выхад электронаў з металу (або паўправадніка) пад уздзеяннем моцнага эл. поля. Адбываецца з паверхні цела, якая адыгрывае ролю катода. Тлумачыцца на аснове тунэльнага эфекту і зоннай тэорыі цвёрдага цела. Пры павелічэнні вонкавага эл. поля змяншаецца патэнцыяльны бар’ер, большае імавернасць тунэльнага выхаду электронаў з цела, г. зн. павялічваецца колькасць выпрамененых электронаў. Шчыльнасць току аўтаэлектроннай эмісіі j = c1E2exp(-c2/E), дзе E — напружанасць эл. поля, c1 і c2 — канстанты, якія залежаць ад матэрыялу катода. На аўтаэлектроннай эмісіі заснавана дзеянне розных прылад і прыстасаванняў (халодных катодаў, тунэльных дыёдаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХ (Аляксей Мікалаевіч) (17.3.1857, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 13.5.1946),
расійскі біяхімік. Акад.АНСССР (1929). Герой Сац. Працы (1945). Адзін з заснавальнікаў Ін-та біяхіміі АНСССР (1935, з 1944 імя Баха), дзе быў дырэктарам. У 1939—45 акад.-сакратар Аддз.хім. навук АНСССР. Навук. працы па хімізму асіміляцыі вугляроду зялёнымі раслінамі, па праблемах акісляльных працэсаў. Стварыў новыя метады даследавання ферментаў, якія ляглі ў аснову тэхн. біяхіміі (вытв-сць хлеба, піва, апрацоўка лёну і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ ((Bell) Эндру) (27.3.1753, Сент-Эндру, Шатландыя — 27.1.1832),
англійскі педагог; адзін з заснавальнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Святар англіканскай царквы. Адукацыю атрымаў ва ун-це Сент-Эндру. З 1789 загадваў прытулкам для сірот вайскоўцаў каля Мадраса (Індыя). У 1791 увёў там сістэму ўзаемнага навучання, калі дзеці вучаць адзін аднаго пад кіраўніцтвам настаўніка. Сваю «мадраскую сістэму» выклаў у творы «Вопыт навучання, праведзены ў Мадрасе...» У 1812 і 1827 выдаў дапаможнік для школ, якія працавалі па яго метадзе. Сістэма Бела была выкарыстана таксама ў Ірландыі і Канадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯпры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе.
Існавала ў 1933—37. Мела на мэце падрыхтоўку бел. акцёрскіх кадраў. Вядучыя педагогі — рэжысёры і акцёры Ленінградскага акад.т-ра драмы. Маст. кіраўнік — акцёр і педагог Б.Жукоўскі. Студыю скончылі 19 чалавек, якія папоўнілі калектыў рэарганізаванага Тэатра юнага гледача БССР. У час вучобы падрыхтаваны спектаклі: «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага (у жн. 1936 паказаны ў Мінску і Віцебску), «Глыбокая правінцыя» М.Святлова, «Рэвізор» М.Гогаля (III акт), «На дне» (II акт) і «Варвары» М.Горкага, «Банкір» А.Карнейчука.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ЗВОН»,
штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 22.3.1921 да 24.2.1923 у Вільні на бел. мове (з 16.5 да 18.8.1921 не выходзіла). Рэдактар-выдавец Ф.Аляхновіч. Крытыкавала вынікі Рыжскага мірнага дагавору 1921. Супрацоўнічала з усімі дэмакр. сіламі, якія падтрымлівалі культ.-нац. адраджэнне Беларусі і яе права на самавызначэнне. Выкрывала антыбел. дэнацыяналізатарскую палітыку польск. ўрада. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча, грамадска-паліт. рух на Беларусі. Інфармавала пра дзейнасць ТБШ, бел.тэатр. і муз. калектываў у Зах. Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Йу Ляймене.
Засн. ў 1982 у г. Ляймен (каля г. Гайдэльберг, Германія) бел. эмігрантам Ю.Попкам у яго кватэры. У арганізацыі музея дапамагалі мэр горада Г.Эрбар і Б.Кіт. У аснове экспазіцыі — асабістыя калекцыі і зборы Попкі. Дэманструюцца бел. адзенне, старыя пячаткі, манеты, маркі, вырабы майстроў-умельцаў, сувеніры, памятныя рэчы з асяродкаў бел. эміграцыі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, кнігі, перыяд. эміграцыйныя выданні (сярод іх рукапісныя часопісы, якія выдаваліся беларусамі ў лагерах для перамешчаных асоб у Нямеччыне). Пасля смерці Попкі (1992) музей знаходзіцца пад апекай мэрыі Ляймена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ НАСАДЖЭ́ННІ,
палосы дрэвавай, кустовай або травяністай расліннасці, якія ствараюцца або захоўваюцца па берагах вадаёмаў з мэтай прадухілення ці спынення працэсаў берагавой эрозіі і абразіі. Шыр. 50—300 м. Берагаўмацавальныя насаджэнні замацоўваюць грунт, затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівай глебы і ўгнаенняў, паляпшаюць умовы пражывання жывёл, павышаюць сан.-аздараўленчыя і рэкрэацыйныя якасці водных аб’ектаў і сумежных тэрыторый. Найлепшыя берагаўмацавальныя насаджэнні: густыя кустовыя зараснікі розных відаў раслін, камбінаваныя складаныя насаджэнні з вярбы (ломкая, руская, шэрая, белая і інш.) і густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чарот, асака, інш. злакі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПАПО́ЎШЧЫНА,
адзін з кірункаў, на якія падзялілася стараверства ў сярэдзіне 1690-х г. Паслядоўнікі беспапоўшчыны адмаўлялі царкоўную іерархію і святароў. Богаслужэнне вялі спец. абраныя настаўнікі. З царк. абрадаў захавалі толькі хрышчэнне і споведзь (некаторыя з плыняў беспапоўшчыны адмаўлялі і іх). Для ранняга этапу беспапоўшчыны характэрны адмоўныя адносіны да свету «антыхрыста» і яго «слуг» — прадстаўнікоў улады, адмаўленне шлюбу. Некаторыя плыні прапаведавалі крайнія формы выратавання — самаспаленне. Беспапоўшчына не ўяўляла сабой адзінага цэлага і распалася на мноства плыняў (паморцы, федасееўцы, філіпаўцы, бегуны і інш.). Асобныя абшчыны беспапоўшчыны захаваліся на Беларусі і цяпер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАКУЛЯ́РНЫ ЗРО́К,
зрок абодвума вокамі і фарміраванне пры гэтым адзінага зрокавага ўспрымання (відарысу) аб’екта. Дае магчымасць вызначыць таксама ўзаемнае размяшчэнне прадметаў у прасторы, зрокава меркаваць аб іх аддаленасці. Пры бінакулярным зроку вочы размешчаны так, што адлюстраванне аб’екта трапляе на ідэнтычныя, сіметрычна размешчаныя ўчасткі сятчаткі абодвух вокаў. Калі адлюстраванне выявіцца на несіметрычных участках, вочы рэфлекторна паварочваюцца, пакуль сіметрыя не будзе дасягнута. Адзнака аддаленасці прадметаў і іх узаемнага размяшчэння адбываецца ў кары галаўнога мозга на аснове аналізу і сінтэзу сукупнасці нерв. імпульсаў, якія зыходзяць з сеткаватых абалонак і вочных мышцаў.