геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Знаходзіцца на беразе воз. Багданаўскае ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Валун дробназярністага ружова-шэрага мігматыту з ружовымі жылкамі (2—5 см) палявога шпату. Даўж. 3,4 м, шыр. 3,1 м, выш. 2,2 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём 12,3 м³, маса 33 т. Прынесены ледавіком каля 20—12 тыс.г. назад са Скандынаўскага п-ва. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУРЫ́ЛАВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.
У Мінскім р-не каля в. Чурылавічы, за 20 км на Пд ад Мінска. Створана ў 1982. Пл. 0,34 км², даўж. 660 м, найб.шыр. 580 м, найб.глыб. 7,1 м. Аб’ём вады 1,3 млн.м³. Сярэднегадавы сцёк 44,8 млн.м³. Чаша вадасховішча — пойма р. Пціч, агароджаная з двух бакоў дамбамі даўж. 730 м і 1,37 км. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 4 м. Выкарыстоўваецца для рэгулявання воднага рэжыму зямель і рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1916 з цэглы ў г. Вілейка Мінскай вобл. Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 2-ярусная званіца (чацвярык на прамавугольным прытворы), завершаная 8-гранным шатром з цыбулепадобным купалком, трапезная, асн.аб’ём з бакавымі прыдзеламі накрыты 4-схільным дахам з 5 купаламі, паўкруглая апсіда. Гал. ўваход вырашаны лучковым праёмам з круглым акном над ім. У дэкоры выкарыстаны формы стараж.-рус. дойлідства (бочкападобнае перакрыцце прыдзелаў, кілепадобныя ліштвы вокнаў, аркатура, парэбрык, філёнгі). Іл.гл. да арт.Вілейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЦЫРК.
Пабудаваны ў Гомелі ў 1972 (арх. М.Шульмейстэр, Ю.Маторын, А.Кудраўцаў, Ш.Хінчын). Кампазіцыя будынка вырашана ў выглядзе 2 чаш, павернутых адна да адной (амфітэатр і купал). Відовішчная частка складаецца з залы на 1856 месцаў з манежам, эстрадай і аркестравай пляцоўкай. Асн.аб’ём размешчаны на прамавугольным у плане стылабаце, дзе знаходзяцца касавы вестыбюль, гардэробы, парадныя лесвіцы, блок службовых, артыстычных і дапаможных памяшканняў. Амфітэатр абкружаны зашклёным фае з выхадам на тэрасу, зробленую на даху стылабата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́Я ПЕРАВО́ЗКІ,
перамяшчэнне грузаў рознымі сродкамі транспарту. Адрозніваюць унутрывытв. грузавыя перавозкі, якія тэхналагічна звязаны з вытв-сцю прадукцыі ў межах асобнага прадпрыемства, і нар.-гасп. — перавозкі прадукцыі ў сферы абарачэння ад вытворцаў да спажыўцоў або непасрэдна (транзітныя пастаўкі), або праз склады доўгатэрміновага захоўвання і гандл. сетку (паўторныя перавозкі). Аб’ём грузавых перавозак (вымяраецца ў тонах) абумоўлены аб’ёмам вытворчасці прадукцыі і імпарту і каэфіцыентам паўторнасці перавозак, г.зн. колькі разоў адна і тая ж тона прадукцыі перавозіцца ад прадпрыемства-вытворца да пунктаў спажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,
помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс.г. назад з раёна г. Выбарг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ДОМ-КАМУ́НА.
Пабудаваны ў Віцебску ў 1927—29 (арх. А.Вышалескі). Задуманы як зручнае эканам. жыллё для працоўных, разлічаны на 280—300 чал. Першая на Беларусі пабудова такога тыпу. 4-павярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтр.аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца 2 вынесеныя за план дома і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. У час Вял.Айч. вайны будынак згарэў. Пасля рэканструяваны ў жылы дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАРАЗМЕРКАВА́ННЕ,
планавы забор вады з водных аб’ектаў, транспарціроўка яе ў вузлы выдачы і размеркаванне паміж спажыўцамі. Улічваюцца рэжым крыніц вады, аб’ём зарэгуляванага сцёку, страты вады на фільтрацыю, выпарэнне, сан. попускі і інш. Памеры, тэрміны і парадак падачы вады водакарыстальнікам вызначаюцца паводле планаў водакарыстання (унутрыгаспадарчых, басейнавых і інш.). Водаразмеркаванне праводзіцца ў першую чаргу для задавальнення патрэб насельніцтва ў пітной і быт. вадзе, рацыянальнага і эканомнага выкарыстання водных рэсурсаў, забеспячэнне неабходнай колькасці і якасці вады, прадухілення шкоднага ўплыву яе на навакольнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ АРЛЫ́,
вадасховішча ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у басейне р. Вятліца (правы прыток Прыпяці), у меліярац. сістэме «Магільна», за 20 км на ПнУ ад г. Столін. Пл. 0,99 км², даўж. 1,3 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 4,8 м, аб’ём вады 3,5 млн.м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4,4 км. Наліўное, напаўняецца вадой з Бор-Дубянецкага канала ў час разводдзя і за кошт сцёку меліярац. каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,8 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, увільгатнення і арашэння зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пд ад в. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл. Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).