ІНТУБА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутр + tuba труба),
увядзенне трубкі ў гартань, трахею ці бронхі. Робіцца, каб зняць парушэнні дыхання пры апёках, траўмах, цяжкіх спазмах, дыфтэрыі гартані і яе ацёках (напр., алергічных). Можа замяніць горласячэнне (трахеатамію). Таксама ўвядзенне трубкі ў прасвет кішкі для дыягностыкі ці лячэння.
т. 7, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЕЛЕУКЛА́ДЧЫК,
прычапная або самаходная машына для пракладкі падземных і падводных (праз рэкі, азёры) кабеляў. Утварае ў зямлі шчыліны або траншэі і адначасова ўкладвае ў іх адзін або некалькі кабеляў. Бываюць нажавыя (раскліньваюць грунт без яго вымання) і ротарныя (выкопваюць грунт дыскам або ротарам з рэжучымі зубамі).
т. 7, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУЛЕ́ЦІ,
прыморскі кліматычны курорт у Грузіі. За 21 км ад г. Батумі, на шырокай паласе пляжаў Чорнага м. (у ліку лепшых на Каўказскім узбярэжжы). Клімат субтрапічны. Увесь год захоўваюцца камфортныя тэрмічныя ўмовы, спрыяльныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання), нерв. сістэмы, касцёва-сустаўных.
т. 7, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЧА́Н,
у старажытнасці і сярэдневякоўі футарал ці сумка для захоўвання і нашэння стрэл або кароткіх кідальных коп’яў. Вырабляўся са скуры, дрэва, пазней з металу, аздабляўся шыццём і метал. бляхамі. Звычайна воін, узброены лукам, насіў К. з правага боку; К. з коп’ямі мацаваўся да пояса з левага боку.
т. 7, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬВІС, Калейс,
у латышскай міфалогіі нябесны каваль, памочнік грамавержца Пяркунаса (Перуна). Выкоўваў Пяркунасу зброю, нябёсы і сонца, а для дачкі сонца — спражку-сакву. К. удзельнічаў у паядынку з праціўнікам грамавержца — чортам. У літоўскай міфалогіі К. адпавядае Целявель, у фінскай — Ільмарынен, у беларускай асобнымі рысамі яго нагадвае Жыжаль.
т. 7, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВО́Й (галанд. konvooi),
1) воінскае падраздзяленне (каманда, асобны ваеннаслужачы), якое назначаецца для аховы і суправаджэння транспарту, ваеннапалонных, асуджаных і ў інш. выпадках.
2) Атрад з гандл. і дапаможных суднаў і баявых караблёў, якія іх суправаджаюць і ахоўваюць; ствараецца на час пераходаў морам (часцей у ваенны час).
т. 7, с. 576
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАКАРЭ́НТ (ад італьян. conto рахунак + corrente бягучы),
кантакарэнтны рахунак, адзіны бягучы і пазыковы рахунак, які адкрываецца банкам кліенту для захоўвання сродкаў і ажыццяўлення разлікаў. Па К. праходзяць пазыкі, што банк дае кліенту, і сродкі, якія паступаюць у банк ад кліентаў у выглядзе ўкладаў, вяртання пазык і інш.
т. 7, с. 602
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),
дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЧАГА́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
на р. Ілі, у Алма-Ацінскай і Талды-Курганскай абл. Казахстана. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запаўняецца з 1970. Пл. 1847 км², аб’ём 28,14 км³, даўж. 180 км, найб. шыр. 22 км. Шматгадовае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 4 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыі.
т. 8, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВУ́Л (цюрк. стража),
узброенае падраздзяленне для аховы і абароны баявых сцягоў, ваен. і дзярж. аб’ектаў, аддання вайсковых ушанаванняў і інш. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь К. падзяляюцца на гарнізонныя і ўнутраныя, бываюць пастаянныя або часовыя, правілы арганізацыі нясення каравульнай службы рэгламентуюцца Часовым статутам гарнізоннай і каравульнай службаў.
т. 8, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)