ІМАНЕ́НТНАЕ [ад лац. immanens (immanentis) уласцівы чаму-н.],
нешта ўнутранае, уласцівае дадзенаму прадмету, з’яве, працэсу. Напр., аб’ектыўныя законы і заканамернасці іманентныя, г. зн. арганічна ўласцівыя свету, матэрыі. Тэрмін «І.» ўзнік у схаластычнай філасофіі і абазначаў прычыны і дзеянні, што мелі месца ў саміх аб’ектах. Паводле І.Канта, паняцце «І.» арганічна звязана з гнасеалогіяй, выконвае метадалагічную функцыю ў працэсе выяўлення межаў пазнавальных здольнасцей суб’екта. Процілеглае І. — трансцэндэнтнае. Іманентнай называюць таксама філас. крытыку, якая разглядае тое ці інш. вучэнне з пункту погляду паслядоўнага правядзення яго ўласных прадпасылак. Гл. таксама Іманентная філасофія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРСІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
аптычная сістэма, у якой прастора паміж прадметам і першай лінзай аб’ектыва запоўнена імерсійнай вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў мікраскопах.
У якасці імерсійных вадкасцей бяруцца мінер. масла (паказчык пераламлення 1,515), раствор гліцэрыны (1,44), вада (1,333) і інш. Выкарыстанне імерсіі павышае апертуру аб’ектыва і адпаведна раздзяляльную здольнасць мікраскопа, памяншае адбіццё на паверхні лінзы. Дазваляе вывучаць аб’екты, што знаходзяцца на рознай глыбіні ў імерсійнай вадкасці (напр., з дапамогай аб’ектыва, разлічанага на водную імерсію, можна назіраць мікраарганізмы ў вадзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГІБІ́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
рэчывы, якія зніжаюць скорасць працякання хім. рэакцый. Выкарыстоўваюць для прадухілення ці запавольвання непажаданых працэсаў: старэння палімераў (гл.Стабілізатары), акіслення паліва і змазачнага масла, харч. тлушчаў, лек. прэпаратаў (гл.Антыаксіданты), карозіі металаў.
Інгібітары карозіі, хім. злучэнні ці іх кампазіцыі, прысутнасць якіх у каразійна-агрэсіўным асяроддзі запавольвае карозію металаў. Ахоўнае дзеянне абумоўлена іх здольнасцю мяняць кінетыку электрахім. рэакцый, што адбываюцца пры карозіі. У адпаведнасці з гэтым падзяляюць на анодныя, катодныя і змешаныя. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі абсталявання і трубаправодаў газа-, нафтаздабыўной, перапрацоўчай прам-сці, сістэм ахаладжэння і прамысл. водазабеспячэння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ПАКУПНО́Й ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
паказчык, што характарызуе колькасць тавараў і платных паслуг, якія можна набыць за адну грашовую адзінку пры дадзеным узроўні цэн на тавары і тарыфаў на паслугі. Адваротная велічыня індэкса цэн. Калі індэкс цэн на тавары і тарыфаў на паслугі зніжаецца, то І.п.з. павялічваецца, і наадварот. Ён адлюстроўвае змену намінальнага кошту грашовай адзінкі (кошту, пазначанага на грашах) з улікам змены цэн і тарыфаў. Умовамі павелічэння і замацавання пакупной здольнасці рубля з’яўляюцца ўстанаўленне правільных суадносін паміж попытам і прапановай, вытворчасць тавараў і паслуг, неабходных для задавальнення бягучых патрэб грамадства, эфектыўнае дзярж. рэгуляванне грашовага прапанавання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРСТЫЦЫЯ́ЛЬНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
агульная назва клетак, што займаюць прамежнае становішча ў арганізме жывёл і чалавека. І.к., або клеткі Лейдыга, гландулацыты, размешчаныя паміж канальцамі семяннікоў у пазваночных, выпрацоўваюць мужч. палавыя гармоны (пераважна тэстастэрон) і ў невял. колькасці жан. палавыя гармоны. У яечніках млекакормячых І.к. мезенхімнага паходжання сінтэзуюць стэроідныя гармоны і выконваюць трафічную функцыю. І.к. з’яўляюцца таксама стваловыя клеткі ў целе ніжэйшых шматклетачных, здольныя развіцца ў нерв., палавыя і жыгучыя (у кішачнаполасцевых). У лічынак некат. насякомых І.к. — клеткі сярэдняй кішкі, насычаныя ліпоідамі (ліпахромныя клеткі), мяркуецца, падтрымліваюць нізкае значэнне pH у гэтым участку кішэчніка.
расійскі прыродазнавец, заснавальнік эвалюц. палеанталогіі. Брат А.А.Кавалеўскага. Паслядоўнік і прапагандыст вучэння Ч.Дарвіна. У 1869—74 працаваў у Францыі, Германіі, Англіі, з 1875 у Пецярбургскім ун-це, з 1880 дацэнт Маскоўскага ун-та. Аўтар працы па гісторыі развіцця канечнасцей капытных жывёл. Першым з палеантолагаў дастасаваў эвалюц. вучэнне да праблем філагенезу пазваночных. Адкрыў узаемасувязь марфалогіі і функцыян. змен у залежнасці ад умоў існавання, адзначыў, што існуе залежнасць узаемасувязі з геал. пераўтварэннямі. Пераклаў на рус. мову шэраг работ Дарвіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗУС ФЕДЭ́РЫС (лац. casus foederis),
умова або юрыд. факт, наступленне якога дае падставу бакам у міжнар. дагаворы прыступіць да здзяйснення або здзейсніць пэўныя дзеянні ці ўстрымацца ад іх. У міжнар. канвенцыях і інш. актах аб правілах вядзення вайны К.ф. служыць вызначэннем моманту, калі ўдзельнікі ўзбр. канфлікту абавязаны ўжываць і выконваць устаноўленыя імі нормы гуманітарнага права. У двухбаковых дагаворах аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе паміж дзяржавамі К.ф. — умова, якая вызначае, што ў выпадку ўзбр. нападу з боку якой-н. дзяржавы на аднаго з удзельнікаў дадзенага дагавора другі бок павінен аказаць яму дапамогу ўсімі сродкамі, уключаючы ўзбр. сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Мікалай Арцёмавіч) (10.5.1937, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1974),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). У 1958—60 і з 1967 на кінастудыі «Беларусьфільм» Гал. месца ў творчасці займалі фільмы героіка-рамант. плана. Рэжысёр маст. фільмаў «Ствары бой» (1970), «Рудабельская рэспубліка» (1972), тэлевізійных «Камлючок» (1968), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972), «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974). У 1965—67 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі паставіў спектаклі «Справа Даўбмана» («Герой Фатэрланда») Л.Кручкоўскага і «Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна (1965), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.Губарэвіча (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МБ ((Colombe) Мішэль) (каля 1431, Брэтань, Францыя — пасля 1512),
французскі скульптар. Працаваў у Туры і Нанце. Спалучаў традыцыі готыкі і элементы італьян. рэнесансавай пластыкі (пераважна ў арнаменце), што паклала пачатак скульптуры франц. Адраджэння. Аўтар медаля ў гонар уезду Людовіка XII у Тур (каля 1500), надмагілля герцага Францыска II Брэтонскага і Маргарыты дэ Фуа з іх партрэтнымі скульптурамі і 4 статуямі дабрачыннасцей (1502—07, сабор у Нанце), рэльефу «Св. Георгій перамагае дракона» з пейзажным фонам (1508—09). Яму прыпісваюць групу «Палажэнне ў труну» (1496, абацтва г. Салем).
М.Каломб. Святы Георгій перамагае дракона. 1508—09.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАТО́РНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,
фанетычныя змяненні гукаў, што ўзнікаюць у выніку іх спалучэння з інш. гукамі ў моўнай плыні. Асн. віды: асіміляцыя, дысіміляцыя, акамадацыя.
На асімілятыўнай і дысімілятыўнай аснове могуць адбывацца: эпентэза (устаўка — «Лявон», «рубель»), дыярэза (выпадзенне — «праязны», «сэрца»), гаплалогія (выпадзенне аднолькавых элементаў на стыках марфем — «марфаналогія» з «марфафаналогія»), кантракцыя (сцяжэнне — «казацкі» з «казакскі»), метатэза (перастаноўка — «футляр» з «футарал»), пратэза (прыстаўны гук — «возера» з «озера»), Адрозніваюць К.з.г. прагрэсіўныя (папярэдні гук уплывае на наступны, напр., папярэднія мяккія зычныя выклікаюць і-падобны прыгук наст. галоснага) і рэгрэсіўныя (уплыў наступных гукаў на папярэднія: «сьмех», «лышка» — лыжка»).