П’ЕДЭСТА́Л (франц. piédestal ад італьян. piedistallo ад piede нага + stallo месца),

пастамент, па-мастацку аформленая аснова, на якой устанаўліваецца твор скульптуры (статуя, група, бюст) або ваза, калона, абеліск і г.д. П. могуць мець розныя формы — геаметрычна правільныя (звычайна з выкарыстаннем арх. ордэрных элементаў, нярэдка ўпрыгожаных скульпт. рэльефам) або адвольныя (напр., П. у выглядзе натуральнага, неапрацаванага каменя).

т. 12, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНА́ЛЬЦІ (ад англ. penalty пакаранне, штраф),

пакаранне ў спарт. гульнях за парушэнне правіл у штрафной пляцоўцы. У футболе ўведзены ў 1891 як штрафны ўдар, што прабіваецца па варотах каманды, якая правінілася, з адлегласці 11 м. Назначаецца суддзёй. П. выкарыстоўваецца таксама ў водным пола (з 4 м), гандболе (з 7 м), хакеі на лёдзе і на траве.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНІГРА́ФІЯ (лац. planum паверхня + ...графія) у археалогіі, апісанне паверхні зямельнага ўчастка археал. помніка. Праводзіцца з мэтай вызначэння адначасова існаваўшых западзін, штучных насыпаў, рэшткаў пабудоў, месцаў рознага функцыян. прызначэння (жытлаў, майстэрняў, магіл, культавых месцаў, ям для адходаў і інш.) і збору матэрыялу па аб’ектах. Вывучаецца і складаецца асобна на кожным гарызонце або пласце помніка.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 12, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЁТАЧКА»,

бел. нар. гульня. Гульцы (ад 6 і болей) выбіраюць «першага» і «расплятальніка». «Расплятальнік» адыходзіць убок і адварочваецца. Гульцы становяцца ў кола тварам да цэнтра, пачынаючы з «першага», па чарзе заплятаюцца (пераступаюць праз рукі, пераносяць іх над галавой і інш.), не расчапляючы рук, у адзін клубок, пасля завуць «расплятальніка», які павінен іх расплесці.

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЫТ,

1) транспартная адзінка пры сплаве лесу. Складаецца з пучкоў бярвён. Аб’ём рачных і азёрных П. (звычайна чатырохвугольных) больш за 25 тыс. м³, марскіх (цыгарападобных) — каля 1,5 тыс. м³.

2) Прымітыўнае судна са звязаных бярвён. Звычайна мае насціл з дошак. Выкарыстоўваюць для суднарамонтных работ, наплаўных мастоў, прычалаў, паромаў і інш., а таксама плавання па рэках і ў моры.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙНТЫНГА—РО́БЕРТСАНА З’Я́ВА,

паступовае памяншэнне моманту імпульсу часціцы пры яе руху ў полі прыцягнення зоркі з прычыны тармажэння, выкліканага паглынаннем і перавыпрамяненнем целам фатонаў поля выпрамянення зоркі. Названы па імю Дк.Г.Пойнтынга і амер. фізіка Г.​Робертсана, які даследаваў гэтую з’яву ў 1937. П.—Р.з. ўлічваецца ў тэорыі эвалюцыі метэорнага рэчыва Сонечнай сістэмы і касмалогіі планетарных сістэм.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГІ́Н у супраціўленні матэрыялаў,

вертыкальнае перамяшчэнне пункта, што ляжыць на восі бэлькі (аркі, рамы і да т.п.) або на сярэдзіннай паверхні абалонкі (пласціны), пад уздзеяннем сілавой нагрузкі, т-ры і інш. фактараў. Па лікавым значэнні найб. П. вызначаюць адно з гранічна дапушчальных станаў канструкцый. Макс. П. для розных збудаванняў звычайна нармуюцца. Пры выпрабаванні канструкцый П. вызначаюць спец. прагінамерамі.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІСТАЯ́ННІ ПЛАНЕ́Т,

становішчы планет, у якіх яны відаць з Зямлі ў напрамках, процілеглых Сонцу. Маюць месца толькі для т.зв. верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, — Марса, Юпітэра і інш. Пры П.п. назіраецца адваротны рух планет з прычыны іх меншай, чым у Зямлі, вуглавой скорасці ў адносінах да Сонца. Гл. таксама Канфігурацыі планет, Вялікае процістаянне Марса.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭТАРЫЯ́НЦЫ (лац. praetoriani),

у Старажытным Рыме прывілеяваная частка войска. Першапачаткова П. наз. ахова палкаводцаў, якая набіралася з саюзнікаў і рым. коннікаў. Створаная ў 2 н.э. Аўгустам імператарская гвардыя (9 кагорт па 1000 чал. у кожнай) таксама наз. П. Камплектаваліся з італійцаў. Адрозніваліся ад легіянераў большай платай, меншым тэрмінам службы. П. скасаваны ў 312 Канстанцінам Вялікім.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІКНІ́ЖЖА,

першыя 5 кніг Бібліі (Быццё, Зыход, Левіт, Лікі і Другазаконне); вядомыя таксама пад назвай Закон, або Вучэнне (па-яўрэйску — Тора); гал. свяшчэнныя кнігі іудаізму. П. — раздзел Старога запавету, складзены ў 1-м тыс. да н.э. Стварэнне яго прыпісваюць біблейскаму герою Майсею. У 1519 Ф.​Скарына выпусціў у Празе П. ў 5 асобных кнігах на старабел. мове.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)