МЕ́СЯЦ,

адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙10​22 кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9′ да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс. км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяца з Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав. аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.

Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны з вял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 10​9 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °C да -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав. аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав. аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер. аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).

Літ.:

Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ. М., 1978;

Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд Месяца.
Да арт. Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),

сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.

Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн. чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння ​1/3 насельніцтва і ​1/2 прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.

Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.

Літ.:

Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;

Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;

Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.

Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЛЕ́Й ЦЫЁН (Рабочыя Сіёна),

палітычныя партыі і міжнар. т-вы сацыял-сіянісцкага кірунку, якія з пач. 20 ст. да пач. 1930-х г. дзейнічалі ў шэрагу краін, у т. л. ў Расіі. Іх дзеячы ўспрынялі асобныя тэарэт. палажэнні марксізму (напр., пра вядучую ролю рабочага класа), але пераважна пашыралі ідэі сіянізму сярод яўр. рабочых, дробных гандляроў і інтэлігенцыі. Найб. поўна ідэалогія і палітыка П.Ц. ўвасоблена ў дзейнасці Яўр. с.-д. рабочай партыі (ЯСДРП, засн. ў 1906 у Расіі). У 1907 у г. Гаага (Нідэрланды) утвораны Сусв. яўр. сацыяліст. рабочы саюз П.Ц., куды акрамя рас. ЯСДРП увайшлі аднайм. партыі ЗША, Аўстра-Венгрыі, Палесціны, Вялікабрытаніі, Румыніі. Фактычна паалейцыянізм выступіў як міжнар. левасіянісцкая плынь. ЯСДРП разглядала сіянізм як гіст. неабходнасць і мела на мэце стварэнне яўр. пралет. дзяржавы ў Палесціне, дамагалася нац.-паліт. аўтаноміі для тых народаў Расіі, якія, на яе думку, не выспелі для самаст. дзярж. існавання. У рэвалюцыю 1905—07 тактыка ЯСРДП супадала з меншавіцкай, у 1-ю сусв. вайну яна выступала з антываен. пазіцый, прапагандавала сіянізм, заклікала яўр. працоўных да эміграцыі ў Палесціну, каб будаваць там сацыялізм. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 ЯСДРП падтрымлівала Часовы ўрад. На Беларусі арг-цыі П.Ц. з пач. 20 ст. існавалі ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. П.Ц. уваходзіў у створаны ў маі 1917 Савет нац. сацыяліст. партый Расіі. Летам 1917 прадстаўнікі П.Ц. абраны ў гар. думы Віцебска, Гомеля, Мінска, Оршы. ЯСДРП варожа сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. У сак. 1918 прадстаўнікі ЯСДРП увайшлі ў склад Рады БНР, аднак былі сярод тых, хто ўстрымаўся пры галасаванні за 3-ю Устаўную грамату, што абвяшчала незалежнасць Беларусі. Пратэстуючы супраць прагерм. арыентацыі большасці Рады БНР, прадстаўнікі П.Ц. ў крас. 1918 разам з інш. яўр. сацыялістамі, эсэрамі і меншавікамі выйшлі з яе складу. У жн. 1919 на канферэнцыі ў Гомелі ЯСДРП раскалолася. Левыя паалейцыяністы арганізавалі Яўр. камуніст. партыю (ЯКП), якая разам з ёй падобнымі партыямі ў жн. 1920 стварыла Сусв. яўр. камуніст. саюз П.Ц. Мэтай ЯКП было стварэнне ў Палесціне яўр. камуніст. дзяржавы. Яна не была прынята ў Камуністычны Інтэрнацыянал, але выкарыстоўвала яго механізм для накіравання ў Палесціну каланістаў — прыхільнікаў П.Ц. У снеж. 1922 ЯКП самаліквідавалася, ч. яе членаў уступіла ў РКП(б), іншыя ўліліся ў ЯСДРП, якая ў 1923 перайменавалася ў Яўр. камуніст. рабочую партыю (ЯКРП) і фактычна працягвала сіянісцкую прапаганду. У 1928 ЯКРП у СССР ліквідавана. У 1920—30-я г. паалейцыянісцкія партыі дзейнічалі ў Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі. У 1932 на канфер. ў Данцыгу (цяпер Гданьск, Польшча) Сусв. саюз яўр. рабочых П.Ц. і інш. яўр. сацыял-сіянісцкія арг-цыі злучыліся ў Сусв. саюз сіяністаў-сацыялістаў. Ідэалогія П.Ц. садзейнічала фарміраванню сацыял-сіянісцкіх партый, якія цяпер дзейнічаюць у Ізраілі.

Літ.:

Дадиани Л.Я. Критика идеологии и политики социал-сионизма М., 1986.

У.​Я.​Камякоў.

т. 11, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШКО́ВАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,

галіна металургіі, якая ахоплівае выраб парашкоў металаў і металападобных злучэнняў, спечаных матэрыялаў (паўфабрыкатаў, дэталяў) з іх ці з сумесяў метал. парашкоў з неметалічнымі без расплаўлення асн. кампанента. Дазваляе атрымліваць матэрыялы і вырабы, якія немагчыма або эканамічна немэтазгодна вырабляць звычайнымі спосабамі (напр., плаўкай). Метадамі П.м. атрымліваюць кампазіцыйныя матэрыялы, керметы, магнітадыэлектрыкі, магнітныя матэрыялы, тугаплаўкія металы, карбідныя цвёрдыя сплавы, порыстыя, фрыкцыйныя і інш.

Асн. тэхнал. аперацыі П.м.: атрыманне парашкоў аднаўленнем аксідаў, мех. размолам, распыленнем і інш. спосабамі; прыгатаванне з парашкоў зыходнай сумесі (шыхты) з зададзенымі хім. саставам і ўласцівасцямі; фармаванне загатовак вырабаў (халодным прасаваннем шыхты ў прэс-формах, гарачым прасаваннем і шлікерным ліццём, працісканнем парашку, змешанага з пластыфікатарамі, праз адтуліну адпаведнай формы і інш.); наданне загатоўкам патрэбных фіз.-мех. уласцівасцей спяканнем (пераважна ў эл. печах) у аднаўляльным ці нейтральным асяроддзі пры т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення асн. кампанента. Выкарыстоўваюць таксама спяканне пад ціскам, з адначасовым дзеяннем цэнтрабежных сіл ці насычэннем загатоўкі расплаўленым металам, хіміка-тэрмічнай апрацоўкай. Прынцыпы П.м. распрацавалі рас. вучоныя і інжынеры П.​Р.​Сабалеўскі і В.​В.​Любарскі, якія ў 1826 выкарысталі працэсы прасавання і спякання для атрымання вырабаў з парашку плаціны; М.​М.​Бякетаў у 1865 распрацаваў тэарэт. асновы атрымання парашкоў некаторых металаў. У 1920—30-я г. метады П.м. пачалі ўкараняцца ў прамысл. вытв-сць СССР, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі. Удасканаленню метадаў П.м. садзейнічалі працы ўкр. вучоных Р.​В.​Самсонава, М.​І.​Фядорчанкі, І.​М.​Францэвіча, аўстр. вучонага Р.​Кіфера, англ. даследчыка В.​Джонса, амер. металурга Ф.​Райнса і інш.

На Беларусі П.м. развіваецца з 1960, калі пры БПІ была створана базавая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ, з 1980 Бел. навукова-вытв. аб’яднанне, з 1996 Бел. дзярж. навукова-вытв. канцэрн парашковай металургіі, у які ўваходзяць НДІ парашковай металургіі, НДІ зваркі, НДІ імпульсных працэсаў, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш.). Вывучаны многія тэарэт. пытанні П.м., даследаваны новыя метады і распрацаваны тэхнал. працэсы, створаны машыны для прасавання вырабаў, высокаэфектыўныя матэрыялы, (А.​У.​Роман, П.​А.​Віцязь, Я.​А.​Дарашкевіч, Г.​М.​Ждановіч, А.​Ф.​Ільюшчанка, В.​М.​Капцэвіч, В.​М.​Кавалеўскі, В.​К.​Шэлег і інш.).

Літ.:

Порошковая металлургия: Материалы, технология, свойства, обл. применения. Киев, 1985;

Кипарисов С.С., Либенсон Г.А. Порошковая металлургия. 3 изд. М., 1991;

Витязь П.А., Капцевич В.М., Шелег В.К. Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987;

Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990;

Степаненко А.В., Исаевич Л.А. Непрерывное формование металлических порошков и гранул. Мн., 1980;

Теория и практика нанесения защитных покрытий. Мн., 1998;

Витязь П.А., Ловшенко Ф.Г., Ловшенко Г.Ф. Механически легированные сплавы на основе алюминия и меди. Мн., 1998;

Объемная штамповка порошковых материалов. Мн., 1993.

П.​А.​Віцязь.

Да арт. Парашковая металургія. Схема пракаткі парашкоў у металургічную стужку: 1 — бункер для парашку; 2 — вальцы для халоднай пракаткі; 3 — стужка; 4 — печ для спякання; 5 — печы для адпалу.

т. 12, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВЫ ЧАЛАВЕ́КА,

комплекс паліт., грамадз., сац.-эканам., культ. і інш. правоў і свабод, якія характарызуюць прававое становішча асобы ў грамадстве і дзяржаве. У большасці краін замацоўваюцца ў канстытуцыях, розных юрыд. дакументах і прававых нормах, у якіх дзяржава абавязваецца паважаць і гарантаваць П.ч. Правы і свабоды, аб’ектыўна абумоўленыя сістэмай грамадскіх адносін і замацаваныя заканадаўча, становяцца прававым статусам асобы, юрыд. (суб’ектыўнымі) П.ч. Правы, свабоды і іх гарантыі прызнаюцца найвышэйшай каштоўнасцю чалавецтва. Безумоўная рэалізацыя асн. палажэнняў сістэмаўтваральных дакументаў у галіне П.ч. садзейнічае ўдасканаленню грамадства, рэалізацыі асн. грамадскіх ідэалаў.

Гісторыя П.ч. ў старажытнасці была звязана з самавызначэннем чалавека праз прыналежнасць да роду, калі яе крыніцамі станавіліся традыцыі і звычаі (гл. Звычаёвае права). Першай юрыд. формай П.ч. былі неад’емныя правы грамадзяніна ант. поліса. Яны развіты і ўдасканалены ў рымскім праве. Вял. гуманітарны патэнцыял мела вядомая формула Пратагора «мера ўсіх рэчаў — чалавек», Сярэдневякоўе не спрыяла гуманізацыі грамадства і рэалізацыі натуральных П.ч., аднак характарызавалася развіццём асабістых свабод прадстаўнікоў асобных карпарацый, саслоўяў і розных іерархій права (сакральнае права, натуральнае права, людскі закон, пазітыўнае права). Важную ролю ва ўсталяванні П.ч. адыгралі таксама пазасаслоўнае прызнанне асн. свабод, з’яўленне міравых судоў, вопыт барацьбы за незалежнасць швейц. кантонаў, Нідэрландская і Англ. рэвалюцыі. Ідэі аб П.ч. атрымалі развіццё ў Вялікай хартыі вольнасцей (1215), у Петыцыі аб праве (1628), Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), асабліва франц. Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789), якая абвяшчала свабоду, роўнасць, братэрства, нар. суверэнітэт, аўтарытэт закона. Гэтыя ідэалы пазней сталі асновай канцэпцыі, паводле якой кожны чалавек ад нараджэння набывае пэўны комплекс прыродных правоў — на жыццё, свабоду асобы, сумлення, слова, уласнасці і інш.

Важным этапам у жыццядзейнасці сусветнай супольнасці стала прынятая 10.12.1948 Ген. асамблеяй ААН Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека. Паводле гэтай Дэкларацыі дзяржава павінна паважаць П.ч. і асн. свабоды для ўсіх, незалежна ад расы, полу, мовы і рэлігіі, паліт. і інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага або інш. становішча; чалавек мае права на жыццё, свабоду і бяспеку асобы; права на працу і належны жыццёвы ўзровень. ААН прыняты таксама Дэкларацыя правоў дзіцяці (1959), Міжнар. пакт аб грамадз. і паліт. правах (1966), Дэкларацыя аб ліквідацыі ўсіх форм нецярпімасці і дыскрымінацыі (1981), Дэкларацыя аб праве на развіццё (1986) і інш. Пытанні захавання і абароны правоў чалавека знайшлі адлюстраванне ў Заключным акце Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975) і інш. дакументах. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае рэалізацыю правоў і свабод грамадзян; усе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; маюць права на працу, адпачынак, адукацыю, ахову здароўя і інш. (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь).

Літ.:

Права человека: Сб. междунар.-правовых док. 1999;

Головатенко А.Ю. Права человека и статус личности: История и современность М., 1999;

Котляр И.И. Права человека в современной Беларуси. Мн., 1999.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1925—28 У КІТА́І,

нацыянальная рэвалюцыя, якая мела на мэце аб’яднанне Кітая пад уладай Нац. партыі (Гаміньдана, ГМД) і скасаванне ў краіне ўплыву імперыяліст. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі). Выклікана станам паліт. хаосу, у якім Кітай апынуўся пасля паражэння Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 і смерці ў 1916 прэзідэнта Кіт. Рэспублікі Юань Шыкая, калі ўлада на месцах апынулася ў руках мясц. ваен. правіцеляў — мілітарыстаў і Кітай фактычна перастаў існаваць як адзіная дзяржава. Рух 4.5.1919 спрыяў уздыму ў краіне грамадска-паліт. актыўнасці, на хвалі якой лідэр кіт. нацыяналістаў Сунь Ятсен абвясціў у кастр. 1919 пра стварэнне ГМД. У крас. 1921 ч. дэпутатаў кіт. парламента, які быў разагнаны мілітарыстамі ў 1917, на сходзе ў г. Гуанчжоў абрала Сунь Ятсена прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, але яго ўрад не прызнала міжнар. супольнасць. У гэтых умовах у 1922—23 Сунь Ятсен заключыў саюз з СССР і Камуністычным інтэрнацыяналам. У абмен на фін. і ваен. дапамогу ён пагадзіўся на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй (КПК). На 1-м кангрэсе ГМД (студз. 1924) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б). Пры дапамозе сав. ваен. саветнікаў (М.В.Блюхер і інш.) на Пд Кітая створана Нац.-рэв. армія (НРА) Расстрэл 30.5.1925 паліцыяй брыт. сетльмента (квартал для іншаземцаў з уласнай адміністрацыяй) студэнцкай дэманстрацыі ў Шанхаі рэзка актывізаваў антыімперыялістычны рух у краіне. 1.7.1925 ГМД стварыў у Гуанчжоў Нац. ўрад на чале з Ван Цзінвэем. У выніку 1-га этапу Паўночнага паходу 1926—28 (ліп. 1926 — сак. 1927) Нац. ўрад пашырыў сваю ўладу на Пд ад р. Янцзы, у т. л. на такія буйныя гарады, як Шанхай, Нанкін і Ухань. Адначасова павялічваліся супярэчнасці паміж ГМД і КПК, якая заклікала да разгортвання шырокай агр. рэвалюцыі, што выклікала незадаволенасць кіраўніцтва ГМД і афіцэраў. Лідэр правых гаміньданаўцаў Чан Кайшы (галоўнакамандуючы НРА) адмовіўся падпарадкавацца Нац. ўраду, які знаходзіўся ў г. Ухань, абвясціў у крас. 1927 пра разрыў з КПК і пачаў супраць яе рэпрэсіі, потым стварыў у Нанкіне ўласны ўрад. Уханьскі нац. ўрад працягваў супрацоўніцтва з КПК. Кіраўніцтва КПК палічыла, што ў Кітаі склаліся перадумовы для сацыяліст. рэвалюцыі і ў ліп. 1927 ініцыіравала разрыў з уханьскім ГМД. У адказ той пачаў рэпрэсіі супраць КПК. Камуніст. паўстанні ў жн.—снеж. 1927 пацярпелі паражэнне (гл. Наньчанскае паўстанне 1927). У лют. 1928 адноўлена адзінства ГМД і створаны аб’яднаны Нац. ўрад на чале з Чан Кайшы. У выніку 2-га этапу Паўн. паходу (крас.—снеж. 1928) б.ч. Кітая прызнала ўладу нац. ўрада, што дазволіла кіраўніцтву ГМД абвясціць у кастр. 1928 пра сканчэнне ваен. этапу нац. рэвалюцыі.

Літ.:

Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;

Делюсин Л.П., Костяева А.С. Революция 1925—1927 гг. в Китае: пробл. и оценки. М., 1985;

ВКП(б), Коминтерн и национально-революционное движение в Китае: Док. Т. 1—3. М., 1994—98;

История Китая. М., 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 13, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая (харвацка-сербская), што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце сербамі і харватамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы сербаў, чарнагорцаў, харватаў і мусульманскай часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час турэцкага панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус харвацкай мовы (Рэспубліка Харватыя) і С.м. (Саюзная Рэспубліка Югаславія). Ужываецца ў Венгрыі, Румыніі, Германіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.

У аснове С.м. — штокаўскі дыялект з трыма асн. тыпамі гаворак (екаўскі/іекаўскі, экаўскі і ікаўскі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у пэўных пазіцыях гук р словаўтваральны, з 25 зычных 5 мяккія (љ, њ больш мяккія, чым бел. [ль], [нь]), [х] менш актыўны, чым бел. [х] (у многіх гаворках страчаны ці замяняецца санорнымі [в] і [ј]), націск політанічны ці музычны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адз.л., марфал. выражэнне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў назоўніках адз.л. м.р., адсутнасць скланення ў колькасных лічэбніках пасля 5, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова, займеннікавыя і дзеяслоўныя энклітыкі, суіснаванне інфінітыва і канструкцыі «да + форма цяперашняга часу», якая яго змяняе; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык.

Першыя пісьмовыя помнікі: кірылічныя Міраславава і Вуканава евангеллі (канец 12 — пач. 13 ст.), Грамата бана (баснійскага правіцеля) Куліна 1198. Развіццё пісьменства і літ. мовы затармазілася нашэсцем туркаў (канец 14 ст.) і шматвяковым турэцкім прыгнётам. Пісьмовая традыцыя развівалася толькі на свабодных ці часткова незалежных тэрыторыях і ў суседніх землях (у 1494 у Чарнагорыі іераманах Макарый надрукаваў слав. кірылічную кнігу, у 15 ст. ў рукапісах распаўсюджвалася па Русі «Сербская Александрыя», у 16 ст. на Беларусі зроблены пераклад-пераказ з сербскага перакладу «Аповесці пра Баву Каралевіча»). Сучасная літ. С.м. сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. на базе наваштокаўскіх гаворак. У яе фарміраванні вызначальнай была дзейнасць В.​Караджыча. Рэфармаваны ім сербскі кірылічны алфавіт (вуковіца) адлюстроўвае спецыфіку гукавой сістэмы С.м., у т. л. за кошт увядзення спец. графічных знакаў для перадачы спецыфічных сербскіх зычных. Выкарыстоўваецца і лацінка (асабліва ў побытавай сферы).

Літ.:

Толстой Н.И. Литературный язык у сербов в конце XVIII—начале XIX в. // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. М., 1978;

Леонова Л.В. Сербскохорватский язык. Мн., 1988;

Сокаль Н.И., Зайцева С.В., Вукович Б. Сербский язык. СПб., 1996;

Српски језик на Крају века. Београд, 1996;

Булахов М.Г. Сербский язык // Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современ. состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАЛО́ГІЯ (ад позналац. Sina Кітай + ...логія), кітаязнаўства,

сукупнасць грамадскіх навук, якія вывучаюць гісторыю, філасофію, эканоміку, мовы, л-ру і культуру Кітая. Ужываецца як паняцце па-за межамі гэтай краіны. Першыя звесткі пра Кітай еўрапейцы атрымалі ў канцы 13 ст. з нататак Марка Пола Да сярэдзіны 19 ст. ў Еўропе працягвалася назапашванне навук. звестак пра Кітай. У канцы 16—18 ст. ўклад у С. зрабілі каталіцкія місіянеры-езуіты, у т. л. М.​Рычы, які першы з еўрапейцаў азнаёміўся з кіт. класічнымі літ. помнікамі. Важнае значэнне мелі нататкі рас. пасланніка ў Пекіне ў 1655—57 Ф.​І.​Байкова, даследаванні супрацоўнікаў Рас. духоўнай місіі ў Пекіне (1727—1866), у іх ліку М.​Я.​Бічурына, П.​І.​Кафарава, ураджэнцаў Беларусі І.​А.​Гашкевіча і А.​М.​Кульчыцкага. Пашырэнне кантактаў Кітая з зах. светам пасля паражэнняў у т.зв. опіумных войнах 1840—42 (з Вялікабрытаніяй) і 1856—60 (з Вялікабрытаніяй і Францыяй) стымулявала рост цікавасці да яго ў Еўропе і станаўленне С. як навукі. У канцы 19 ст. англ. вучоны Дж.​Лег пераклаў усе кананічныя кнігі канфуцыянства і даасізму з каментарыямі. У 2-й пал. 19—пач. 20 ст. склаліся ням.-галандская, франц. і англ. школы С. Іх найб. выдатныя прадстаўнікі: немцы В.​Грубе (кіт. звычаі, абрады) і О.​Франке (гісторыя канфуцыянства, ідэалогія імператарскага Кітая), нідэрландзец Я.Я. дэ Гроат (рэлігія, гісторыя і культура Кітая, 6-томная праца «Рэлігіі Кітая»); французы Э.​Шаван (канфуцыянства, даасізм, будызм), П.​Пельё (кіт.-будысцкая традыцыя), А.​Масперо (кіт. міфалогія); англічане Г.​А.​Джайлс (л-ра і філасофія) і А.​Уэйлі (маст. культура). У 1930—50-я г. ўзнікла гіст. фаналогія кіт. мовы (Б.​Карлгрэн, Швецыя), з’явіліся працы па кіт. простанар. вераваннях і абрадах (Э.​Эбергард, Германія), філасофіі даасізму і канфуцыянства гісторыі Стараж. Кітая (Э.​Грэм і Х.​Х.​Дабс, Вялікабрытанія), гісторыі кіт. грамадскай думкі (Э.​Балаш, Францыя—Германія), філасофіі і міфалогіі (Д.​Бодэ, ЗША). З сярэдзіны 20 ст. ў самаст. навук. дысцыпліны вылучыліся даалогія (вывучэнне даасізму; А.​К.​Зайдэль, Г.​Крыл, Н.​Сівін, К.​М.​Скіпер), сіна-будалогія (вывучэнне будызму; Э.​Цюрхер, Р.​Х.​Робінсан, К.​Чэнь), вывучэнне гісторыі і культуры Стараж. Кітая (Д.​Н.​Кітлі, М.​Лёве, Дж.​Мейджар, К.​Чан), гісторыя літ.-тэарэт. і маст.-эстэт. думкі ў Кітаі (Дж.​Лю, А.​Райт, Ф.​Такеі). Заснавальнік С. ў Расіі — В.​П.​Васільеў, арганізатар і першы кіраўнік кафедры кіт. мовы ў Пецярб. ун-це (1855). Яго паслядоўнік С.​М.​Георгіеўскі (1851—93) — спецыяліст у галіне міфалогіі і традыц. культуры Кітая. У сав. час пытанні С. распрацоўвалі В.​М.​Аляксееў, Ю.​К.​Шуцкі, А.​А.​Штукін, М.​І.​Конрад, Л.​Дз.​Пазднеева, В.​Л.​Фішман, у 1990-я г. — Л.​С.​Васільеў, Ю.​Л.​Кроль, У.​В.​Малявін. Л.​С.​Пераломаў, М.​Я.​Краўцова і інш. У Рэспубліцы Беларусь філалагічнай С. займаецца А.​М.​Гардзей.

В.​У.​Адзярыха.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з усходнеславянскіх моў, мова ўкраінцаў, дзярж. мова Украіны. Пашырана на Беларусі, у Расіі, Польшчы, Чэхіі, Канадзе, ЗША і інш.

Вылучаюць 3 групы дыялектаў У.м.: паўд.-зах., паўд.-ўсх. і паўн.; у апошніх шмат агульных рыс з паўд.-зах. гаворкамі бел. мовы [дыфтонгі на месцы «ѣ», а таксама «е», «о» ў закрытым складзе пад націскам, цвёрдыя «р», «ц», сцягнутыя формы прыметнікаў (назоўны склон у ніякім і ж. р.), у м. р. ўжываюцца, як і ў бел. мове, скарочаныя формы — «чорни», «добри»]. У аснове літ. У.м. — паўд.-ўсх. дыялект. У фанетыцы стараж.-рус. «ѣ», а таксама «e» і «о» ў закрытых складах перайшлі ў «і», стараж. «і», «ы» супалі ў адным галосным «и»; захоўваецца рознае вымаўленне ненаціскных «a» і «о» (няма акання), спалучэнні «ръ», «лъ» перайшлі ў «ри», «ли» («кривавий», «глитати»; параўн. бел. «крывавы», «глытаці»); шыпячыя «ж», «ч», «ш» зацвярдзелі, губныя і «р» зацвярдзелі на канцы склада; спалучэнні шэрагу зычных з «j» Далі падоўжаныя мяккія зычныя «лл», «нн», «шш» і інш. («знання», «життя», «ніччю»), як і ў бел. мове; зычныя не памякчаюцца перад «е», «и», але памякчаюцца перад «і»; «ц» мяккае, апрача пазіцыі перад «е», «и», на месцы даўняга канцавога «л» ужываецца гук «ў» (графічна «в» — «ходив», «вовк»; параўн. бел. «хадзіў», «воўк»). Пры словазмяненні і словаўтварэнні захавалася чаргаванне «г», «к», «х» з «з», «ц», «с» у давальным і месным склонах; асобнае скланенне захавалі назоўнікі ніякага роду тыпу «теля — теляти»; у назоўным і вінавальным склонах прыметнікі маюць скарочаныя формы ў ніякім і ж.р. адзіночнага ліку і ў множным ліку; у спражэнні выкарыстоўваюцца будучы час незакончанага трывання («писатиму»), страчана «-т» у 3-й асобе адзіночнага ліку дзеясловаў 1-га спражэння («пише»). Асаблівасці сінтаксісу — безасабовыя сказы з гал. членам, выражаным нязменнай формаю дзеяслова на «-но», «-то» («коня купано»), іменны выказнік, выражаны формай вінавальнага склону з прыназоўнікам «за» («був у родині за старшого»), прыдзеяслоўныя канструкцыі з давальным склонам («дякувати йому»), вінавальным («зрадитикого, що») і інш. Лексіка У.м. блізкая да бел., аснову яе складаюць словы агульнаслав. паходжання. У літ. У.м. ёсць беларусізмы («дьоготь»), адпаведна ў бел. мове — украінізмы.

Разам з бел. і рус. мовамі развівалася са старажытнарускай мовы. У ранні перыяд свайго развіцця (14—15 ст.) У.м. працягвала традыцыі Кіеўскай Русі, але паступова, пад уплывам жывой мовы, пачала фарміравацца ў стараўкр. кніжную мову. Пісьмовыя помнікі У.м. вядомы з 14 ст. — граматы, Перасопніцкае евангелле 16 ст. Кнігадрукаванне пачалося з 2-й пал. 16 ст. Алфавіт створаны на аснове рус. графікі (32 літары), ужываюцца таксама літары «і», «ї», «є», апостраф. Літ. У.м. сфарміравалася ў канцы 18—19 ст. і канчаткова замацавалася ў творчасці Т.​Шаўчэнкі.

Літ.:

Сучасна українська літературна мова. Кн. 1—5. Київ, 1969—73;

Історія української мови. [Т. 1—3], Київ, 1978—83;

Курс історії української літературної мови. Т. 1—2. Київ, 1958—61;

Лемцюгова В.П. Украінска-беларускі слоўнік. Мн., 1980.

В.​А.​Чабаненка.

т. 16, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГУ́НАЧНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту для перавозкі грузаў і пасажыраў па рэйкавых пуцях у вагонах з дапамогай мех. цягі (паравозы, цеплавозы, электравозы, матавозы і інш.). Асн. перавагі ў параўнанні з інш. відамі транспарту: універсальнасць (можа перавозіць разнастайныя сыпкія, вадкія, газападобныя і інш. грузы), вял. грузападымальнасць, правазная здольнасць, надзейнасць (мала залежыць ад умоў надвор’я). Сабекошт перавозкі грузаў на Ч.т. адзін з самых нізкіх. Першая ў свеце чыгунка агульнага карыстання з паравой цягай Стоктан—Дарлінгтан пабудавана ў Вялікабрытаніі ў 1825. У 1995 даўж. чыг. шляхоў у свеце склала 1180 тыс. км, з іх электрыфікавана 200 тыс. км. Найб. развіты Ч.т. у ЗША, Расіі, Кітаі, Індыі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Бразіліі.

Першая на Беларусі чыг. лінія Гродна—Парэчча даўж. каля 30 км пачала дзейнічаць у снеж. 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Найб. значэнне для развіцця Беларускай чыгункі мела здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871 чыг. магістраль Смаленск—Мінск—Брэст. У 2-й пал. 19 ст. праз тэр. Беларусі прайшлі Рыга-Арлоўская чыгунка, Лібава-Роменская чыгунка, Палескія чыгункі і інш. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс. км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У 1920—30-я г. пабудаваны чыг. Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк—Баранавічы і інш. Зараз тэр. Беларусі перасякаюць 4 шыротныя і 4 мерыдыянальныя чыг. лініі. Важнейшая шыротная магістраль — двухпутная электрыфікаваная чыг. Брэст—Орша (найб. тэхнічна абсталяваная чыгунка Беларусі). На асобных яе участках скорасць грузавых паяздоў дасягае 100 км/гадз, пасажырскіх — да 140 км/гадз. З 1960-х г. пачалася электрыфікацыя чыгунак Беларусі. У 1966 на электрацягу пераведзены ўчастак Мінск—Маладзечна, у 1973 — Мінск—Асіповічы, у 1974 — Мінск—Барысаў, у 1975 — Мінск—Стоўбцы. На 1.1.2000 даўж. электрыфікаваных чыг. пуцей на Беларусі складае 894 км (16% іх агульнай даўжыні). Беларусь мае даволі густую сетку чыгунак (27 км на 1000 км²), саступае па гэтым паказчыку ў СНД толькі Украіне, Малдове і Арменіі. На долю Ч.т. ў 2001 прыпадала 74,3% усяго грузаабароту і 53% пасажыраабароту ўсіх відаў транспарту Беларусі. Аб развіцці Ч.т. на Беларусі гл. табл. 1.

Сярод грузаў, якія перавозяцца Ч.т. Беларусі, нафта і нафтапрадукты складаюць 27,3% ад усіх перавезеных грузаў, будматэрыялы — 26,3%, хім. ўгнаенні — 18,7%, лесаматэрыялы — 5,3%, цэмент — 2,9%, чорныя металы — 2,8%, інш. грузы — 13,9%. Транзіт міжнар. грузаў праз Беларусь у 2001 склаў 26,6 млн. Гл. таксама Беларуская чыгунка.

П.​І.​Рогач.

Табліца 1
Асноўныя паказчыкі развіцця чыгуначнага транспарту Беларусі
1990 1995 2001
Чыгуначныя шляхі агульнага карыстання, км 5569 5564 5529
у т. л.электрыфікаваныя, км 890 894 894
Перавезена грузаў, млн. т 121,5 47,1 51,1
Грузаабарот, млн. ткм 75430 25510 29727
Перавезена пасажыраў, млн. чалавек 147,2 141,1 150,1
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км 16852 12505 15264
Сярэдняя маса (брута) грузавога цягніка, т 2758 2981 3098

т. 17, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)