род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 300 відаў. Пашырана пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі больш за 20 дзікарослых і 3 інтрадукаваныя віды. Найб. вядомыя Д. гусіная, або гусіная лапка (P. anserina), прамастойная, або калган (P. erecta), серабрыстая (P. argentea), нарвежская (P. norvegica), паўзучая (P. reptans), радзей трапляюцца Д. белая (P. alba), прамая (P. recta), пясчаная (P. arenaria); Д. скальная (P. rupestris) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. Растуць на сухіх сонечных мясцінах, у лясах, на балотах, каля жылля, як пустазелле. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Д. цёмна-крывава-чырвоная (P. atrosanguinea), пурпуровая (P. purpurea) і непальская (P. nepalensis).
Шмат-, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны, паўкусты і паўкусцікі. Сцяблы прамастойныя, прыўзнятыя або сцелюцца. Лісце пальчата- або перыста-складанае. Кветкі жоўтыя або пурпуровыя, з 5—4 пялёсткамі, адзіночныя або ў шчыткападобнамяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Лек., меданосныя, дубільныя, фарбавальныя, харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на р. Гарадзейка. Чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы, на аўтадарозе Нясвіж—Навагрудак. За 14 км ад г. Нясвіж. 4,9 тыс.ж. (1996).
У 19 ст. вёска пад назвай Горная Гарадзея, цэнтр Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. Тут выраблялі галандскія сыры і прадавалі ў Маскву і Пецярбург. З 1869 працавала нар. вучылішча. У 1871 за паўвярсты ад вёскі на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы пабудавана станцыя Гарадзея. У 1886 у Гарадзеі 532 ж., 48 двароў, валасная ўправа, школа, крама, карчма. У 1897 — 719 ж., 17 крам, цукр. і піўныя склады, малітоўны дом. З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Нясвіжскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак у Нясвіжскім р-не, зліўся з чыг. станцыяй. У 1969 — 4,2 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цукр. камбінат, 2 сярэднія, муз. школы, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,
прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца з Пн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б.ч.тэр. 1000—1500 ммза год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне і ліквідацыю забруджвання навакольнага асяроддзя шкоднымі прамысл. выкідамі і гасп.-бытавымі адходамі, на аздараўленне ўмоў працы, папярэджанне інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць асн. ўстановы сан. службы, у т. л. санітарна-эпідэміялагічныя станцыі. У практыцы сан. нагляду шырока выкарыстоўваюцца лабараторныя метады ацэнкі прафесійна-вытв. фактараў. Папярэдні санітарны нагляд накіраваны на кантроль за захаваннем сан. норм і правіл пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і пуску ў эксплуатацыю прамысл. і с.-г. аб’ектаў, за ўкараненнем у практыку новых тэхнал. працэсаў, новага абсталявання, машын, механізмаў, хім. рэчываў і інш.Бягучы санітарны нагляд кантралюе выкананне сан. заканадаўства на прадпрыемствах, вывучэнне ўмоў працы і захворванняў на прадпрыемствах і ў с.-г. вытв-сці; аказвае дапамогу ў арганізацыі правядзення папярэдніх і перыядычных мед. аглядаў і кантралюе іх якасць; вядзе ўлік, рэгістрацыю і расследаванне прычын прафесійных хвароб; правярае выкананне заканадаўства аб ахове працы жанчын і падлеткаў; распрацоўвае комплексныя планы аздараўленчых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
рыскае. максімальнае ўсх.-еўрап. зледзяненне, што адбывалася з канца александрыйскага міжледавікоўя да пач.шклоўскага міжледавікоўя. Адпавядае самараўскаму зледзяненню Зах. Сібіры і рыскаму зледзяненню Альпаў. Мяркуюць, што працягласць Д.з. 70 тыс. гадоў (320—250 тыс. гадоў назад). Ледавік насунуўся са Скандынавіі, перакрыў усю тэр. Беларусі і пашырыўся далёка на Пд, 2 «языкамі» апусціўся па далінах Дняпра і Дона да шыраты г. Днепрапятроўск і да вусця р. Мядзведзіца. Адклады Д.з. — шэрыя і буравата-шэрыя марэнныя суглінкі і супескі з частымі ўключэннямі валуноў, адорвеняў мелу, даламіту і інш. (магутнасць больш за 50, а ў асобных выпадках — больш за 100 м). Залягаюць на больш стараж. пластах антрапагену, на Пн у глыбокіх ледавіковых лагчынах, часта на карэнных пародах. На Пд і ў цэнтр.ч. Беларусі агаляюцца на берагах рэк і яроў. Матэрыялы адкладаў Д.з. прынесены ў Беларусь з усх. Швецыі, паўд. Фінляндыі і Карэліі, Прыбалтыкі. Пад уплывам Д.з. створаны каркас сучаснага рэльефу Беларусі з градамі, узгоркамі, а таксама раўнінамі са шматлікімі азёрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЦІ́ЕЎ (Мікалай Цімафеевіч) (н. 31.12.1912, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1961). Працаваў у выд-ве «Беларусь» (1944—72), выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1962—77). У Вял.Айч. вайну ў партыз. атрадзе, выканаў больш за 40 антыфаш. плакатаў і больш за 70 малюнкаў і акварэлей. Творы ў кніжнай графіцы вылучаюцца пераканаўчай характарыстыкай вобразаў, дакладнай перадачай аўтарскай задумы: «Хаджы Мурат» Л.Талстога (1948), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля (1950), «Люба Лук’янская» К.Чорнага (1961), бел.нар. казкі «Ільюша, Іванаў сын» (1965), «Цудоўная дудка» (1967) і інш. Станковай графіцы ўласцівы выразнасць кампазіцыйнай пабудовы, разнастайнасць графічных сродкаў (серыя «Полацкая нафтабудоўля», 1962—63). Выканаў лінагравюры «Беларусь — край партызанскі» (1969), «Партызанскія будні» (1975) і інш. Сярод жывапісных работ: «Мая Беларусь», «Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей», серыі пейзажаў «Нарачанскія», «Нясвіжскія», «Аксакаўшчына» (усе 1980-я г.).
Г.А.Фатыхава.
М.Гуціеў. Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ЧАВА,
гарадскі пасёлак у Брэсцкім р-не. За 52 км ад г. Брэст, 3 км ад чыг. ст. Дамачава. 1,2 тыс.ж. (1997).
У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Брэсцкага пав. У 1897 — 1163 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Дамачаўскага раёна. З 22.6.1941 да 23.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Д. і раёне каля 20 тыс.чал. У канцы 1941 фашысты стварылі ў Д. гета і знішчылі больш за 2700 яго вязняў. 23.9.1943 гітлераўцы расстралялі каля в. Ляплёўка 54 дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Дамачаўскага дзіцячага дома разам з іх выхавацельніцай. У ходзе Дамачаўскіх баёў 1943 партызаны разграмілі ў Д. варожы гарнізон. У 1956 Д. ў Брэсцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Святога Лукі (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
колькасць матэрыяльных і культ. даброт, якія можа атрымаць насельніцтва (асобныя сац. групы, асобныя сем’і) за кошт сваіх грашовых даходаў, бясплатных выплат і льгот; асн. паказчык яго дабрабыту. Характарызуе частку нацыянальнага даходу, якая выкарыстоўваецца на асабістае спажыванне. Залежаць ад памераў грашовых Д.н., узроўню цэн на спажывецкія тавары і паслугі, памераў плацяжоў насельніцтва ў фін. сістэму. Адрозніваюць сукупныя, асабістыя, намінальныя, рэальныя, распараджальныя Д.н. Сукупныя Д.н. — агульная сума (у грашовай і натуральнай форме) даходаў, атрыманых насельніцтвам у якасці аплаты за працу па найме, ад уласнасці, прадпрымальніцтва, пенсій, стыпендый, дапамог, датацый на аплату жыллёва-камунальных паслуг, пуцёўкі ў санаторыі ці дамы адпачынку, утрыманне дзяцей у дашкольных установах, чысты прыбытак ад асабістай дапаможнай гаспадаркі, індывідуальнай прац. дзейнасці. У агульны аб’ём даходаў уключаецца кошт ільготнага і бясплатнага спажывання матэрыяльных даброт і паслуг (кошт адукацыі, мед. дапамогі і інш.). Рэальныя Д.н. — паказчык узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго патрэб. Грашовыя Д.н. — частка сукупных Д.н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
грашовыя паступленні ад вытворчай і невытворчай дзейнасці за вылікам затрат на яе ажыццяўленне. Крыніца фарміравання даходаў — выручка ад рэалізацыі прадукцыі асн. вытв-сці, а таксама ад выканання работ і аказання паслуг паза вытв-сцю, якія аплачаны пакупніком і заказчыкам. Крыніцай пазарэалізацыйных даходаў служаць дывідэнды на ўкладзеныя паі, набытыя акцыі і інш. каштоўныя паперы, а таксама штрафы, атрыманыя ад контрагентаў, і інш. непланавыя даходы. Адрозніваюць таксама валавы і гасп.-разліковы Д.п. Валавы Д.п. вызначаецца як розніца паміж аб’ёмам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і паслуг і велічынёй матэрыяльных і прыраўнаваных да іх затрат (амартызацыйных адлічэнняў і адлічэнняў органам сац. страхавання). Частка валавога даходу па ўстаноўленых нарматывах накіроўваецца ў дзярж. бюджэт, вышэйстаячай арг-цыі, банку у форме платы працэнтаў за карыстанне пазык. Астатняя частка выступае як гасп.-разліковы даход, г.зн. даход, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства. Гасп.-разліковы даход з’яўляецца крыніцай і паказчыкам для ўтварэння па вызначаных нарматывах фондаў развіцця вытв-сці, навукі, тэхнікі, фонду сац. развіцця і фонду аплаты працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕСТА́ПА (ням. Gestapo, скарочана ад Geheime Staatspolizei),
дзяржаўная тайная паліцыя ў фаш. Германіі ў 1933 — 45. Засн. пад кіраўніцтвам Г.Герынга ў Прусіі з мэтай задушэння апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Восенню 1934 створана агульнадзярж. гестапа (узаконена дэкрэтам ад 17.6.1936). У сваёй дзейнасці выкарыстоўвала прэвентыўныя арышты, жорсткія катаванні, правакацыі і інш. З вер. 1939 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі (РСХА). У 2-ю сусв. вайну органы гестапа найб. актыўна праследавалі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення ў акупіраваных ням.-фаш. войскамі краінах, у т. л. на тэр. Беларусі. Складалася з 5 аддзелаў (барацьба з паліт. праціўнікамі нацызму; нагляд запаліт. дзейнасцю каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, рэліг. сект, яўрэяў, франкмасонаў і апазіц. плыней у маладзёжным асяроддзі; картатэка, друк і складанне дасье; справы акупіраваных тэрыторый; контрразведка і барацьба са шпіянажам). Шэфамі гестапа былі Г.Гімлер (1934—39) і Г.Мюлер (1939—45). Пасля падзення нацысцкай дыктатуры паводле закона №2 Саюзнага кантрольнага савета ў Германіі гестапа ліквідавана і абвешчана па-за законам. На Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй.