МАРДВІ́НАЎ (Барыс Аркадзевіч) (6.12.1899, Масква — 9.12.1953),
расійскі і бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Расіі (1935). Праф. (1939). Скончыў 2-ю студыю МХАТ (1921). Да 1936 акцёр і рэжысёр МХАТ, адначасова з 1930 гал. рэжысёр Муз.т-ра імя У.І.Неміровіча-Данчанкі, у 1936—40 — Вял.т-ра ў Маскве. У 1947—51 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Маскоўскай, Саратаўскай, Бел. кансерваторыях і Бел.тэатр. ін-це (1947—51). Спалучаў традыцыі МХАТ з глыбокім разуменнем законаў муз. драматургіі, дасягаў тонкай псіхал. распрацоўкі вобразаў, выразнасці масавых сцэн. Сярод найб. значных пастановак першае ў СССРсцэн. ўвасабленне «Івана Сусаніна» М.Глінкі (1939, Вял.т-р), опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1934) і «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936) у т-ры імя Неміровіча-Данчанкі. На бел. сцэне паставіў оперы «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса і «Алеся» Я.Цікоцкага (2-я рэд.; абедзве 1947), «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1934, 1948), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1948), «Князь Ігар» А.Барадзіна і «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (абедзве 1949), «Іван Сусанін» (1950), «Марозка» М.Красева і «Ціхі Дон» (абедзве 1951). Удзельнічаў у пастаноўцы балетаў «Князь-возера» В.Залатарова (1949) і «Чырвоны мак» Р.Гліэра (1950).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎ (Павел Аляксандравіч) (22.3.1897, г. Тула, Расія — 5.4.1980),
расійскі тэатразнавец, рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Д-р мастацтвазнаўства (1960). Скончыў Маскоўскі ун-т (1921). У 1925—62 (з перапынкам) працаваў у МХАТ (у 1955—62 рэжысёр). З 1933 у Муз. т-ры імя У.Неміровіча-Данчанкі, у 1944—49 маст. кіраўнік Муз.т-ра імя К.Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У 1951—55 рэжысёр і старшыня літ. савета Малога т-ра. З 1939 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1943 праф.). Сярод пастановак: «Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава (1944), «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1948), «Порт-Артур» І.Папова і А.Сцяпанава (1953, з К.Зубавым), «Прададзеная калыханка» Х.Лакснеса (1955) і інш. Аўтар прац пра драм. і муз. тэатр: «Найноўшыя тэатральныя плыні (1898—1923)» (1924), «Маскоўскі Мастацкі тэатр, 1898—1948» (з М.Чушкіным), «В.Ф.Камісаржэўская (1864—1910)» (абедзве 1950), «Рэжысура У.І.Неміровіча-Данчанкі ў музычным тэатры» (1960); зб-каў артыкулаў «Тэатральныя партрэты» (1939), «Праўда тэатра» (1965), «У тэатрах розных краін» (1967). Гал. рэдактар «Тэатральнай энцыклапедыі» (т. 1—5, 1961—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАЛЕ́ВІЧ (Леанард Віктаравіч) (н. 5.12.1936, в. Казлоўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Праф.міжнар. Акадэміі архітэктуры ў Маскве (з 1997). Скончыў БПІ (1961). Працаваў у ін-тах «Брэстграмадзянпраект», «Мінскпраект», у апараце ЦККПБ. З 1976 нам. старшыні Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1990) кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы: у Брэсце — б. Дом палітасветы (1964, цяпер культ. цэнтр), комплекс політэхн. ін-та (1965), жылыя 10-павярховыя дамы па вул. Маскоўскай (1964—75, абодва ў сааўт.), Палац культуры ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (1968); у Мінску — пансіянат СМ Беларусі на Заслаўскім вадасховішчы (1968, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), комплекс Бел. ун-та культуры (1975) і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1978, усе ў сааўт.), муз. вучылішча імя М.Глінкі (1976), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», Палац рэспублікі (1999, будуецца), жылыя дамы па вуліцах Багдановіча з магазінам «Несцерка» (1974), Караля (1970-я г.), Л.Бяды, Някрасава (1990-я г.), помнікі М.Багдановічу (1982), У.І.Леніну ў г. Орша Віцебскай вобл. (1984); серыі тыпавых жылых дамоў і блок-секцый для малых гарадоў Беларусі (1984) — усе ў сааўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВАРЫЯ́НІ (Аляксей Давідавіч) (н. 6.10.1913, г. Горы, Грузія),
грузінскі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Грузіі (1950). Нар.арт.СССР (1958). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1936), з 1939 выкладае ў ёй (з 1963 праф.). У 1934—37 заг.муз. часткі Груз.т-рамуз. камедыі, у 1956—58 маст. кіраўнік Дзярж.сімф. аркестра Грузіі. У 1962—68 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Грузіі, у 1962—73 сакратар Саюза кампазітараў СССР. Творчасць М. з яе яскравым нац. каларытам і рамант. прыўзнятасцю адыграла значную ролю ў развіцці груз.муз. мастацтва. Сярод твораў: оперы «Маці і сын» (паст. 1945), «Гамлет» паводле У.Шэкспіра (1967); балеты «Атэла» паводле Шэкспіра (паст. 1957), «Віцязь у тыгравай шкуры» паводле Ш.Руставелі (1973, паст. 1985); муз. камедыя «Клоп» паводле У.Маякоўскага (паст. 1980), араторыя «Дзень маёй Радзімы» (1952); 5 сімфоній (1947—86); канцэрт для скрыпкі з арк. (1949) і інш.; 5 маналогаў для барытона і сімф.арк. на словы В.Пшавелы (1968); камерна-інстр. ансамблі; санаты, «Грузінскія фрэскі», «Парыжскія замалёўкі» для фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Грузіі 1971.
польскі этнограф і мовазнавец. Акад. Польскай АН (1952), праф. Ягелонскага (Кракаў; з 1926) і Віленскага (1935—39) ун-таў. Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1906—09), у Кракаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1945—59 заг. кафедры этнаграфіі славян у Ягелонскім ун-це. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру слав. народаў, у т. л. беларускага. У 1932 разам з Ф.М.Калэсам вывучаў побыт, культуру і мову ў в. Хорастава (Салігорскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар шэрагу прац, напісаных на бел. матэрыяле: «Нататкі пра славянскую тапаграфічную і фізіяграфічную тэрміналогію...» (1921), «Навагрудчына ў этнаграфічных адносінах», «Пра народную культуру паўднёва-сярэдняга Палесся» (абедзве 1925), «Усходняе Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), «Пра музычна-этнаграфічныя даследаванні на Палессі ў 1932 г.» і «Пра сучасны стан мелаграфіі карэннай Беларусі і Палесся» (абедзве 1934), «Пра палескія песні» (у рукапісе). Багацце бел. культуры ўсебакова паказаў у працы «Народная культура славян» (кн. 1—2, 1929—39; 2-е выд. 1967—68).
Тв.:
Człowiek: Wstęp do etnografii powszechnej i etnologii. Wrocław etc., 1958.
Літ.:
Kazimierz Moszyński: Życie i twórczość. Wrocław etc., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),
расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-рслав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел.нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел.навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).
Тв.:
Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;
Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;
Язык как творчество. Харьков, 1913;
Славянский мир. М., 1915;
Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛУ́ЖНЫ (Аляксандр Іосіфавіч) (н. 16.8.1935, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец.
Акад. Нац.АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989). Д-рфілал.н. (1982), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у Ін-це мовазнаўства (з 1969 заг. аддзела, з 1983 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акад.-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. фанетыку і фаналогію, сучасную лексікаграфію, правапіс, культуру мовы. Аўтар прац «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), сааўт. кн. «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Падручнік беларускай мовы. Для самаадукацыі» (1994), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990), зб. «Пытанні культуры пісьмовай мовы» (1991), вучэбнага дапаможніка «Фанетыка беларускай мовы» (1984), сааўтар і навук. рэдактар «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985) і інш.Гал. рэдактар штогодніка «Беларуская лінгвістыка» (з 1989) і час. «Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук» (з 1997).
Тв.:
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987 (у сааўт.);
Практыкум па фанетыцы беларускай мовы. Мн., 1989 (разам з А.А.Крывіцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (24.3.1892, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 18.8.1961),
расійскі рэжысёр, тэарэтык тэатра, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Д-р мастацтвазнаўства (1957). Вучыўся ў школе жывапісу ў Казані. З 1912 акцёр МХТ, з 1918 рэжысёр у правінцыяльных т-рах, з 1923—3-й Студыі МХАТ (з 1926 Т-р імя Я.Вахтангава), з 1930 маст. кіраўнік Т-ра Рэвалюцыі. У 1935—58 гал. рэжысёр Цэнтр.т-раСав. Арміі. З 1919 выкладаў ў тэатр. студыях, з 1935 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1940 праф., у 1961 маст. кіраўнік). Стварыў нар.-гераічныя спектаклі. Тыповыя рысы сучасніка раскрываў праз беражлівую перадачу кожнага вобраза і адначасова праз насычаныя думкай і пачуццём масавыя сцэны. Паставіў спектаклі: «Зойчына кватэра» М.Булгакава (1926), «Змова пачуццяў» Ю.Алешы (1929), «Паэма пра сякеру» (1931), «Мой сябар», «Пасля балю» (1934) М.Пагодзіна, «Рамэо і Джульета» (1935), «Утаймаванне свавольніцы» (1937), «Сон у летнюю ноч» (1941) У.Шэкспіра, «Даўным-даўно» А.Гладкова (1942), «Рэвізор» М.Гогаля (1951), «Паднятая цаліна» паводле М.Шолахава (1957). Аўтар прац па тэорыі т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1950, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ (Марцін) (30.9. 1728, в. Саломенка Гродзенскага р-на — 20.2.1810),
бел. астраном і асветнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1771), чл.-кар. Парыжскай АН (1778). Вучыўся ў Гродзенскім і Полацкім езуіцкіх калегіумах і Слуцкай пед. семінарыі. У 1754—56 і 1761—64 удасканальваў адукацыю ў Рыме, Генуі, Вене і інш. Адзін з арганізатараў і дырэктар (1765—1807) Віленскай астранамічнай абсерваторыі. З 1764 праф. Віленскай акадэміі, адначасова ў 1781—1803 рэктар Гал. школы ВКЛ. Вёў сістэматычныя назіранні зорак, планет і астэроідаў, выявіў невядомае сузор’е (журналы астр. назіранняў П. за 1772—1806 склалі 34 т.). Вызначыў (разам з інш. астраномамі) геагр. каардынаты Вільні, Гродна і інш. гарадоў. Зрабіў значны ўклад у развіццё асветы, папулярызацыю прыродазнаўчых і матэм. ведаў, актыўна працаваў у Адукацыйнай камісіі. Яго імем названы адзін з кратэраў на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Опыт исследования, сколь далеко простирается древность Зодиака, найденного в Дендераге или в Тинтирисе // Северный вестн. 1804. Ч. 2, № 5.
Літ.:
Bieliński J. Uniwersytet Wileński (1579—1831). Kraków, 1899—1900. T. 3. С. 39—47;
Матудайтите С.П. Возникновение и первые 5 десятилетий деятельности Вильнюсской астрономической обсерватории // Тр.АН Литовской ССР. Сер. А. 1969. Т. 2(30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШЭ́ННАЯ (Вера Мікалаеўна) (19.9. 1887, Масква — 28.10.1962),
расійская актрыса, педагог. Нар.арт.СССР (1937). Дачка М.П.Рошчына-Інсарава. Скончыла Маск. тэатр. вучылішча (1907). З 1907 з перапынкам працавала ў Малым т-ры, у 1921—28 у Муз. студыі МХАТ, т-ры Корша і інш., у 1922—23 удзельнічала ў замежных гастролях МХАТ. З 1914 вяла пед. работу ў студыі Малога т-ра (з 1945 Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна; з 1941 праф.). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, рамант. прыўзнятасць пры псіхалагічна-быт. дакладнасці. Сярод роляў: Кацярына, Ларыса, Яўгенія, Ганна Паўлаўна, Мурзавецкая («Навальніца», «Беспасажніца», «На бойкім месцы», «Жартаўнікі», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ліза («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага), Любоў Яравая, Поля Сямёнава («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.Транёва), міс Кір’якулі («Востраў Афрадыты» А.Парніса, Старая гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі) і інш. У 1962 паставіла п’есу «Навальніца» Астроўскага (з М.Гладковым) і выканала ў ёй ролю Кабаніхі. Дзярж. прэмія СССР 1943. Ленінская прэмія 1961.