КРЫ́НЧЫК (Павел Сцяпанавіч) (17.9.1898, в. Едначы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.9.1975),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1918. Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін (1921). З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акр. управы, з мая 1929 чл.Гал. управы Таварыства беларускай школы. З 1928 дэп. польскага сейма. Уваходзіў у зах.-бел.к-т па падрыхтоўцы Еўрап. сялянскага кангрэса ў Берліне. Адзін з арганізатараў і чл.Гал. сакратарыята «Змагання». Зарэв. дзейнасць у жн. 1930 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з вер. 1932 у СССР; на гасп. рабоце. 26.11.1935 арыштаваны органамі НКУСБССР. 1.4.1937 паводле пастановы Асобай нарады НКУССССР прыгавораны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны Ваен. трыбуналам Бел.ваен. акругі 30.3.1956. Пасля адбыцця тэрміну пакарання жыў у Слоніме. Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́Р (ад лац. creditor пазыкадавальнік),
суб’ект (фіз. або юрыд. асоба), які дае грошы, тавары і інш. каштоўнасці ў пазыку (у крэдыт, доўг і інш.); у бухгалтарскім уліку — фіз. або юрыд. асоба, якой прадпрыемства (фірма) запазычыла грашовыя сродкі. К. могуць быць, напр., пастаўшчыкі і падрадчыкі за прадастаўленыя імі, але не аплачаныя матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі, заказчыкі па атрыманых ад іх авансах, вэксалетрымальнікі па атрыманых вэксалях, арг-цыі, якія выдалі крэдыт, дэпаненты па нявыплачанай у тэрмін зарплаце і інш. Каб стаць К., неабходна мець пэўныя сродкі. Іх крыніцай могуць быць уласныя зберажэнні або запазычаныя ў інш. уладальнікаў сродкі. К., як правіла, становяцца добраахвотна, маючы матэрыяльную зацікаўленасць у выглядзе атрымання пазыковага працэнта — цаны за атрыманне крэдыту. Пазычальнік абавязаны вярнуць доўг з працэнтамі. Разлікі з К. улічваюцца на адпаведных рахунках бухгалтарскага ўліку, якія адлюстроўваюць, напр., разлікі з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі, пакупнікамі і заказчыкамі, рабочымі і служачымі, з бюджэтам і інш. Даўгі К. ўтвараюць крэдыторскую запазычанасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФАЕ́Т (La Fayette, Lafayette) Мары Жазеф Мацье (Motier) дэ (6.9.1757, замак Шаваньяк, Францыя — 20.5.1834), французскі паліт. дзеяч, военачальнік. Ген.-маёр арміі ЗША (1780). На вайск. службе з 1771. З 1777 удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83, вызначыўся ў вырашальных баях каля Йорктаўна (1781). З 1789 дэп.Генеральных штатаў ад дваран. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 да 1792 адзін з яе лідэраў, адзін з ініцыятараў і аўтараў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна, з 14.7.1789 камандзір Нац. гвардыі. Выступаў за канстытуцыйную манархію, супраць радыкалізму якабінцаў. Пасля няўдалай спробы захаваць франц. манархію ў жн. 1792 намагаўся эмігрыраваць у Нідэрланды, аднак трапіў у аўстр. і прускі палон. Вызвалены ў 1797, вярнуўся ў Францыю ў 1800. Пасля 1815 адзін з лідэраў ліберальнай апазіцыі, чл. палаты дэпутатаў (з 1818). У час рэвалюцыі 1830 зноў камандаваў парыжскай Нац. гвардыяй, садзейнічаў узвядзенню на прастол Луі Філіпа. Падтрымліваў польск. эмігрантаў і польскі нац.-вызв. рух, адзін з заснавальнікаў Амерыканска-польскага к-та па аказанні дапамогі паўстанню 1830—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙТМАН (Леў Мееравіч) (23.3.1896, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. — 20.9.1974),
бел. графік, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна. Выкладаў у Віцебскім (1931—41) і Мінскім (1947—58) маст. вучылішчах. Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Ствараў пейзажы, партрэты, нацюрморты, у тэматычных работах адлюстроўваў індустр. тэму. Аўтар лірычных, тонкіх паводле колеру пейзажаў «Дажджлівы дзень. Дзвіна» (1934), «Вясна» (1939), «Зіма» (1942), «Чырвоныя дахі», «Вёска Серада» (абодва 1943), «Старадаўняя альтанка», «Цішыня» (абодва 1945), краявідаў Мінска («Мінская ўскраіна», 1945; «Ля таполі Янкі Купалы», 1957, і інш.). Сярод інш. твораў: серыі акварэлей «Жанчыны на вытворчасці» (1930-я г.), «Абарончыя збудаванні пад Масквой» (1942), «Новыя абрысы гарадоў Беларусі» (1950-я г.), акварэль «Маладзёжная брыгада за работай», партрэты Л.С.Дуброўскай (абодва 1950), М.П.Кірпічковай (1951), М.Г.Берасцевіч (1962), будаўніцы (1970), настаўніцы («Першага верасня», 1971) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд. — снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Карл) (13.8. 1871, г. Лейпцыг, Германія — 15.1.1919),
дзеяч герм. і міжнар.сацыяліст. руху. Сын В.Лібкнехта. Адвакат. З 1900 член С.-д. партыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў (1907) і старшыня (да 1910) Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. У 1908—16 чл. палаты дэпутатаў Прусіі. У 1912—16 дэп. рэйхстага (выключаны ў студз. 1916), у якім у час 1-й сусв. вайны ў снеж. 1914 і жн. 1915 адзіны з сацыял-дэмакратаў галасаваў супраць ваен. крэдытаў. У 1916 адзін з заснавальнікаў групы «Спартак» (з ліст. 1918 «Спартака саюз»). За антыўрадавыя і антываен. выступленні зняволены. У кастр. 1918 вызвалены. У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 абвясціў Германію «свабоднай сацыялістычнай рэспублікай». Адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Германіі. Аўтар брашуры «Мілітарызм і антымілітарызм» (1907; за яе прыгавораны да зняволення ў крэпасці), працы «Класавая барацьба супраць вайны» (1919) і інш. Забіты разам з Р.Люксембург у Берліне паліт. праціўнікамі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. речи, письма и статьи. М., 1961;
Мысли об искусстве. Трактат, статьи, речи, письма. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Лоск (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Меў драўляныя ўмацаванні ў выглядзе зрубных сцен-гародняў і баявых вежаў, якія стаялі на кальцавым земляным вале. Паводле інвентара за 1621, тут было 10 трох’ярусных вежаў і двух’ярусная вежа-брама, што зачынялася варотамі і кратай-герсай. Сцены гародні ў верхняй частцы завяршаліся баявой галерэяй з байніцамі і абламамі, накрытай двухсхільнай гонтавай страхой. У цэнтры дзядзінца стаялі два 2-павярховыя палацы. Адзін з іх пабудаваны ў стылі рэнесансу, завяршаўся вежай з гадзіннікам. На 1-м паверсе вакол прыхожай было 9 жылых пакояў з узорыстымі кафлянымі грубкамі і 2 каморы, на 2-м, абкружаным адкрытай галерэяй, вакол гасцінай — 2 святліцы, жылы пакой, 3 каморы. Другі палац меў 42 розныя памяшканні. Недалёка ад вежы-брамы стаяла кухня. За сценамі замка знаходзіліся лазня і бровар. Замак не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯВО́НІХА»,
бел.нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз.танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНО́Е ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць законаў і інш. нарматыўных актаў, якія рэгулююць лясныя адносіны па выкарыстанні і ахове лясоў. Асноўны заканад. акт Л.з. Беларусі — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Юрыд. нормы рэгулявання лясных адносін змяшчаюцца таксама ў актах, што выдаюцца ўрадам краіны, мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі дэпутатаў і іх выканаўчымі і распарадчымі органамі. Л.з. мае на мэце рэгуляванне праваадносін, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне лясоў, ахову іх прыродных багаццяў, аднаўленне і павелічэнне іх прадукцыйнасці для задавальнення патрэб нар. гаспадаркі і насельніцтва ў драўніне і інш. лясной прадукцыі; для ўзмацнення водаахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і інш. якасцей лясоў. Л.з. заснавана на канстытуцыйным прызнанні лясоў агульным здабыткам народу, устанаўленні на іх дзярж. уласнасці. Яно рэгулюе адносіны па дзярж. кіраванні лясамі: улік лясоў і вядзенне дзярж. кадастра, планаванне выкарыстання і аховы лясоў, лесаўпарадкаванне, распараджэнне лясным фондам, аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне, кантроль непасрэдна за станам, выкарыстаннем і аховай лясоў, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні. Значная частка Л.з. прысвечана лесакарыстанню. За парушэнне Л.з. крымін. і адм. заканадаўства прадугледжвае меры адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАТЫ́П (ад мана... + грэч. typos адбітак),
друкарская літараадліўная наборная машына, на якой радкі тэксту зададзенай даўжыні набіраюць і адліваюць з асобных літар і прагальных матэрыялаў. Менш прадукцыйны залінатып, аднак дае магчымасць перабіраць радкі пры вёрстцы без іх пераліўкі. Прызначаны для набору і адліўкі складаных відаў тэксту (табліц, формул, навук. тэкстаў са знакамі лац. і інш. алфавітаў, слоўнікава-даведачнай л-ры). Вынайдзены ў 1897 Т.Ланстанам (ЗША). У СССР выпускаўся з 1947.
Складаецца з наборнага і адліўнога аўтаматаў. На наборна-праграмавальным апараце робіцца праграма для кіравання літараадліўным аўтаматам на папяровай перфастужцы. на якой у выглядзе камбінацый адтулін закадзіраваны тэкст і выключка радка. Наборны літараадліўны аўтамат адлівае радкі і складае з іх гранку набору. На М. можа быць набраны тэкст кеглямі 6, 8, 10, 12 пунктаў у фарматах да 10 квадратаў. Прадукцыйнасць да 180 знакаў за мінуту. З пашырэннем фотанабору і камп’ютэрных тэхналогій замяняюцца фотанаборнымі машынамі і камп’ютэрнымі сістэмамі.