помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.Паўлава) і прыстасаваны падМузей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАР (ад лац. roto вярчуся) у тэхніцы, вярчальная частка ротарных машын. Робіцца ў выглядзе барабанаў, дыскаў, колаў.
На Р. размяшчаюць органы, якія атрымліваюць энергію ад рабочага цела (як у рухавіку Ванкеля) або аддаюць яе рабочаму целу (як у ротарнай помпы). Р. рухавікоў звязаны з вядучым валам, рабочых машын — з прывадным. У лапатачных, ці лопасцевых, машынах Р. — кола з лапаткамі, якое пад дзеяннем патоку вадкасці, пары ці газу круціць вал машыны; Р. вентылятара, кампрэсара, помпы вярчэннем вала стварае паток газу ці вадкасці. Р. пераменнага току машыны — цыліндрычнае цела з пазамі для размяшчэння абмоткі, магн. поле якой узаемадзейнічае з магн. полем статара. Р. асінхронных машын бываюць фазныя і каротказамкнёныя. сінхронных машын — яўна- і неяўнаполюсныя. Р. машыны пастаяннага току наз.якарам. У буравых устаноўках Р. выкарыстоўваецца для вярчэння бурыльных труб у свідравіне.
Ротар сінхроннага электрарухавіка (кампенсатара) магутнасцю 60 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́КІЙ (Mauritius),
Рэспубліка Маўрыкій (Republic of Mauritius), дзяржава на а-вах Маўрыкій, Радрыгес, Агалега, Каргадас-Карахас у зах.ч. Індыйскага ак. на У ад Мадагаскара. Пл. 2040 км². Нас. 1168,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская; выкарыстоўваюцца крэольская, французская, хіндзі. Сталіца — г.Порт-Луі. Падзяляецца на 9 акруг і 3 аўт. тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 сак.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (з пазнейшымі дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам па прапанове кіраўніка ўрада на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Нац. сход (70 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. А-вы Маўрыкій (пл. 1865 км²) і Радрыгес (пл. 104 км²) з групы Маскарэнскіх а-воў вулканічнага паходжання. Паверхня в-ва Маўрыкій узвышаная, асабліва на ПдЗ (г. Пітон, 826 м), у цэнтр.ч. — плато выш. да 600 м, па берагах участкі раўнін. На в-ве Радрыгес выш. да 396 м. А-вы Агалега і Каргадас-Карахас (агульная пл. 71 км²) каралавага паходжання. Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (люты) 26 °C, самага халоднага (жн.) 14—18 °C. Ападкаў ад 5000 мм у гарах да 900—800 мм у прыбярэжных раёнах. На вулканічных астравах шмат кароткіх рэк. Бываюць разбуральныя ўраганы. У гарах захаваліся трапічныя лясы (6% пл.) з эндэмічнымі і інтрадукаванымі відамі дрэў. Пад другаснымі хмызнякамі 16% тэрыторыі. У жывёльным свеце адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, але шмат птушак. Разнастайная марская фауна. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Жывуць індамаўрыкійцы (нашчадкі выхадцаў з Індыі і Пакістана, каля 68% насельніцтва), крэолы (пераважна змешанага франка-афра-малагасійскага паходжання, каля 27%), кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (52%), хрысціяне (28%, пераважна католікі), мусульмане (17%). Сярэднегадавы прырост каля 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 573 чал. на 1 км², на раўнінах і плато в-ва Маўрыкій — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. У Порт-Луі 145 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс.ж. (1995). У гарадах К’юрпайн, Бо-Басен, Катр-Борн, Вакаас больш за 50 тыс.ж. У прам-сці занята 37% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 15, у транспарце і сувязі — 7, у гандлі — 14, у сферы паслуг — 24%.
Гісторыя. В-аў Маўрыкій быў вядомы араб. мараплаўцам з 8 ст.пад назвай Дзіна Аробі (Сярэбраны в-аў). Да 1598 ненаселены. Першымі з еўрапейцаў М. наведалі партуг. мараплаўцы ў пач. 16 ст. У 1598—1710 пад уладай галандцаў, якія назвалі востраў у гонар прынца Морыца Аранскага. З 1715 франц. калонія пад назвай Іль-дэ-Франс. У гэты час створаны буйныя плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі. У 1810 востраў захоплены англічанамі, якія вярнулі яму былую назву. З 1814 англ. калонія. Пасля адмены рабства ў 1835 пачаўся масавы прывоз рабочай сілы з Індыі (450 тыс.чал. у 1845—1907) і Кітая. З 1936 дзейнічае першая паліт. партыя — Лейбарысцкая партыя (ЛП). У 1957 пашыраны правы мясц.Заканад. савета, з 1958 уведзена ўсеаг. выбарчае права. У 1964 створаны нац. ўрад, які пасля выбараў 1967 узначаліла ЛП. 12.3.1968 абвешчана незалежнасць М. ў складзе Садружнасці. У 1968—82 М. кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале са старшынёй ЛП С.Рамгуламам. На выбарах у чэрв. 1982 перамагла партыя Маўрыкійскі баявы рух (МБР), яе лідэр А.Джагнат стаў прэм’ер-міністрам М. У крас. 1983 Джагнат выйшаў з МБР і стварыў Баявы сацыяліст. рух, які кіраваў М. у саюзе з Маўрыкійскай сацыяліст. партыяй да 1997. 12.3.1992 М. абвешчаны рэспублікай (прэзідэнт з чэрв. 1992 — К.Уцім). На выбарах у снеж. 1996 перамагла ЛП, якая сфарміравала ўрад (да 1998 у кааліцыі з МБР) на чале з Н.Рамгуламам. М. — чл.ААН. Арг-цыі афр. адзінства (з 1968). Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя, Маўрыкійскі баявы рух, Баявы сацыяліст. рух, Маўрыкійская с.-д. партыя.
Гаспадарка. М. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, адна з краін Афрыкі, якая дынамічна развіваецца. Штогадовы даход на 1 чал. 3380 дол. (1997). Прам-сць дае каля 50% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15%. Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, абслугоўванне замежных турыстаў, вытв-сць экспартных с.-г. культур. 495 прамысл. прадпрыемстваў працуюць у Свабоднай экспартнай вытв. зоне. Пераважаюць прадпрыемствы па выпуску трыкатажных вырабаў (57% усіх прадпрыемстваў), ткацка-прадзільныя (12%), прадпрыемствы абутковай, скургалантарэйнай, эл.-тэхн., аптычнай, гадзіннікавай, алмазагранільнай, ювелірнай, хім., метала- і дрэваапр. прам-сці. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнымі, мясаперапрацоўчымі, рыбакансервавымі, піваварнымі і інш. прадпрыемствамі. Працуюць 17 цукр. з-даў, 8 чаеперапрацоўчых ф-к, ёсць прадпрыемствы папяровыя, алейныя, тытунёвыя, па вытв-сці рому. Працуюць 8 ГЭС і 2 ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВт∙гадз (1996). Большая частка прамысл. прадпрыемстваў у Порт-Луі і яго наваколлі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца пад ворыва каля 112 тыс.га зямель. Ёсць буйныя плантацыйныя і дробныя сялянскія гаспадаркі. 90% ворных зямель падцукр. трыснягом (500—700 тыс.т цукру-сырцу штогод). Больш узвышаныя раёны займаюць чайныя плантацыі (штогадовы збор каля 25—30 тыс.т). З тэхн. культур вырошчваюць тытунь і алоэ. На экспарт вырошчваюць трапічныя віды кветак. На ўласныя патрэбы на невял. плошчах вырошчваюць бульбу, маніёк, кукурузу, агародніну (памідоры, цыбуля, часнок, капуста, агуркі і інш.), імбір, шафран, чырвоны перац. Субтрапічнае садоўніцтва (манга, папайя, гранат, грэйпфрут, гуаява, плады дрэва лічы і інш.). Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз. Прамысл. птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 6 тыс.т рыбы штогод). Важнае месца займае замежны турызм. У краіне 60 гасцініц на 6,5 тыс. месцаў, комплексы катэджаў і інш., у галіне запята каля 4 тыс.чал. У 1997 М. наведалі 530 тыс. замежных турыстаў, даход — каля 550 млн. долараў. Найб. наведвальнікаў прыбывае з в-ва Рэюньён (25%), Францыі (20%), Паўд.-Афр. Рэспублікі (18%). Турыстаў прыцягваюць прыгожыя каралавыя пляжы, спрыяльны клімат, помнікі мінулага, культура, багатая традыцыямі розных народаў. Транспарт аўтамабільны і марскі. На астравах 2 тыс.км асфальтаваных аўтадарог. Праз марскі порт Порт-Луі праходзіць каля 90% знешнегандл. абароту. На в-ве Маўрыкій — міжнар. аэрапорт Плезанс. У 1997 экспарт склаў 1,26 млрд.дол., імпарт — 1,73 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць адзенне (52% па кошце), цукар (29%), тытунёвыя вырабы, брыльянты, рыба; у імпарце — машыны, паліва, харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Францыя, Індыя, Кітай, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — маўрыкійская рупія.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на ПдЗ Гродзенскай вобл. Мяжуе з Нёманскай нізінай на Пн, Слонімскім узв. на У, Прыбугскай раўнінай на Пд, Беластоцкай раўнінай на З, Гродзенскім узв. на ПнЗ. Працягнулася з З на У на 70 км, шыр. 65 км. Найб. вышыня 256 м (на З ад г.п. Поразава), найменшая 103 м. Пл. 3,2 тыс.км². Прымеркавана да стыку Бел. антэклізы і Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Паверхня крышт. фундамента на глыб. 60—500 м ніжэй за ўзр. м. У антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 70—210 м (макс. 254 м) найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Канчаткова аформілася ў час паслямаксімальнага стадыялу дняпроўскага зледзянення. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых адкладаў (пераважна мелу).
Канцовамарэнны градава-ўзгорысты, уваліста-ўзгорысты і ўзгорысты рэльеф утварае шэраг дугападобных напорных град каля г.п. Поразава, г.п. Краснасельскі, в. Пескі. Грады пабудаваны з мноства скіб-адорвеняў мелавых і палеагенавых парод, якія чаргуюцца з марэннымі і водна-ледавіковымі пародамі антрапагену. Пашыраны таксама марэнныя платопадобныя і водна-ледавіковыя раўніны з паасобнымі камамі і озамі, уздоўж далін — вузкія палоскі забалочаных зандравых і азёрна-ледавіковых нізін. На Пд трапляюцца скразныя даліны. Рачныя даліны ўрэзаны на 20—50 м (да 70 м). Карысныя выкапні: цэментныя і легкаплаўкія гліны, мел (у адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, прэсныя падземныя воды. Каля г.п. Краснасельскі крэменездабыўныя шахты часоў неаліту. Сярэднія т-ры студз. ад 1,1 да -13,6 °C, ліп. 15,2—21 °C, ападкаў 450—640 мм за год (г. Ваўкавыск). Рачная сетка густая, належыць да бас. Нёмана. Гал. рэкі Зальвянка, Рось з прытокамі і правыя прытокі Свіслачы — Верацейка, Берастаўчанка і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя, найб. урадлівыя — перагнойна-карбанатныя сугліністыя. Пад лесам каля 15% тэрыторыі — хваёвыя з дамешкамі елкі, дубу, грабу, ялова-грабавыя, ясянёвыя, дубровы. Па далінах рэк парослыя вербняком лугі. Пад ворывам 50% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́Н (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),
у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э.культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл.Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем I (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст.н.э. заняпаў.
Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн. вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Яго ж. Вавилонская башня: Пер. с нем. М., 1991.
Да арт. Вавілон. Фрагмент рэльефу варотаў Іштар.Да арт. Вавілон. Дэкаратыўнае пано троннай залы Паўднёвага палаца. 6 ст. да н.э.Да арт. Вавілон. Рэшткі горада.Да арт. Вавілон. Вароты Іштар. Каля 570 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́Д,
горад, сталіца Ірака. Адм. ц. мухафазы Багдад. Размешчаны на берагах р. Тыгр. 3,9 млн.ж. (1990). Трансп. вузел на перакрыжаванні шляхоў, якія звязваюць краіны Міжземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Паўд. Азіі. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Багдад — эканам. і культ. цэнтр краіны. У горадзе каля чвэрці прамысл. прадпрыемстваў краіны: тэкст., гарбарныя, швейныя, цэм., хім., харчовыя, электратэхн. і фармацэўтычныя; у прыгарадзе — буйны нафтаперапр.з-д. Саматужная вытв-сць абутку, ювелірных вырабаў, харч. прадуктаў. 3 ун-ты. Акадэмія навук, Акадэмія прыгожых мастацтваў. Музеі: Іракскі; сучаснага мастацтва; этнаграфічны.
Засн. ў 762 халіфам Мансурам пад назвай Мадзінат ас-Салам (горад міру) і стаў сталіцай Абасідаў халіфата. У 9 ст. значны цэнтр араб. культуры, рамяства і транзітнага гандлю. У 10 ст. паступова страціў паліт. значэнне, але доўгі час заставаўся навук. цэнтрам; на пач. 13 ст. ў Багдадзе было больш за 30 бібліятэк. З 945 пад уладай Буідаў дзяржавы, з 1055 — Сельджукскай дзяржавы, у 1258 заваяваны манголамі, якія разбурылі і разрабавалі горад. У канцы 14 — пач. 15 ст. двойчы ўзяты Цімурам і разбураны. У 16—17 ст. Багдадам валодалі туркі, персы, зноў туркі. У 1638—1917 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 заняты англ. войскамі, з 1920 адм. ц. брытанскай падмандатнай тэрыторыі. З 1921 сталіца Ірака.
Зберагліся помнікі архітэктуры: т.зв. палац Абасідаў (канец 12 — пач. 13 ст., рэстаўраваны ў 20 ст., з 1923 музей), маўзалей Зубайды (13 ст.), ансамбль медрэсэ Мустансірыя (1227—33, перабудаваны ў 1823, рэстаўраваны ў 20 ст.), мінарэт Сук аль-Газаль (1279), караван-сарай хан Марджан (1358—59, з 1937 Музей араб. старажытнасцяў), брама Баб аль-Вастані (1221, цяпер Музей зброі), маўзалей Мусы аль-Кадзіма (т.зв. «Залатая мячэць», 1515). Сучасны Багдад рэканструяваны. Гал. магістраль — вул. ар-Рашыд з сучаснымі будынкамі банкаў, магазінаў, атэляў; цэнтр. плошча — ат-Тахрыр з манументам «Рэвалюцыя 14 ліпеня» (1962). На праспекце Саадун — помнік Невядомаму салдату (1959), на Пд — Універсітэцкі гарадок, на зах. беразе Тыгра — парламент, палац ар-Рыхаб, будынкі ўрадавых устаноў, аэрапорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс.чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс.чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каля в. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс.км².
Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. У межах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.
Г.П.Рудава.
Баранавіцкая раўніна. Краявід у Баранавіцкім біялагічным заказніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,
носьбіт інфармацыі ў выглядзе дыска, прызначаны для высакаякаснага запісу і ўзнаўлення гуку, відарыса, тэксту і інш. з дапамогай лазернага выпрамянення. Аснова аптычнага дыска — празрысты матэрыял (шкло, пластмаса і інш.), на які наносіцца рабочы слой, дзе пры лічбавым аптычным запісе ўтвараюцца мікраскапічныя паглыбленні (піты), што ў сукупнасці складаюць кальцавыя або спіральныя дарожкі. У параўнанні з традыц. спосабамі запісу і ўзнаўлення інфармацыі (мех., магн.) аптычныя дыскі маюць больш высокую шчыльнасць запісу (да 108 9> біт/см²), большую даўгавечнасць носьбіта з-за адсутнасці мех. кантакту паміж ім і счытвальным прыстасаваннем, меншы час доступу да інфармацыі (да 0,1 с).
Рабочы слой аптычнага дыска для аднаразовага запісу і шматразовага ўзнаўлення — лёгкаплаўкая плёнка таўшч. да 0,03 мкм. Пад уздзеяннем лазернага выпрамянення ў працэсе запісу адбываецца лакальнае расплаўленне або выпарэнне рабочага слоя. З такіх дыскаў з больш тоўстай плёнкай (да 0,15 мкм) робяць метал. матрыцу для стварэння дыскаў-копій (уласна аптычны дыск) метадам прасавання або ліцця пад ціскам. Напр., на дыск дыяметрам 356 мм можна запісаць ТВ-праграму працягласцю да 2 гадз. або стварыць пастаянную вонкавую памяць для ЭВМ аб’ёмам да 4 Гбайт, лічбавыя аптычныя грампласцінкі дыяметрам 120 мм (кампакт-дыскі) маюць працягласць гучання да 1 гадз. Кампакт-дыскі для пастаяннай вонкавай памяці ЭВМ змяшчаюць да 500 Мбайт інфармацыі. У рэверсіўных аптычных дысках, дзе шматразова (да 107 цыклаў) ажыццяўляецца запіс — узнаўленне — сціранне інфармацыі, рабочы слой з паўправадніковых або магнітааптычных матэрыялаў. Маюць дыяметр да 305 мм, аб’ём памяці да 2 Гбайт. Могуць замяняць стацыянарныя накапляльнікі ЭВМ вінчэстэрскага тыпу.
Асноўныя стадыі вырабу аптычнага дыска (арыгінала) і копіі з пастаяннай (несціральнай) сігналаграмай: а — зыходная дыскавая падложка; б — пасля нанясення на падложку слоя фотарэзісту 1; в — экспанаванне вярчальнага дыска факусіраваным лазерным выпрамяненнем 2; г — пасля праяўлення экспанаванага фотарэзісту; д — пасля металізацыі слоем серабра 3; е — пасля вырабу першага арыгінала металічнага дыска (звычайна нікелевага); ж — зыходная падложка дыска-копіі са штампам 4, вырабленым з металічнага дыска-арыгінала; з — пасля штампоўкі і наступнага пакрыцця падложкі дыска-копіі слоем металу 5 (звычайна алюмінію); і — пасля нанясення ахоўнага слоя 6 на металічны слой (гатовы дыск-копія).
Басконія, аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах, каля ўзбярэжжа Біскайскага зал. Пл. 7,3 тыс.км². Нас. 2,2 млн.чал. (1989), пераважна баскі, а таксама іспанцы. Уключае правінцыі Алава, Біская, Гіпускаа. Адм. ц. — г. Віторыя.
Рэльеф горны і ўзгорысты. Ёсць радовішчы жал., свінцовых і цынкавых рудаў. Клімат умераны, марскі. Лясы шыракалістыя (бук, дуб, каштан). Цяжкая і здабыўная прам-сць. Развіты металургія (выплаўка чыгуну, сталі, каляровых металаў, вытв-сць пракату), металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і станкабудаванне, вытв-сць чыгуначнага і электраабсталявання, пад’ёмнікаў, узбраення). Ёсць хім. (вытв-сць кіслотаў, угнаенняў, пластмасаў, коксахімія), папяровая, цэм., харч.прам-сць. Гал.прамысл. цэнтры — Більбао і Сан-Себасцьян. У прыморскіх раёнах развіта жывёлагадоўля, на Пд — земляробства. Вінаградарства і вінаробства. Рыбалоўны промысел. Прыморскія курорты з цэнтрам у г. Сан-Себасцьян.
У 1 ст. да нашай эры — сярэдзіне 5 ст. нашай эры тэрыторыя, заселеная продкамі баскаў (прыкладна сучасная ісп.прав. Навара), намінальна знаходзілася пад уладай рымлян і атрымала ад іх назву Васконія. Пад націскам вестготаў каля 580 частка баскаў перасялілася ў Франкскую дзяржаву, дзе ўтварыла герцагства Гасконь. У час барацьбы супраць маўраў (гл.Рэканкіста) узнікла некалькі баскскіх графстваў, цэнтральным з якіх стала Навара (з 10 ст. каралеўства). У 11—15 ст. уладанні баскаў падпарадкаваліся Навары і Кастыліі, у канцы 15 — пач. 16 ст. ўвайшлі ў адзіную ісп. дзяржаву і да 1876 захоўвалі некаторую аўтаномію (гл.Фуэрас). Пасля перамогі ў Іспаніі Нар. фронту ў 1936 створаны аўт. раён, названы Краінай Баскаў (у 1939 з падзеннем рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Ф.Франка страціў сваё самакіраванне). З 1960-х г. у Іспаніі ўзмацніўся рух баскаў за аўтаномію, у т. л. тэрарыстычная дзейнасць падп. арг-цыі ЭТА (засн. ў 1959), у выніку якой у 1968—сярэдзіне 1995 загінулі каля 850 чал. Пасля падзення рэжыму Франка ў адпаведнасці з новай ісп. канстытуцыяй 1978 Баскаў краіна атрымала часовую, а са студз. 1980 пастаянную аўтаномію.