на ўчастку эл. ланцуга з пастаянным такам сілай 1 А, у якім затрачваецца магутнасць 1 Вт (гл. Ампер, Ват). Названы ў гонар А.Вольты.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БЧЫЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР. Утворана 15.1.1940 у Пінскай вобл. Цэнтр — в. Жабчыцы. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 30.5.1955 цэнтр раёна перанесены ў в. Малоткавічы. 14.10.1957 Ж.р. скасаваны, 2 сельсаветы перададзены Іванаўскаму, 1 — Лагішынскаму, 6 — Пінскаму р-нам.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛУДО́ЦКІ РАЁН,

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл., з 1944 у Гродзенскай вобл. Цэнтр — г.п. Жалудок. Падзяляўся на 14 сельсаветаў, пл. 0,7 тыс. км² (1941). У 1962 тэр. перададзена ў Дзятлаўскі, Лідскі, Мастоўскі, Шчучынскі р-ны.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ВЕРТ,

адзінка эквівалентнай дозы выпрамянення ў СІ. З. роўны эквівалентнай дозе, пры якой здабытак паглынутай дозы ў біял. тканцы стандартнага складу на сярэдні каэфіцыент якасці роўны 1 Гр. Абазначаецца Зв. Пераважна выкарыстоўваюцца адзінкі 1 мкЗв = 10​−6 Зв і 1 мЗв = 10​−З Зв.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл., з 1954 у Гродзенскай вобл. Цэнтр — г.п. Казлоўшчына. Плошча 0,7 тыс. км². 12.10.1940 падзелены на 11 сельсаветаў. 20.1.1960 раён скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Дзятлаўскі і Слонімскі р-ны.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)